На "Госпадзе, Цябе клічу... ":
(Тон 1): Палюбім пост, які сушыць дзеяньнем духа
дрэнныя нахілы душы, накіроўвае на справы Боскія, узносіць розум да неба і
хадайнічае, каб добры Бог прабачыў нашыя правіны.
Усё жыцьцё маё, Госпадзе, я, няшчасны, сорамна змарнаваў, і
цяпер, як блудны сын, са скрухаю сардэчнаю клічу: "Ойча нябесны, зграшыў я,
ачысьці і збаў мяне, і не адкінь мяне, які сам аддаліўся ад Цябе і, чынячы
бясплодныя ўчынкі, збяднеў".
(Тон 3): Прыйдзіце ўсе, усхвалім пачэсны пост,
якім мы духоўна перамагаем злога ворага, і ўсклікнем Хрысту: "Дай нам,
Збавіцелю, бачыць без асуджэньня Твой усесьвяты Крыж, пакланіцца яму і ў песьнях
уславіць яго".
Тры песьні і багародзічны з мінэі.
Пракімен (Пс 43):
Табою, Божа, будзем хваліцца ўвесь дзень і імя Тваё вызнаваць давеку.
Верш: Божа, вушамі нашымі мы чулі.
Чытаньне кнігі Роду
Ной быў чалавек праведны і беззаганны ў родзе сваім. Ён
дагадзіў Богу. Нарадзіў Ной трох сыноў – Сіма, Хама і Яфета. Зямля сапсавалася
супраць Бога і была поўная няправеднасьці. І бачыў Бог зямлю, што яна
сапсаваная, бо кожнае цела на зямлі робіць нягодныя справы. І сказаў Госпад Бог
Ною: "Я вырашыў пакласьці канец існаваньню ўсіх людзей, бо яны напоўнілі зямлю
няправеднасьцю; і таму Я вынішчу іх разам з зямлёю. Ты ж збудуй сабе каўчэг з
дрэва, што не гніе, зрабі ў каўчэгу перагародкі, пакрый яго смалою звонку і
знутры. Вось які маеш зрабіць каўчэг: трыста сажняў даўжыні, пяцьдзесят шырыні і
трыццаць вышыні. Зрабі адтуліну ў каўчэзе ў сажань велічынёю зьверху, а ўваход
да каўчэгу зрабі збоку; і зробіш унутры ніжні, другі і трэці паверхі. І вось Я
навяду патоп, ваду на зямлю, каб загубіць усякую істоту пад небам, якая мае дух
жыцьця. І ўсе, што на зямлі, згінуць. З табою ж я заключу Мой саюз, і ўвойдзеш у
каўчэг ты і твае сыны, і жонкі сыноў тваіх з табою. І ўвядзі таксама ў каўчэг
(ад усялякай жывёлы, і ад усіх паўзуноў і) усіх зьвяроў, і ад усякай жывой
істоты, па пары, каб яны засталіся жывымі разам з табою: хай яны будуць
мужчынскага і жаночага полу. З усіх птушак нябесных паводле роду іх, і ад усякай
жывёлы па роду, і ад усіх паўзуноў, што поўзаюць па зямлі, па роду іх, хай
увойдуць па два, каб ты іх карміў: мужчынскі пол і жаночы. Ты ж вазьмі сабе
ўсякай ежы, каб было што есьці, і забяры з сабою, і будзе яна табе і ўсім ім
страваю". І Ной зрабіў усё так, як загадаў яму Госпад Бог.
(6:9–22)
Пракімен (Пс 44):
Імя тваё зраблю памятным з пакаленьня ў пакаленьне.
Верш: З сэрца майго б'юць крыніцай прыгожыя словы.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Сыне, ці ж мудрасьць ня кліча, ці ж розум не ўзьнімае голас
свой? Яна стаіць на высокім месцы, пры дарозе, на ростанях; яна кліча ля варот
пры ўваходзе да гораду, ля дзьвярэй: "Вас, людзі, клічу я, да сыноў людзкіх
(зьвернуты) голас мой! Навучыцеся, неразумныя, разважнасьці, а дурні –
розуму. Слухайце, бо я буду гаварыць аб важных рэчах; бо словы вуснаў маіх –
праўда; мой язык будзе абвяшчаць праўду, а нязбожнасьць – агіда для вуснаў маіх.
Усе словы вуснаў маіх справядлівыя; няма ў іх крывадушнасьці і хітрасьці; усе
яны ясныя для разумнага, і справядлівыя для тых, што здабываюць веду. Прыміце
навуку маю, а не срэбра; веда лепшая за выбранае золата; бо мудрасьць лепшая за
самацьветы, і нічога з таго, што жадаеце, не раўняецца з ёю. Я – мудрасьць, маю
ў сабе розум і разважнасьць, страх Гасподні, нянавісьць няправеднасьці;
гордасьць і высакамернасьць, шлях злы і крывадушныя вусны я ненавіджу. У мяне
добрая рада і праўда; я – розум; у мяне сіла. Мною ўладары пануюць, і законы
праведныя ўстанаўляюць князі. Мною кіруюцца начальнікі, і вяльможы, і судзьдзі
ўсе на зямлі. Я люблю тых, што любяць мяне; тыя, што мяне шукаюць, знойдуць; у
мяне багацьці і слава, незьнішчальныя скарбы і праўда. Мае плады лепшыя за
золата, золата самае чыстае; і карысьці ад мяне больш, як ад найчысьцейшага
срэбра. Я хаджу па шляху праўды, па сьцежцы справядлівасьці, каб прыяцеляў маіх
надзяліць багацьцем і напоўніць скарбніцы іх." (8:1–21)
Вершапесьні
(Тон 2): Ойча добры, ад усяго, што Ты мне даў,
бяздумнасьць мая абадрала мяне: я аддаліўся ад Цябе, працаваў для чужога
гаспадара, пасьвіў паганую жывёлу, і нават іхняй ежай ня мог насыціцца; дзеля
гэтага прыбягаю да Цябе, бо ведаю Тваю добрасардэчнасьць: пакрый нагату маю
чалавекалюбствам Тваім і збаў мяне. (Двойчы)
Малітвамі сьвятых мучанікаў і ўслаўленьнем Хрыста ўсякая мана
разьвейваецца і род людзкі вераю збаўляецца.
Багародзічны: З дзявочага Твайго ўлоньня зазьзяла
сьвятло сьвету ўсяму – словам Слова. Малі Яго, найсьвятая Чыстая Дзева, збавіць
душы нашыя ад сецяў ворага. |