01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 12
1 У той час праходзіў Ісус у суботу засеянымі палямі; вучні Яго пачулі голад ды пачалі зрываць калосьсе і есьці.
2 Фарысэі-ж, угледзіўшы гэтае, сказалі Яму: вось вучні Тваі робяць, чаго ня гожа рабіць у суботу.
3 Ён жа сказаў ім: ці-ж вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі захацеў есьці сам і быўшыя з ім?
4 Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы ахвярныя, якіх не належала есьці ні яму, ні быўшым з ім, а толькі адным сьвяшчэнікам?
5 Яшчэ ці-ж ня чыталі вы ў законе, што ў суботы сьвяшчэнікі ў царкве парушаюць суботу, аднак бязьвінныя?
6 Кажу-ж вам, што тут ёсьць вялікшы за царкву.
7 Калі-б вы разумелі, што значыць: міласьці хачу, а ня жэртвы, то не асудзілі-б бязьвінных (Осія 6, 6).
8 Бо Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы.
9 I, адыйшоўшы адтуль, увайшоў Ён у школу іх.
10 I вось там быў чалавек сухарукі. I спыталіся у Ісуса, каб абвінаваціць Яго: ці гожа аздараўляць у суботу?
11 Ён жа сказаў ім: хто з вас, маючы адну аўцу, калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, ня возьме яе і ня выцягне?
12 На колькі-ж лепшы чалавек за аўцу? Значыць, можна ў суботу рабіць дабро.
13 Тады кажа гэнаму чалавеку: выцягні руку тваю! I той выцягнуў: і сталася яна здаровая, як другая.
14 Фарысэі-ж, выйшаўшы, змаўляліся проці Яго, як бы загубіць Яго. Але Ісус, ведаючы, пайшоў адтуль.
15 I пайшло сьледам за Ім множства народу, і Ён аздараўляў іх усіх.
16 I забараніў ім выяўляць Яго,
17 каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
18 Вось юнак Мой, Якога Я выбраў, Улюблены Мой, Якому спагадае душа Мая. Узлажу Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд.
19 Ня будзе сварыцца, ані загалосіць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу Яго.
20 Трысьціны надломанай не пераломіць і лёну тлеючага не загасіць, пакуль ня дасьць суду перамогі.
21 I ў імя Яго будуць спадзявацца народы (Ісая 42, 1-4).
22 Тады прывялі да Яго апанаванага злым духам сьляпога й нямога, і аздаравіў яго, так што сьляпы й нямы стаў гаварыць і бачыць.
23 I дзівіўся ўвесь народ і гаварыў: ці ня гэта сын Давідаў?
24 Фарысэі-ж, пачуўшы гэтае, сказалі: Ён выганяе злых духаў ня йначай, як сілаю Вэльзэвула, князя злых духаў.
25 Але Ісус, ведаючы думкі іх, сказаў ім: усякае царства, разьдзяліўшыся само ў сабе, апусьцее; і ўсякае места, ці дом, разьдзяліўшыся сам у сабе, ня ўстоіць.
26 I калі злы дух злога духа выганяе, то ён разьдзяліўся сам у сабе: як можа ўстайць царства яго?
27 I, калі Я сілаю Вэльзэвула выганяю нячыстых духаў, то чыею сілаю сыны вашыя выганяюць? Вось чаму яны будуць вам судзьдзямі.
28 А калі Я Духам Божым выганяю нячыстых, то, значыцца, прыйшло да вас царства Божае.
29 Або як можа хто ўвайсьці ў дом асілка і абрабаваць рэчы яго, калі раней ня зьвяжа асілка і тады абрабуе дом яго.
30 Хто не са Мною, той проці Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той марна траціць.
31 Дзеля гэтага кажу вам: усякі грэх і ганьбаваньне даруюцца чалавекам, а ганьбаваньне Духа не даруецца чалавекам.
32 Калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; калі-ж хто скажа на Духа Сьвятога, не даруецца яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым.
33 Або прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым, або прызнайце дрэва благім і плод яго благім, бо дрэва пазнаецца паводле плоду.
34 Родзе гадавы! як вы можаце гаварыць добрае, калі вы благія? бо ад паўнаты сэрца гавораць вусны.
35 Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць добрае, а благі чалавек з благога скарбу выносіць благое.
36 Кажу-ж вам, што за ўсякае пустое слова, якое скажуць людзі, дадуць яны адказ у дзень суду.
37 Бо паводле слоў сваіх будзеш апраўданы і наводле слоў сваіх будзеш засуджаны.
38 Тады некаторыя з кніжнікаў і фарысэяў сказалі: Вучыцель! хацелася-б нам ад Цябе знак бачыць.
39 Ён жа сказаў ім у адказ: род лукавы й чужаложны шукае знакоў, і знакі ня будуць дадзены яму, апрача знаку Іоны прарока.
40 Бо, як Іона быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
41 Мужы Ніневійскія ўстануць на суд з родам гэтым і засудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навукі Іоны; і вось тут больш, чым Іона.
42 Царыца паўднёвая паўстане на суд з родам гэтым і засудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямонавай; і вось тут больш, чым Салямон.
43 Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, то блукаецца на бязводзьдзі, шукаючы супакою, і не знаходзіць.
44 Тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. I, прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, вымеценым і прыбраным.
45 Тады йдзе й бярэ з сабою сем другіх духаў, горшых за яго, і, увайшоўшы, жывуць там; і для чалавека таго апошняе бывае горш першага. Так будзе і з гэтым родам благім.
46 Калі-ж Ён яшчэ гаварыў да народу, вось маці Яго і браты Яго стаялі вонках, хочучы гаварыць з Ім.
47 I нехта сказаў Яму: вось маці Твая і браты Тваі стаяць вонках, хочучы гаварыць з Табою.
48 Ён жа сказаў у адказ гаварыўшаму: хто маці Мая? хто браты Маі?
49 I, паказаўшы рукою Сваею на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае;
50 бо хто будзе выпаўняць волю Айца Майго, што ў нябёсах, той Мне брат і сястра і маці.
|