01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 19
1 I, сталася, калі Ісус скончыў словы гэтыя, то выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія на той бок Іордану.
2 За Ім пайшло множства людзёў; і Ён аздаравіў іх там.
3 I прыступіліся да Яго фарысэі і, спакушаючы Яго, казалі Яму: ці за ўсякую віну можна чалавеку развадзіцца з жонкаю сваёю?
4 Ён сказаў ім у адказ: ці ня чыталі вы, што Той, Хто стварыў ад пачатку мужчыну й жанчыну, стварыў іх такімі? (Быт. 1, 27 )
5 I сказаў: дзеля гэтага пакінець чалавек бацьку й матку і прыстане да жонкі сваёй; і будуць двое адным целам (Быт. 2, 24).
6 Дык яны ўжо ня двое, але адно цела. Вось жа, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае.
7 Яны кажуць Яму: як жа Майсей казаў даваць разводны ліст і развадзіцца з ёю? (Другазак. 24, 1 і наст. ).
8 Ён кажа ім: Майсей дзеля жорсткасьці сэрца вашага дазволіў вам развадзіцца з жонкамі вашымі, а спачатку ня было гэтак.
9 Але Я кажу вам: хто разьвядзецца з жонкаю не за блудлівасьць і ажэніцца з другою, той блудзіць; і хто ажэніцца з разьведзенаю, блудзіць.
10 Кажуць Яму вучні Яго: калі гэткі абавязак чалавека да жонкі, то лепей не жаніцца.
11 Ён жа сказаў ім: ня ўсе разумеюць словы гэтыя, але каму дадзена.
12 Бо ёсьць скапцы, што з матчынага жывата гэткімі нарадзіліся; і ёсьць скапцы, што выпакладаны людзьмі; і ёсьць скапцы, якія зрабілі самы сябе скапцамі дзеля царства нябеснага. Хто можа паняць, няхай пайме.
13 Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён узлажыў на іх рукі й памаліўся; вучні-ж забаранялі ім.
14 Але Ісус сказаў: пусьціце дзяцей і не перашкаджайце ім прыходзіць да Мяне; бо гэткіх ёсьць Царства Нябеснае.
15 I, узлажыўшы на іх рукі, пайшоў стуль.
16 I вось нехта, падыйшоўшы, сказаў Яму: Настаўнік добры! што зрабіць мне добрага, каб мець жыцьцё вечнае?
17 Ён жа сказаў яму: чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, апрача аднаго толькі Бога. Калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, выпаўняй прыказаньні.
18 Кажа яму: якія? Ісус жа сказаў: не забівай; ня блудзі; не крадзі; ня сьведчы ілжыва;
19 шануй бацьку і матку; і: любі бліжняга твайго, як самога сябе. (Вых. 20, 13—16, 12 Лев. 19, 18 Другазак. 5, 17—20, 16 )
20 Юнак кажа Яму: усё гэтае захаваў я ад юнацтва майго; чаго яшчэ мне нестае?
21 Ісус сказаў яму: калі хочаш быць беззаганным, пайдзі, прадай маемасьць тваю і раздай бедным; і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь ды йдзі за Мною.
22 Пачуўшы слова гэтае, юнак адыйшоўся з сумам, бо ў яго было вялікае багацьце.
23 Ісус жа сказаў вучням Сваім: запраўды кажу вам, што трудна багатаму ўвайсьці ў Царства Нябеснае.
24 I яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці скрозь іголчына вуха, чымся багатаму ўвайсьці ў царства Божае.
25 Пачуўшы гэтае, вучні Яго дужа дзіваваліся і сказалі: дык хто-ж можа спасьціся?
26 А Ісус, глянуўшы, сказаў ім: у людзей гэтае немагчыма, у Бога-ж усё магчыма.
27 Тады Пётр, адказваючы, сказаў Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою; што-ж будзе нам?
28 Ісус жа сказаў ім: Запраўды кажу вам, што ў новым жыцьці вы, пасьледаваўшыя за Мною, калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе славы Свае, сядзеце такжа на дванаццацёх пасадах судзіць дванаццаць родаў Ізраілявых.
29 I кожын, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сёстраў, ці бацьку, ці матку, ці жонку, ці дзяцей, ці землі дзеля іменьня Майго, атрымае ў сто разоў больш і ўнасьледуе жыцьцё вечнае.
30 Многія-ж першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.
|