На “Госпадзе, Цябе клічу...”:
(Тон 4). Быццам паўнаводныя рэкі духоўныя, вы
поіце ўсё стварэньне Божымі знакамі і слаўнымі дарамі ацаленьняў, асушаючы
шкадлівыя для душы пажаданьні, лечачы немачы, праганяючы духаў нячыстых,
баганосныя бескарысьліўцы, заступнікі душ нашых.
Перамогшы неразумныя пажаданьні сілаю духа, вы, сьвятыя,
чыніце дабро людзям і жывёле, атрымаўшы ад Хрыста дар ацаленьняў; дзеля гэтага,
спраўляючы вашу сьвятую і сьветлую ўрачыстасьць, просім ачышчэньня душ нашых.
Вашая боская сьвятыня сталася для нас сьветлым небам: быццам
сонцам ясным і зоркамі, яна зьзяе збавеннымі цудамі і боскімі ацаленьнямі,
блаславёныя ..., слаўныя слугі Гасподнія,
заступнікі душаў нашых.
Слава...
(Тон 8). Хто ня будзе дзівіцца, хто ня будзе
славіць цуды мудрых і бескарысьлівых лекараў? Бо і пасьля сьвятой сьмерці сваёй
даюць яны шчодра ацаленьні ўсім, хто з вераю прыходзіць да іх. О, пара сьвятая!
Пачэсныя галовы! О, мудрасьць і слава дадзенай нам ад Бога ласкі! Дык будзем у
песьнях славіць добрага Бога, які даў іх нам для аздараўленьня душ і целаў
нашых.
Цяпер...
Багародзічны (тон 8). Радуйся, сусьветная пахвала!
Радуйся, сьвятыня Гасподняя! Радуйся, гара ацененая! Радуйся, усіх прыстанішча
бясьпечнае! Радуйся, сьвечнік залаты! Радуйся, пачэсная слава верных! Радуйся,
Маці Хрыста Бога! Радуйся, раю; радуйся Боскае застольле! Радуйся, дарасховішча!
Радуйся, ручка з чыстага золата! Радуйся, надзея нашая!
Крыжабагародзічны (тон 8). Стоячы побач з Табою,
Госпадзе, і гледзячы на Цябе, павешанага на крыжы, Чыстая Маці Твая з плачам
казала: “Дзіця маё, як гэта Ты церпіш у целе, і жадаеш пакінуць мяне
бязьдзетнаю? Сьпяшайся ўславіцца, каб і я была ўзьвялічаная ў цярпеньнях Тваіх”.
Адпушчальныя трапары
(Тон 8). Сьвятыя і бескарысьлівыя лекары і
цудатворцы ..., аздаравіце немачы нашы: дарам
атрымалі, дарам і давайце.
Іншы трапар (тон 5). Цуды сьвятых мучанікаў Тваіх
... Ты, Госпадзе, дараваў нам, як непахісную
сьцяну: малітвамі іх захавай у бясьпечнасьці людзей Тваіх і даруй ім супакой, бо
Ты адзіны Добры і Чалавекалюбец. |