Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Марка сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Марка сьв. Эвангельле

0102030405060708
0910111213141516

 

Разьдзел 5

1 I прыйшлі на той бок мора, у старану Гадарэнскую.

2 I, калі выйшаў Ён з чаўна, зараз жа пераняў Яго чалавек з магільніку, апанаваны нячыстым.

3 Ён меў жыльлё ў магілах; і ніхто ня мог яго зьвязаць навет ланцугамі,

4 бо многа разоў скоўвалі яго путамі ды ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разьбіваў путы, і ніхто ня меў сілы супакоіць яго;

5 заўседы ўначы і ўдзень ён быў у горах ды ў магілах, крычучы і б’ючы сябе каменьмі.

6 Угледзіўшы-ж Ісуса здалёку, прыбег ды пакланіўся Яму

7 і, закрычэўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Усявышняга? Заклінаю Цябе Богам, ня муч мяне!

8 (Бо Ісус казаў яму: выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека).

9 I спытаўся ў яго: як імя тваё? I ён сказаў у адказ: легіён імя маё, бо нас многа.

10 I дужа прасіў Яго, каб не высылаў іх вон з стараны тае.

11 Пасьвіўся-ж там ля гары вялікі гурт сьвіней.

12 I прасілі Яго ўсе дэманы: пашлі нас у сьвіней, каб нам увайсьці ў іх.

13 Ісус ураз жа дазволіў ім. I нячыстыя духі, выйшаўшы, увайшлі ў сьвіней, і кінулася стада з кручы ў мора; было-ж каля дзьвёх тысячаў; і патанулі ў моры.

14 А тыя, што пасьвілі сьвіней, пабеглі ды абвясьцілі ў месьце і па весках. I жыхары выйшлі паглядзець, што сталася.

15 Прыходзяць да Ісуса ды бачаць, што апанаваны дэманамі, у якім быў іх легіён, сядзіць, адзеты, пры здаровым розуме; дык спалохаліся.

16 I бачыўшыя расказалі ім, як сталася з апанаваным дэманамі, ды аб сьвіньнях.

17 I пачалі прасіць Яго адыйсьці ад межау іхніх.

18 I, калі Ён увайшоў у човен, дык той, што быў апанаваны дэманамі, папрасіўся быць з Ім.

19 Але Ісус не дазволіў яму і кажа да яго: ідзі дамоў да сваіх ды раскажы ім, што зрабіў табе Госпад і як зьлітаваўся над табою.

20 I пайшоў ды пачаў апавядаць у Дзесяціградзьдзі, што зрабіў з ім Ісус. I ўсе дзівіліся.

21 Калі Ісус ізноў перабраўся ў чаўне на другі бераг, сабралося да Яго множства народу. I быў Ён ля мора.

22 I вось прыходзіць адзін із школьных старшын, на імя Яір, і, угледзіўшы Яго, падае да ног Ягоных

23 і вельмі просіць Яго, кажучы: дачка мая ўмірае: прыйдзі, палажы на яе рукі, каб яна паздаравела і жыла.

24 I пайшоў з ім. I за Ім ішло шмат народу і ціснулі Яго.

25 I нейкая жанчына, якая цярпела ад крывацечы дванаццаць гадоў

26 ды шмат выцярпела ад многіх дахтароў і патраціла на іх усё, ня маючы ніякае палёгкі, ды йшчэ больш хворая,

27 пачуўшы пра Ісуса, падыйшла ззаду між народам і дакранулася да вопраткі Ягонае,

28 бо казала: калі хоць да вопраткі Яго дакрануся, паздаравею.

29 І зараз задзяржалася ў яе крывацеча, і пачула яна ў целе сваім, што паздаравела ад хворасьці.

30 У той жа час Ісус, пачуўшы Сам у Сабе, што выйшла з Яго сіла, зьвярнуўся да народу і сказаў: хто дакрануўся да Мае адзежы?

31 Вучні сказалі Яму: Ты бачыш, што народ тоўпіцца ля Цябе, і пытаешся: хто дакрануўся да Мяне?

32 Але Ён аглянуўся наўкола, каб бачыць тую, што зрабіла гэта.

33 Жанчына-ж, спалохаўшыся і дрыжучы, бо ведала, што з ёю сталася, падыйшла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.

34 Ён жа сказаў ёй: дачка! вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі і будзь здарова ад хворасьці твае.

35 Ён яшчэ гаварыў, калі прыходзяць ад школьнага старшыні ды кажуць: дачка твая памёрла; на што яшчэ турбуеш вучыцеля?

36 Але Ісус, ураз пачуўшы гавораныя словы, кажа да старшыні школы: ня бойся, толькі вер!

37 I не дазволіў нікому йсьці за Сабою, апрача Пятра, Якава і Іоана, брата Якавага.

38 Прыходзіць у дом старшыні школы і бачыць трывогу, плач ды лямант вялікі.

39 I, увайшоўшы, кажа ім: чаго трывожыцеся ды плачаце? Дзяўчана ня ўмерла, але сьпіць.

40 I сьмяяліся з Яго. Але Ён, выслаўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацькоў дзяўчыны і быўшых з Ім ды ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчына.

41 I, узяўшы дзяўчыну за руку, кажа да яе: Таліта, кумі! што значыць: дзяўчына, табе кажу, устань!

42 I ўраз жа ўстала дзяўчына і пачала хадзіць; а было ёй дванаццаць гадоў. I здумеліся ад дзіва вялікага.

43 I Ён цьвёрда прыказаў ім, каб ніхто аб гэтым ня ведаў; і сказаў даць ёй есьці.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст