Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

Разьдзел 16

1 I прыступіліся фарысэі і садукеі і, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак з неба,

2 Ён жа сказаў ім у адказ: увечары вы кажаце: будзе пагода, бо неба чырвана.

3 А ўраньні: сяньня непагадзь, бо неба пахмурнае. Крывадушныя! аблічча неба распазнаць умееце, а знакоў часу ня можаце?

4 Род нягодны й чужаложны знакоў шукае, і знакі ня будуць дадзены яму, апрача знаку Іоны прарока. I, пакінуўшы іх, адыйшоў.

5 Перабраўшыся на той бок, вучні Яго забыліся ўзяць хлеба.

6 Ісус сказаў ім: глядзеце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і садукейскай.

7 Яны-ж разважалі ў сабе і гаварылі: бо хлябоў мы не ўзялі.

8 Ведаючы-ж тое, Ісус сказаў ім: чаму разважаеце ў сабе, малаверныя: бо хлябоў не ўзялі?

9 Ці яшчэ не разумееце і ня помніце аб пяцёх хлябох на пяць тысячаў душ? і колькі карабоў вы набралі?

10 Ані аб сямёх хлябох на чатыры тысячы, і колькі карабоў вы набралі?

11 Як не разумееце, што не аб хлебе сказаў Я вам: сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і садукейскай?

12 Тады яны зразумелі, што Ён гаварыў ім сьцерагчыся ня кісьлі хлебнае, але навукі фарысэйскае і судукейскае.

13 Прыйшоўшы-ж у землі Кесарыі Філіпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх: за каго людзі лічаць Мяне, Сына Чалавечага?

14 Яны сказалі: адны за Іоана Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а іншыя за Ерамію, ці за аднаго з прарокаў.

15 Ён кажа ім: а вы за каго Мяне ўважаеце?

16 Сымон жа Пётр адказваючы сказаў: Ты Хрыстос, Сын Бога Жывога.

17 Тады Ісус сказаў яму ў адказ: шчасьлівы ты, Сымон, сын Іонін; бо ня цела і кроў адкрылі табе гэтае, але Ацец Мой, што ў Нябёсах.

18 I Я кажу табе: ты — скала, і на гэтай скале Я збудую Царкву Маю, і вароты пякельныя не перамогуць яе.

19 I дам табе ключы Царства Нябеснага; і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана на небе; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана на небе.

20 Тады загадаў Ісус вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос.

21 3 таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць ісьці ў Ерузалім і шмат перацярпець ад старэйшын ды архірэяў і кніжнікаў, ды быць забітым і на трэці дзень уваскрэснуць.

22 I, узяўшы Яго, Пётр пачаў карыць Яго: пашкадуй Сябе, Госпадзе! Няхай ня станецца гэтага з Табою!

23 Ён жа, зьвярнуўшыся, сказаў Пятру: адыйдзі ад Мяне, шатан! ты Мне спакуса; бо думаеш не аб тым, што Божае, але што чалавечае.

24 Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, адракіся ад сябе і вазьмі крыж свой і сьледуй за Мною.

25 Бо хто хоча душу сваю ўсьцерагчы, той згубіць яе, а хто згубіць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе.

26 Якая-ж бо карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць? Дый які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?

27 Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму водле дзеяньняў яго.

28 Запраўды кажу вам: ёсьць некаторыя з стаячых тут, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, як прыйдзе ў царстве Сваім.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст