Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Лукі сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Лукі сьв. Эвангельле

010203040506070809101112
131415161718192021222324

 

Разьдзел 23

1 I паднялася ўся грамада іх, і павялі Яго да Пілата,

2 і пачалі абвінавачываць Яго, кажучы: Яго знайшлі мы, што псуе народ наш і забараняе плаціць падатак кесару, называючы Сябе Хрыстом-Царом.

3 Пілат спытаўся ў Яго: Ты цар Юдэйскі? Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш.

4 Пілат сказаў архірэям і народу: я не знаходжу ніякае віны ў гэтым Чалавеку.

5 Але яны настайвалі, кажучы, што Ён бунтуе народ, вучачы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі да гэтага месца.

6 Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: ці-ж Ён Галілеянін?

7 I, даведаўшыся, што Ён з краіны Ірадавай, паслаў Яго да Ірада, які ў тыя дні быў таксама ў Ерузаліме.

8 Ірад, угледзіўшы Ісуса, вельмі ўцешыўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, бо шмат чуў аб Ім і спадзяваўся, што Ён учыніць нейкае знаменьне.

9 I пытаўся ў Яго многімі словамі, але Ён нічога не адказаў яму.

10 Архірэі-ж і кніжнікі стаялі, заўзята абвінавачываючы Яго.

11 Ірад жа з жаўнерамі сваімі, зьняважыўшы Яго і насьмяяўшыся над Ім, адзеў Яго ў сьветлую вопратку і адаслаў назад да Пілата.

12 I сталіся ў той дзень Пілат і Ірад прыvяцелямі сабе, бо раней былі ў непрыязьні між сабою.

13 Пілат жа, склікаўшы архірэяў ды начальнікаў і народ,

14 сказаў ім: вы прывялі да мяне чалавека гэтага, які псуе народ; і вось я, пры вас пытаючы, не знайшоў чалавека гэтага вінаватым ні ў чым тым, у чым вы абвінавачваеце Яго;

15 і Ірад таксама, бо я яму пасылаў Яго, і нічога ня знойдзена ў Ім, дастойнага сьмерці;

16 дык вось, пакараўшы Яго, звольню.

17 Яму-ж трэба было дзеля сьвята звольніць ім аднаго вязьня.

18 Але ўвесь народ пачаў крычаць: Вазьмі Яго! адпусьці нам Варавву!

19 Варавва быў пасаджаны ў вязьніцу за паднятае ім у месьце паўстаньне і забойства.

20 Пілат ізноў прамовіў, хочучы адпусьціць Ісуса.

21 Але яны крычалі: распні, распні Яго!

22 Ён трэці раз сказаў ім: Што-ж благога ўчыніў Ён? Нічога, заслугоўваючага сьмерці, я не знайшоў у Ім; дык вось, пакараўшы Яго, звольню.

23 Але яны далей з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі. I перамог крык іх і архірэяў.

24 I Пілат прысудзіў, каб сталася па просьбе іх.

25 I звольніў ім пасаджанага за бунт і забойства ў вязьніцу, каго яны прасілі, а Ісуса выдаў на іх волю.

26 I, як вялі Яго, то, узяўшы нейкага Сымона Кірэнэйца, што йшоў з поля, узвалілі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.

27 І йшло за Ім вялікае множства народу і жанчын, якія плакалі й галасілі па Ім.

28 Ісус жа, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерузалімскія! ня плачце па Мне, але плачце па сабе і па дзецях вашых;

29 бо падыходзяць дні, калі скажуць: шчасьлівыя няплодныя і чэравы, што не раджалі, і грудзі, што не кармілі.

30 Тады пачнуць гаварыць горам: "упадзіце на нас", і ўзгоркам: "пакрыйце нас!"

31 бо калі зялёнаму дрэву гэтае робяць, то з сухім што станецца?

32 Вялі з Ім на сьмерць і двох ліхадзеяў.

33 I, калі прыйшлі на месца, называнае Чараповае, там укрыжавалі Яго й ліхадзеяў, аднаго па правы, а другога па левы бок.

34 Ісус жа сказаў: Ацец, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць. I дзялілі адзежы Яго, кідаючы жэрабе.

35 I стаяў народ і глядзеў. Насьмяхаліся-ж разам з імі й начальнікі, кажучы: другіх спасаў, няхай жа Сябе Самога спасе, калі Ён Хрыстос, выбранец Божы.

36 Таксама й жаўнеры лаялі Яго, падыходзячы й падносячы воцат,

37 і казалі: калі Ты Цар Юдэйскі, спасі Сябе Самога.

38 I быў над Ім надпіс, напісаны словамі грэцкімі, рымскімі й жыдоўскімі: гэты ёсьць Цар Юдэйскі.

39 Адзін з павешаных ліхадзеяў зьняважаў Яго, кажучы: калі Ты Хрыстос, спасі Сябе і нас.

40 Другі-ж, наадварот, сунімаў Яго ды гаварыў: ці-ж ты не баішся Бога, калі й сам засуджаны на тое-ж?

41 I мы засуджаны справядліва, бо мы дасталі тое, чаго варты нашы ўчынкі; а Ён нічога благога не зрабіў.

42 I сказаў Ісусу: успомні аба мне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Царства Тваё!

43 I сказаў яму Ісус: Запраўдыv кажу табе: сяньня-ж будзеш са Мною ў раю.

44 Было-ж каля шостае гадзіны дня, і сталася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявяvтае:

45 і памеркла сонца, і заслона ў царкве разарвалася пасярэдзіне.

46 Ісус, загаласіўшы моцным голасам, сказаў: Ацец, у рукі Твае аддаю дух Мой. I, сказаўшы гэтае, аддаў дух.

47 Сотнік жа, бачучы здарыўшаеся, славіў Бога й казаў: запраўдыv, чалавек гэты быў праведнік.

48 I ўвесь народ, што прыйшоў паглядзець на гэта, бачучы здарыўшаеся, варочаўся, б’ючыся ў грудзі.

49 Усе-ж, знаўшыя Яго, і жанчыны, што йшлі за Ім з Галілеі, стаялі здалёк і глядзелі на гэтае.

50 Тады нехта на імя Язэп, сяvбра рады, чалавек добры і справядлівы

51 (ён ня прымаў учасьця ў радзе і паступку яе), родам з Арыматэі, места Юдэйскага, які таксама ждаў Царства Божага,

52 прыйшоў да Пілата і прасіў Цела Ісусавага;

53 і, зьняўшы Яго, абвіў плашчаніцаю і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале, дзе яшчэ ніхто ня быў пакладзены.

54 Дзень той быў пятніца, і надыходзіла субота.

55 I жанчыны, што прыйшлі з Ісусам з Галілеі, пайшлі і глядзелі магілу і як клалі цела Яго;

56 вярнуўшыся-ж прыгатавалі пахі і масьці; і ў суботу супачывалі паводле прыказаньня.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст