Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

Разьдзел 14

1 У той час Ірад тэтрарх пачуў чуткі пра Ісуса

2 і сказаў слугам сваім: гэта Іоан Хрысьціцель; ён уваскрос з мёртвых, і дзеля гэтага цуды дзеюцца праз яго.

3 Бо Ірад, захапіўшы Іоана, зьвязаў яго і пасадзіў у вязьніцу за Ірадзіяду, жонку Філіпа, брата свайго.

4 Бо Іоан казаў яму: ня гожа табе мець яе.

5 I хацеў забіць яго, але баяўся народу: бо яго мелі за прарока.

6 У дзень жа нарадзін Ірада дачка Ірадзіяды скакала пасярод іх і дагадзіла Іраду.

7 Дзеля гэтага ён пакляўся ёй даць, чаго-б ні папрасіла.

8 Яна-ж, падвучаная маткай сваёй, сказала: дай мне тут на талерцы галаву Іоана Хрысьціцеля.

9 I засумаваў цар, але з увагі на прысягу і на супачываўшых побач з ім сказаў даць.

10 I паслаў адсячы галаву Іоану ў вязьніцы.

11 І прынесьлі галаву яго на талерцы і далі дзяўчыне, а яна занесла матцы сваёй.

12 Вучні-ж яго, прыйшоўшы, узялі цела яго й пахавалі яго; і пайшлі паведаміць Ісуса.

13 I, пачуўшы, Ісус паплыў стуль на чаўне ў пустыннае месца адзін; і народ, пачуўшы тое, пайшоў за Ім з местаў пехатою.

14 I, выйшаўшы, Ісус угледзіў множства людзей і пашкадаваў іх і аздаравіў нядужых.

15 Калі-ж настаў вечар, прыступіліся да Яго вучні Ягоныя і сказалі: пустыня тутака, дый час ужо позны; пусьці народ, каб яны пайшлі ў сёлы і купілі сабе ежы.

16 Але Ісус сказаў ім: ня трэба ім ісьці: вы дайце ім есьці.

17 Яны-ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы.

18 Ён сказаў: прынясеце іх Мне сюды.

19 I сказаў народу супачыць на траве і, узяўшы пяць, хлябоў і дзьве рыбы, глянуў на неба, пабагаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні народу.

20 I елі ўсе і насыціліся; і назьбіралі астаткаў дванаццаць карабоў поўных.

21 А еўшых было каля пяці тысячаў душ, апрача жанчын і дзяцей.

22 I тады-ж загадаў Ісус вучням Сваім увайсьці ў човен і плысьці перш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусьціць народ.

23 I, адпусьціўшы народ, Ён узыйшоў на гару памаліцца насамоце; і ўвечары астаўся там Адзін.

24 А човен ужо быў пасярэдзіне мора, і яго кідалі хвалі, бо вецер быў праціўны.

25 У чацьвёртую-ж старожу ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры.

26 I вучні, угледзіўшы Яго, ідучы па моры, спалохаліся і гаварылі: гэта здань. I ад страху закрычэлі.

27 Але Ісус ураз загаварыў з імі і сказаў: бадрыцеся; гэта Я; ня бойцеся.

28 Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! Калі гэта Ты, скажы мне йсьці да Цябе па вадзе.

29 Ён жа сказаў: ідзі. I, выйшаўшы з чаўна, Пётр пайшоў па вадзе, каб падыйсьці да Ісуса.

30 Але, бачачы моцны вецер, спужаўся і, пачаўшы тануць, закрычэў: Госпадзе, спасі мяне!

31 Ісус ураз жа працягнуў руку, падтрымаў яго і кажа яму: малаверны! Чаму ты сумляваўся?

32 I, калі ўвайшлі яны ў човен, вецер заціх.

33 А быўшыя ў чаўне падыйшлі, пакланіліся Яму і сказалі: запраўды, Ты Сын Божы!

34 I, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генісарэцкую.

35 I людзі тамтэйшыя, пазнаўшы Яго, паслалі ў-ва ўсю ваколіцу тую і прынесьлі да Яго ўсіх хворых.

36 I прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю вопраткі Яго; і, каторыя дакрануліся, паздаравелі.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст