Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Мацьвея сьв. Эвангельле

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

Разьдзел 10

1 I, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лячыць усякую хворасьць і ўсякую немач.

2 А дванаццацёх апосталаў іменьні вось якія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якаў Завядзеяў і Іоан, брат яго,

3 Філіп і Баўтрамей, Хама і Мацьвей мытнік, Якаў Алфеяў і Ляўвей, празваны Фадзеем,

4 Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго.

5 Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і наказваў ім, гаворачы: на шлях паганаў ня ўзыходзьце і ў места Самарыйскае не ўваходзьце;

6 але ідзеце найбалей да загінуўшых авец дому Ізраілявага.

7 А ходзячы абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Царства Нябеснае.

8 Хворых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, памёршых уваскрашайце, злых духоў выганяйце. Дарма дасталі, дарма давайце.

9 Не бярэце з сабою ні золата, ні серабра, ні медзі ў поясы сваі,

10 ні торбы на дарогу, ні дзьвёх адзежын, ні абутку, ні кія. Бо работнік варт стравы сваёй.

11 У якое-б места ці сяло ні прыйшлі вы, даведавайцеся, хто ў ім дастойны, і там аставайцеся, пакуль ня выйдзеце.

12 А, уваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: мір дому гэтаму.

13 I, калі дом будзе дастойны, мір ваш зыйдзе на яго; а калі ня будзе дастойны, то мір ваш да вас вернецца.

14 А калі хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць слоў вашых, то, выходзячы з дому ці з места таго, атрасеце пыл з ног вашых.

15 Запраўды кажу вам: лепш будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень суда, чымся месту таму.

16 Вось Я пасылаю вас, як авец сярод ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы.

17 Сьцеражэцеся людзей: бо яны будуць аддаваць вас у суд і ў школах сваіх будуць біць вас.

18 I павядуць вас да валадароў і цароў за Мяне, дзеля сьведчаньня перад імі й паганамі.

19 Калі-ж будуць выдаваць вас, ня дбайце аб тое, як і што вам гаварыць, бо вам у той час будзе дадзена, што сказаць.

20 Бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Айца вашага будзе гаварыць у вас.

21 Выдаваціме брат брата і бацька сына на сьмерць; і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх;

22 і будуць вас ненавідзець за імя Маё, але, хто выцярпіць да канца, спасён будзе.

23 Калі-ж будуць выганяць вас з аднаго места, уцякайце ў другое, бо запраўды кажу вам: не абойдзеце йшчэ местаў Ізраілявых, як прыйдзе Сын Чалавечы.

24 Вучань ня вышэй за вучыцеля свайго, і слуга ня вышэй за гаспадара свайго.

25 Годзе для вучня, каб ён быў, як вучыцель яго, і для слугі, каб ён быў, як гаспадар яго. Калі гаспадара дому назвалі вэльзэвулам, тым балей хатніх ягоных.

26 Дык ня бойцеся-ж іх: бо няма нічога ўкрытага, каб ня выявілася, ні патайнога, што ня сталася-б вядомым.

27 Што кажу вам у цемнаце, гаварэце пры сьвятле; і што навуха чуеце, абвяшчайце са стрэхаў.

28 I ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы ня могуць забіць; а бойцеся больш таго, хто можа і душу, і цела загубіць у гееньне.

29 Ці ж ня два вераб’і прадаюцца за ассары? I ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага.

30 У вас жа і валасы на галаве палічаны.

31 Ня бойцеся-ж: вы лепшыя за многіх вераб’ёў.

32 Вось жа ўсякага, хто Мяне прызнаваціме перад людзьмі, таго й Я прызнаю перад Айцом Маім, што ў нябёсах.

33 А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго й Я адракуся перад Айцом Маім, што ў нябёсах.

34 Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці мір на зямлю; ня мір прыйшоў Я прынесьці, але меч.

35 Бо Я прыйшоў разлучыць чалавека з бацькам яго і дачку з маткаю яе і нявестку з сьвякроўю яе.

36 I ворагі чалавеку хатнія яго.

37 Хто любіць бацьку ці матку балей за Мяне, ня варт Мяне; і хто любіць сына ці дачку балей за Мяне, ня варт Мяне.

38 I хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе за Мною, той ня варт Мяне.

39 Хто зьберажэ душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, зьберажэ яе.

40 Хто прыймае вас, прыймае Мяне, а хто прыймае Мяне, прыймае Паслаўшага Мяне.

41 Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастае нагароду прарока; і хто прыймае справядлівага ў імя справядлівага, дастае нагароду справядлівага.

42 I хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі чарай сьцюдзёнай вады ў імя вучня, запраўды кажу вам, ня страціць нагароды свае.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст