Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 27 ліпеня - сьвятога вялікамучаніка і лекара Панцялеймана


 

 

27 ліпеня - сьвятога вялікамучаніка і лекара Панцялеймана

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 4). Ты быў справядліва названы Панцялейманам, бо, ацаляючы цялесныя немачы людзей, ты праяўляў клопат аб іхніх душах. Дзеля гэтага ты атрымаў імя ўсеміласэрнага і прыняў заплату за дабрачыннасьць і ўзнагароду за набожнасьць, паказаўшыся непераможным жаўнерам Хрыста Бога нашага, якому маліся за збаўленнье душаў нашых.

Зачэрпнуўшы з духоўнай збавеннай крыніцы дар ацаленьняў, ты раздаеш яго шчодра ўсім, хто прыходзіць да цябе, і прасьвятляеш ласкаю Божаю тых, што радасна сьвяткуюць сьветлую і слаўную памяць тваю. Богападабнае імя тваё яўна сьведчыць аб дабрыні, што ў табе; маліся стацца годнымі яе і тым, што шануюць цябе.

У шматлікіх мучэньнях, быццам у агні гартаваныя, выпрабоўваліся твае жаданьні і любоў. Церпячы мукі на моры і ў агні, ты перамог начальніка зла і атрымаў шчодры і жыцьцядайны дар Суцяшальніка. Умацаваны ім, ты вярнуў мёртваму жыцьцё і учыніў безьліч ацаленьняў, богамудры і блаславёны Панцялеймане.

Слава ...:

(Тон 6). Сёньня зазьзяла нам памяць бескарысьлівага лекара, клічучы нас на тайнае застольле і радасную ўрачыстасьць; сёньня нам даецца цудадзейны лекар Панцялейман, цьвёрды і непахісны мучанік, які лечыць немачы ўсіх і моліцца шчыра Госпаду за збаўленьне душ нашых.

Цяпер ...:

Багародзічны. Бога ад цябе народжанага мы пазналі, Багародзіца Дзева: малі Яго за збаўленьне душ нашых.

Крыжабагародзічны. Беззаганная Дзева і Чыстая ўладарка, бачачы Сына свайго ўзьнесенага на крыжы, па-матчынаму заплакала і ў зьдзіўленьні ўсклікнула: "Дзіця маё мілае, што гэта бачу я? Як гэта няўдзячныя людзі аддалі Цябе Пілату на суд і засудзілі на сьмерць Жыцьцё ўсіх? Слаўлю Тваю, Слова, невыказную спагадлівасьць".


Вершапесьні:

Вершапесьні актойху

Слава ...:

(Тон 8). Палюбіўшы набожнасьць маці, і адкінуўшы бязбожжа бацькі, ты стаўся воем Лекара душаў, і сам атрымаў дар ацаленьняў. Узмоцнены Божай ласкаю, ты быў зьнішчальнікам грэшных пажаданьняў і лекарам душаў. Цярпеньнямі і малітвамі тваімі ты, мучаніку Хрыстовы Панцялеймане, здабыў непрамінальнае жыцьцё. Цяпер маліся за збаўленьне душаў нашых.

Цяпер ...:

Багародзічны. Пад Тваю апеку прыбягаю, Дзева Сьвятая Багародзіца: ведаю, што праз Цябе змагу атрымаць збаўленьне, бо Ты, Чыстая, можаш памагчы мне.

Крыжабагародзічны. Сонца, убачыўшы, як Ты, Сонца праведнасьці Госпадзе, вісіш на крыжы, схавала промні свае, месяц сьвятло на цемру перамяніў, і нясьцерпны боль пранізаў сэрца Маці Тваёй.


Адпушчальны трапар

(Тон 3). Сьвяты пакутніку і лекару Панцялеймане, малі міласэрнага Бога, каб Ен дараваў душам нашым адпушчэньне грахоў.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст