01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 8
1 Калі-ж Ён зыйшоў з гары, за Ім пайшло вялікае множства народу.
2 I вось, падыйшоў пракажоны і, кланяючыся Яму, сказаў: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
3 I, працягнуўшы руку, Ісус дакрануўся да яго і сказаў: хачу, будзь чысты.
4 I ён ураз жа ачысьціўся ад праказы. I кажа яму Ісус: глядзі, нікому не кажы, але пайдзі пакажыся сьвяшчэніку і прынясі дар, які павялеу Майсей дзеля сьведчаньня ім.
5 Калі-ж увайшоў Ісус у Капэрнаум, падыйшоў да Яго з просьбаю сотнік, кажучы:
6 Госпадзе! хлопец мой ляжыць дома спараліжаваны і страшэнна мучыцца.
7 Ісус кажа яму: Я прыйду і вылячу яго.
8 Сотнік жа ў адказ сказаў: Госпадзе! Я ня варт, каб ты ўвайшоў да мяне пад страху, але скажы адно толькі слова, і паздаравее хлопец мой.
9 Бо і сам я паднявольны чалавек, дый маю пад сабою жаўнераў, і кажу аднаму: пайдзі, і ідзе; і другому: прыйдзі, і прыходзіць; і рабу майму: зрабі тое, і зробіць.
10 Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што йшлі за Ім: запраўды кажу вам: і ў Ізраілю Я не знайшоў гэткае веры.
11 Кажу-ж вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і засядуць за стол з Аўраамам і Ісаакам і Якавам у Царстве Нябесным;
12 а сыны царства будуць укінены ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгот зубоў.
13 I сказаў Ісус сотніку: ідзі, і, як ты паверыў, няхай так табе будзе. I паздаравеў хлопец яго ў тую-ж гадзіну.
14 I, прыйшоўшы ў дом Пётры, Ісус угледзіў цешчу яго ляжучы ў гарачцы.
15 I дакрануўся да рукі яе, і гарачка пакінула яе, і яна ўстала і служыла ім.
16 Калі-ж надыйшоў вечар, да Яго прывялі шмат людзей, апанаваных злым духам, і Ён выгнаў духаў словам і вярнуў усім хворым здароўе,
17 каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: Ён узяў на Сябе нашыя нядужасьці і вылячыў хваробы нашыя (Іеая 53, 4).
18 Убачыўшы-ж навокал сябе множства народу, Ісус вялеў вучням Сваім адплыць на той бок.
19 Тады адзін кніжнік, падыйшоўшы, сказаў Яму: Вучыцель, я пайду за Табою, куды-б Ты ні пайшоў.
20 I кажа яму Ісус: лісы маюць норы і птушкі нябесныя гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае дзе скланіць галаву.
21" Другі-ж спасярод вучняў сказаў Яму: Госпадзе! дазволь мне пайсьці і пахаваць бацьку майго.
22 Ісус жа сказаў яму: ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх нябожчыкаў.
23 I, калі ўвайшоў Ён у човен, за Ім пайшлі вучні Яго.
24 I вось, узьнялося вялікае ўзрушэньне на моры, ажно хвалі пачалі заліваць човен, а Ён спаў.
25 Тады, прыступіўшыся да Яго, разбудзілі Яго вучні Яго і сказалі: Госпадзе! ратуй нас: гінем!
26 I кажа ім: чаго вы баіцёся, малаверы? Потым, устаўшы, загадаў вятром і мору, і зрабілася вялікая ціша.
27 А людзі дзівіліся й гаварылі: хто гэта, што й вятры і мора слухаюцца Яго?
28 I, калі Ён прыбыў на той бераг у зямлю Гергісінскую, насустрэчу Яму выйшлі з магілы двое апанаваных чартом, страшэнна злыя, так што ніхто не адважаўся праходзіць тэй дарогай.
29 I вось яны закрычэлі, кажучы: што нам і Табе, Ісусе, Сыну Божы? Ці прыйшоў Ты сюды перад часам мучыць нас?
30 Непадалёк жа ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней.
31 I дэманы прасілі Яго, кажучы: калі нас выганяеш, то пашлі нас у гурт сьвіней.
32 I Ён сказаў ім: ідзіце. I тыя, выйшаўшы, увайшлі ў гурт сьвінячы. I вось увесь гурт сьвіней кінуўся з кручы ў мора і пагіб у вадзе.
33 Пастухі-ж уцяклі і, прыйшоўшы ў места, расказалі аб усім і аб тых, што ў іх сядзеў нячысты.
34 I вось, усё места выйшла насустрэчу Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб адыйшоў ад межаў іх.
|