01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16
Разьдзел 12
1 I пачаў гаварыць да іх прыповесьцямі: чалавек насадзіў вінаграднік, абгарадзіў яго і выкапаў сток, ды пабудаваў вежу і аддаў вінаградарам, ды паехаў.
2 I паслаў у свой час да вінаградараў слугу ўзяць пладоў з вінаградніку.
3 Яны-ж схапілі яго, зьбілі дый адаслалі ні з чым.
4 I ізноў паслаў да іх другога слугу; і таму, кідаючы каменьні, разьбілі галаву і адаслалі, зьняважыўшы.
5 I ізноў новага паслаў; дый таго забілі, і шмат іншых, адных б’ючы, другіх забіваючы.
6 Маючы-ж яшчэ аднаго сына, любага яму, паслаў і яго да іх наканец, кажучы: паўстыдаюцца сына майго.
7 Але гэныя вінаградары сказалі паміж сабою: гэта наступнік; давайце, заб’ем яго, і спадчына будзе наша.
8 I, схапіўшы яго, забілі й выкінулі з вінаградніку.
9 Што-ж зробіць гаспадар вінаградніку? Прыйдзе і заб’ець вінаградараў і аддасьць вінаграднік другім.
10 Няўжо-ж вы ня чыталі гэтага пісаньня: камень, што адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою кута;
11 ад Госпада сталася гэтае і дзіўна ў нашых вачох? (Псал. 117, 22—23).
12 I маніліся схапіць Яго, ды баяліся народу; бо ведалі, што гэтую прыповесьць сказаў да іх; і, пакінуўшы Яго, адыйшліся.
1З. I пасылаюць да Яго некаторых з фарысэяў і ірадзіянаў, каб улавіць Яго на слове.
14 Тыя-ж, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўніку! мы ведаем, што ты справядлівы і не дагаджаеш нікому: бо ня ўзіраешся на аблічча людзей, а папраўдзе шлях Божы паказуеш. Ці гожа даваць падатак кесару, ці не? Даваць нам, ці не даваць?
15 Ён жа, ведаючы крывадушнасьць іх, сказаў ім: што Мяне спакушаеце? Прынясеце Мне дынар, каб Я пабачыў.
16 Яны прынесьлі. I кажа ім: Чые гэта аблічча і надпіс? Яны адказалі: кесаравы.
17 I, адказваючы, Ісус сказаў ім: аддайце кесарава кесару, а Божае Богу. I дзіваваліся з Яго.
18 Потым прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня ўмершых, і пыталіся ў Яго, кажучы:
19 Вучыцель! Майсей напісаў нам: калі ў каго памрэ брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, — каб брат яго ўзяў жонку ягоную і ўваскрасіў семя брату свайму. (Другазак. 25, 5)
20 Вось жа было сем братоў: першы ўзяў жонку і, паміраючы, не пакінуў сяменьня.
21 I другі ўзяў яе і памёр, не пакінуўшы сяменьня; і трэці гэтак сама.
22 Бралі яе сямёра і не пакідалі сяменьня. Пасьля ўсіх памерла й жана.
23 Дык у час уваскрасеньня, калі яны ўваскроснуць, якога з іх будзе яна жаною? Бо сямёра мелі яе за жану.
24 Ісус жа, адказваючы, сказаў ім: ці не дзеля таго вы блудзіце, што ня ведаеце пісаньняў, ні сілы Божай?
25 Бо, калі ўваскроснуць із мёртвых, тады ня будуць жаніцца, ні замуж выхадзіць, але будуць як ангелы, што ў нябёсах.
26 А аб умёршых, што яны ўваскроснуць, ці-ж вы ня чыталі ў кнізе Майсея, як Бог ля купіны сказаў яму: Я Бог Аўраама, і Бог Ізаака, і Бог Якава. (Выхад 3, 6).
27 Ня ёсьць Бог умёршых, але Бог жывых. Дык вы крэпка мыляецеся.
28 I кніжнік адзін, падыйшоўшы і пачуўшы спрэчкі іх, бачучы, што добра ім адказаў, спытаўся ў Яго: якая першая з усіх запаведзяў?
29 Ісус жа адказаў яму: першая з усіх запаведзяў: Слухай, Ізраіль! Госпад Бог наш ёсьць Госпад адзіны;
30 і: любі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёю моцаю тваёю, — вось першая запаведзь (Другазак. 6, 4—5).
31 I другая падобная да яе: любі бліжняга твайго, як самога сябе. I нямашака іншага вялікшага прыказаньня (Левіт 19, 18).
32 I сказаў яму кніжнік: добра, Вучыцель! Ты сказаў праўду, што адзін ёсьць Бог, і няма іншага апрача Яго;
33 і любіць Яго ўсім сэрцам, усім розумам і ўсёю душою і ўсёю сілаю і любіць бліжняга, як самога сябе, больш за ўсе агнявыя жэртвы й ахвяры.
34 I Ісус, бачучы, што той разумна адказвае, сказаў яму: недалёка ты ад царства Божага. I ніхто ўжо ня сьмеў задаваць Яму пытаньні.
35 I, азваўшыся, казаў Ісус, навучаючы ў царкве: Як кажуць кніжнікі: што Хрыстос ёсьць сын Давідаў?
36 Бо сам Давід сказаў Духам Сьвятым: сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі направа ад Мяне, дакуль палажу ворагаў Тваіх за падножжа ног Тваіх. (Псал. 109, 1).
37 Гэтак, сам Давід называе Яго Госпадам; дык як жа Ён сын яго? I множства народу з ахвотаю слухала Яго.
38 I гаварыў ім у навуцы Сваёй: Сьцеражыцеся кніжнікаў, што любяць хадзіць у даўгіх вопратках, ды вітаньні на торжышчах,
39 і першыя лавы ў школах, і першыя месцы на банкетах;
40 тыя, што зьядаюць хаты ўдоў і дзеля вока доўга моляцца, тыя дастануць цяжэйшую кару.
41 I, сеўшы ля скарбніцы, глядзеў Ісус, як народ кідае медзякі ў скарбніцу. I многа заможных кідалі шмат.
42 I адна бедная ўдава, прыйшоўшы, кінула дзьве лепты або грош.
43 I, паклікаўшы вучняў сваіх, Ісус сказаў ім: запраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава палажыла больш за ўсіх, што клалі ў скарбніцу.
44 Бо ўсе клалі з лішкаў сваіх, а яна з недастатку свайго палажыла ўсё, што мела, увесь пражытак свой.
|