01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 28
1 Калі прыйшла субота, у час сьвітаньня першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу.
2 I вось сталася вялікае трасеньне зямлі; бо Ангел Гасподні, зыйшоўшы з неба, прыступіўшы, адваліў камень ад дзьвераў магілы і сядзеў на ім.
3 Выгляд яго быў, як бліскавіца, і вопратка яго белая, як сьнег.
4 I ад страху прад ім задрыжэлі вартаўнікі і зрабіліся як няжывыя.
5 Ангел-жа, адказваючы жанчынам, сказаў: ня бойцеся; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса расьпятага.
6 Яго няма тут: Ён уваскрос, як і сказаў. Хадзеце, паглядзеце месца, дзе ляжаў Госпад,
7 і пайдзеце хутчэй, скажэце вучням Ягоным, што Ён ускрос з мёртвых і вось апярэдзіць вас у Галілеі; там Яго ўбачыце. Вось я сказаў вам.
8 I, выйшаўшы борзда з магілы, яны з страхам і радасьцяй вялікай пабеглі апавясьціць вучняў Яго.
9 Калі-ж яны ішлі апавясьціць вучняў Яго, дык вось Ісус спаткаў іх і сказаў: радуйцеся! I яны, прыступіўшыся, абнялі ногі Яго і пакланіліся Яму.
10 Тады кажа ім Ісус: ня бойцеся; ідзіце, апавясьціце братоў Маіх, каб ішлі ў Галілею; і там яны ўбачаць Мяне.
11 Калі-ж яны ішлі, то некаторыя з вартаўнікоў, пайшоўшы ў места, абвясьцілі архірэям усё, што сталася.
12 I тыя, сабраўшыся з старшынямі і зрабіўшы нараду, далі даволі грошай жаўнерам
13 і сказалі: скажэце, што вучні Яго, прыйшоўшы ўначы, укралі Яго, калі мы спалі.
14 І, калі чутка аб гэтым дойдзе да Начальніка, мы пераканаем яго і вас учынім бясьнечнымі.
15 Яны, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі; і разышлося слова гэтае між Юдэямі да сёньняшняга дня.
16 А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды сказаў ім Ісус.
17 I, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; іншыя-ж сумляваліся.
18 I, падыйшоўшы, Ісус прамовіў да іх: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі.
19 Дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа,
20 навучаючы іх выпаўняць усё, што Я сказаў вам; і вось Я з вамі ў-ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін. |