01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16
Разьдзел 13
1 І, калі выходзіў Ён з царквы, кажа Яму адзін із вучняў Ягоных: Вучыцель! паглядзі, якія каменьні і якія будынкі!
2 I, адказваючы, сказаў яму Ісус: бачыш гэтыя аграмадныя будыніны! Не астанецца камень на камені, які-б ня збурылі.
3 I калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць царквы, пыталіся ў Яго насамоце Пётр і Якаў і Іоан і Андрэй:
4 скажы нам, калі гэтае будзе, і які знак, калі ўсяму гэтаму мае быць канец?
5 I ў адказ ім Ісус пачаў гаварыць: сьцеражыцеся, каб хто ня зьвеу вас,
6 бо шмат прыйдзе пад Маім імем і будуць гаварыць, што гэта Я, і многіх зьвядуць.
7 Калі-ж пачуеце пра войны ды чуткі аб войнах, ня трывожцеся: гэта мусіць стацца; але гэта яшчэ не канец.
8 Бо паўстане народ на народ і царства на царства, і будзе месцамі трасеньне зямлі, і будзе голад і безгалоўе. Гэта — пачатак злыбедаў.
9 Сьцеражыцеся-ж і вы самі: бо будуць вас аддаваць пад суд і біць вас у школах, і будзеце пастаўлены перад ваяводамі ды царамі за Мяне, каб сьведчылі ім.
10 I перш усім народам мусіць быць абвешчана Эвангельле.
11 Калі-ж павядуць вас, каб выдаць, не клапоцьцеся наперад, што вам гаварыць, і не абдумывайце, а што дадзена вам будзе ў той час, тое й гаварыце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты.
12 I выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў сваіх і забіваць іх будуць.
13 I будуць ненавідзець вас усе за імя Маё, а хто выцярпіць да канца, той спасецца.
14 Калі-ж угледзіце агіду спусташэньня, аб чым казаў Даніла прарок, паўстаўшуго, дзе ня сьлед (хто чытае, разумей), тады, хто будзе ў Юдэі, хай бягуць на горы.
15 А хто на страсе, хай ня злазе ў хату і ня йдзе браць што-небудзь з дому свайго.
16 I хто ў полі, хай не варочаецца назад узяць адзежу сваю.
17 Гора-ж цяжарным і кормячым у тыя дні!
18 Малецеся-ж, каб не давялося ўцякаць вам зімою.
19 Бо будзе ў тыя дні туга, якое ня бывала ад пачатку стварэньня, што стварыў Бог, ажно дагэтуль, дый ня будзе.
20 I калі-б Госпад не скараціў дзён гэных, то не спаслося-б ніводнае цела, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скараціў гэныя дні.
21 I калі хто вам тады скажа: вось тут Хрыстос, ці: вось там, — ня верце.
22 Бо паўстануць лжэхрысты і лжэпрарокі і дадуць знаменьні і цуды, каб зьвясьці, калі магчыма, і выбраных.
23 Вы-ж глядзіце: вось Я ўсё вам сказаў наперад.
24 Але ў тыя дні, пасьля тугі гэнае, сонца зьмеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго.
25 I зоркі будуць падаць з неба, і сілы, што на нябёсах, паруханы будуць.
26 I тады ўгледзяць Сына Чалавечага, ідучы на хмарах з сілаю вялікаю і славаю.
27 I пашле Ён тады Ангелаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
28 Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі гальлё яе ўжо мякчэе і пускае лісьцё, то ведайце, што блізка лета.
29 Гэтак і вы: як угледзіце, што гэта збываецца, ведайце, што блізка, ля дзьвярэй.
30 Запраўды кажу вам: ня счэзьне род гэты, як усё гэтае станецца.
31 Неба й зямля пяройдзе, а словы Мае не пяройдуць.
32 А аб дні тым ніхто ня ведае: ні ангелы, што на небе, ні Сын, а толькі Ацец.
33 Глядзіце, ня сьпіце ды маліцеся, бо ня ведаеце, калі прыдзе час.
34 Як чалавек, што, выяжджаючы, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу і кожнаму сваю работу, ды загадаў вартаўніку ля варот ня спаць.
35 Дык ня сьпіце-ж вы, бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры пеўнях, ці нараніцы;
36 каб, прыйшоўшы неўспадзеўкі, не знайшоў вас сплючы.
37 А што вам кажу, кажу ўсім: ня сьпіце.
|