01 - 02 - 03 - 04 - 05
Разьдзел 3
1. Таксама й вы, жоны, пакарайцеся сваім мужом, каб тыя з іх, што не пакараюцца слову, жыцьцём жон сваіх бяз слова былі здабываны,
2. бачучы вашае чыстае, багабойнае жыцьцё.
3. Няхай будзе аздобаю вашаю ня вонкавае заплятаньне валасоў, не залатыя ўборы, ці вопраткі стройнасьць,
4. але ўкрыты чалавек сэрца ў нятленнасьці лагоднага й ціхога духа, што дужа цэнна прад Богам.
5. Гэтак жа аздаблялі сябе і сьвятыя жанчыны, што спадзяваліся на Бога, пакараючыся сваім мужом.
6. Гэтак і Сара пакаралася Аўрааму, называючы яго гаспадаром. Вы - дзеці яе, калі робіце дабро і не баіцёся ніякага страху.
7. Таксама й вы, мужы, разумна жывеце з імі, аддаючы ім, як найслабейшай судзіне жаночай, чэсьць, бо і вы сунасьледнікі ласкі жыцьця, каб ня было вам перашкоды ў малітвах вашых.
8. Нарэшце, будзьце ўсе аднадумнымі, спачуваючымі, браталюбнымі, міласэрнымі, ветлівымі.
9. Не аддавайце злом за зло, ці зьнявагай за зьнявагу, а наадварот: багаслаўляйце, ведаючы, што вы на тое пакліканы, каб унасьледаваць багаслаўленьне.
10. Бо хто хоча жыцьцё любіць і бачыць добрыя дні, няхай устрымлівае язык свой ад зла і вусны свае, каб крывадушна не гаварылі.
11. Ухіляйся ад зла і рабі дабро; шукай міру й імкніся да яго.
12. Бо вочы Госпада на праведных, і вушы Яго на малітвы іх, але аблічча Госпада супраць робячых зло.
13. І хто зробіць вам зло, калі вы будзеце пераймальнікамі добрага?
14. Але, калі-б вы й пацярпелі за праўду, дык вы шчасьлівыя. А страху іх ня бойцеся і ня трывожцеся.
15. Госпада Бога сьвяціце ў сэрцах вашых. Будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто трэбуе ў вас слова аб вашай надзеі, лагодна й са страхам.
16. Мейце добрае сумленьне, каб у тым, за што абмаўляюць вас, як злачынцаў, былі асаромлены тыя, хто ганіць вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце.
17. Бо калі хоча воля Божая, лепей пацярпець за добрыя ўчынкі, чымся за благія.
18. Бо і Хрыстос, каб прывясьці нас да Бога, раз пацярпеў за грахі нашыя, Праведнік за няправедных, забіты целам, але ажыўшы духам,
19. у Якім Ён і тым духам, што ў вязьніцы, зышоўшы, абвяшчаў,
20. ім, якія некалі не пакарыліся чакаўшаму іх Божаму доўгацярпеньню за дзён Ноя, у час будаваньня карабля, у якім нямногія, гэта знача восем душ, выратаваліся ад вады.
21. Гэтак і нас сягоньня спасае на ўзор гэтага Хрышчэньне (не абмыцьцё цела ад бруду, але абяцаньне Богу добрага сумленьня) праз ускрасеньне Ісуса Хрыста,
22. Які, узыйшоўшы на неба, знаходаіцца праваруч Бога, і Якому пакарыліся Ангелы і ўлады і сілы.
|