01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 3
1 У тыя дні прыходзіць Іоан Хрысьціцель, навучаючы ў пустыні Юдэйскай
2 і кажучы: пакайцеея, бо наблізілася царства нябеснае.
3 Бо ён той, пра якога сказаў прарок Ісая: голас гукаючага ў пустыні: гатуйце дарогу Госпаду, простымі рабеце сьцежкі Яму (Ісая 40, 3).
4 Сам жа Іоан меў адзеньне з вярблюдавага валосься і скураны пояс на паясьніцы сваёй, а ядою яго была шаранча і дзікі мёд.
5 Тады Ерузалім ды ўся Юдэя і ўсе ваколіцы Іорданскія выходзілі да яго
6 і хрысьціліся ў яго ў Іордане, спавядаючыся з грахоў сваіх.
7 Убачыўшы-ж многа фарысэяў і садукеяў, якія ішлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: плод яхіднавы! Хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?
8 Учыніце-ж плады, дастойныя пакаяньня,
9 і ня думайце гаварыць у думках сваіх: бацька ў нас Аўраам; бо кажу вам, што Бог можа з каменьняў гэтых падняць дзяцей Аўрааму.
10 Ужо й сякера ля караня дзярэў ляжыць: кожнае дрэва, якое не дае плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь.
11 Я хрышчу вас у вадзе ў пакаяньне, але той, што йдзе за мною, дужэйшы за мяне, я ня варт нясьці вобуй Яго. Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым і ў вагні.
12 Лапата Яго ў руцэ Яго, і Ён ачысьціць гумно сваё і зьбярэ пшаніцу сваю ў сьвіран, а салому спаліць агнём неўгасаючым.
13 Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Іордан да Іоана хрысьціцца ў яго.
14 Іоан жа ўстрымліваў Яго, кажучы: мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а Ты прыходзіш да мяне.
15 Але Ісус сказаў яму ў адказ: пакінь цяпер; бо гэтак нам належыць выпаўніць усякую праўду. Тады Іоан дапускае Яго.
16 I, ахрысьціўшыся, Ісус зараз жа выйшаў з вады, і вось расчыніліся Яму нябёсы, і ўгледзіў Іоан Духа Божага, Каторы зыходзіў, як галуб, і спускаўся на Яго.
17 I вось голас з неба гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой улюблены, якому спагадаю.
|