Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

Разьдзел 17

1 А цераз шэсьць дзён бярэць Ісус Пятра, Якава і Іоана, брата яго, і вядзе іх на гару высокую адных.

2 I перамяніўся перад імі: і зазьяла аблічча Яго, як сонца, адзежа-ж Яго сталася белая, як сьвятло.

3 I вось зьявіліся ім Майсей і Ільля, размаўляючы з Ім.

4 I, азваўшыся, Пётр сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і адну Ільлі.

5 Калі-ж ён яшчэ гаварыў гэтае, сьветлая хмара ацяніла іх; і вось голас із хмары гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой Улюблены, якому спагадаю; Яго слухайце.

6 I, пачуўшы, вучні ўпалі на аблічча сваё і дужа перапужаліся.

7 Але Ісус, падыйшоўшы, дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся!

8 Падняўшы-ж вочы свае, яны нікога ня ўгледзелі апрача аднаго Ісуса.

9 I, калі зыходзілі яны з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: нікому не кажыце пра гэтае відзеньне, дакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых.

10 I спыталіся ў Яго вучні Яго: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці раней?

11 Ісус сказаў ім у адказ: Ільля прыйдзе раней і падгатуе ўсё.

12 Я-ж кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, ды не пазналі яго, а ўчынілі проці яго, што хацелі; так і Сын Чалавечы пацерпіць ад іх.

13 Тады вучні зразумелі, што Ён гаварыў ім пра Іоана Хрысьціцеля.

14 Калі-ж яны прыйшлі да народу, то падыйшоў да Яго чалавек і, сукланіўшы перад ім калені,

15 сказаў: Госпадзе! зьлітуйся над сынам маім, які ў маладзік шалее і цяжка мучыцца; бо часта кідаецца ў вагонь і часта ў ваду.

16 Я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі аздаравіць яго.

17 Ісус жа, адказваючы, сказаў: о род, няверны і распусны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне сюды.

18 I крыкнуў на яго Ісус; і шатан выйшаў з яго; і юнак паздаравеў у тую-ж гадзіну.

19 Тады вучні, прыступіўшыся да Ісуса насамоце, сказалі: чаму мы не маглі выгнаць яго?

20 Ісус жа сказаў ім: праз няверу вашую: бо запраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру, як гарчычнае зерне, і скажаце гарэ гэтай: перайдзі адгэтуль туды, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчыма для вас.

21 Гэты-ж род выганяецца толькі малітваю і постам.

22 У час быцьця іх у Галілеі Ісус сказаў ім: Сын Чалавечы выданы будзе ў рукі чалавечыя;

23 і заб’юць Яго, і на трэці дзень уваскрэсьне. I яны дужа засмуціліся.

24 Калі-ж прыйшлі яны ў Капэрнаум, то падыйшлі да Пятра зьбіральнікі даніны і сказалі: Ці ня дасьць складчыны ваш Вучыцель?

25 Ён кажа: так. I, калі увайшоў у дом, то Ісус папярэдзіў яго, кажучы: як табе здаецца, Сымон? цары зямныя з каго бяруць даніну ці падаткі? ці з сваіх сыноў, ці з чужых?

26 Пётр кажа Яму: з чужых. Ісус сказаў яму: значыць, сыны вольныя;

27 але, каб нам не спакусіць іх, пайдзі на мора, кінь вуду і першую рыбу, якая пападзецца, вазьмі; і, расчыніўшы рот, знойдзеш стацір; вазьмі яго і аддай ім за Мяне і за сябе.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст