Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

Разьдзел 13

1 У той жа дзень, выйшаўшы з дому, Ісус сеў ля мора.

2 I зыйшлося да Яго множства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе.

3 I гаварыў ім многа прыповесьцямі, кажучы: вось выйшаў сейбіт сеяць.

4 I, калі ён сеяў, іншае ўпала пры дарозе; і наляцелі птушкі і паклявалі гэнае.

5 Іншае ўпала на месца камяністае, дзе ня шмат было зямлі; і зараз узыйшло, бо зямля была ня глыбока.

6 Калі-ж узыйшло сонца, павяла і, ня меўшы караня, засохла.

7 Іншае ўпала ў цярніну, і вырасла цярніна і заглушыла гэнае.

8 Іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсьцьдзесят, іншае-ж у трыццаць.

9 Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

10 I, прыступіўшыся, вучні сказалі Яму: дзеля чаго гаворыш ім прыповесьцямі?

11 Ён сказаў ім у адказ: дзеля таго, што вам дадзена ведаць тайны царства Нябеснага, а ім ня дадзена.

12 Бо, хто мае, таму дадзена будзе і пабольшае, а хто ня мае, у таго адымецца й тое, што мае.

13 Дзеля таго гавару ім прыповесьцямі, што яны гледзячы ня бачаць і слухаючы ня чуюць і не разумеюць.

14 I збываецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: слыхам слухаць будзеце і не зразумееце, і вачыма глядзець будзеце і ня ўгледзіце.

15 Бо агрубела сэрца людзёў гэтых, і вушамі з натугаю чуюць і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўгледзіць вачыма й не пачуць вушыма і не зразумець сэрцам, ды каб не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх. (Ісая 6, 9—10)

16 Вашыя-ж шчасьлівыя вочы, што бачаць, і вушы вашыя, што чуюць.

17 Бо запраўды кажу вам, што многія прарокі і праведнікі хацелі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.

18 Вы-ж выслухайце значэньне прыповесьці пра сейбіта.

19 Да ўсякага, хто слухае слова аб царстве і не разумее, прыходзіць благі і крадзе пасеянае ў сэрцы яго; вось каго азначае насеянае пры дарозе.

20 А пасеянае на камяністых мясцох азначае таго, хто чуе слова і зараз жа з радасьцяй прыймае яго;

21 але ня мае ў сабе караня і нясталы: калі надыходзіць бяда ці перасьледаваньне слова, зараз адступаецца.

22 А пасеянае ў цярніне азначае таго, хто чуе слова, але клопаты веку гэтага і павабнасьць багацьця заглушаюць слова, і стаецца яно бясплодным.

23 Пасеянае-ж на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее: гэткі дасьць плод, — і адзін дае сто, іншы шэсьцьдзесят, а іншы трыццаць.

24 Другую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: царства Нябеснае падобнае да чалавека, што пасеяў добрае семя на полі сваім.

25 Калі-ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю кукалю і пайшоў.

26 Калі-ж збажына ўзыйшла і дала плод, тады паказаўся кукаль.

27 Прыйшоўшы-ж слугі гаспадара дому сказалі яму: пане, хіба благое насеньне сеяў ты на полі тваім? скуль у ім кукаль?

28 Ён жа сказаў ім: вораг зрабіў гэтае. А слугі сказалі яму: хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?

29 Але ён сказаў: не; каб, выбіраючы кукаль, вы не павырывалі разам і пшаніцы.

30 Пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жанцам: зьбярэце перш кукаль і зьвяжэце яго ў пучкі, каб спаліць; а пшаніцу зьбярэце ў гумно маё.

31 Другую прыповесьць даў Ён ім, кажучы: Царства Нябеснае падобна да зярняці гарчычнага, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім.

32 Яно меншае за ўсякае семя, але, калі вырасьце, бывае больш за ўсе расьліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і хаваюцца ў вецьці яго.

33 Іншую прыповесьць сказаў Ён ім: Царства Нябеснае падобна да рашчыны, якую жанчына ўзяўшы палажыла ў тры меры мукі, дакуль ня скісла ўсё.

34 Усё гэтае Ісус гаварыў народу прыповесьцямі і бяз прыповесьці не гаварыў ім,

35 каб збылося сказанае праз прарока, каторы кажа: адчыню ў прыповесьцях вусны Мае; выкажу ўтоенае ад стварэньня сьвету. (Псал. 77, 2)

36 Тады Ісус, адпусьціўшы народ, увайшоў у дом. I прыступіліся да Яго вучні Яго і сказалі: растлумач нам прыповесьць аб кукалі на полі.

37 Ён жа сказаў ім у адказ: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы.

38 Поле ёсьць сьвет, добрае насеньне — гэта сыны царства, а кукаль — сыны благога;

39 вораг, што пасеяў іх, ёсьць злы дух; жніво ёсьць сканчэньне сьвету, а жанцы — Ангелы.

40 Вось жа, як зьбіраюць кукаль, агнём паляць; так будзе пры сканчэньні сьвету гэтага.

41 Пашле Сын Чалавечы Ангелаў сваіх, і зьбяруць з царства яго ўсё, што спакушае, і ўсіх, хто робіць беззаконьне.

42 I ўкінуць іх у печ вагністую: там будзе плач і скрыгатаньне зубоў.

43 Тады праведнікі зазьяюць, як сонца, у царстве Айца іх. Хто мае вушы чуць, няхай чуе.

44 Яшчэ падобна царства Нябеснае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоўшы чалавек прытаіў і ў радасьці ад гэтага йдзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэнае поле.

45 Яшчэ падобна царства Нябеснае да купца, які шукае добрых пэрлаў

46 і, знайшоўшы адну дарагую пэрлу, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе.

47 Яшчэ падобна царства Нябеснае да неваду, закіненага ў мора, што набірае ўсякага роду рыбы;

48 калі ён напоўніўся, яго выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае сабралі ў судзіны, а благое выкінулі вон.

49 Так будзе пры сканчэньпі сьвету: зыйдуць Ангелы і выдзеляць благіх спасярод праведных

50 і ўкінуць іх у печ вагністую; там будзе плач і скрыгатаньне зубоў.

51 I спытаўся ў іх Ісус: ці зразумелі вы ўсё гэтае? Яны кажуць: так, Госпадзе!

52 Ён жа сказаў ім: вось чаму ўсякі кніжнік, навучаны аб царстве Нябесным, падобны да гаспадара, што выносіць з скарбніцы сваёй новае і старое.

53 I сталася, калі скончыў Ісус прыповесьці гэтыя, пайшоў адтуль

54 і, прыйшоўшы на бацькаўшчыну сваю, вучыў іх у школе іх, так што яны дзівіліся і гаварылі: скуль у Яго гэткая мудрасьць і моц?

55 Ці ня цесьляў Ён сын? Ці не Ягоная маці завецца Марыя і браты Ягоныя Якаў і Іосій і Сымон і Юда?

56 I сёстры Ягоныя ці-ж ня ўсе між намі? Скуль жа ў Яго ўсё гэтае?

57 I спакушаліся дзеля Яго. Ісус жа сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба толькі на бацькаўшчыне яго і ў доме ягоным.

58 I ня ўчыніў там многіх цудаў дзеля няверыя іх.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст