Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Сьветлы Чацьвер


 

 

Сьветлы Чацьвер

ЮТРАНЬ


Пахвальныя псалмы

(Тон 5). З запячатанай нягоднікамі магілы выйшаў Ты, Госпадзе, які нарадзіўся ад Багародзіцы; бесьцялесныя анёлы не зразумелі ўцелаўленьня Твайго; а воі ня чулі, калі Ты ўваскрос: бо адно і другое было схаванае ад цікаўных вачэй. Але тым, што з вераю пакланяюцца тайне, былі аб'яўленыя цуды. I нам, якія праслаўляем Цябе, дай радасьць і веліч зьмілаваньня Твайго.

Ты, Госпадзе, зламаў вечныя замкі і скрышыў аковы. Ты ўваскрос з магілы, пакінуўшы пахавальныя палотны на сьведчаньне сапраўднага Твайго трохдзённага пахаваньня; і, хоць вартаўнікі сьцераглі Цябе ў магіле, Ты апярэдзіў апосталаў у Галілеі. Вялікая Твая міласэрнасьць, Збавіцелю. Зьмілуйся над намі і збаў нас!

Жанчыны прыбеглі да магілы, Госпадзе, каб бачыць Цябе, Хрысьце, што пацярпеў за нас; але, прыйшоўшы, знайшлі анёла, які сядзеў на адваленым камяні. I той усклікнуў, кажучы: "Госпад уваскрос! Скажыце вучням, што Ён устаў з мёртвых і збаўляе душы нашыя".

Калі Ты, Госпадзе, выйшаў з запячатанае магілы, Ты ўвайшоў праз зачыненыя дзьверы да вучняў Тваіх і паказаў ім на целе Тваім раны, якія Ты атрымаў, доўгацярплівы Збавіцелю. Як сын Давіда, Ты пацярпеў раны, як Божы Сын, Ты вызваліў сьвет. Вялікая Твая міласэрнасьць, недасяжны Збавіцелю. Зьмілуйся над намі і збаў нас!

Хай уваскрэсьне Бог... і г. д. (Гл. вершапесьні вячэрні нядзелі Вялікадня)


ЛІТУРГІЯ


Пракімен: Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце; сьпявайце Ўладару нашаму, сьпявайце.

Верш: Усе народы, пляскайце ў далоні, усклікніце Госпаду радасным голасам.


Чытаньне Апостальскіх Дзеяньняў


У той час Пётра сказаў юдэям, якія прыйшлі да яго: "Пакайцеся, і няхай кожны з вас ахрысьціцца ў імя Ісуса Хрыста для адпушчэньня грахоў; і атрымайце дар Духа Сьвятога. Бо абяцанае належыць вам і дзецям вашым, і ўсім далёкім, колькі іх пакліча Госпад Бог наш". I іншымі шматлікімі словамі сьведчыў і навучаў, кажучы: "Ратуйцеся ад гэтага распуснага роду". Тыя, што прыхільна прынялі ягоныя словы, ахрысьціліся, і ў гэты дзень далучылася каля трох тысячаў душаў. I трывалі ў навуцы апостальскай, у супольнасьці і ламаньні хлеба, і ў малітвах. I страх зьняў кожную душу, і многа цудаў і знакаў дзеялася праз апосталаў. I ўсе верныя былі разам, і ўсё ў іх было супольнае; і прадавалі дабро сваё і дастаткі, і дзялілі між усіх, як каму трэба было. I кожны дзень, аднадушна прабываючы ў сьвятыні і ламаньні хлеба ў дамох, прымалі стравы ў радасьці і прастаце сэрца, славячы Бога і маючы ласку ў усяго народу. Госпад жа штодня дадаваў Царкве тых, што збаўляюцца. (Дз. 2: 38б-43)


Алілуя: Падрыхтуйся і ідзі наперад дзеля праўды, набожнасьці і справядлівасьці.

Верш: Ты палюбіў справядлівасьць і ўзьненавідзеў беззаконьне.


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна

Быў між фарысэяў чалавек на імя Нікодым, адзін з начальнікаў гэбрэйскіх. Той прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: "Раббі, мы ведаем, што Ты настаўнік, які прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх цудаў, якія Ты робіш, калі б Бог ня быў з ім". I сказаў яму Ісус у адказ: "Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца нанова, ня можа бачыць валадарства Божага". Нікодым кажа Яму: "Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Няўжо ён можа другі раз увайсьці ва ўлоньне маці сваёй і нарадзіцца?" Ісус адказаў: "Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў валадарства Божае. Народжанае з цела ёсьць цела, а народжанае з Духа ёсьць дух. Не дзівіся, што Я сказаў табе: трэба нарадзіцца нанова. Дух дыхае, дзе хоча, і голас ягоны чуеш і ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды адыходзіць: гэтак і кожны, народжаны ад Духа". Нікодым сказаў Яму ў адказ: "Як гэта можа быць?" Ісус адказаў яму: "Ты – настаўнік Ізраіля, і гэтага ня ведаеш? Сапраўды, сапраўды кажу табе: мы гаворым аб тым, што ведаем, і сьведчым аб тым, што бачылі, і вы сьведчаньня нашага не прымаеце. Калі я сказаў вам аб зямным, і ня верыце, то як паверыце, калі буду гаварыць аб нябесным? I ніхто не ўзышоў на неба, толькі Сын Чалавечы, што на небе, які з неба зышоў. I як Майсей узьняў зьмея ў пустыні, так мусіць быць узьняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, ня згінуў, але меў жыцьцё вечнае". (Ян 3:1-15)


Старонка 1 з 2 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст