Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Марка сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Марка сьв. Эвангельле

0102030405060708
0910111213141516

 

Разьдзел 8

1 У тыя дні, як сабралося дужа многа народу і ня мелі што есьці, Ісус, клікнуўшы вучняў Сваіх, кажа ім:

2 Шкада Мне народу, што ўжо тры дні са Мною і ня мае што есьці.

3 I, калі пушчу іх дамоў ня еўшы, аслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёку.

4 I вучні Ягоныя адказалі Яму: скуль мог бы хто тут у пустыні накарміць іх хлебам?

5 I спытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Яны сказалі: сем.

6 І сказаў народу сесьці на зямлю; і, узяўшы сем хлябоў ды падзякаваўшы, паламаў і даў вучням Сваім, каб раздалі; і яны раздалі народу.

7 I мелі яны некалькі рыбак; і, пабагаславіўшы, сказаў раздаць і тыя.

8 I елі і насыціліся і набралі астаўшыхся кускоў сем карабоў.

9 Еўшых жа было каля чатырох тысячаў. I распусьціў іх.

10 I, ураз увайшоўшы ў човен з вучнямі Сваімі, прыйшоў у межы Далмануфскія.

11 І выйшлі фарысэі ды пачалі з Ім спрачацца, дамагаючыся ад Яго знакоў з неба, спакушаючы Яго.

12 I Ён, уздыхнуўшы ў душы Сваёй, сказаў: на што род гэты дамагаецца знакоў? Запраўды кажу вам, ня будзе дадзены знак роду гэтаму.

13 I, пакінуўшы іх, ізноў увайшоў у човен і паплыў на той бок.

14 I забыліся ўзяць хлеба, і ня мелі з сабою ў чаўне хлеба, апрача аднаго бохана.

15 Ён загадаў ім: глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і кісьлі Ірадавай.

16 I разважалі між сабою, кажучы: гэта што хлеба ня маем.

17 I, ведаючы, Ісус кажа да іх: ці-ж яшчэ ня цяміце й не разумееце? Ці йшчэ скамянеўшы маеце сэрца вашае?

18 Маючы вочы, ня бачыце? Маючы вушы, ня чуеце? дый не памятаеце?

19 Калі Я пяць хлябоў паламаў на пяць тысячаў, колькі поўных карабоў кускоў назьбіралі вы? Кажуць Яму: дванаццаць.

20 А калі сем для чатырох тысячаў, колькі карабоў назьбіралі вы астаўшыхся кускоў? Сказалі: сем.

21 I сказаў ім: як жа не разумееце?

22 I прыходзе да Віфсаіды; і прыводзяць да Яго сьляпога ды просяць, каб дакрануцца да яго.

23 I, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго за сяло і, плюнуўшы яму на вочы, паклаў на яго рукі ды спытаўся, ці што бачыць?

24 I той, зірнуўшы, адказаў: бачу людзей, што як дрэвы ходзяць.

25 Потым ізноў палажыў рукі на вочы яму ды зрабіў, каб бачыў. I паздаравеў ды стаў бачыць усё ясна.

26 I паслаў яго дамоў, сказаўшы: не заходзь у сяло і не кажы нікому ў сяле.

27 I пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў сёлы Кесарыі Піліпавай. I дарогаю Ён пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго лічаць Мяне людзі?

28 Яны адказалі: за Іоана Хрысьціцеля; другія-ж за Ільлю, а іншыя — за аднаго з прарокаў.

29 Ён жа кажа ім: а вы за каго лічыце Мяне? I Пётр адказаў Яму, кажучы: Ты Хрыстос.

30 I загадаў ім, каб нікому не гаварылі аб Ім.

31 I пачаў навучаць іх, што трэба, каб Сын Чалавечы многа выцярпеў, каб адцураліся ад яго старшыны і архірэі і кніжнікі, ды каб быў забіты і цераз тры дні ўваскрос.

32 I гаварыў аб гэтым адкрыта. I Пётр, адклікаўшы Яго, пачаў карыць Яго.

33 А Ён, аглянуўшыся й бачучы вучняў Сваіх, забараніў Пятру, сказаўшы: адыдзі ад Мяне, шатан, бо думаеш не аб Божым, але аб чалавечым.

34 I, паклікаўшы народ з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хочя ісьці за Мною, адракіся ад самога сябе і вазьмі крыж свой ды йдзі сьледам за Мною;

35 бо хто хоча душу сваю спасьці, загубіць яе; але хто загубіць душу сваю за Мяне і Эвангельле, той спасе яе.

36 Бо што за карысьць чалавеку, калі-б здабыў увесь сьвет, а душы сваёй шкоду ўчыніў бы?

37 Або што дасьць чалавек за душу сваю?

38 Бо хто пасароміцца Мяне і Маіх слоў перед родам гэтым блудным ды грэшным, дык і Сын Чалавечы пасароміцца яго, як прыйдзе ў славе Айца Свайго з ангеламі сьвятымі.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст