На “Госпадзе, Цябе клічу...”:
(Тон 4). Як боскія сьветачы, што зьзяюць ўгары,
духоўнымі промнямі вы прасьвятляеце сьвет, адганяеце цемру і выкрываеце
хітрасьці бесаў; дзеля гэтага сьвяткуем вашую сьветлую і боскую памяць.
Убачыўшы райскую красу і загарэўшыся жаданьнем яе, вы,
пачэсныя, прарасьцілі сьвету нятленныя краскі богапазнаньня. Маючы ваш прыклад
перад вачыма, з любоўю стараемся чыніць карыснае для душаў нашых.
Жыцьцё вашае зьзяла, быццам сонца, і было прыкладам для
мноства посьнікаў. Цяпер вы, праслаўленыя, разам з імі жывеце ў Боскай славе і
моліцеся за збаўленьне душаў нашых.
Слава... цяпер...
Багародзічны (тон 4). Я таплюся ў моры маіх
правінаў, і таму прыбягаю да ціхага прыстанішча малітвы Тваёй, Багародзіца, і
клічу: “Працягні магутную руку слузе Твайму, Усебеззаганная, і збаў мяне!”
Крыжабагародзічны (тон 4). “Меч пранізаў, Сыне
мой, сэрца маё, згодна з тым, што было мне прадказана раней, калі я ўбачыла, як
Ты, Хрысьце, больш цудоўны за ўсіх сыноў зямных, даў сябе павесіць на крыжы
сярод разбойнікаў”.
Адпушчальны трапар
(Тон 2). Заручыўшыся з вашым адзіным жаданым
Жаніхом і адкінуўшы часовы зямны саюз, узмужнеўшы ў дабрадзейных подзьвігах, вы
ўзышлі на вышыню нятленнасьці, поўныя духоўнай красы і багацьця, і сталіся
ўзорам і прыкладам законнага жыцьця для ўсіх. Маліцеся цяпер безупынку за нас,
якія з любоўю спраўляем вашу памяць.
|