01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16
Разьдзел 2
1 Праз колькі дзён ізноў прыйшоў Ён у Капэрнаум, і разыйшлося, што Ён у доме.
2 Зараз сабралося гэтулькі народу, што ўжо і ля дзьвераў ня было месца; і Ён гаварыў ім слова.
3 І прыйшлі да Яго з спараліжаваным, якога несьлі чацьвёра;
4 і, ня маючы магчымасьці прыйсьці да Яго цераз народ, раскрылі страху дому, дзе Ён быў, і, зробіўшы дзіру, спусьцілі ,пасьцель, на якой ляжаў спараліжаваны.
5 Ісус, бачучы веру іх, кажа паралітыку: дзіця, даруюцца табе грахі тваі.
6 Тут жа сядзелі некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх:
7 што гэта Ён гэтак блюзьніць? Хто можа дараваць грахі, апрача аднаго Бога?
8 Ісус, ураз жа даведаўшыся духам Сваім, што яны гэтак думаюць сабе, сказаў Ім: на што гэтак думаеце ў сэрцах вашых?
9 Што лягчэй? ці сказаць паралітыку: даруюцца табе грахі? ці сказаць: устань, вазьмі ложак свой і хадзі?
10 Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — кажа паралітыку:
11 Табе кажу: устань, вазьмі ложак твой ды йдзі ў дом твой.
12 Той ураз жа ўстаў і, узяўшы ложак, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: ніколі нічога такога мы ня бачылі.
13 I выйшаў Ісус ізноў да мора; і ўвесь народ пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх.
14 Праходзячы, угледзіў Ён Левія Алфеявага, сядзючы на мытніцы, і кажа яму: ідзі за Мною. I той, устаўшы, пайшоў за Ім.
15 I сталася, калі Ісус сядзеў за сталом у доме ягоным, пасядалі з Ім і вучнямі Яго шмат мытнікаў ды грэшнікаў, бо было іх многа, і яны йшлі за Ім.
16 Кніжнікі й фарысэі, угледзіўшы, што Ён есьць з мытнікамі ды грэшнікамі, кажуць вучням Яго: як гэта Ёнесьцьі есьць з мытнікамі ды грэшнікамі?
17 Пачуўшы гэтае, Ісус кажа ім: не здаровым трэба лекара, але хворым. Я прыйшоў клікаць не сьвятых, але грэшнікаў да пакуты.
18 А вучні Іоанавы і фарысэйскія пасьцілі, і прыходзяць да Яго ды кажуць: чаму вучні Іоанавы ды фарысэйскія посьцяць, а Тваі вучні ня посьцяць?
19 I сказаў ім Ісус: ці могуць пасьціць сыны вясельля, калі з імі жаніх? Пакуль маюць сярод сябе жаніха, ня могуць пасьціць.
20 Але прыйдуць дні, калі возьмуць ад іх жаніха, і тады будуць пасьціць у тыя дні.
21 I ніхто не прышывае лапінкі з новай тканіны да старое адзежыны, бо новая лапінка адарвецца ад старога, і дзіра будзе яшчэ большая.
22 I ніхто не налівае новага віна ў старыя мяхі, бо новае віно прарве мяхі, і віно выцяча, ды мяхі прападуць; але віно новае трэба ўліваць у новыя мяхі.
23 I давялося пераходзіць Яму ў суботу цераз засевы; і пачалі вучні Ягоныя дарогаю рваць калосьсе.
24 Фарысэі сказалі Яму: глядзі, чаму яны робяць у суботу тое, чаго ня сьлед рабіць?
25 Ён сказаў ім: няўжо-ж вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу й галадаў сам ды быўшыя з ім?
26 Як увайшоў ён у дом Божы за архірэя Авіафара ды еў хлябы ахвярныя, якіх ня можна было есьці нікому, апрача сьвяшчэньнікаў, і даў і тым, што былі з ім.
27 I сказаў ім: субота для чалавека, але не чалавек для суботы;
28 вось чаму Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і над суботай.
|