01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16
Разьдзел 4
1 I ізноў пачаў навучаць над морам; і сабралося да Яго такое множства народу, што Ён увайшоў у човен і сядзеў у моры, а ўвесь народ быў на зямлі ля мора.
2 I навучаў іх шмат прыповесьцямі, і ў навуцы сваёй гаварыў ім:
3 Слухайце: вось выйшаў сейбіт сеяць.
4 I сталася, як сеяў, што іншае ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі нябесныя ды падзёўбалі тое;
5 іншае ўпала на каменны грунт, дзе мала было зямлі, і хутка ўзыйшло, бо зямля была няглыбокая;
6 калі-ж узыйшло сонца, завяла ды, ня маючы караня, засохла.
7 Іншае ўпала між шыпшыньнікам, і шыпшыньнік вырас і заглушыў яго, і яно не дало плёну;
8 іншае ўпала на добрую зямлю і дало плён, што ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла іншае трыццаць, іншае шэсьцьдзесят, іншае сто.
9 I сказаў ім: хто мае вушы чуць, няхай чуе.
10 Калі-ж Ён быў Сам, акружаўшыя Яго разам з дванаццацьма спыталіся ў Яго аб прыповесьці.
11 I сказаў ім: вам дадзена ведаць тайны царства Божага, а тым вонках усё стаецца ў прыповесьцях,
12 каб, гледзячы вачыма, глядзелі й ня бачылі; слухаючы, чулі й не разумелі; каб не навярнуліся, ды каб ня былі дараваны ім грахі іхнія.
13 I кажа ім: не разумееце гэтае прыповесьці? Як жа вам зразумець усе прыповесьці?
14 Сейбіт слова сее.
15 Вось жа тыя, што ля дарогі, дзе сеецца слова, як толькі пачуюць яго, дык ураз жа шатан й вырывае слова, пасеянае ў сэрцах іх.
16 Таксама й тыя, што пасеяны на камяністым месцы, якія, ледзь пачуюць слова, зараз з радасьцю прыймаюць яго,
17 ды ня маюць у сабе караня, дык дачэсныя: як толькі прыйдзе уціск ці перасьледаваньне за слова, зараз спакушаюцца.
18 I тыя, што ў шыпшыньніку пасеяны, гэта тыя, што чуюць слова,
19 але ў якіх турботы гэтага веку, прынада багацьця ды іншыя пажаданьні, уваходзячы ў іх, глушаць слова, і яно стаецца бясплодным.
20 I што пасеяна на добрай зямлі, гэта тыя, якія слухаюць слова і прыймаюць яго і даюць плен: адзін у трыццаць, другі ў шэсьцьдзесят, іншы ў сто разоў.
21 I сказаў Ім: ці на тое прыносіцца сьвятло, каб паставіць яго пад пасудзіну ці пад ложак, а не на тое, каб паставіць яго на сьветачу?
22 Бо няма нічога тайнага, каб не зрабілася яўным: бо ня сталася дзеля ўкрываньня, а каб выявілася.
23 Калі хто мае вушы чуць, няхай чуе.
24 I сказаў ім: заўважайце, што чуеце: якою мераю мераеце, гэткаю й вам адмерана будзе і дададзена будзе вам, што слухаеце.
25 Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, у таго адымецца й тое, што мае.
26 I сказаў: гэтак ёсьць царства Божае, як калі чалавек кідае зерне ў зямлю,
27 і сьпіць, і ўстае ўначы і ўдзень, і насеньне ўзыходзіць і расьце, што ён ня ведае;
28 бо зямля сама сабою родзіць сьпярша рунь, пасьля колас, пасьля зерне ў коласе.
29 Калі-ж дасьпявае плён, ураз жа шлець серп, бо надыйшло жніво.
30 I сказаў: да чаго падобна царства Божае? Ці якою прыповесьцю выкажам яго?
31 Яно як зерне гарчычнае, якое, калі сеецца ў зямлю, дык ёсьць меншае за ўсе зярнаты на зямлі,
32 а калі пасеяна, узыходзіць і робіцца бльшым за ўсе расьліны і пускае такія вялікія галіны, што пад ценем яго могуць хавацца птахі нябесныя.
33 I многімі гэткімі прыповесьцямі казаў ім слова, колькі яны маглі слухаць;
34 бяз прыповесьці-ж не гаварыў нічога, а вучням насамоце тлумачыў усё.
35 Увечары таго-ж дня сказаў ім: пераплывем на той бок.
36 I яны, адправіўшы народ, узялі Яго з сабою, як быў у чаўне, бо з Ім былі і другія чаўны.
37 I ўзьнялася вялікая бура; хвалі білі ў човен так крэпка, што ўжо пачаў напаўняцца вадою.
38 А Ён спаў на карме на падушцы. Яго будзяць ды кажуць да Яго: Вучыцель! Няўжо-ж Цябе ня рупіць, што мы гінем?
39 I, падыймаючыся, забараніў ветру і кажа да мора: змоўкні, пакінь! I вецер заціх, і настала вялікая ціша.
40 I кажа ім: чаму вы гэткія палахлівыя? як гэта ў вас няма веры?
41 І спалохаліся вялікім страхам ды гаварылі між сабою: Хто гэта, што й вецер і мора слухаюцца загаду Яго?
|