01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 18
1 У той час вучні прыступіліся да Ісуса, кажучы: хто большы ў царстве нябесным?
2 Ісус, прыклікаўшы дзіцятка, паставіў яго пасярод іх і сказаў:
3 Запраўды кажу вам: калі не навернецеся і ня будзеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае.
4 Дык вось, хто ўмаліцца, як гэтае дзіцятка, той і большы ў Царстве Нябесным.
5 I хто прыйме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне прыймае.
6 А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, веруючых у Мяне, таму лепей было-б, калі-б павесілі Яму млынавы камень на шыю і ўтапілі яго ў глыбіні марской.
7 Гора сьвету ад спакусаў: бо спакусы мусяць прыйсьці; але гора таму чалавеку, праз якога спакуса прыходзіць.
8 Калі-ж рука твая ці нага твая спакушае цябе, адсякі іх і кінь ад сябе: ляпей табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі ці без нагі, чым з дзьвема рукамі і з дзьвема нагамі быць укіненым у вагонь вечны.
9 I калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе: ляпей табе аднавокім увайсьці ў жыцьцё, чымся з дзьвема вачыма быць укіненым у геенну вогненую.
10 Глядзіце, не пагарджайце ні адным з малых гэтых, бо кажу вам, што Ангелы іх на небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго нябеснага.
11 Бо Сын Чалавечы прыйшоў спасаць загінуўшае.
12 Як вам здаецца? Калі-б у каго было сто авец, і адна з іх заблудзілася, то ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзевяць у гарах і ці ня пойдзе шукаць заблудзіўшуюся?
13 I, калі станецца, што знойдзе яе, то запраўды кажу вам: ён цешыцца з яе балей, чымся з дзевяцьдзесяцёх дзевяцёх няблудзіўшых.
14 Гэтак няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых.
15 Калі-ж саграшыць проці цябе брат твой, пайдзі й дакары яго між табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата твайго.
16 Калі-ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двох, каб вуснамі двох ці трох сьведак змацавалася ўсякае слова.
17 Калі-ж не паслухаецца, скажы царкве, а калі і царквы не паслухаецца, то няхай будзе ён табе, як паганін і мытнік.
18 Запраўды кажу вам: што вы зьвяжаце на зямлі, тое будзе зьвязана на небе, і што разьвяжаце на зямлі, тое будзе разьвязана на небе.
19 Запраўды таксама кажу вам, што, калі-б двое з вас на зямлі згодна аб кожную рэч прасілі, дык станецца ім ад Айца Майго, што ў Нябёсах.
20 Бо, дзе двое ці трое зыйшліся ў імя Маё, там Я сярод іх.
21 Тады Пётр прыступіўся да Яго і сказаў: Госпадзе! колькі разоў дароўваць брату майму, калі ён саграшыць супраць мяне? Да сямёх разоў?
22 Ісус кажа яму: не кажу табе: да сямёх, але да сямёх разоў па семдзесят.
23 Вось чаму Царства Нябеснае падобна да цара, які захацеў разрахавацца з слугамі сваімі.
24 Калі пачаў ён рахавацца, прывялі да яго аднаго, што вінен быў яму дзесяць тысячаў талентаў.
25 А як ня меў чым заплаціць, то валадар яго загадаў прадаць яго, і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць.
26 Тады слуга той паваліўся і маліў яго, кажучы: валадару! пацярпі мне, і ўсё табе заплачу.
27 Валадар, зьлітаваўшыся над гэным слугою, пусьціў яго і дараваў яму доўг.
28 Слуга-ж гэны, выйшаўшы, знайшоў аднаго з сяброў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: аддай мне, што вінен.
29 Тады сябра яго ўпаў да ног яго ды маліў яго, кажучы: пацярпі мне, і ўсё вярну табе.
30 Але той на захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўгу.
31 Сябры яго, бачачы стаўшаеся, вельмі засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі валадару свайму ўсё, што сталася.
32 Тады валадар яго паклікаў яго ды кажа: нягодны нявольніку! Увесь твой доўг я дараваў табе, калі ты папрасіў мяне;
33 ці-ж не належала й табе зьмілавацца над сябрам тваім, як і я зьмілаваўся над табою?
34 I, разгневаўшыся, валадар ягоны аддасьць яго катам, пакуль ня верне яму ўсяго доўгу.
35 Так і Ацец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца свайго не даруе брату свайму праступкаў ягоных.
|