На “Госпадзе, Цябе клічу...”:
(Тон 8). У добрым змаганьні вы мужна супрацівіліся
нападам мучыцеляў, душы свае з любоўю аддалі пад меч і, атрымаўшы мучаніцкія
вянцы, былі залічаныя да хораў анельскіх. Вялікія вашыя цярпеньні, большая
ўзнагарода. Маліцеся за душы нашыя.
Пажыўшы добра, вы, сьвятыя, у муках паказалі адвагу сваю: за
нішто палічыўшы цярпеньні, пастом вы прасьвятлілі вашы целы і з любоўю пралілі
кроў, каб разам атрымаць узнагароду за цярпеньні вашы. Маліцеся за душы нашыя.
Сьвятыя мучанікі, вы добра і мужна змагаліся, пагардзіўшы
дачасным жыцьцём і адкінуўшы цялесную мудрасьць. Памёршы дзеля Хрыста, вы цяпер
жывеца разам з анёламі. Шануем вашую памяць і просім вас маліцца Госпаду за
збаўленьне душаў нашых.
Слава... цяпер...
Багародзічны (тон 8). Да каго ты сталася падобнаю,
няшчасная душа мая, чаму ня хочаш узьнесьціся да пакаяньня і не баішся
пакараньня, якое чакае цябе? Устань хутчэй, пакліч Адзіную хуткую на
заступніцтва, і кажы “Малі, Дзева Маці, Сына Твайго і Бога нашага, каб Ён
выбавіў мяне ад сеці хітрага ворага”.
Крыжабагародзічны (тон 8). Агніца, убачыўшы Ягнё,
дабравольна расьпятае на крыжы, прашытая болем і па-матчынаму заплакаўшы,
казала: “Што гэта за страшнае зьявішча, Сыне мой? Як гэта паміраеш Ты,
доўгацярплівы Госпадзе, што даеш усім жыцьцё і ўваскрасеньне? Слаўлю Тваю, Божа
мой, бязьмежную спагадлівасьць”.
Адпушчальны трапар
(Тон 4). Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі з
Тваёй заўсёднай лагоднасьцю: не пераставай быць спагадлівым да нас, але
малітвамі іх кіруй у супакоі нашым жыцьцём.
|