Хвалебная песьня сьвятога Амброзыя,
якая сьпяваецца пасьля заканчэньня сабору
(Тон 4)
Цябе, Бога, хвалім, Цябе, Госпада, вызнаем, Цябе, спрадвечнага Айца, уся зямля ўзьвялічвае.
Табе ўсе анёлы, Табе нябёсы і ўсе сілы, Табе хэрувімы і сэрафімы несьціханымі галасамі ўсклікаюць: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад Бог Сілаў, неба і зямля поўныя хвалы Тваёй!
Цябе слаўны апостальскі збор, Цябе хор пачэсных прарокаў, Цябе сьветлая грамада мучанікаў хваліць.
Цябе па ўсім сьвеце прапаведуе Сьвятая Царква – Айца недасяжнае велічы; роўнага славаю Твайго адзінароднага праўдзівага Сына, і сьвятога Суцяшальніка Духа.
Ты, Хрысьце – Уладар славы, Ты – Айца спрадвечны Сын; Ты дзеля збаўленьня сьвету стаўся чалавекам, не пагардзіўшы дзявочым улоньнем.
Ты скрышыў джала сьмерці і адчыніў верным валадарства нябеснае.
Ты сядзіш па правай руцэ Бога ў славе Айца, і прыйдзеш зноў як судзьдзя.
Просім Цябе, дапамажы слугам Тваім, якіх Ты выкупіў сваёй пачэснай крывёю, і зрабі іх годнымі разам са сьвятымі Тваімі валадарыць у вечнай славе Тваёй.
Збаў людзей Тваіх, Госпадзе, і блаславі набытак Твой, кіруй імі і ўзьнімі іх на вякі.
Будзем штодня бласлаўляць Цябе і хваліць імя Тваё давеку і на век вякоў.
Дай, Госпаде, у гэты дзень захавацца нам без граху.
Зьмілуйся над намі, Госпадзе, зьмілуйся над намі.
Хай міласэрнасьць Твая спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.
На Цябе, Госпадзе, спадзяемся: ня дай нам пасаромецца давеку. Амін.
Дыякан прагалошвае "многалецьці":
Дабрадзейнае і спакойнае жыцьцё, здароўе і посьпех у кожнай добрай справе дай, Госпадзе, сьвятому айцу нашаму сусьветнаму біскупу ..., Папе Рымскаму, і захавай яго на многія леты!
Дастойнаму арцыбіскупу (багалюбнаму біскупу) нашаму ..., (і ўсім нашым бікупам) дай, Госпадзе, дабрадзейнае і спакойнае жыцьцё, здароўе і збаўленьне, і посьпех у кожнай добрай справе і захавай яго (іх) на многія леты!
Пачэсным сьвятаром, дыяканам у Хрысьце, усяму духавенству і вернікам гэтай сьвятой царквы (епархіі, гэтага экзархату) дай, Госпадзе, здароўе, збаўленьне, і посьпех у кожнай добрай справе, і захавай іх на многія леты! |