01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24
Разьдзел 16
1 Сказаў жа і да вучняў Сваіх: адзін чалавек быў багаты і меў эканома, на якога данясьлі яму, што растрачвае маемасьць яго;
2 і, паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта я чую аб табе? Дай справаздачу з гаспадараваньня твайго, бо ты ня можаш балей гаспадараваць.
3 Тады эканом сказаў сам у сабе: што мне рабіць? Гаспадар мой адыймае ад мяне кіраўніцтва домам; капаць ня здужаю, прасіць саромлюся:
4 ведаю, што зроблю, каб прынялі мяне ў дамыv сваі, калі адстаўлены буду ад эканомства.
5 I, паклікаўшы пазычальнікаў гаспадара свайго кожнага паасобку, сказаў першаму: колькі вінен гаспадару майму?
6 Той сказаў: сто мер алею. I сказаў: вазьмі тваю расьпіску і сядай, хутчэй напішы пяцьдзесят.
7 Потым другому сказаў: а ты колькі вінен? Той адказаў: сто мер пшаніцы. I сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і напішы: восемдзесят.
8 I пахваліў гаспадар эканома нявернага, што дагадліва ўчыніў; бо сыны веку гэтага дагадлівей за сыноў сьвятла ў родзе сваім.
9 I Я кажу вам: здабывайце сабе прыяцеляў багацьцем няправедным, каб яны, як зьбяднееце, прынялі вас у вечныя сялібы.
10 Верны ў малым і ў многім верны, а няверны ў малым няверны і ў многім.
11 Дык вось, калі вы ў няправедным багацьці ня былі верны, хто даверыць вам праведнае?
12 I калі ў чужым ня былі верны, хто дасьць вам вашае?
13 Ніякі слуга ня можа служыць двом гаспадаром, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаму пачне пільна служыць, а пра другога нядбаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.
14 Чулі ўсё гэтае і срэбралюбы фарысэі і сьмяяліся з Яго.
15 I сказаў ім: вы паказуеце сябе праведнымі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя: бо што высока ў людзей, тое агіда перад Богам.
16 Закон і прарокі да Іоана: адгэтуль жа Царства Божае абвяшчаецца, і кожын сілаю ўваходзіць у яго.
17 Але хутчэй неба і зямля прамінуць, чым адна рыса з закону загіне.
18 Усякі, хто разводзіцца з жонкаю сваёю і жэніцца з другой, блудзіць, і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, блудзіць.
19 Адзін чалавек быў багаты, адзяваўся ў парфіру ды віссон і кожны дзень раскошна банкетаваў.
20 Другі-ж быў убогі, на імя Лазар, ды ляжаў ля варот яго ўвесь у струпох;
21 і жадаў насыціцца крошкамі, што падалі з стала багача, і сабакі, прыходзячы, лізалі струпы яго.
22 I сталася: убогі памёр і аднесены быў Ангеламі на лона Аўраамава; памёр і багач, і пахавалі яго;
23 і ў пекле, будучы ў муках, ён, падняўшы вочы свае, убачыў здалёк Аўраама і Лазара на лоне яго,
24 і, загаласіўшы, сказаў: Ацец Аўраам! зьлітуйся на-да мною і пашлі Лазара, каб абмачыў канец пальца свайго ў вадзе і асьвяжыў язык мой, бо я мучуся ў полымі гэтым.
25 Але Аўраам сказаў: сын! прыпомні, што ў жыцьці тваім меў ты добрае, а Лазар благое; цяпер жа ён тут пацяшаецца, а ты церпіш вялікія мукі;
26 дый да таго між намі і вамі вялікая прорва, так што, хто хоча перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, таксама і адтуль да нас не пераходзяць.
27 Тады сказаў ён: дык прашу цябе, ацец, пашлі яго ў дом айца майго,
28 бо ў мяне пяць братоў; няхай ён засьведчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае месца мучэньня.
29 Аўраам сказаў яму: у іх ёсьць Майсей і прарокі, няхай слухаюць іх.
30 Ён жа сказаў: не, ацец Аўраам! Але калі хто з умершых прыйдзе да іх, пакаюцца.
31 Тады Аўраам сказаў яму: калі Майсея і прарокаў ня слухаюць, то, каліб хто і з умершых ускрос, не павераць.
|