01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16
Разьдзел 10
1 I згэтуль, устаўшы, прыходзіць у межы Юдэйскія за Іорданам. і зноў зьбіраецца да Яго народ, і па звычаю свайму Ён ізноў навучаў іх.
2 I, падыйшоўшы, фарысэі спыталіся, спакушаючы Яго: ці можна мужу кінуць жонку сваю?
3 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: што запаведаў вам Майсей?
4 Яны-ж сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разлучацца.
5 I, адказваючы, Ісус сказаў: дзеля жорсткасьці сэрца вашага напісаў ён вам гэтую запаведзь.
6 Бо на пачатку тварэньня Бог стварыў іх мужчынай і жанчынай (Быт. 1, 27).
7 Дзеля гэтага пакіне чалавек айца свайго ды матку
8 і прыгорнецца да жонкі сваёй, і ў двох будуць адно цела (Быт. 2, 24), дык іх ужо ня двое, але адно цела.
9 Вось жа, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.
10 А дома вучні Яго ізноў спыталіся аб тым жа.
11 I сказаў ім: хто пакіне жонку сваю ды ажэніцца з другою, той блудзіць з ёю;
12 і калі жонка разлучыцца з мужам сваім ды выйдзе за другога, — блудзіць.
13 Прыносілі да Яго дзетак, каб Ён дакрануўся да іх: вучні-ж ня пускалі тых, што прыносілі.
14 Убачыўшы-ж гэтае, Ісус загневаўся ды сказаў ім: дайце дзеткам ісьці да Мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць царства Божае.
15 Запраўды кажу вам: хто ня прыйме царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў Яго.
16 I, абняўшы іх, усклаў на іх рукі і багаславіў іх.
17 I, калі выходзіў у дарогу, падбег нехта, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўніку добры! што мне рабіць, каб унасьледаваць жыцьцё вечнае?
18 Ісус жа сказаў яму: што завеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
19 Ведаеш запаведзі: ня блудзі; не забівай: не крадзі; ня сьведчы крыва; ня крыўдзь; паважай бацькоў тваіх. (Выхад 20, 12—17).
20 Той жа, адказваючы, сказаў Яму: Настаўнік, усяго гэтага пілнаваўся я змалку дзён сваіх.
21 Ісус жа, глянуўшы на яго, упадабаў яго і сказаў яму: аднаго табе не хапае: пайдзі, усё, што маеш, прадай ды раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, ідзі за Мною. узяўшы крыж.
22 Той жа, зьбянтэжаны гэтым словам, адыйшоўся засмучоны, бо меў вялікую маемасьць.
23 I, паглядзеўшы наўкола, Ісус кажа вучням Сваім: як цяжка багатым увайсьці ў царства Божае.
24 Вучні здумеліся ад слоў Яго. Але Ісус ізноў сказаў ім у адказ: дзеці! як цяжка ўвайсьці ў царства Божае тым, хто ўскладае надзею на багацьце.
25 Зручней вярблюду прайсьці праз голчынае вуха, чымся багатаму ўвайсьці ў царства Божае.
26 Яны-ж балей зьдзівіліся ды гаварылі між сабою: Хто-ж можа спасьціся?
27 Ісус, паўзіраўшыся на іх, кажа: у людзей гэта нёмагчыма, але ня ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма.
28 I пачаў Пётр гаварыць Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою.
29 Ісус жа, адказваючы, сказаў: запраўды кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, ці братоў, ці сёстраў, ці бацькоў, ці дзяцей, ці землі дзеля Мяне і Эвангельля.
30 і не атрымаў бы цяпер, у гэты час, сярод перасьледаваньня ў сто разоў балей дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і матак, і дзяцей, і земляў, а ў будучыне — жыцьця вечнага;
31 бо многія першыя будуць апошнімі, а апошнія першымі.
32 Калі яны былі ў дарозе, ідучы ў Ерузалім, Ісус ішоў наперадзе іх, а яны жахаліся і, ідучы за Ім, былі ў страху. I, узяўшы ізноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць аб тым, што з Ім мае стацца.
33 Вось, мы ўваходзім у Ерузалім, і Сын Чалавечы будзе выданы архірэям і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць і выдадуць Яго паганам;
34 і назьдзекуюцца над Ім, і будуць біць Яго і пляваць на Яго, ды забюць Яго; і на трэці дзень уваскрэсьне.
35 Тады падыйшлі да Яго Якаў і Іоан, сыны Завядзеявы, ды сказалі: Вучыцель! мы хочам, каб Ты зрабіў нам, чаго папросім.
36 Ён жа сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?
37 Яны-ж сказалі Яму: дай нам сесьці ля Цябе, аднаму з правага боку, а другому з левага, у славе Тваёй.
38 Але Ісус сказаў ім: ня ведаеце, чаго просіце; ці-ж можаце піць чару, якую п’ю Я, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?
39 Яны адказалі: можам. Ісус жа сказаў ім: чару, якую пю Я, піць будзеце;
40 але сесьці ў Мяне з правага боку і з левага — ня Мне даваць, але каму прыгатована.
41 I, пачуўшы, дзесяць пачалі злаваць на Якава і Іоана.
42 Ісус, прыклікаўшы іх, сказаў ім: ведаеце, што тыя, што лічацца князямі народаў, пануюць над народамі; і вялікія валадаюць імі;
43 у вас жа хай будзе ня гэтак: але хто хоча стацца вялікшым між вамі, няхай будзе вам служкаю,
44 і хто хоча стацца першым між вамі, хай будзе слугою ўсіх.
45 Бо і Сын Чалавечы прыйшоў не каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на выкупленьне многіх.
46 I прыходзяць у Ерыхон. I, калі Ён выходзіў з Ерыхону з вучнямі Сваімі і множствам народу, сьляпы Варцімей, сын Цімеяў, сядзеў ля дарогі, жабруючы.
47 I, пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, ён пачаў крычэць і казаць: Ісусе, сыне Давідаў! зьмілуйся нада мною!
48 I многія сварыліся на яго, каб замоўк, але ён яшчэ больш стаў крычэць: Сын Давідаў! зьмілуйся нада мною!
49 I Ісус, затрымаўшыся, сказаў паклікаць яго. I клічуць сьляпога і кажуць яму: ня бойся, уставай, кліча цябе.
50 Ён жа, скінуўшы з сябе вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса.
51 I, адказваючы яму, Ісус сказаў: што хочаш зрабіць табе? Сьляпы сказаў Яму: Настаўнік, каб мне ізноў відзець.
52 Ісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая збавіла цябе. I ён зараз пачаў відзець і пайшоў за Ісусам па дарозе.
|