На “Госпадзе, Цябе клічу...”:
(Тон 4). Красою дзявоцтва і крывёю мучэньняў душу тваю ўпрыгожыўшы, мучаніца слаўная ..., ты аддала сябе Тварцу твайму, які захаваў цябе нятленнаю давеку; цяпер ты радуешся з хорамі арханёлаў і анёлаў, апосталаў і прарокаў, і мучанікаў, усяхвальная.
У мучэньнях розных ты завастрыла розум твой Боскім Духам, і мужна патапіла начальніка цемры струменямі крыві тваёй, і узьняслася да нябесных хорамаў, прынёсшы цярпеньні як пасаг Жаніху твайму.
Асьвячаная крывёю Жаніха, уласнай крывёю ты ўпрыгожыла вопратку сваю цялесную. Прасьветленая абедзьвюма, ты, слаўная ..., аказалася годнаю быць жыхаркай Ягоных нябесных хорамаў. Малі Яго за збаўленьне ад тленнасьці тых, што з вераю спраўляюць памяць тваю.
Слава... цяпер...
Багародзічны (тон 4). Няспыннай малітвай Тваёй да Госпада і магутным заступніцтвам адгані, Усячыстая Дзева, малю Цябе, варожыя напады, суцішы хваляваньні душы маёй, дай суцяшэньне сумнаму сэрцу майму і прасьвятлі розум, каб я мог дастойна славіць Цябе.
Крыжабагародзічны (тон 4). Убачыўшы Цябе, Ягнё і Пастыра, на дрэве, Маці Твая заплакала і ўсклікнула: “Сыне мой найдаражэйшы, як гэта ты, даўгацярплівы, быў павешаны на дрэве крыжовым? Як гэта беззаконныя прыбілі цьвікамі ногі і рукі Твае, Слова; і як гэта Ты, Уладару, праліў кроў сваю?”
Адпушчальны трапар
(Тон 4). Ягнё Тваё, Ісусе, ..., кліча моцным голасам: “Цябе, Жаніх мой, люблю і, Цябе шукаючы, мукі перанашу, і расьпінаюся з Табою, і пахаваньне прымаю ў хрышчэньні Тваім, і цярплю за Цябе, каб панаваць з Табою, і паміраю за Цябе, каб з Табою жыць; Ты ж прымі мяне, як ахвяру чыстую, што з любоўю прыносіцца Табе”. Малітвамі яе, Міласэрны, збаў душы нашы. |