Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Ютрань штодзённая


 

 

Ютрань штодзённая

Мірная літанія

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.

– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

– За Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.

– За ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны, Госпаду памолімся.

– За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.

– За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе гарады і краіны, і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

– За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.

– За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых, што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.

– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку Госпаду памолімся.

– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.


Пасьля літаніі:

Чытальнік: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе.

Людзі: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. (Так пасьля наступных вершаў)

Чытальнік: Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Яго на ўсе вякі.

– Абкружылі мяне з усіх бакоў, але імем Гасподнім я супрацівіўся ім.

– Не памру, але буду жыць і абвяшчаць учынкі Госпада.

– Камень, адкінуты будаўнікамі, стаўся вуглавым каменем: ад Бога гэта і дзіўнае ў нашых вачох.

У дні вялікага Посту замест “Госпад – Бог”:

Чытальнік: Сярод ночы імкнецца дух мой да Цябе, Божа: бо загады Твае – сьвятло на зямлі.

Людзі: Алілуя, алілуя, алілуя. (так пасьля наступных вершаў).

- Навучыцеся справядлівасьці вы, што жывеце на зямлі.

- Гневам Тваім наведай людзей непаслухмяных.

- Упакор, Госпадзе, упакор магутных зямлі.

Дыякан ідзе ў аўтар.

Трапары

Пасьля “Госпад – Бог” (альбо “Алілуя” ў Вялікі пост) сьпяваюцца трапары дня або сьвятога.

У дні вялікага Посту пасьля гэтага сьпяваюцца траечныя песьні належнага тону (гл. напрыканцы).

 

Чытаньне Псалтыра

Пасьля трапароў бывае чытаньне Псалтыра. Звычайна пасьля катызмаў літаніяў няма, апрача суботаў, перадсьвяцьцяў і пасьлясьвяцьцяў, а таксама дзён памяці сьвятых, якім трэба сьпяваць Вялікае Ўслаўленьне. Тады літаніі, як на сьвяточнай ютрані.

Скончыўшы чытаць псалмы:

У Велікодны перыяд людзі сьпяваюць: Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстова, паклонімся сьвятому Госпаду Ісусу, адзінаму бязгрэшнаму. Крыжу Твайму пакланяемся, Хрысьце, і сьвятое ўваскрасеньне Тваё ў песьнях славім. Ты – Бог наш, апроч Цябе іншага бога ня знаем, імя Тваё клічам. Прыйдзіце, усе верныя, паклонімся сьвятому ўваскрасеньню Хрыстоваму, бо праз Крыж прыйшла радасьць усяму сьвету. Заўжды бласлаўляючы Госпада, славім Ягонае ўваскрасеньне, бо Ён, пацярпеўшы ўкрыжаваньне, сьмерцю сьмерць зваяваў.


Псалом 50

Чытальнік: Зьмілуйся нада мною, Божа...

 

У дні вялікага Посту:

Дыякан: Збаў, Божа, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой, наведай сьвет Твой міласэрнасьцю і дабротамі Тваімі, узьнясі рог хрысьціянаў і зышлі на нас Твае багатыя ласкі малітвамі найчыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа; заступніцтвам сьвятых нябесных сілаў анёльскіх; малітвамі сьвятога, слаўнага прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна; сьвятых, слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў; між сьвятымі айцоў нашых, сусьветных вялікіх настаўнікаў і сьвятаначальнікаў Базыля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага; між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворцы, арцыбіскупа Мірлікійскага; сьвятых, слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; сьвятога (сьвятой) (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых: просім Цябе, міласэрны Госпадзе, выслухай нас, грэшных, якія молімся Табе, і зьмілуйся над намі.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Сьвятар: Міласэрнасьцю, дабротамі і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.



 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст