Радуйся, Усесьвятая Марыя, Служка жыцьцядайнае Тройцы;
Радуйся, духмяная Лілея, улюбёная Творцы Бога Айца;
Радуйся, Найчыстая Дзева, Маці Госпада нашага Ісуса Хрыста;
Радуйся, наймілейшая Галубка, жаданая Суцяшальніка Духа Сьвятога;
Радуйся, найдастойнейшая Спадарыня, радасьць хораў анёльскіх;
Радуйся, Вежа непранікальная і Мучэньне збораў бесаўскіх;
Радуйся, найпрыгажэйшая Дачка і Развязаньне граху Адамавага;
Радуйся, моцная Вера, і Зьнішчэньне праклёну Эвінага;
Радуйся, слаўная Ўладарка, Мэта ўсіх патрыярхаў;
Радуйся, існая Багародзіца, Памнажэньне сыноў Ізраілевых;
Радуйся, усяхвальная Слава і Спаўненьне ўсіх сказаньняў прароцкіх;
Радуйся, мудрая Галава і Навучаньне Хрыстовых апосталаў;
Радуйся, усясьветлая Хвала і Ласка чатырох евангелістаў;
Радуйся, вялікая Сіла і Мужнасьць сьвятых мучанікаў;
Радуйся, любая Цішыня і Стрыманасьць пачэсных вызнаўцаў;
Радуйся, высокая Сьцяна і Цярплівасьць багалюбных манахаў;
Радуйся, ясная Зорка і Краса чыстых дзеваў;
Радуйся, ціхае Прыстанішча і Заступніца сірот і ўдоваў:
Будзь са мною ва ўсякай маёй патрэбе дзеля вялікай радасьці, якую Ты мела пры зачацьці Сына Божага; пачуй маю недастойную малітву і дапамажы мне ў суме маім. У рукі Твае аддаю самога сябе: захавай душу маю, ацалі цела маё, прасьвятлі розум, напраў учынкі мае; накіруй думкі мае да Бога, сэрца маё ўмацуй у добрым; памяць настаў у запаветах; накіруй вочы мае да неба; сумленьне маё ачысьці ад грахоў; аддалі ад мяне пажаданьні цялесныя; адгані д’ябальскія спакусы; захавай ад агульнага сораму; ратуй ад нечаканае бяды, ня дай прыйсьці суму, жалю і роспачы; вызвалі ад вечнага агню. Прымі ад мяне гэтую пахвалу, даючы ўзамен радасьць духоўную і робячы мяне годным радасьці вечнае.
Радуйся, поўная ласкі Марыя, Госпад з Табою на вякі вякоў! Амін.
Іншая малітва да Найсьвяцейшае Багародзіцы
(Францішак Скарына)
Прымі, Уладарка, малітву слугаў Тваіх і збаў нас ад усялякае патрэбы і суму. Ты, Багародзіца – нашая зброя і абаронная сьцяна, Ты – нашая Заступніца. Да Цябе прыбягаем, Цябе на малітву клічам і просім выбавіць нас ад ворагаў нашых; і ўзьвялічваем Цябе, усебеззаганную Маці Бога нашага, якую ацяніў Дух Сьвяты. Амін. |