ЮТРАНЬ
Пасьля "Госпад – Бог...":
Трапар (Тон 1):
Каб перад мукаю Тваёю ўпэўніць нас у агульным уваскрасеньні, Ты, Хрысьце Божа,
узьняў з мёртвых Лазара. Дзеля гэтага мы, як некалі дзеці, трымаем знакі
перамогі і Табе, Пераможцу сьмерці, радасна ўсклікаем: "Гасанна на вышынях,
блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!"
(Тройчы)
Сядальная песьня 1
(Тон 1): Поўны спагады да сьлёзаў Марты і
Марыі, Ты, Хрысьце Божа, што даеш жыцьцё сьвету, загадаў адваліць камень, каб
даць нам доказ уваскрасеньня. Слава сіле Тваёй, Збавіцелю; слава ўладзе Тваёй;
слава Табе, што словам стварыў усё.
Псалом 118; "Хор анёлаў..." (гл. нядзельную ютрань).
Сядальная песьня 2
(Тон 5): Ты, Крыніца мудрасьці, што
бачыш усё, прыйшоў у Бэтанію і спытаўся ў тых, што былі з Мартаю: "Дзе паклалі
вы прыяцеля Лазара?" Заплакаўшы сардэчна, як ласкавы і чалавекалюбны, Ты,
Госпадзе, што даеш усім жыцьцё, голасам сваім уваскрасіў яго, хоць ён быў ужо
мёртвы чатыры дні.
Уваскрасеньне Хрыстовае... Псалом 50.
КАНОН (Тон 8)
Песьня 1
Канон 1
Ірмас: Пяём Госпаду, які правёў людзей сваіх праз
Чырвонае мора, бо Ён адзіны ўславіўся.
Як Творца і Крыніца жыцьця, Ты, Чалавекалюбча, памерлага
Лазара ўваскрасіў Боскім загадам Тваім.
Словам Тваім, Несьмяротны, Ты паклікаў да жыцьця Лазара, які
быў мёртвы чатыры дні, і сілаю Тваёю разбурыў валадарства пекла.
Ты, Госпадзе, даў усім доказ Боства Твайго, калі вярнуў да
жыцьця Лазара, які быў мёртвы чатыры дні.
Сёньня Бэтанія прадвяшчае ўваскрасеньне Жыцьцядаўца Хрыста, і
цешыцца з устаньня з мёртвых Лазара.
Канон 2
Ірмас: Перайшоўшы мора, быццам сушу, і
пазьбегнуўшы ягіпскага зла, Ізраільцянін усклікнуў: "Збавіцелю Богу нашаму
пяём".
Ты, што раней прывёў усё з небыцьця да існаваньня, і ведаеш
тайніцы сэрцаў усіх, як Уладар прадказаў вучням Тваім сьмерць Лазара.
Ты, Хрысьце, што прыняў прыроду людзкую ад Дзевы, як чалавек
прасіў паказаць магілу Лазара, хоць як Бог Ты ведаў, дзе ён быў пахаваны.
Слава ...: Каб упэўніць усіх у Тваім уваскрасеньні, Ты
ўзьняў з магілы, быццам ад сну, памерлага, які быў там ужо чатыры дні і пахнуў.
Цяпер ...: Анёлы і людзі няспынна пяюць хвалу Тваю, Маці
Боганявеста, бо Ты на руках сваіх насіла як немаўля Творцу ўсіх.
Песьня 3
Канон 1
Ірмас: Ты – умацаваньне тых, што прыходзяць да
Цябе, і сьвятло для тых, што ў цемры, і дух мой пяе славу Тваю.
Ты, Збавіцелю, явіў два дзеяньні і паказаў Твае дзьве прыроды
– боскую і людзкую.
Бяздонная глыбіня мудрасьці, Ты пытаешся, дзе паклалі
мёртвага, каб у чалавекалюбстве Тваім уваскрасіць яго.
Ходзячы па зямлі, Ты як чалавек быў абмежаваны, хоць як
неабдымны Бог Ты напаўняеш усё.
Ты, Хрысьце, Боскім Тваім голасам узьняў Лазара. Узьнімі і
мяне, які памёр ад шматлікіх грахоў, малю Цябе.
Канон 2
Ірмас: Госпадзе, Творца нябеснага кругу і
Заснавальніку царквы, мэта жаданьняў і ўмацаваньне верных, умацуй мяне ў любові
Тваёй, адзіны Чалавекалюбча.
Ты, Цудатворца Госпадзе, стаў у Бэтаніі ля магілы Лазара і
заплакаў згодна з людзкой прыродаю, пацьвердзіўшы такім чынам сапраўднасьць
цела, якое Ты, Ісусе Божа мой, успрыняў.
Ты, Спасе, суняў плач Марыі, і Марце паказаў поўню ўлады
Тваёй, бо, як Ты сказаў, Ты – Уваскрасеньне, Жыцьцё, Праўда і Госпад усіх.
Слава ...: Спавітага пахавальнымі пялёнамі прыяцеля
Лазара Ты, Госпадзе, выхапіў з цемры апраметнай, і разбурыў магутным словам
Тваім замкі і ўладу сьмерці.
Цяпер ...: Ты, чалавекалюбны Госпадзе, выбраў Дзеву сабе
за жыльлё і пасяліўся цялесна ў Ёй; явіўся людзям, каб яны маглі бачыць Цябе, і
паказаў ім Яе як існую Багародзіцу і Памочніцу верных.
Катавасія: Госпадзе, Творца нябеснага кругу...
Сядальная песьня (Тон 4):
Сёстры Лазара прыйшлі да Хрыста, горка плачучы і кажучы: "Госпадзе, Лазар
памёр". А Ён, хоць як Бог ведаў месца пахаваньня, спытаўся як чалавек: "Дзе вы
яго паклалі?" Прыйшоўшы да магілы, Ён паклікаў чатырохдзённага Лазара. І той
адразу ўстаў і пакланіўся Таму, хто ўваскрасіў яго.
Слава ... Цяпер ...
(Тон 8): Як Творца Ты ведаў усё наперад, і
папярэдзіў вучняў Тваіх у Бэтаніі: "Прыяцель наш Лазар заснуў"; ведаючы таксама,
Ты спытаўся: "Дзе вы паклалі яго?" – і, памаліўшыся да Айца, заплакаў як
чалавек. Тады Ты, Госпадзе, паклікаў Лазара, якога любіў, і ўзьняў яго. Дзеля
гэтага ўсклікаем Табе: "Прымі, Хрысьце Божа, тых, што асьмельваюцца прыносіць
Табе хвалу, і зрабі ўсіх нас годнымі славы Тваёй".
Песьня 4
Канон 1
Ірмас: Я пачуў, Госпадзе, провіду Твайго тайніцу,
зразумеў дзеяньні Твае і ўславіў Боскасьць Тваю.
Перад тым, як узьняць чатырохдзённага мёртвага, Ты,
Усемагутны, памаліўся да Айца, не таму, што меў патрэбу ў дапамозе, але каб
споўніць невыказную тайніцу провіду Твайго.
Спрадвечнае з Айцом Слова было ад пачатку вядомае як Бог;
цяпер моліцца як чалавек Той, хто прымае малітвы ўсіх нас.
Голас Твой, Збавіцелю, зьнішчыў уладу сьмерці, і асновы пекла
ад Тваёй Боскай сілы ўскалыхнуліся
Багародзічны: Уславім Дзеву, што пасьля родаў
дзеваю засталася і нарадзіла Хрыста Бога, які выбавіў сьвет ад спакусы.
Канон 2
Ірмас: Ты маё ўмацаваньне, Госпадзе, Ты мая сіла,
Ты мой Бог, Ты мая радасьць! Не пакінуўшы ўлоньня Айца, Ты наведаў нашае
ўбоства. Дзеля гэтага разам з прарокам Авакумам клічу: "Слава сіле Тваёй,
Чалавекалюбча!"
Як пастыр Ты, Хрысьце і Творца, выхапіў ад лютага ўсяеднага
зьвера чалавека, які быў мёртвы чатыры дні; гэтым Ты, Усемагутны Госпадзе,
паказаў усяму сьвету славу Твайго ўваскрасеньня на трэці дзень.
Калі тыя, што былі з Мартаю, убачылі Цябе, Жыцьцё, яны
ўсклікнулі: "Калі б Ты, Госпадзе, Прасьвятленьне ўсіх, быў тут, не памёр бы
Лазар". Але Ты, Жыцьцё памерлых, у чалавекалюбстве Тваім перамяніў іхні плач на
радасьць.
Слава ...: Цябе, Госпадзе, Крыніца жыцьця, баяцца
бездані; воды служаць Табе. Перад Табою, Хрысьце, трымцяць брамы пякельныя: Ты,
усемагутны і чалавекалюбны Збавіцелю, разьбіваеш сілаю Тваёю іхнія замкі, і
Лазар устае з мёртвых на загад голасу Твайго,
Цяпер ...: Ты, Дзева – пахвала верных, Ты іхняя
заступніца; Ты – прытулак для хрысьціянаў, сьцяна і сховішча. Ты, Беззаганная,
прыносіш малітвы нашыя да Сына Твайго, і збаўляеш ад бедаў усіх, хто з вераю і
любоўю вызнае Цябе Багародзіцаю.
Песьня 5
Канон 1
Ірмас: Чаму, Незаходнае Сьвятло, адкінуў Ты мяне
ад твару Твайго? Цемра варожая пакрыла мяне, няшчаснага. Але Ты навярні мяне і
да сьвятла запаветаў Тваіх накіруй шлях мой, малюся.
Ты, Жыцьцядаўча, стаў ля магілы Лазара, паклікаў яго і вярнуў
да жыцьця, бо Ты – Жыцьцё несьмяротнае ўсіх сьмяротных людзей. Як Бог, Ты гэтым
ясна прадказаў будучае ўваскрасенне.
Лазар, са зьвязанымі нагамі, выйшаў з магілы. Цуд над усе
цуды! Хрыстос, які даў яму моц, явіўся больш магутным за сьмерць, што трымала
яго. Усё слухаецца Ягонага слова і служыць Яму як Богу і Ўладару.
Ты, Хрысьце, узьняў Лазара, які быў мёртвы чатыры дні.
Узьнімі і мяне, які памёр грахамі маімі і ляжу ў цёмным рове ў ценю сьмерці, і ў
добрасардэчнасьці Тваёй вызваль і збаў мяне.
Канон 2
Ірмас той самы.
Каб умацаваць у веры народ, што стаяў вакол Цябе, Ты,
доўгацярплівы Госпадзе, памаліўся Твайму Айцу і ўславіў Яго, – бо няма
разыходжаньня між Табою і Ім. Аддаўшы Яму падзяку, Ты словам сваім узьняў з
мёртвых Лазара.
Вялікая сіла, Збавіцелю, улады Тваёй і Боскага слова Твайго!
Ёю ты скрышыў усяжэрныя вароты пякельныя сьмерці. Выхапі мяне ад грэшных
пажаданьняў маіх, як некалі прыяцеля Твайго Лазара, што быў ужо мёртвы чатыры
дні.
Слава ...: Малітвамі Лазара, Марты і Марыі, зрабі нас
годнымі бачыць Твой крыж і мукі, чалавекалюбны Госпадзе, і Каралеву ўсіх дзён –
сьветлае Ўваскрасеньне Тваё.
Цяпер ...: Маючы матчыную сьмеласьць у Сына Твайго,
Усячыстая, ня забывай пра нас, родных Табе, у нашых патрэбах, молімся Табе, бо
мы, хрысьціяне, маем Цябе адзінай надзейнай Заступніцай .
Песьня 6
Канон 1
Ірмас: Ты, Госпадзе, усяліў Ёну ў нутро кіта; як
тады яго, так цяпер мяне, зьвязанага варожымі путамі, выбаў ад тленнасьці
Любоў да Лазара прывяла Цябе, Госпадзе, у Бэтанію, і, хоць ён
быў ужо чатыры дні мёртвы, Ты ўзьняў яго і выбавіў ад пякельных путаў.
Марта была ў роспачы, калі бачыла Лазара мёртвага ўжо чатыры
дні. Але Хрыстос, як Бог, словам сваім памерлага ўзьняў і вярнуў да жыцьця.
Канон 2
Ірмас: Ачысьці мяне, Збавіцелю, бо шматлікія
беззаконьні мае, і з глыбіні зла ўздымі мяне, малюся! Цябе клічу, пачуй мяне,
Божа збаўленьня майго!
Як існы Бог, Ты, Уладару, ведаў наперад пра сьмерць Лазара і
прадказаў яе вучням сваім, даючы ім доказ бязьмежнай сілы Боства Твайго.
Ты, незьмяшчальны Госпадзе, што зьмясьціўся ў целе, прыйшоў у
Бэтанію; як чалавек Ты заплакаў над Лазарам, што быў мёртвы чатыры дні; як Бог,
Ты ўзьняў яго зноў.
Кандак (Тон 2):
Хрыстос – радасьць усіх, праўда, сьвятло, жыцьцё і ўваскрасеньне сьвету ў сваёй
дабрыні зьявіўся тым, што на зямлі і, стаўшыся вобразам уваскрасеньня, дараваў
адпушчэньне ўсім.
Ікас. Творца ўсіх прадказаў вучням сваім, што мае
здарыцца, і гэтым паказаў што, Ён ведаў усё. Ён сказаў: "Браты і таварышы Мае,
наш прыяцель Лазар заснуў. Дык пойдзем, пабачым дзівоснае пахаваньне, і плач
Марыі, і магілу Лазара. Там зраблю цуд, які будзе прадвесьнікам Маёй сьмерці на
Крыжы, што дае ўсім Боскае адпушчэньне".
Песьня 7
Канон 1
Ірмас: Юнакі гэбрэйскія ў печы сьмела патушылі
полымя, перамяніўшы агонь на расу, і сьпявалі: "Блаславёны Ты, Госпадзе Божа,
праз усе вякі!"
Ты заплакаў як чалавек, і як Бог узьняў таго, хто быў у
магіле. Лазар, вызвалены з апраметнай, усклікнуў: "Блаславёны Ты, Госпадзе Божа,
на ўсе вякі!"
Лазар, абвязаны пахавальнымі палотнамі, выйшаў з магілы,
вызвалены словам Уладара ад цемры пякельнай бездані, і ўсклікнуў: "Блаславёны
Ты, Госпадзе Божа, на ўсе вякі!"
Канон 2
Ірмас: Юнакі юдэйскія ў Бабілёне некалі патройнаю
вераю полымя агню патушылі, пяючы: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"
Ты, Добры, заплакаў над прыяцелем, суняў плач Марты, і сваімі
дабравольнымі мукамі асушыў сьлёзы з твараў людзей. Божа айцоў нашых, блаславёны
Ты.
Ты, Збавіцелю, Крыніца жыцьця, узьняў мёртвага, быццам ад
сну, і нутро пекла словам разадраў. І вось уваскрослы Лазар запяяў: "Божа айцоў
нашых, блаславёны Ты!"
Ты, Уладару, узьняў спавітага пахавальнымі палотнамі
мёртвага, які ўжо пахнуў. Узьнімі і мяне, аблытанага путамі правінаў, каб мне
пяяць: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!"
Песьня 8
Канон 1
Ірмас: Пад гукі музыкі безьліч людзей пакланялася
ідалу на полі Дэір; але тры юнакі не паслухаліся, яны запяялі песьню Госпаду і
ўславілі Яго на ўсе вякі.
Як Пастыр, Ты пайшоў шукаць мёртвага, выхапіў яго ад лютага
ваўка губіцеля і, сатлелага, аднавіў. І ён запяяў: "Сьпявайце Госпаду, і
ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"
Як чалавек, Ты шукаў магілу; Як Творца, Ты ўваскрасіў
мёртвага ўладарным загадам Тваім; і пекла спалохалася, калі той запяяў:
"Сьпявайце Госпаду і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"
Канон 2
Ірмас: Уладара нябеснага, якога хваляць анельскія
хоры, слаўце і ўзьвялічвайце праз усе вякі.
Пытаешся як чалавек, але як Бог узьнімаеш чатырохдзённага
мёртвага. Дзеля гэтага пяём Табе і ўзьвялічваем Цябе праз усе вякі.
Як знак удзячнасьці Марыя прыносіць Табе, Уладару, духмянае
міра і ўзьвялічвае Цябе на ўсе вякі.
Як чалавек ты молішся Айцу, але як Бог Ты ўзьнімаеш Лазара.
Дзеля гэтага пяём Табе, Хрысьце, на ўсе вякі.
Песьня 9
Канон 1
Ірмас: Чыстую Багародзіцу, што, не апаліўшыся,
прыняла агонь Боства ва ўлоньні сваім, ушануем слаўна, людзі, і ў песьнях
узьвялічым
Калі людзі ўбачылі, як чатырохдзённы мёртвы хадзіў, яны
зьдзівіліся цуду і ўсклікнулі Збавіцелю: "Узьвялічваем Цябе ў песьнях, Божа!"
Каб упэўніць людзей у слаўным уваскрасеньні Тваім, Ты,
Збавіцелю мой, вызваліў з пекла Лазара, які быў мёртвы чатыры дні. Дзеля гэтага
ў песьнях узьвялічваем Цябе.
Канон 2
Ірмас: Сапраўднаю Багародзіцаю вызнаем Цябе, Дзева
чыстая, і з анельскімі хорамі славім Цябе.
Аддаўшы пашану Богу Айцу, Ты, Хрысьце, паказаў, што няма
разыходжаньня між Ім і Табою. Памаліўшыся, Ты ўласнай сілаю ўзьняў
чатырохдзённага мёртвага.
Ты, Хрысьце, узьнімаеш чатырохдзённага мёртвага Лазара на
доказ нам усім Твайго слаўнага трохдзённага ўваскрасеньня.
Ты ходзіш, плачаш і гаворыш, Збавіцелю мой, згодна з Тваёй
людзкой прыродаю; Ты явіў сваё Боства Тваё, калі ўзьняў Лазара.
Уладару і Збавіцелю мой, Ты невыказна ўчыніў маё збаўленьне з
уласнай волі Тваёй, сугучна з дзьвюма Тваімі прыродамі.
Сьвяты Госпад Бог наш...
Экзапастыляр
Словам Тваім, Слова Божае, сёньня цешыцца Лазар, вернуты да
жыцьця; а людзі з галінкамі ў руках аддаюць пашану Табе, Усемагутны, які сьмерцю
сваёю маеш зьнішчыць пекла.
Слава ... Цяпер ...: Хрыстос праз Лазара перамагае
сьмерць, дык дзе ж цяпер твая, пекла, перамога? Сёньня плач з Бэтаніі да цябе
пераходзіць. Дык галінкамі перамогі ўшануем Яго.
Пахвальныя псалмы
(Тон 1): Ты, Хрысьце, уваскрасеньне і жыцьцё
людзей, у добрасардэчнасьці Тваёй прыйшоў на магілу Лазара, каб даць нам доказ
Тваіх дзьвюх прыродаў, што Ты – Бог і чалавек, які нарадзіўся ад Дзевы. Як
чалавек, Ты спытаўся: "Дзе яго пахавалі?"; як Бог, Тваім жыцьцядайным загадам Ты
ўваскрасіў чатырохдзённага мёртвага.
Памерлага чатыры дні Лазара, Ты, Хрысьце, уваскрасіў з
апраметнай, і перад сваёю сьмерцю Ты страсянуў сьмерці дзяржаву, і праз аднаго,
любага Табе, чалавека даў вобраз вызваленьня ўсіх ад тленнасьці. Дзеля гэтага
пакланяемся Тваёй магутнай сіле і ўсклікаем: "Блаславёны Ты, Збавіцелю,
зьмілуйся над намі!"
Марта і Марыя сказалі Збавіцелю: "Госпадзе, калі б Ты быў
тут, Лазар не памёр бы". Але Хрыстос – Уваскрасеньне ўсіх, што заснулі, –
уваскрасіў яго, калі ён быў мёртвы чатыры дні. Дык прыйдзеце, верныя, паклонімся
Таму, хто прыходзіць у славе, каб збавіць душы нашыя.
Ты, Хрысьце даваў вучням Тваім знакі Твайго Боства, але перад
народам Ты іх хаваў і ўпакорваўся. Як Бог, што ўсё ведае, Ты прадказаў апосталам
сьмерць Лазара; але ў Бэтаніі, у прысутнасьці народу, як чалавек, Ты пытаўся,
дзе магіла прыяцеля Твайго. І той, узьняты Табою з мёртвых пасьля чатырох дзён,
явіў Тваю Боскую веліч. Госпадзе ўсемагутны, слава Табе.
(Тон 4): Ты, Хрысьце, узьняў з мёртвых
чатырохдзённага прыяцеля Твайго і суняў плач Марты і Марыі. Гэтым Ты паказаў
усім, што Ты Тваёй Боскай сілаю чыніш усё, што хочаш. Таму хэрувімы пяюць Табе
няспынна: "Гасанна на вышынях, блаславёны Ты над усімі, Божа. Слава Табе!"
Марта ўсклікнула Марыі: "Настаўнік прыйшоў і кліча цябе". І
тая хутка прыйшла, дзе быў Госпад. Убачыўшы Яго, яна пакланілася Яму да зямлі і,
пацалаваўшы ўсячыстыя Ягоныя ногі, усклікнула: "Госпадзе, калі б Ты быў тут,
брат наш не памёр бы".
Верш: Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца
рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.
(Тон 8): Ты ўзьняў у Бэтаніі чатырохдзённага
памерлага Лазара. Як толькі Ты прыйшоў да магілы, голас Твой стаўся жыцьцём для
памерлага, і пекла, уздыхнуўшы, у страху адпусьціла яго. Вялікі цуд:
Шматміласэрны Госпадзе, слава Табе!
Верш: Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам
маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.
Ты, Госпадзе, сказаў Марце: "Я – Уваскрасеньне", і даказаў
гэта на справе, калі паклікаў з апраметнай мёртвага Лазара. Дык і мяне,
памерлага многімі грэшнымі пажаданьнямі, пакліч і ўзьнімі ў спагадлівасьці
Тваёй, Чалавекалюбча.
Слава ...
(Тон 2): Вялікі і слаўны цуд стаўся сёньня:
Хрыстос паклікаў прыяцеля свайго, які быў мёртвы чатыры дні, і ўваскрасіў яго.
Славім у песьнях Яго, як усяслаўнага, і просім, каб малітвамі праведнага Лазара
Ён збавіў душы нашыя.
Цяпер ...: Найблаславёная Ты...
Вялікае ўслаўленьне
і трапар (тон 1):
Каб перад мукаю Тваёю ўпэўніць нас у агульным уваскрасеньні, Ты, Хрысьце Божа,
узьняў з мёртвых Лазара. Дзеля гэтага мы, як некалі дзеці, трымаем знакі
перамогі і Табе, Пераможцу сьмерці, радасна ўсклікаем: "Гасанна на вышынях,
блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!"
|