01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 7
1 Ня судзіце, каб ня былі асуджаны.
2 Бо якім судом судзіце, такім будзеце суджаны; і якою меркаю мераеце, гэткаю і вам адмераюць.
3 I што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а палена ў сваім воку не адчуваеш?
4 Ці як скажаш брату свайму: дай, я выму сучок з вока твайго, а вось у тваім воку палена?
5 Крывадушнік! Дастань перш палена з вока твайго і тады ўгледзіш, як дастаць сучок з вока брата твайго.
6 Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў сваіх перад сьвіньнямі, каб не патапталі іх нагамі сваімі і, адвярнуўшыся, не разарвалі вас.
7 Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам.
8 Бо кожны, хто просіць, дастае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаенца, таму адчыняць.
9 Ці ёсьць між вамі чалавек, у якога сын калі папросіць хлеба, ён даў бы яму камень?
10 I калі папросіць рыбы, даў бы яму зьмяю?
11 Дык, калі вы, будучы благімі, умееце даваць добрае дзецям вашым, тым балей Ацец ваш, што ў Нябёсах, дасьць добрае просячым у Яго.
12 Вось жа ўсё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, дык тое рабеце і вы ім; бо гэта закон і прарокі.
13 Уваходзьце праз цесныя вароты, бо шырокі вароты і вольны той шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто йдзе імі;
14 бо цесны вароты і вузкі той шлях, што вядуць у жыцьцё, і вельмі мала хто знаходзіць іх.
15 Сьцеражэцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай скуры, а ў сярэдзіне яны ваўкі драпежныя.
16 Па пладох іх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць з цярноўніка вінаград, або з асоту фігі?.
17 Гэтак усякае добрае дрэва дае і плады добрыя, а благое дрэва дае і плады благія.
18 Ня можа дрэва добрае даваць благіх пладоў, ні благое дрэва даваць добрых пладоў.
19 Усякае дрэва, што не даець добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь.
20 Дык па пладох іх пазнаеце іх.
21 Ня ўсякі, хто кажа Мне: Госпадзе! Госпадзе!, увойдзе ў царства Нябеснае, а той, хто выпаўняе волю Айца Майго, што ў Нябёсах.
22 Многія скажуць Мне ў той дзень: Госпадзе, Госпадзе! Ці не Тваім іменьнем мы прарочылі? і ці не Тваім іменьнем выганялі дэманаў і ці не Тваім іменьнем многія цуды чынілі?
23 I тады скажу ім: Я ніколі ня ведаў вас; адыйдзецеся ад Мяне, вы, што чыніце беззаконьне.
24 Вось жа кожнага, хто слухае словы Мае гэтыя і выпаўняе іх, прыраўную да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на камені.
25 I пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падулі вятры і паімчаліся на дом той; і ён ня ўпаў, бо быў пастаўлены на камені.
26 А ўсякі, хто слухае словы Мае і не выпаўняе іх, падобны да чалавека неразумнага, які пабудаваў дом свой на пяску.
27 I пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падулі вятры і наляглі на дом той, і ён заваліўся, і была вялікая руіна яго.
28 I, калі Ісус скончыў гэтыя словы, народ дзівіўся з Яго вучэньня,
29 бо Ён вучыў, як той, хто мае ўладу, ды ня так, як кніжнікі й фарысэі.
|