Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

Разьдзел 22

1 Ісус, адказваючы далей, казаў прыповесьцямі:

2 Царства Нябеснае падобна да чалавека цара, каторы справіў вясельле для сына свайго.

3 I паслаў слуг сваіх клікаць запрошаных на вясельле; і не хацелі прыйсьці.

4 Зноў паслаў другіх слуг, сказаўшы: скажэце запрошаным: вось я прыгатаваў абед мой, валы мае і, што ўкормлена, зарэзаны, ды ўсё гатова; прыходзьце на вясельле.

5 Але яны, не зважаючы на тое, пайшлі — хто на поле сваё, а хто да свайго гандлю.

6 Другія-ж, схапіўшы слуг яго, назьдзекаваліся і забілі іх.

7 Пачуўшы аб гэтым, цар узлаваўся і паслаў войскі свае вынішчыць забойцаў гэных і спаліць места іхняе.

8 Тады кажа ён слугам сваім: вясельле гатова; але закліканыя ня былі дастойны.

9 Дык пайдзеце на росстані і ўсіх, каго сустрэнеце, клічце на вясельле.

10 I слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі: і благіх, і добрых; і на вясельлі было поўна гасьцей.

11 Цар, увайшоўшы паглядзець банкетуючых, убачыў там чалавека, адзетага не ў вясельную вопратку,

12 і кажа яму: дружа, як ты ўвайшоў сюды не ў вясельнай вопратцы? Той жа маўчаў.

13 Тады сказаў цар слугам: зьвяжэце яму рукі й ногі, вазьмеце яго і ўкіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгот зубоў,

14 Бо многа запрошаных, але мала выбраных.

15 Тады фарысэі пайшлі і радзіліся, як бы ўлавіць Яго на словах.

16 I пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадзіянамі, кажучы: Вучыцель! мы ведаем, што Ты справядлівы і аб шляху Божым справядліва навучаеш, дый ня дбаеш ні аб кога, бо не глядзіш ні на якое аблічча.

17 Дык скажы-ж нам: як Табе здаецца? Ці гожа даваць падатак цару, ці не?

18 Але Ісус, бачучы злосную хітрасьць іх, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушныя?

19 Пакажэце Мне манэту, якою плоціцца падатак. Яны прынесьлі Яму дынар.

20 I кажа ім: чыё гэта выабражэньне і надпіс?

21 Кажуць Яму: царавы. Тады кажа ім: дык аддайце царава цару, а Божае Богу.

22 Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і, пакінуўшы Яго, пайшлі.

23 У той дзень прыступіліся да Яго саддукеі, каторыя кажуць, што няма ўваскрасеньня, і спыталіся ў Яго:

24 Вучыцель! Майсей сказаў: калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, то брат яго няхай возьме за сябе жонку яго і адновіць насеньне брату свайму (Другазак. 25, 5).

25 Было вось у нас сем братоў; першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы дзяцей, пакінуў жонку сваю брату свайму.

26 Таксама і другі, і трэці, аж да сёмага.

27 Пасьля-ж усіх памёрла і жонка.

28 Дык у час уваскрасеньня каму з сямех будзе яна жонкаю? Бо ўсе мелі яе.

29 Ісус сказаў ім у адказ: памылйецеся, ня ведаючы Пісаньня, ні сілы Божае.

30 Бо пры ўваскрасеньні ані жэняцца, ані йдуць замуж, але прабываюць як ангелы Божыя на небе.

31 А аб ускрасеньні памершых ці ня чыталі вы сказанага вам Богам, які гавора:

32 Я Бог Аўраама, і Бог Ізаака, і Бог Якава! Бог ня ёсьць Бог памёршых, але жывых (Вых. 3, 6).

33 I, чуючы, народ дзівіўся з навукі Яго.

34 А фарысэі, пачуўшы, што Ён прымусіў саддукеяў змоўкнуць, сабраліся разам.

35 I адзін з іх, законьнік, спакушаючы Яго, спытаўся, кажучы:

36 Вучыцель! якое найбольшае прыказаньне ў законе?

37 Ісус сказаў яму: палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсею душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім. (Другазак. 6, 5 )

38 Гэта ёсьць першае і найбольшае прыказаньне.

39 Другое-ж — падобнае яму: палюбі бліжняга твайго, як самога сябе. (Лев. 19, 18 )

40 На гэтых двох прыказаньнях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.

41 Калі-ж сабраліся фарысэі, Ісус спытаўся ў іх:

42 Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.

43 Кажа ім: як жа Давід у духу заве Яго Госпадам, калі кажа:

44 Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, дакуль пакладу ворагаў Тваіх да падножжа ног Тваіх. (Псал. 109, 1).

45 Дык калі Давід заве Яго Госпадам, як жа Ён сын ягоны?

46 I ніхто ня мог адказаць Яму ні слова; і з таго дня ніхто ўжо не адважаўся задаваць Яму пытаньні.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст