01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16
Разьдзел 14
1 За два дні была Пасха і сьвята праснакоў; і шукалі архірэі і кнімшікі, як узяць Яго хітрасьцяй ды забіць.
2 Але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня было разрухі ў народзе.
3 І, як быў Ён у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага, ды спачываў за сталом, — прыйшла жанчына з алябастравым збанком міра нардовага, чыстага й дарагога, ды, разьбіўшы судзіну, паліла Яму галаву.
4 I былі некаторыя, што гневаліся ў сабе і гаварылі: на што гэты глум міра?
5 Бо-ж можна было-б прадаць яго больш, як за трыста дынараў, ды раздаць бедным. I наракалі на яе.
6 Але Ісус сказаў: пакіньце яе: на што ёй робіце прыкрасьць? Яна добрае дзела зрабіла для Мяне.
7 Бо ўбогіх заўседы маеце з сабою і можаце ім рабіць дабро, калі захочаце, а Мяне маеце не заўсёды.
8 Яна, што магла, зрабіла: наўперад памазала цела Маё для пахаваньня.
9 Запраўды кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае па ўсім сьвеце, дык і аб тым, што зрабіла яна, сказана будзе ў памяць аб ёй.
10 А Юда Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архірэяў, каб прадаць Яго ім.
11 Яны-ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму грошы. I ён шукаў, як у адпаведную часіну прадаць Яго.
12 I ў першы дзень праснакоў, калі рэзалі ягнё на Пасху, кажуць Яму вучні Ягоныя: дзе хочаш, каб мы пайшлі прыгатавалі Табе есьці пасху?
13 I пасылае двух з вучняў Сваіх і кажа ім: Ідзеце да места; і сустрэнецца вам чалавек, нясучы гляк з вадою; ідзеце за ім.
14 I куды ён увойдзе, скажэце гаспадару тае хаты: Вучыцель пытаецца: дзе сьвятліца, у якой спажываціму пасху з вучнямі Маімі?
15 I ён пакажа вам пакой вялікі, засланы, гатовы; там прыгатуйце нам.
16 I пайшлі вучні Ягоныя і прыйшлі да места і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі пасху.
17 I, калі настаў вечар, Ён прыходзіць з дванаццацьма.
18 I, як сядзелі яны за сталом ды елі, Ісус сказаў: запраўды кажу вам: адзін з вас, што есьць са Мною, прадасьць Мяне.
19 Яны-ж пачалі сумаваць ды адзін праз аднаго казаці да Яго: ці ня я? I другі: ці ня я?
20 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: адзін з дванаццацёх, што мачае са Мною ў місе.
21 Бо Сын Чалавечы йдзе, як напісана аб Ім; але гора таму чалавеку, праз якога прададзены будзе Сын Чалавечы. Ляпей было-б яму, калі-б чалавек гэны не радзіўся.
22 I, калі яны елі, ІСус, узяўшы хлеб, багаславіў яго ды, паламаўшы, даў ім і сказаў: вазьмеце, ешце; гэта ёсьць цела Маё.
23 I, узяўшы чару й аддаўшы хвалу, падаў ім: і пілі яе ўсе.
24 I сказаў ім: гэта ёсьць кроў Мая новага запавету, што за многіх праліваецца.
25 Запраўды кажу вам: ніколі ўжо ня буду піць ад плоду вінаграднага ажно до таго дня, калі піць буду новае віно ў царстве Божым.
26 I, запяяўшы, пайшлі на гару Аліўную.
27 I кажа ім Ісус: усе вы спакушаны будзеце ў гэту ноч за Мяне; бо напісана: ўдару пастуха, і рассыплюцца авечкі (Захар. 13, 7).
28 Але, як уваскросну, апярэджу вас у Галілеі.
29 Пётр жа сказаў Яму: хай усе спакусяцца, але ня я.
30 I кажа яму Ісус: запраўды кажу табе, што ты сяньня, у гэтую самую ноч, перш, чым певень двойчы прапяе, тры разы адрачэшся ад Мяне.
31 Але той яшчэ больш казаў: хаця-б мне трэба было памерці разам з Табою, не адракуся ад Цябе. Гэтак сама гаварылі і ўсе.
32 I прыйшлі ў сяло, званае Гефсіманія, і сказаў вучням Сваім: пасядзеце тут, пакуль памалюся.
33 I бярэ з сабою Пятра, Якава ды Іоана; і найшоў жах дый туга на. Яго.
34 I кажа ім: сумная душа мая ажно да сьмерці; пабудзьце гэтта і ня сьпіце.
35 I, адыйшоўшыся трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна;
36 і гаварыў: Авва, Ойча! усё магчыма для Цябе, пранясі чару гэтую міма Мяне; ды ня тое, чаго Я хачу, а чаго Ты.
37 I варочаецца і знаходзіць іх сплючы, дый кажа Пятру: Сымоне! Ты сьпіш? Ня мог ты аднае гадзіны ня спаць?
38 Ня сьпіце й маліцеся, каб не папасьці ў пакусу:бо-ж дух крэпкі, а цела слабое.
39 I ізноў, адыйшоўшыся, маліўся, гаворачы тое-ж слова.
40 I, вярнуўшыся, знайшоў іх ізноў сплючы; бо вочы ў іх абцяжэлі, і ня ведалі, што адказваць Яму.
41 I прыходзіць трэці раз і кажа ім: вы ўсё яшчэ сьпіцё і спачываеце? Годзе! Настаў час! Вось прадаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікаў.
42 Уставайце! Хадзем! Вось падыходзіць той, што прадае Мяне.
43 I ўраз жа, як Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, а з ім вялікая грамада з мячамі ды каламі ад архірэяў і кніжнікаў і старшых.
44 I той, што прадаваў Яго, даў ім знак, сказаўшы: каго я пацалую, Той і ёсьць; бярэце Яго й вядзеце асьцярожна.
45 I, нрыйшоўшы, зараз жа падыйшоў да Яго ды кажа: Равві! Равві! і пацалаваў Яго.
46 А яны ўзлажылі рукі свае на Яго і ўзялі Яго.
47 Адзін жа із стаяўшых ля Яго, выхапіўшы меч, удэрыў слугу архірэявага ды адсек яму вуха.
48 I, азваўшыся, Ісус сказаў ім: быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі й каламі, каб схапіць Мяне.
49 Што-дзень быў Я з вамі ў царкве, навучаючы, і вы ня бралі Мяне; але няхай збудзецца, што напісана.
50 I ўсе, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
51 I пайшоў за Ім адзін дзяцюк, што быў накінуўшы на сябе лёгкую тканіну на голае цела; і жаўнеры схапілі Яґо.
52 Але ён, пакінуўшы тканіну, голы ўцёк ад іх.
53 I прывялі Ісуса да архірэя; і сабраліся да яго ўсе архірэі і старшыны і кніжнікі.
54 Пётр жа здалёк ішоў за Ім ажно ў сярэдзіну на падворак архірэяў; і сядзеў з слугамі і грэўся ля вагня.
55 Архірэі-ж і ўвесь сынэдрыон шукалі сьвядоцтва проці Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць: і не знаходзілі.
56 Бо шмат хто сьведчыў ілжыва проці Яго, але нязгодныя былі між сабою сьвядоцтвы іхнія.
57 І некаторыя, падняўшыся, сьведчылі проці Яго ілжыва, кажучы:
58 Мы чулі, як Ён казаў: Я зруйную гэтую царкву, збудаваную рукамі, і цераз тры дні збудую другую, нерукатворную.
59 Але і іхнія сьвядоцтвы ня зыходзіліся.
60 Тады ўстаў архірэіі пасярэдзіне ды спытаўся ў Ісуса: Нічога не адказваеш? Што яны проці Цябе сьведчаць?
61 Але Ён маўчаў і не адказваў нічога. Ізноў архірэй спытаўся ў Яго, кажучы Яму: Ці Ты Хрыстос, Сын Бога Багаслаўленага?
62 Ісус адказаў: гэта Я; і вы ўбачыце Сына Чалавечага, сядзючы направа ад сілы й ідучы на хмарах нябесных.
63 Тады архірэй, разьдзёршы вопраткі свае, сказаў: на што нам яшчэ сьведкі?
64 Вы чулі хулу? Як вам здаецца? Тыя-ж усе прысудзілі, што варт сьмерці.
65 I пачалі іншыя пляваць на Яго і, закрываючы Яму аблічча, біць Яго ды гаварыць Яму: прароч! I слугі білі Яго па шчоках.
66 I, калі Пётр быў на дварэ, унізе, прыйшла адна з дяўчатак архірэйскіх
67 і, убачыўшы Пятра, што ён грэецца, прыгледзіўшыся да яго, сказала: і ты быў з Ісусам Назаранінам.
68 Але ён адрокся, кажучы: ня ведаю і не разумею, што гаворыш. I выйшаў на пярэдні падворак; і прапяяў певень.
69 Дзяўчынка-ж, ізноў убачыўшы яго, пачала казаць стаяўшым навакол: гэты із іх.
70 Ён жа ізноў адрокся. I, крыху счакаўшы, стаяўшыя наўкола ізноў пачалі гаварыць Пятру: праўда, што ты із іх: бо ты і галілеянін, і гутарка твая падобная.
71 А ён пачаў клясьціся ды прысягацца: ня ведаю чалавека гэнага, аб якім гаворыце.
72 Тады другі раз прапяяў певень. I прыпомніў Пётр слова, што сказаў яму Ісус: перш, чым певень двойчы прапяе, тры разы адрачэшся ад Мяне. I пачаў плакаць.
|