01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16
Разьдзел 11
1 I, калі падыйшлі да Ерузаліму, да Віфагіі і Віфані, да гары Аліўнай, Ісус пасылае двух вучняў Сваіх
2 і кажа ім: пайдзеце ў сяло, што перад вамі; уваходзячы да яго, зараз знойдзеце прывязанае асьлятка, на якога ніхто з людзей не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзеце.
3 I калі хто скажа вам: што вы гэта робіце? адказвайце, што ён партэбны Госпаду: і зараз пашле яго сюды.
4 Яны пайшлі і знайшлі асьлятка, прывязанае ля варот на вуліцы, і адвязалі яго.
5 I некаторыя, што тамака стаялі, гаварылі ім: што робіце? На што асьлятка адвязваеце?
6 Яны адказалі ім, як загадаў Ісус; і тыя пусьцілі іх.
7 I прывялі асьлятка да Ісуса і паклалі на яго свае вопраткі, і Ён сеў на яго.
8 I многія пасьцілалі адзежу сваю на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэваў і ўсьцілалі ім дарогу.
9 I тыя, што йшлі перад і за Ім, крычалі, мовячы: Осанна! Багаслаўлены, што йдзе ў імя Госпада!
10 Багаслаўлена царства айца нашага Давіда, якое йдзе ў імя Госпада! Осанна на вышыні!
11 I ўвайшоў Ісус у Ерузалім і ў сьвятыню; і, аглядзеўшы ўсё, выйшаў у Віфанію з дванаццацьма, бо час ужо быў позны.
12 I назаўтрае, як выйшлі яны з Віфаніі, захацеў Ён есьці.
13 I, угледзіўшы здалёк смакоўніцу, пакрытую лісьцём, пайшоў, ці ня знойдзе на ёй што-небудзь; але, падыйшоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо ня час быў на смоквы.
14 I, прамовіўшы, сказаў да яе Ісус: Няхай ніхто з цябе да веку ня есьць плоду! I чулі гэтае вучні Ягоныя.
15 I прыйшлі ў Ерузалім. I Ісус, увайшоўшы ў царкву, пачаў выганяць купляўшых і прадаваўшых у царкве; і папераварочваў сталы мяняльнікаў і ўслоны прадаўцоў галубоў;
16 і не дазволіў, каб хто праз царкву насіў хоць якое судзьдзё.
17 I навучаў, кажучы: ці-ж не напісана: дом Мой домам малітвы ўсімі народамі будзе названы, а вы зрабілі яго прытонам разбойнікаў (Ісая 56, 7, Ерам. 7, 11).
18 I пачулі гэтае кніжнікі ды архірэі і шукалі, як загубіць Яго, бо баяліся Яго, што ўвесь народ дзівіўся з навукі Ягонае.
19 І, як зрабілася позна, Ён выйшаў з места.
20 I раніцай, праходзячы міма, убачылі смакоўніцу, засохшы да караня.
21 І, успомніўшы, Пётр кажа Яму: Равві! глядзі, смакоўніца, якую Ты пракляў, засохла.
22 I, адказваючы, Ісус кажа ім:
23 Мейце веру Божую. Бо запраўды кажу вам: калі хто скажа гарэ гэтай: узьніміся і кінься ў мора, і ня будзе сумлявацца ў сэрцы сваім, але веру мець будзе, станецца так, як гавора, — будзе яму, што-б ні сказаў.
24 Дзеля гэтага й кажу вам: усё, чаго-б вы ні прасілі ў малітве, верце, што дастанеце і будзе вам.
25 I калі стаіцё на малітве, даруйце, калі што маеце на каго, каб і Ацец ваш, што ў нябёсах, дараваў вам грахі вашыя.
26 Калі-ж вы не даруеце, то і Ацец ваш, што ў нябёсах, не даруе вам грахоў вашых.
27 I прыходзяць ізноў у Ерузалім. I, калі Ён хадзіў у царкве, падыйшлі да Яго архірэі і кніжнікі ды старшыны
28 і спыталіся ў Яго: якою ўладаю Ты гэтае робіш, і хто даў Табе ўладу рабіць гэтае?
29 Ісус жа адказаў ім, мовячы: спытаюся і Я ў вас адно слова: адкажэце Мне, тады і Я скажу вам, якою ўладаю гэтае роблю.
30 Хрышчэньне Іоанава з неба было, ці ад людзей? Адказвайце Мне.
31 Яны-ж разважалі між сабою: калі скажам: з неба, то Ён скажа: чаму-ж вы не паверылі яму?
32 А сказаць: ад людзей — баяліся народу, бо ўсе лічылі Іоана, што запраўды быў прарок.
33 I сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Тады Ісус адказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэтае роблю.
|