Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Марка сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Марка сьв. Эвангельле

0102030405060708
0910111213141516

 

Разьдзел 15

1 I ўраз нараніцы зрабіўшы нараду, архірэі з старшынамі ды кніжнікамі і ўвесь сынэдрыон, зьвязаўшы Ісуса, завялі ды аддалі Пілату.

2 I спытаўся ў Яго Пілат: Ты цар Юдэйскі? Ён жа адказаў яму: ты кажаш.

3 I многа ўзводзілі на Яго архірэі.

4 А Пілат ізноў спытаўся ў Яго: Ты нічога не адказваеш? Глядзі, колькі сьведчаць проці Цябе.

5 Але Ісус і на гэта нічога не адказаў, ажно зьдзівіўся Пілат.

6 На ўсякае-ж сьвята звальняў ён ім аднаго із вязьняў, за якога прасілі.

7 Быў жа ў вязьніцы нейкі Варавва з сваімі супольнікамі, якія ў часе бунту ўчынілі забойства.

8 I народ, падняўшы крык, пачаў прасіць Пілата, каб зрабіў ім, як заўсёды.

9 Пілат жа адказаў ім, кажучы: хочаце, звольню вам Цара Юдэйскага?

10 Бо ведаў, што архірэі дзеля завісьці выдалі Яго.

11 Але архірэі падбілі народ на тое, каб звольніў ім лепей Варавву.

12 I Пілат, азваўшыся ізноў, сказаў ім: Што-ж хочаце, каб я зрабіў з Тым, каго называеце Царом Юдэйскім?

13 Яны ж ізноў закрычэлі: распні Яго!

14 Пілат жа сказаў: што-ж благое ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: распні Яго!

15 Тады Пілат, хочучы дагадзіць народу, звольніў ім Варавву, а Ісуса аддаў, пасьля бічаваньня, расьпяць.

16 I жаўнеры завялі Яго ў панадворак, што завецца Прэторыя, і склікалі ўсю роту.

17 I адзелі Яго ў пурпур і, сплёўшы з церняў вянок, узлажылі на Яго.

18 I пачалі вітаць Яго: Радуйся, Цар Юдэйскі!

19 I білі Яго па галаве трысьцінай, і плявалі на Яго, і, становячыся на калені, пакланяліся Яму.

20 I, як насьмяяліся з Яго, зьнялі пурпур ды адзелі Яго ў уласную вопратку, і павялі Яго, каб расьпяць Яго.

21 I прымусілі нейкага Сымона Кіранэйца, бацьку Аляксандра й Руфа, які йшоў з поля, каб нёс крыж Ягоны.

22 I прывялі Яго на Галгофу, месца, якое называецца Месца Чарапоў.

23 I давалі Яму піць віно з сьмірнаю, але Ён ня ўзяў.

24 I, расьпяўшы Яго, падзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабе, каму што ўзяць.

25 Была трэцяя гадзіна, і расьпялі Яго на крыжу.

26 I быў надпіс віны Ягонае напісаны: Цар Юдэйскі.

27 I з Ім расьпялі двух разбойнікаў, аднаго з правага, а другога з левага боку Яго.

28 I збылося пісаньне, што гаварыла: і да злачынцаў залічаны (Ісая 53, 12).

29 I праходзячыя міма зьневажалі Яго, ківаючы галавамі сваімі ды кажучы: о, Ты, што цэрквы руйнуеш і ў тры дні адбудоўваеш!

30 Спасі Сябе Самога і зыйдзі з крыжа!

31 Падобна-ж і архірэі, насьмяхаючыся, гаварылі з кніжнікамі адзін да аднаго: другіх спасаў, Сябе-ж спасьці ня можа!

32 Хрыстос, Цар Ізраіляў, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, каб мы бачылі ды паверылі! I расьпятыя разам з Ім зьневажалі Яго.

33 I а шостай гадзіне настала цемра па ўсёй зямлі ажно да дзявятае гадзіны.

34 I а дзявятай гадзіне загаласіў Ісус моцным голасам: Элоі, Элоі! ламма сабахтані! што абазначае: Божа Мой, Божа Мой! на што Ты Мяне пакінуў?

35 I некаторыя із стаяўшых наўкола, пачуўшы, казалі: вось Ільлю кліча.

36 Адзін жа, пабегшы й набраўшы ў губку воцату ды насадзіўшы яе на трысьціну, паіў Яго, кажучы: чакайце! паглядзімо, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго?

37 Ісус жа, загаласіўшы моцным голасам, сканаў.

38 I заслона ў царкве разьдзерлася надвое ад верху да нізу.

39 Сотнік жа, што стаяў насупраць Яго, угледзіўшы, што так загаласіўшы сканаў, сказаў: запраўды, чалавек гэты быў Сын Божы.

40 Былі тут і жанчыны, што глядзелі здалёк; між імі была і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Якава меншага ды Есіі, і Салямэя,

41 якія і тады, як быў у Галілеі, ішлі за Ім ды служылі Яму; і многа іншых, што прыйшлі з Ім у Ерузалім.

42 I, як ужо настаў вечар, (а была параскева, значыць перадсуботнік),

43 прыйшоў Язэп з Арыматэі, выдатны раднік, які й сам ждаў царства Божага, і сьмела ўвайшоў да Пілата і прасіў цела Ісусавага.

44 I Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр, і, клікнуўшы сотніка, спытаўся ў Яго, ці даўно памёр?

45 I, даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу.

46 I, купіўшы сіндон ды зьняўшы Яго, абвіў сіндонам і палажыў Яго ў магілу, што была высечана ў скале, ды прываліў камень да дзьвераў магілы.

47 А Марыя Магдаліна і Марыя Есіява глядзелі, дзе Яго палажылі.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст