Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Лукі сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Лукі сьв. Эвангельле

010203040506070809101112
131415161718192021222324

 

Разьдзел 12

1 Тымчасам сабраліся тысячы народу, ажно ціснулі адзін аднаго, і Ён зачаў гаварыць сьпярша да вучняў Сваіх: сьцеражыцеся перадусім рашчыны фарысэйскай, або крывадушнасьці.

2 Няма нічога тайнага, што ня выявілася-б, і ўкрытага, аб чым не даведаліся-б;

3 дык, што вы сказалі ў цемнаце, тое пачуеце ў сьвятле; і што гаварылі навуха ў хаце, тое будзе абвешчана на стрэхах.

4 Кажу-ж вам, другі маі: ня бойцеся тых, што забіваюць цела і пасьля гэтага ня могуць больш нічога зрабіць;

5 але кажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, забіўшы, можа ўкінуць у геенну: запраўды, кажу вам, таго бойцеся.

6 Ці ня пяць малых птушак прадаюцца за два асары? і ніводная з іх не забыта ў Бога.

7 А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Дык ня бойцеся: вы даражэй за многіх малых птушак.

8 Кажу-ж вам: усякага, хто вызнаваціме Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы вызнае перад Ангеламі Божымі;

9 а хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго адракуцца перад Ангеламі Божымі.

10 I ўсякаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, дарована будзе, а хто блюvзьніцьме на Сьвятога Духа, таму ня будзе дарована.

11 Калі-ж прывядуць вас у школы, да ўладаў, ня турбуйцеся, як ці што адказваць, ці што гаварыць:

12 бо Сьвяты Дух навучыць вас у тую гадзіну, што трэба гаварыць.

13 Нехта з народу сказаў Яму: Вучыцель! скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай.

14 Ён жа сказаў таму чалавеку: хто паставіў Мяне судзіць ці дзяліць вас?

15 Пры гэтым сказаў ім: глядзіце, сьцеражыцеся прагавітасьці на багацьце, бо жыцьцё чалавека не залежыць ад дастаткаў яго, якія мае.

16 I сказаў ім прыповесьць: у аднага багатага чалавека быў добры ўраджай у полі;

17 і ён разважаў сам з сабою: што мне рабіць? Некуды мне злажыць плады маі?

18 I сказаў: — вось, што зроблю: разьбяру гумны мае і пабудую большыя, і зьбяру туды ўвесь хлеб мой і ўсё дабро маё,

19 і скажу душы маёй: душа! многа дабра ляжыць у цябе на многія гадыv: еш, пі, весяліся.

20 Але Бог сказаў яму: неразумны! У гэту ноч душу тваю возьмуць у цябе; каму-ж дастанецца тое, што ты прыдбаў?

21 Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы для сябе, а ня ў Бога багацее.

22 I сказаў вучням Сваім: дзеля таго кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашай, што вам есьці, ні дзеля цела, у што адзецца:

23 душа больш за ежу, і цела — за адзежу.

24 Паглядзіце на груганоў: яны ня сеюць, ні жнуць; няма у іх сховаў, ні гумнаў, і Бог жывіць іх; наколькі ж вы лепшыя за птушак?

25 Дый хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?

26 Дык вось, калі і найменшага ўчыніць ня можаце, што-ж турбуецеся аб іншае?

27 Паглядзіце на лілеі, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць; але кажу вам, што і Салямон у ўсёй сваей славе не адзяваўся так, як кожная з іх.

28 Калі-ж траву на полі, якая сягоньня ёсьць, а заўтра будзе кінена ў печ, Бог так адзявае, то тым балей вас, малаверы.

29 Дык ня шукайце-ж, што вам есьці, ці што піць, і ня турбуйцеся,

30 бо ўсяго гэтага шукаюць людзі гэтага сьвету; ваш жа Ацец ведае, што вам гэтае патрэбна;

31 найбалей шукайце Царства Божага, і тое ўсё дададуць вам.

32 Ня бойся, малое стада; бо Ацец ваш упадабаў даць вам Царства.

33 Прадавайце маемасьці вашыя і давайце міласьцівыя ахвяры. Прыгатоўвайце сабе мяшкі нестарэючыя, скарб, што ня ўбывае на нябёсах, куды злодзей не дабіраецца, і дзе моль не зьядае.

34 Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.

35 Няхай будуць паясьніцы вашыя падперазаныя і сьветачы запаленыя;

36 і вы падобны да людзей, што чакаюць павароту гаспадара свайго з вясельля, каб, як прыйдзе ды пастукаецца, ураз адчыніць яму.

37 Шчасьлівыя тыя слугі, якіх гаспадар прыйшоўшы знойдзе на нагах; запраўды кажу вам: ён падперажэцца і пасадзіць іх і, падыйшоўшы, пачне служыць ім.

38 І калі прыйдзе ў другую варту і ў трэцюю варту прыйдзе і знойдзе іх так, то шчасьлівыя слугі гэныя!

39 Вы ведаеце, што, калі-б ведаў гаспадар дому, у якой гадзіне прыйдзе злодзей, то ня спаў бы і не дапусьціў бы падкапацца пад дом яго;

40 будзьце-ж і вы гатовы, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіне, аб якой ня думаеце.

41 Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзе! ці да нас гаворыш гэтую прыповесьць, ці да ўсіх?

42 Госпад жа сказаў: каторы верны й разумны эканом, што гаспадар паставіў яго над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба?

43 Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар яго, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэта:

44 запраўды кажу вам, што над усёй маемасьцю сваёй паставіць яго.

45 Калі-ж слуга гэты скажа ў сэрцы сваім: ня хутка прыйдзе гаспадар мой; і пачне біць слуг ды служанак, есьці й піць і ўпівацца;

46 то прыйдзе гаспадар слугі гэнага ў той дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, у якой ня думае, і адлучыць яго і ўчыніць яму адзін лёс з нявернымі.

47 Слуга-ж той, які ведаў волю гаспадара свайго і ня быў гатовы, і не рабіў па волі яго, будзе крэпка біты,

48 а каторы ня ведаў і зрабіў вартае кары, біты будзе меней. I ад кожнага, каму дадзена многа, многа і вымагацца будзе, і каму многа даручана, з таго больш зыvшчуць.

49 Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю, і яvк хацеў бы, каб ён ужо загарэўся!

50 Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца, і яvк Я тамлюся, пакуль гэтае ня выпаўніцца!

51 Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць мір зямлі? Не, кажу вам, але разьдзяленьне.

52 Бо адгэтуль пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца, трое проці двох і двое проці трох;

53 бацька будзе проці сына, і сын проці бацькі; маці проці дачкі, і дачка проці маткі; сьвякроў проці нявесткі сваей, і нявестка проці сьвякрові свае.

54 Сказаў жа і народу: калі вы бачыце хмару, падыймаючыся з захаду, ураз кажаце: дождж будзе; і стаецца гэтак;

55 і калі дзьме паўдзённы вецер, кажаце: сьпека будзе, і стаецца.

56 Крывадушныя! аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, яvк жа часу гэтага не пазнаецё?

57 Чаму-ж і вы па сабе самых ня судзіце, што мусіць быць?

58 Калі ты йдзеш з супраціўнікам сваім да начальства, то па дарозе пастарайся пазбыцца яго, каб ён ня прывёў цябе да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе кату, а кат ня ўкінуў бы цябе ў вязьніцу;

59 кажу-ж табе: ня выйдзеш адтуль пакуль не аддасі і апошняга медзяка.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст