На “Госпадзе, Цябе клічу...”:
(Тон 4). Прасьветленыя Духам Сьвятым, вы, мучанікі
ўсяхвальныя, выйшлі на змаганьне з князем гэтага сьвету і з Божай дапамогаю
перамаглі ягоныя подступы. Дзеля гэтага, сьвяткуючы сёньня вашую сьветлую
памяць, аддаем пашану вашым цярпеньням.
Аддадзеныя на раны і мукі, вы, сьвятыя, засталіся непахіснымі
ў мудрасьці і, загарэўшыся, быццам сьвечкі, духоўным агнём, прасьвятлілі ласкаю
сэрцы верных. Дзеля гэтага ўсякі род і век сьвяткуе вашую памяць, у песьнях
славячы Госпада.
Сьветласьцю цудаў вашых вы, адважныя мучанікі і пакутнікі
Збавіцеля, прасьвятлілі ўсё стварэньне і адагналі туман пажадлівасьці і суму ад
тых, што прыбягаюць да вас і просяць вашага заступніцтва. Таму і мы з вераю
спраўляем вашу сьвятую і сьветлую памяць.
Слава... цяпер...
Багародзічны (тон 4). Я пахіснуўся ад нападаў
дэмана і ўпаў у яму гібельную, але Ты, Уладарка, зьмілуйся нада мною, умацуй
мяне на камені дабрадзейнасьцяў і, адагнаўшы варожыя напасьці, зрабі мяне годным
чыніць запаветы Сына Твайго і Бога нашага, каб атрымаць адпушчэньне ў судны
дзень.
Крыжабагародзічны (тон 4). Калі Усячыстая ўбачыла
Цябе, чалавекалюбны Хрысьце, расьпятага і кап'ём раненага ў бок, Яна з плачам
усклікнула: “Што гэта, Сыне мой? Як гэта няўдзячныя людзі адплаціліся Табе
ўзамен за ўсё добрае, што Ты ім учыніў? Чаму, любы мой, хочаш пакінуць мяне
бязьдзетнаю? Дзіўлюся, Добрасардэчны, Твайму дабравольнаму ўкрыжаваньню”.
Адпушчальныя трапары
(Тон 4). Мучанікі Твае, Госпадзе, у цярпеньнях
вянцы нятленныя атрымалі ад Цябе, Бога нашага; маючы сілу Тваю, яны перамаглі
мучыцеляў і зьнішчылі дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі іх збаў душы
нашы.
Іншы трапар (тон 1). Сьвятых Тваіх цярпеньнямі,
якія яны дзеля Цябе перанясьлі, зьмілуйся над намі і аздараві нас, молімся Табе,
Госпадзе Чалавекалюбча. |