Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 2 лютага - Сустрэча Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста (Стрэчаньне)


 

 

2 лютага - Сустрэча Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста (Стрэчаньне)

Канон (Тон 3)

Песьня 1

Ірмас. Сонечныя промні калісьці асьвятлілі зямлю, што была ў глыбіні марской: бо вада па двух бакох сталася быццам сьцяна, а людзі перайшлі мора пехатою, сьпяваючы Богапрыемную песьню: "Пяём Госпаду, бо Ён уславіўся!"

Хай хмары зыдуць на зямлю кроплямі дажджу, бо вось Хрыстос-Сонца, што сядзіць на хмары, прыносіцца на чыстых руках у сьвятыню. Дык усклікнем, верныя, на ўвесь голас: "Пяём Госпаду, бо Ён уславіўся!"

Мацнейце, аслабленыя старасьцю рукі Сямёна, і вы, старэчыя ногі, бяжыце насустрач Хрысту. А мы разам з анёльскімі хорамі будзем пяяць Госпаду, бо Ён уславіўся.

Весяліся, неба, і ты, зямля, радуйся, бо вось Хрыстос, ваш Творца, што выйшаў спрадвеку з Боскага ўлоння, прынесены як дзіцятка Дзеваю Маці Богу-Айцу, уславіўся.

Катавасія: ірмас

Песьня 3

Ірмас. Ты, Госпадзе, – умацаваньне тых, што спадзяюцца на Цябе. Умацуй Царкву Тваю, якую Ты набыў крывёю сваёю.

Першародны спрадвечны Сын Айца явіўся як першародны Сын усячыстае Дзевы і працягнуў руку дапамогі Адаму.

Бог-Слова ў міласэрнасьці сваёй зьявіўся як дзіця, каб абнавіць першастворанага, які, спакусіўшыся, зьдзяцінеў розумам .

Нязьменны Творца стаўся чалавекам і апрануў у Боскасьць нашую прыроду, што была ўзятая з зямлі і туды ж мела вярнуцца.

Сядальная песьня (тон 4). Некалі на гары Сынайскай Майсей бачыў Бога цьмяна і ўдастоіўся пачуць невыразна голас Божы ў хмары і ветры. Цяпер Сямён на руках сваіх трымае Бога, які, застаючыся нязьменным, прыняў цела дзеля нас. Поўны радасьці, ён сьпяшаецца перайсьці ад гэтага жыцьця да вечнага і кліча: "Цяпер, Госпадзе, адпусьці слугу Твайго".

Слава ... цяпер ...: тое самае

Песьня 4

Ірмас. Ласка Твая, Хрысьце, пакрыла нябёсы. Выйшаўшы з каўчэга сьвятасьці – Твае ўсячыстае Маці, – Ты явіўся як Дзіця на руках у сьвятыні славы Тваёй, і ўвесь сьвет напоўніўся хвалы Тваёй.

"Радуйся, Сямёне, – Багародзіца ўсклікнула. – Ты атрымаў пазнаньне невыказных тайніцаў: прымі на рукі твае Хрыста-Слова, які стаўся дзіцяткам, як табе Дух сьвяты прадказаў, і ўсклікні: "Увесь сьвет напоўніўся хвалы Тваёй!"

Прымі, Сямёне, радасна дзіцятка Хрыста, Пацяшэньне Боскага Ізраіля, Творцу Закону і Уладара, які спаўняе напісанае ў Законе, і ўсклікні Яму: "Увесь сьвет напоўніўся хвалы Тваёй!"

Убачыўшы ў целе спрадвечнае Слова, Прычыну ўсяго, што існуе, якое спачывала, як дзіця, на руках Дзевы, быццам на хэрувімскім пасадзе, Сямён зьдзівіўся і ўсклікнуў: "Увесь сьвет напоўніўся славай Тваёй!"

Песьня 5

Ірмас. Ісая ўбачыў вобразна на пасадзе Бога, якога ўзносілі ў славе хэрувімы, і ўсклікнуў: "Гора мне, бо я бачыў перадчасна Бога, які мае прыйсьці ў целе, Госпада незаходнага Сьвятла і Уладара сьвету!"

Сямён убачыў Слова на руках Маці і зразумеў, што гэта Слава, якая некалі явілася прароку. Ён усклікнуў: "Радуйся, Чыстая, што, быццам пасад, носіш Бога, Госпада незаходнага Сьвятла, Уладара сьвету!"

Стары Сямён пакланіўся, набожна дакрануўся да сьлядоў ног Маці Божае, што мужа ня знала, і сказаў: "Ты, Чыстая, носіш Агонь; я ж баюся узяць на рукі Дзіцятка-Бога, Госпада незаходнага сьвятла, Уладара сьвету".

"Сэрафім ачысьціў Ісаю вугалем, – Стары сказаў Маці Божай. – Ты ж прасьвятляеш мяне, даючы мне на рукі Таго, каго трымаеш на руках сваіх – Госпада незаходнага сьвятла, Уладара сьвету".

Песьня 6

Ірмас. Стары Сямён убачыў на ўласныя вочы Збаўленьне, што прыходзіць ад Бога да людзей, і ўсклікнуў: "Ты, Хрысьце, – Бог мой!"

Ты быў пакладзены на Сыёне як камень спатыкненьня і спакусы для неслухмяных, а для верных як непахіснае збаўленьне.

Ты, вобраз Таго, хто перад вякамі нарадзіў Цябе, у міласэрнасьці Тваёй апрануўся ў людзкую слабасьць.

Цяпер адпускаеш у супакоі таго, хто пакланяецца Табе як Сыну Усявышняга і сыну Дзевы, Богу, што стаўся чалавекам.


Кандак (тон 1). Улоньне дзявочае Ты асьвяціў і рукі Сямёна блаславіў, як належала; і цяпер, апярэдзіўшы нас, Ты дараваў нам збаўленьне, Хрысьце Божа. Захавай у супакоі Царкву Тваю, і ўмацуй усіх нас у любові Тваёй, адзіны Чалавекалюбча.

Ікас. Пойдзем да Багарадзіцы, каб убачыць, як Яна прыносіць Сына свайго да Сямёна. Нябесныя сілы, гледзячы на Яго з неба, дзівіліся і казалі: "Бачым дзівосныя і цудоўныя рэчы, якіх нельга зразумець і словамі выказаць. Творца Адама прыносіцца, як дзіця; Неабдымны зьмяшчаецца ў старэчых абдымках. Бязьмежны ва ўлоньні Айца, дабравольна абмяжоўваецца ў целе, але ня ў Боскасьці, адзіны Чалавекалюбец".

Песьня 7

Ірмас. Цябе, які паслаў расу юнаком, што ў печы бласлаўлялі Цябе, і пасяліўся ў дзявочым улоньні, Бога-Слова славім і набожна пяём: "Блаславёны Бог айцоў нашых!"

"Іду занесьці добрую вестку Адаму і Эве, што жывуць у апраметнай!" – Сямён усклікнуў і разам з прарокамі радасна запяяў: "Блаславёны Бог айцоў нашых!"

Каб збавіць створаны з пылу зямнога род людзкі, Бог зыдзе нават да пекла. Ён прынясе палонным вызваленьне, сьляпым верне зрок і мову нямым, каб ім усклікаць моцным голасам: "Блаславёны Бог айцоў нашых!"

"Меч параніць сэрца Тваё, Усячыстая Дзева, – Сямён прадказаў Багародзіцы, – калі ўбачыш на крыжы Сына Твайго, якому голасна ўсклікаем: "Блаславёны Бог айцоў нашых!"

Песьня 8

Ірмас. Багабойныя юнакі стаялі непашкоджаныя сярод нясьцерпнага агню і пяялі Боскую песьню: "Блаславіце Госпада, усе творы Гасподнія, і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"

Людзі ізраільскія, убачыўшы славу Тваю, Эмануэль, што нарадзіўся ад Дзевы, стоячы перад Боскаю скініяй, запяялі: "Блаславіце Госпада, усе творы Гасподнія, і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"

Сямён усклікнуў: "Вось знак, якому супрацівяцца многія,– Бог і дзіця". А мы ўсклікнем Яму на ўвесь голас: "Блаславіце Госпада, усе творы Гасподнія, і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"

Жыцьцё Бог-Слова стаўся дзіцяткам на ўпадак няверным і на ўстаньньне ўсім верным, якія пяюць: "Блаславіце Госпада, усе творы Гасподнія, і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"


"Душа мая абвяшчае веліч Госпада..." не пяецца, а замест яе наступныя прыпевы ў перамешку са строфамі дзевятай песьні:

Прыпеў. Багародзіца Дзева, надзея хрысьціянаў, пакрый, захавай і збаў тых, што спадзяюцца на Цябе.

Песьня 9

Ірмас. Пад покрывам Закону і Пісаньняў вобраз нам, верным, дадзены: кожны сын першародны Богу пасьвячаецца. Дзеля гэтага мы ўзьвялічваем Першароднае Слова спрадвечнага Бога, Сына першароднага Дзевы Маці.

Прыпеў. Баганосны Сямёне, прыйдзі і вазьмі на рукі Хрыста, якога нарадзіла Чыстая Дзева.

Тое самае.

Прыпеў. Не стары трымае Мяне, але Я яго, і ён у Мяне просіць адпусьціць яго.

Некалі людзі прыносілі ў ахвяру двух голубаў або дзьве туркаўкі. Замест іх сьвяты стары і багамудрая прарочыца Ганна служылі і сьпявалі прынесенаму ў сьвятыню Сыну Дзевы, Адзінароднаму Айца.

Прыпеў. Ганна дабрадзейная прасьвятляе ўсіх вызнаньнем Хрыста, Творцы неба і зямлі.

Тое самае.

Прыпеў. Неспасьціглае для анёлаў і людзей тое, што сталася ў Табе, Маці Дзева Чыстая.

"Ты даў мне радасьць збаўленьня Твайго, Хрысьце! – Сямён усклікнуў. – Вазьмі слугу Твайго, змучанага жыцьцём у ценю, і ўчыні мяне новым прапаведнікам ласкі Тваёй, каб мне ўзьвялічваць Цябе".

Прыпеў. Усхвалім набожна патройнае зьзяньне адзінага ў трох асобах Боства.

Тое самае.

Прыпеў. Дзева Марыя, прасьвятлі маю азмрочаную жыцьцёвымі марнасьцямі душу.

Ганна сьвятая, моцная духам, у пажылым веку свабодна і адкрыта вызнала Госпада ў сьвятыні; і, прызнаўшы Багародзіцу, перад усімі ўзьвялічыла Яе.

Прыпеў. Багародзіца Дзева, надзея хрысьціянаў, пакрый, захавай і збаў тых, што спадзяюцца на Цябе.

Катавасія. Пад покрывам Закону і Пісаньняў вобраз нам, верным, дадзены: кожны сын першародны Богу пасьвячаецца. Дзеля гэтага мы ўзьвялічваем Першароднае Слова спрадвечнага Бога, Сына першароднага Дзевы Маці.


Экзапастыляр. Пакліканы Духам у сьвятыню, стары ўзяў на рукі Творцу Закону і ўсклікнуў: "Вызвалі мяне сёньня ў супакоі ад цялесных путаў, як абяцаў, бо мае вочы бачылі сьвятло народаў і збаўленьне Ізраіля".


Пахвальныя псалмы

(Тон 4). Спаўняючы пісаны закон, Чалавекалюбец прыносіцца сёньня ў сьвятыню. Стары Сямён прымае Яго на свае рукі і кажа: "Цяпер адпускаеш мяне да вечнага шчасьця, бо я ўбачыў сёньня Цябе, апранутага ў сьмяротнае цела, хоць Ты Госпад жыцьця і Уладар сьмерці". (Двойчы)

Ты, Госпадзе, явіў сябе сьвятлом для прасьвятленьня народаў. Як Сонца праведнасьці, што сядзіць на хмары, Ты споўніў усё, што Закон цьмяна прадказваў, і паказаў сьвітанак новай ласкі. Сямён, убачыўшы Цябе, усклікнуў: "Вызвалі мяне ад тленнасьці, бо сёньня я ўбачыў Цябе".

Не пакідаючы ўлоньня Айца як Бог, Ты дабравольна прыняў цела і быў ношаны ў абдымках Заўсёды Дзевы. Ты, што трымаеш усё рукою Тваёю, дазволіў Сямёну Богапрыемцу ўзяць Цябе на рукі, і ён радасна ўсклікнуў: "Сёньня адпускаеш у супакоі слугу Твайго, бо я ўбачыў Цябе, Уладару".

Слава ... цяпер ...:

(Тон 6). Хрысьце Божа, што сёньня захацеў усьсесьці на старэчых руках, быццам на хэрувімскай калясьніцы, вызвалі ад мукаў грахоўных і нас, якія клічам Цябе, і збаў нас, бо Ты добры і Чалавекалюбец.


Пасьля Вялікага ўслаўленьня:

Трапар (тон 1). Радуйся, поўная ласкі Багародзіца Дзева, бо з Цябе зазьзяла Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які прасьвятляе тых, што ў цемры. Весяліся і ты, праведны стары, успрыняўшы на рукі свае Вызваліцеля душаў нашых, які дае нам уваскрасеньне.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст