На “Госпадзе, Цябе клічу...”:
(Тон 4). Дзевы чыстыя, зьяднаныя ў любові Творцы,
вераю разарвалі путы спакусы і патапталі мужна бясьсільнага ворага;
упрыгожыўшыся сьветлымі вянкамі перамогі, радуюцца цяпер у духоўным хораме
Жаніха.
Не спалохаўшыся агню, розных мукаў і сьмерці, усепачэсныя
дзевы, што шукалі вераю дабрыню найпрыгожага Жаніха, упрыгожыліся шматлікімі
ранамі і з Ім зьядналіся. Дзеля гэтага Ісус Чалавекалюбец і Збавіцель душаў
нашых абдарыў іх багатымі дарамі.
Дзявоцтва нятленнае, дзявоцтва дзіўнае, вы, добрыя дзевы,
прынесьлі ў дар Хрысту, сілаю крыжа і мужным розумам перамогшы напады і спакусы
нязбожных. Таму ўсе цэрквы Хрыстовыя спраўляюць вашую сьветлую і слаўную памяць.
Слава... цяпер...
Багародзічны (тон 4). Ты, Усячыстая, ніколі не
перастаеш маліцца Госпаду і заступацца за нас: дык прашу Цябе, суцішы
хваляваньні няшчаснае мае душы, разгані сум сэрца майго і розум мой узвысі, каб
я мог славіць Цябе.
Крыжабагародзічны (тон 4). Убачыўшы Цябе, Ягнё і
Пастыра, на крыжы, Маці Твая з плачам усклікнула: “Сыне жаданы мой, як гэта Ты,
даўгацярплівы, быў павешаны на дрэве крыжовым? Як гэта рукі і ногі Твае, Слова,
былі прыбітыя беззаконнымі, і як Ты, Уладару, праліў кроў сваю?”
Адпушчальны трапар
(Тон 1). Авечкі духоўныя, вы прайшлі шлях жыцьця,
захаваўшы веру, і прыйшлі праз мучэньні да Ягняці і Пастыра Хрыста. Дзеля гэтага
з радаснай душою спраўляем сёньня вашую пачэсную памяць і ўзьвялічваем Госпада.
|