Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус

19. Цяжкая біскупская мітра - Працяг

21 ліпеня 1974 году раптоўна памёр Абэрон Гэрбэрт, адзін з заснавальнікаў i старшыня Англа-Беларускага Таварыства. Нашчадак старога англа-валійскага роду i каталік, у апошнія гады ён уважаў сябе парафіянінам беларускай царквы сьвятых Пятра i Паўла ў Марыян Гаўз. Вучні з інтэрнату сьв. Кірылы праводзілі ў ягонай сядзібе ў Сомэрсэце свае летнія канікулы. Згодна зь ягоным жаданьнем, хаваў яго 23 ліпеня біскуп Сіповіч.

17 жніўня ў Нямеччыне загінуў у аўтакатастрофе 56-гадовы айцец Уладзімер Салавей. Ён быў сакратаром біскупа Сіповіча ў Мюнхэне ў 1960 годзе i пазьней, пад час Ватыканскага Сабору. Гэтага чалавека вялікай дабрыні шанавалі ўсе, хто яго ведаў. Ён вельмі любіў літургічную малітву. Ha ўсіх, хто прысутнічаў на ягонай Літургіі, рабілі вялікае ўражаньне пабожнасьць i павага, зь якой ён служыў. Ha пахаваньне 22 жніўня прыехалі два біскупы: беларускі Чэслаў Сіповіч i ўкраінскі Платон Карныляк – шмат сьвятароў, а таксама ўкраінскі праваслаўны біскуп Арэст i вялікая колькасьць людзей усіх нацыянальнасьцяў i веравызнаньняў.

Празь месяц, 19 верасьня, у Рыме памёр украінскі архібіскуп Іван Бучка, кансэкратар біскупа Сіповіча ў 1960 годзе. Біскуп Сіповіч вельмі яго шанаваў i ніколі не забываўся адведаць, калі быў у Рыме. Апошні раз яны бачыліся ў сакавіку 1974 году.

Уладыка Чэслаў пацярпеў таксама вялікую асабістую страту. 26 кастрычніка 1974 году ў 84-гадовым веку памерла ў Дзедзінцы ягоная маці Ядвіга. Ён ня бачыў яе з 1938 году, калі быў выселены з Друі i выехаў у Рым. Уладыка часта казаў, што сваёю вераю i беларускасьцю забавязаны маці. Ягоны бацька памёр у 1957 годзе.

Апрача стратаў, 1974 год прынёс таксама паважныя зьмены. Дзякуючы айцу Гарошку беларускія праграмы на Ватыканскім радыё дасягнулі высокага роўню. Кіраўніцтва радыё гэта заўважыла i пачало сур’ёзна думаць пра павелічэньне часу для беларускіх праграмаў. Ha іхную пастанову паўплывалі напады на айца Гарошку ў беларускай савецкай прэсе. Гэта быў доказ, што ў Беларусі Ватыканскія перадачы слухаюць i яны не падабаюцца камуністычным гаспадаром. Аднак айцу Гарошку споўнілася ўжо 63, i адзін ён ня мог даць рады з пашыранай праграмай. Біскуп Чэслаў пастанавіў паслаць яму на дапамогу зь Лёндану айца Рабэрта Тамушанскага, які толькі што атрымаў доктарскі дыплём Лёнданскага ўнівэрсытэту. Ён выехаў у Рым у кастрычніку. У Лёндане засталіся Ўладыка i чатыры сьвятары, зь якіх толькі адзін меў менш за 60 гадоў. Да таго ж пагоршыліся эканамічныя ўмовы, і таму ўрэшце прыйшлося з жалем зачыніць інтэрнат сьв. Кірылы. Айцец Надсан заставаўся кіраўніком, пакуль там былі яшчэ хлопцы, якія канчалі навуку.

У 1973 годзе новым прэфэктам Усходняй Кангрэгацыі стаў кардынал Поль Філіп (Paul Philippe), францускі дамініканец. Яны зь біскупам Сіповічам добра ведалі адзін аднаго яшчэ з часоў Ватыканскага Сабору, i ягонае прызначэньне не зьмяніла стаўленьня Ўсходняй Кангрэгацыі да беларускіх справаў. Затое зь Дзяржаўнага Сакратарыяту ў чэрвені 1974 году адышоў манс. Мантальва, які з 1964 году займаўся беларускімі справамі, у прыватнасьці прызначэньнем апостальскага адміністратара ў Беларусі. Ён стаў архібіскупам і нунцыем у рэспубліках Гандурас i Нікарагўа. Ha ягонае месца ў Дзяржаўным Сакратарыяце прыйшоў манс. Іван Дыяз, індус. Уладыка Чэслаў упершыню сустрэўся зь ім 21 чэрвеня 1975 году, i ён зрабіў на яго такое ўражаньне: «Спатканьне ў Сакратарыяце Стану з Монс. Іван Дыяз, які ёсьць на месца Монс. Мантальва. Гіндус. Зьвяртае ўвагу на малітву. Часта паўтарае: Fatima, Madonna ha detto... (Фатыма, Маці Божая сказала... – А.Н.). Ён мае пад сабой справы славян i Кітаю. Кажа, што апошнім часам “Mosca e irrigidita” (Масква стала незгаворлівай. – А.Н.). Аднак справу біскупа ў Беларусі мы ўсе павінны рухаць. Атрымалі ліст з Зл. Шт. Амэрыкі, i адтуль панагляюць справу біскупа ў Беларусі... Цікава выясьняе Монс. Дыяз становішча Масквы: ёй не падабаецца, што масы народу адведваюць Рым i слухаюць Айца Сьв.» Другое спатканьне было 2 ліпеня: «Перад абедам іду ў Сакратарыят Стану i гутару з Монс. Іван Дыяз. Гэты містык гаворыць аб Fatima, аб малітве. Чуваць горыч да Кард. Міндсэнты, да ўсіх нацыянальных груп у вольным сьвеце».

2 кастрычніка 1975 году памёр у Лёндане яшчэ адзін беларускі сьвятар – айцец Тамаш Падзява. Ён пражыў 69 гадоў. Маладым клерыкам яго выправілі ў 1929 годзе ў Рым у Русікум. У 1935 годзе як сьвятара з тытулам доктара філязофіі i ліцэнцыятам багаслоўя айца Падзяву накіравалі на працу сярод расейцаў у Харбіне, дзе ён заставаўся 14 гадоў. Арыштаваны камуністамі ў канцы 1948 году, ён правёў наступных сем гадоў у савецкіх турмах i лягерох. Па вызваленьні ў 1955 годзе айца Тамаша выслалі ў Польшчу. У 1969 годзе яму ўдалося выехаць у Рым, а адтуль – у Лёндан. Здароўе айца Падзявы было вельмі слабое. Ён шмат пісаў i супрацоўнічаў у часопісах Божым шляхам i Зьніч, але большая частка ягоных матар’ялаў засталася ў рукапісах. Ён меў незвычайную памяць, усеахопныя веды i здольнасьць вытлумачыць найбольш складаныя рэчы проста i зразумела. У іншых абставінах айцец Падзява мог стаць выдатным філёзафам i духоўным пісьменьнікам, якім беларусы маглі б ганарыцца. Пакінуў па сабе памяць як узорны i глыбока пабожны сьвятар.

Міжнародны Эўхарыстычны Кангрэс у Філядэльфіі 1–8 жніўня 1976 году стаўся апошняй падзеяй сусьветнага маштабу, у якой браў удзел біскуп Сіповіч. Галоўная тэма Кангрэсу была “Хрыстос – Хлеб Жыцьця”, як адказ на “Голад Людзкой Сям’і”. У Кангрэсе ўдзельнічала вялікая i добра зарганізаваная група беларусаў, у вялікай меры дзякуючы стараньням i арганізацыйным здольнасьцям а. Уладзімера Тарасэвіча, пастыра Царквы Хрыста Спаса ў Чыкага. Беларусам, як i іншым нацыянальным суполкам, адводзілася асобная царква для іхнай праграмы i малітваў. Вось у гэтай царкве 7 жніўня Ўладыка Чэслаў служыў урачыстую біскупскую службу, на якой сказаў казань па-беларуску i па-ангельску пра Эўхарыстычнага Хрыста ў сьвятой Літургіі. Вось галоўныя думкі гэтай казані:

«Адной з мэтаў такіх царкоўных падзеяў, як Эўхарыстычны Кангрэс, ёсьць паказаць усяму сьвету веру хрысьціян у Хрыста Эўхарыстычнага, у Хрыста, які да таго прыходу, калі будзе ў славе судзіць жывых i мёртвых, скрываецца пад відам хлеба i віна.

З нагоды сяньняшняга Кангрэсу мы прысьвяцім крыху часу на разважаньне нашай усходняй літургіі, якой сутным элемэнтам зьяўляецца аддаваньне чэсьці Богу Ўсёмагутнаму ў Сьвятой Тройцы праз эўхарыстычную жэртву Хрыста. Калі ўдумацца ў малітвы нашай літургіі, у яе абрады, дык хутка прыйдзем да перакананьня, што яе аўтарам быў сам Дух Сьвяты... A калі Бог стварыў дзіўную рознасьць народаў, расаў i моваў, Бог дае i сродкі прывесьці ix да самога сябе... Вось жа адным з такіх магутных сродкаў i ёсьць сьв. Літургія, усенародны, уселюдзкі акт аддаваньня чэсьці Богу.

A цяпер некалькі канкрэтных фактаў з нашай Літургіі.

Першы: яна ўсё асьвячае, ушляхотнівае, адносіць да Бога, ад каторага мае ўсё пачатак, у каторым усё рухаецца i жыве...

Другі: Літургія вымагае ад нас веры, але ёсьць адначасова магутным сродкам падтрыманьня нашай веры.

Нідзе так моцна не выказана праўдаў веры – уцелаўленьне Хрыста, Яго збаўчыя заслугі, догмат Тройцы Сьвятой, Божае мацярынства, – як у нашай Літургіі. А перадусім прысутнасьць Хрыста ў зьнікомым выглядзе хлеба i віна.

Усе гэта вымагае сільнай... веры... I таму нашая Літургія ў кожнай Божай Службе вымагае, каб быў чытаны або сьпяваны сымбаль Нікейска-Канстантынопальскі, “Веру ў Бога Айца Ўсемагутнага”.

I вось тады, калі мы адпаведна прыгатаваныя вонкава, a перадусім праз акты веры ўнутрана... тады сьвятар можа прыступіць да найбольш таёмнага, але i найбольш магутнага акту ў сьвеце, які можна параўнаць толькі з актам стварэньня сьвету, калі Бог сказаў “Станься!”, i сталася – гэтым актам-дзеяньнем ёсьць словы сьвятара, у сілу якіх хлеб стаецца целам Хрыста, a каплі віна – Ягонай сапраўднай кроўю...

Няхай жа гэты сьвяты Кангрэс... у якім i мы ад імя ўсяго беларускага народу сяньня за веру прадзедаў, за веру Хрыста прасьледаванага маем прывілей прымаць удзел, павялічыць веру ў Хрыста Эўхарыстычнага, зробіць шчасьлівейшай гэту слаўную ўжо краіну, i падтрымае на духу наш народ, за які мы тут горача молімся».

28 ліпеня 1977 году ў шпіталі ў Парыжы пасьля няўдалай апэрацыі ў 66 гадоў памёр айцец Леў Гарошка. Усе, хто нават першы раз сустрэўся з айцом Львом, не маглі не адчуць, што яны ў прысутнасьці чалавека, які жыў праўдаю сваёй веры. Ягоныя казані i артыкулы на рэлігійныя тэмы толькі ўзмацнялі гэтае ўражаньне. У сваіх працах i артыкулах пра Сьвятую Еўфрасіньню Полацкую, беларускую царкоўную архітэктуру, культ Маці Божай у Беларусі, рэлігійны элемэнт у беларускім фальклёры ды іншае ён закранаў тэму хрысьціянскіх каранёў беларускай культуры. Айцец Гарошка бараніў права беларусаў быць сабою i свабодна разьвіваць Богам дадзеныя ім таленты. Яго абурала, калі нехта выкарыстоўваў рэлігію для палітычных мэтаў. У сваёй працы “Пад знакам рускае i польскае веры”[146] ён на канкрэтных прыкладах паказаў, як суседзі беларусаў з усходу i захаду пад покрывам рэлігіі праводзілі “Kultutrkampf” супраць усяго беларускага. Айцец Гарошка марыў пра адраджэньне Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Ён шанаваў усе абрады ў Царкве, але ніколі не адчуваў спакусы стаць “бірытуалістам”, г. зн. мець права адпраўляць Службу Божую ў рымскім i бізантыйскім абрадах, залежна ад патрэбы ці выгоды. Ён верыў у роўнасьць усіх абрадаў у Каталіцкай Царкве, i таму для яго “бірытуалізм” азначаў прызнаньне непаўнацэннасьці свайго бізантыйскага абраду. Вестка пра сьмерць айца Льва разышлася сумным рэхам сярод беларусаў па ўсім сьвеце. Сярод шматлікіх лістоў i тэлеграмаў з спачуваньнямі былі таксама тэлеграма ад папы Паўла VI i ліст ад мітрапаліта Андрэя Крыта, галавы Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Пахаваньне адбылося 8 жніўня ў Лёндане.

Зь сьмерцю айца Гарошкі для беларускіх сьвятароў паўсталі новыя праблемы : іх лік хутка меншаў. Пра гэта ішла гаворка на іхным зьезьдзе ў Рыме 14–21 кастрычніка 1977 году. Галоўнае пытаньне – як працягваць працу пры такім малым ліку сьвятароў. Айцец Тамушанскі стаў кіраўніком беларускіх праграмаў на Ватыканскім радыё. Айцу Надсану давялося ўзяць на сябе душпастырства сярод беларусаў у Францыі, не пакідаючы сваіх абавязкаў у Лёндане. Уладыка Чэслаў прыняў на сябе адказнасьць за часопіс Божым шляхам,бо айцец Германовіч праз свой вельмі паважны век ня мог болей заставацца рэдактарам. У тым часе ў Рыме адбываўся Сынод Біскупаў, i таму беларускія сьвятары не маглі атрымаць прыватнай аўдыенцыі ў Сьвятога Айца. Мэмарыял, прыгатаваны зьездам, Уладыка Чэслаў перадаў Дзяржаўнаму Сакратару кардыналу Віё. Удзельнікі зьезду адведалі айца Татарыновіча, які дажываў свой век у доме для старых сьвятароў.

Вялікія зьмены адбыліся ў Каталіцкай Царкве ў 1978 годзе. 6 жніўня памёр папа Павал VI. Ён ачольваў Царкву ў вельмі цяжкі пасьлясаборны пэрыяд. Чалавек міру, ён застанецца ў гісторыі як папа, што зрабіў першы крок, каб залячыць тысячагадовую рану падзелу між Каталіцкай i Праваслаўнай Цэрквамі. Зь іншага боку, ягоныя спробы аблегчыць лёс каталікоў у Савецкім Саюзе ды іншых камуністычных дзяржавах выклікалі неадназначную рэакцыю на Захадзе i нават абвінавачаньні ў супрацоўніцтве з камуністамі. Калі ідзе пра беларусаў, дык ягоныя намаганьні прызначыць біскупа ў Беларусі скончыліся няўдачай.

Пасьля сьмерці папы Паўла VI i кароткага пантыфікату Яна Паўла I 16 кастрычніка 1978 году новым намесьнікам Сьвятога Пятра стаў Караль Вайтыла, архібіскуп Кракаўскі, які прыняў імя Яна Паўла II, – першы папа не-італіец за 400 гадоў i першы папа з камуністычнае краіны. Беларусы спачатку разгубіліся i ня ведалі, што думаць пра папу-паляка. Ix крыху супакоіла тое, што ў сваім першым калядным прывітаньні да народаў сьвету ён зьвярнуўся да беларусаў у ix роднай мове.

Беларусы ў 1978 годзе панесьлі новыя, хоць i не нечаканыя, але тым ня менш балючыя страты. 11 чэрвеня памёр 86-гадовы айцец Ян Хрызастом Тарасэвіч – заснавальнік i першы пастыр беларускай каталіцкай парафіі Хрыста Спаса ў Чыкага. 3 верасьня ў Рыме на 82-м годзе жыцьця адышоў у вечнасьць айцец Пётра Татарыновіч, сьвятар, беларускі патрыёт, пісьменьнік, чалавек незвычайна добры i гасьцінны. За доўгія гады жыцьця ў Рыме ён стаў свайго роду беларускім “амбасадарам” у Вечным Горадзе. Апошнім пакінуў гэты сьвет 26 сьнежня ў Лёндане айцец Язэп Германовіч, адзін з найбольш вядомых сьвятароў сярод беларусаў як на эміграцыі, так i раней на Бацькаўшчыне. Ён меў амаль 89 гадоў, 65 зь якіх быў сьвятаром. На ягонае пахаваньне 8 студзеня 1979 году сабралася вялікая колькасьць людзей усіх нацыянальнасьцяў i рэлігіяў. Хаваў а. Германовіча ягоны любімы вучань Уладыка Чэслаў Сіповіч. Прысутнічаў таксама генэрал марыянаў айцец Сельскі. Ён сказаў па-ангельску казань, якую Ўладыка Чэслаў у сваім дзёньніку акрэсьліў як “прыемную, “салодкую”, “тактоўную”. Сам Уладыка Чэслаў, гаворачы па-беларуску, сказаў, што «каб ня праца ўзгадаваўчая айца Язэпа ў Друі, мы, беларусы, ня мелі б сваіх мітраў (г. зн. біскупаў. – А.Н.), так, каб не было кардынала Вышынскага, няведама, ці быў бы польскі Папа».

Сярод беларускіх сьвятароў, якія сабраліся 14 студзеня 1979 году ў Рыме, панавалі даволі змрочныя настроі. Апрача біскупа Сіповіча, ix было ўсяго чатыры: Уладзімер Тарасэвіч з Чыкага, Аляксандар Надсан зь Лёндану, Рабэрт Тамушанскі i Кастусь Маскалік з Рыму. Пад час нарадаў разглядалі перадусім незвычайныя цяжкасьці пастырскай працы пры гэтакім малым ліку сьвятароў, магчымасьць сьвятарства для жанатых мужчынаў, патрэбу ў рэлігійнай літаратуры. Не забыліся пра патрэбу біскупа ў Беларусі. Вырашылі прасіць новага папу ўзнавіць стараньні свайго папярэдніка ў гэтай справе. Гэтак i зрабілі на прыватнай аўдыенцыі 19 студзеня. Перш папа прыняў Уладыку Чэслава аднаго, які пасьля апісаў іхную гутарку: «Я сказаў, што напэўна ўжо Сьвяты Айцец ведае, у якой справе прыходзім: просім назначыць для Беларусі біскупа ў асобе а. Уладыслава Чарняўскага, бо periculum in mora (небясьпечна чакаць. – А.Н.), i Каталіцкая Царква там загіне. Айцец Сьвяты згадзіўся, што ёсьць небясьпека сьмерці для Царквы на Беларусі... Пытае: калі гутарка аб Беларусі, як мы гэта разумеем? Кажу: БССР, якая паўстала пасьля апошняй вайны з быўшай БССР i далучанай Заходняй Беларусі, якая была пад Польшчай... Папа кажа: “Польскія біскупы i кард. Вышынскі сьлядзяць сытуацыю Царквы на Беларусі i высылаюць туды час ад часу сьвятароў i думаюць, што гэтакімі візытамі ратуюць сытуацыю, але я думаю, што патрэба біскупа. Цяпер сытуацыя там... зьмяняецца быццам на лепшае”. Вельмі далікатна Папа закрануў факт, што ў Беларусі моляцца па-польску, a Савецкі ўрад каталікоў уважае за чужы элемэнт, за палякаў. Ён згаджаўся прыняць сьвятара з Польшчы, каб той прыняў савецкае грамадзянства, але той сьвятар не згадзіўся. Я тут стараюся выясьніць: моладзь ня знае польскай мовы ў Беларусі, ёсьць інтэлігенцыя, якая не ўся бязбожная i ня ўся варожая да рэлігіі. Гэтым трэба дапамагчы. Папа пытае пра а. Ул. Чарняўскага, кажа: “Гэтае прозьвішча мне вядомае. Хто ён такі, марыянін?” Кажу – так! – “Што ж, можа ўдасца штосьці зрабіць! Я тую палітыку [= савецкую, камуністаў] знаю, але ня знаю яшчэ ватыканскай,” – тут Папа ўсьміхнуўся. Дзякую Папу за яго беларускае прывітаньне i пажаданьне ў ягонай каляднай прамове. Ён на гэта вельмі моцна i энэргічна: “Заўсёды i ў будучыні гэтак буду гаварыць! Мы, славяне, чакалі 1000 гадоў на свайго папу, дык нашто ж я тут сяджу?!” Тады я запытаў Папу, ці можна мне яго, калі прыйдуць мае сьвятары, прывітаць у беларускай мове? Ён адказаў: “Tak! Proszę!” (так, калі ласка. – А.Н.). I тут пачалі прыходзіць нашыя сьвятары... Я прачытаў прывітаньне i выказаў коратка мэту нашага цяперашняга зьезду i гэтай аўдыенцыі... Тады ахвяраваў Папу маю кніжку The Pontifical Liturgy. Ён адчыніў у некалькі месцах i кажа: “To ż naukowa praca!” (гэта ж навуковая праца. – А.Н.). Аўдыенцыя была скончаная. Мы выходзілі з задаволеньнем хіба ня меншым, як наш беларус, калі ачысьціць асець са снапоў, ix змалоціць, а пасьля аддыхае... Пасьля мы ізноў у беларускае радыё, i там я паінфармаваў айцоў аб маёй гутарцы з папам. Айцец Надсан заўважыў: “Напэўна польскія біскупы імкнуцца Папу накінуць сваю разьвязку адносна Беларусі i беларускага біскупа!” Я аб гэтым ня меў сумніву i перад аўдыенцыяй».

З вышэй прыведзенага апісаньня выглядае, што папа Ян Павал II ня надта добра ведаў беларускія справы. Гэта ня дзіўна, бо да свайго абраньня на Апостальскі Пасад ён быў архібіскупам Кракаўскім i ня меў дачыненьня да Беларусі. Найхутчэй ягонымі інфарматарамі былі кардынал Вышынскі i біскупы зь Беластоку i Драгічына. У польскай эміграцыйнай прэсе зьяўляліся раз-пораз артыкулы пра рэлігійнае становішча ў Беларусі, у якіх аўтары звычайна выступалі супраць увядзеньня беларускай мовы ў каталіцкіх сьвятынях i называлі айца Чарняўскага “беларускім шавіністам”. У вядомым польскім месячніку Культура, што выходзіў у Францыі, нейкі Я. Мірскі ў адказ беларусу У. Брылеўскаму пісаў у 1976 годзе: «У дадзеную хвіліну хачу дадаць, што дзейнасьць а. Чарняўскага сапраўды не падабаецца мне настолькі, наколькі ён намагаецца накідаць людзям свае асабістыя беларускія ідэі, са шкодаю для іхнае веры, калі ён гэта робіць супраць іхнае волі. Дый, беручы аб’ектыўна, ён служыць ня гэтулькі Беларусі, колькі Савецкаму Саюзу, бо ад беларускай мовы ў касьцеле куды бліжэй да расейскай, да праваслаўя i расейскасьці, як ад польскай i лацінскай»[147]. Далей ён працягвае: «Факты гавораць за сябе. Амаль 100 працэнтаў ксяндзоў, якія належаць да Каталіцкага Касьцёла i падтрымліваюць ягонае жыцьцё на Беларусі, – гэта ксяндзы-палякі (практычна я ня чуў пра нікога іншага, апрача кс. Чарняўскага, які б меў погляды, падобныя да ягоных). Гэтыя ксяндзы здалі добра экзамэн вернасьці да Касьцёлу i мясцовага насельніцтва, у савецкіх лягерох i турмах. Насельніцтва мясцовае ведае пра гэта вельмі добра. Цяпер мацнее i расьце русыфікацыйны націск. Ці сп. Брылеўскі ўсьведамляе, што б было для яго (насельніцтва. – А.Н.), нават для ягонай беларускай часткі, – так думаю, – калі б ксяндзы пачалі ўсё па-беларуску...? Яны б гэта палічылі за ганебую здраду Касьцёлу i ім самім, за выдачу ix на здабычу савецкага Левіятана, які i так ix жарэ»[148].

Калі не зважаць на эмацыйны тон, існасьць усяго сказанага зводзіцца да аднаго : Каталіцкая Царква ў Беларусі можа выжыць толькі ў польскай форме i з польскай моваю. Тут няма нічога новага: тое самае казалі польскія ксяндзы ў Беларусі ў XIX i пачатку XX стагодзьдзя. Толькі пасьля Другога Ватыканскага Сабору падобныя аргумэнты выглядаюць дапатопнымі. Безумоўна, тут цяжка сказаць, дзе сканчаецца клопат пра Каталіцкую Царкву i пачынаецца польскі нацыяналізм. Другі аўтар, П. Ліда, у 1980 годзе сказаў пра гэта больш ясна: «Ліквідацыя каталіцызму азначала б таксама ліквідацыю апошняга бастыёну польскасьці, чые ўплывы праз больш як шэсьць стагодзьдзяў фармавалі дух i культуру гэтых земляў»[149].

Невядома, ці чытаў папа артыкулы гэтых аўтараў. Адно толькі пэўнае: калі праз год ён ізноў сустрэўся зь біскупам Сіповічам, то быў лепш абазнаны ў беларускіх справах.

Біскуп Сіповіч прыляцеў у Рым 13 сакавіка 1980 году. У рымскім аэрапорце ніхто з марыянаў яго не спаткаў, але ён сустрэў Фіярэнцо Тальёнэ, рэдактара тыднёвай газэты Il Sabato (Субота), які ўзяўся давесьці біскупа Сіповіча да марыянскага дому. Разам зь ім у машыне быў польскі сьвятар з Кракава ксёндз Стычэнь. Распачалася гутарка пра сумны стан рэлігіі ў Беларусі. Вось што запісаў біскуп у сваім дзёньніку: «Кс. Стычэнь сказаў, што кожнага году езьдзіць тут кс. Дзванкоўскі, які піша такжа ў парыскай Культуры. Я кажу: пад псэўдонімам Мірскі? Ён кажа: магчыма, але добра псэўдоніму не памятаю. Зрэшты, калі я моцна скрытыкаваў той артыкул Мірскага, паводле якога польскасьць на Беларусі заховываюць толькі сьвятары, а. Стычэнь шкадаваў, што ўспомніў прозьвішча Дзванкоўскага. Гутарка была цікавая, але падыход да апостальства на Беларусі ў палякаў аказаўся недалёкім ад таго добра мне ведамага за часоў перадваеннай Польшчы».

На наступны дзень, «хутка пасьля літургіі, якую ахвяраваў за Беларусь, за а. Ул. Чарняўскага, за памыснае заладжаньне спраў у Рыме, я паехаў у базыліку сьв. Пятра, на візыт да першага Папы!.. Выспавядаўся, памаліўся пры гробе сьв. Пятра, пры рэліквіях сьв. Язафата, архіепіскапа Полацкага... Сьв. Язафат шчасьлівы ў небе, аглядаючы Бога тварам у твар, але мы на зямлі патрабуем шмат зямных дадаткаў для нашага сьветавага прызнаньня. З базылікі... пайшоў у папскую прэфэктуру, каб атрымаць прыватную аўдыенцыю ў Папы Яна Паўла II. Біскуп Ж. Мартэн прыняў мяне ветліва... пытае мяне, калі прыехаў, як доўга маю затрымацца. Намякае, што Папа вельмі перагружаны аўдыенцыямі, але дзеля маёй наважнасьці атрымаць прыватную аўдыенцыю, просіць напісаць кароткую просьбу... Напісаў па-італьянску ліст-просьбу i падаў б(іску)пу Мартэну. Ён прачытаў... пасьля кажа: “Пачакайце, я запытаю маіх старэйшых пра вашу аўдыенцыю”. Хутка вярнуўся з маім лістом i кажа: “Fifty-fifty” (паўшанцу. – А.Н.). Ня ведаю, хто той “старэйшы” за б(іску)па Мартэна. Калісь – год таму назад, – усё залежала ад яго. Сяньня зьмянілася. Некаторыя кажуць, што ўсё залежьщь цяпер ад кракаўскага сьвятара Дзеваша (напэўна, “Дзівіша”. – А.Н.), які ёсьць прыватным сакратаром Папы. Як бы там не было, я рашыў ісьці дарогай найпрасьцейшай, а не разглядацца на розныя куткі і кутавую дыплямацыю. Я зрэшты паручыў маю справу сьв. Апосталу Пятру i маю поўны давер да яго. Яшчэ ня меў у жыцьці выпадку, каб ён мяне “падвёў”... З антыкамэры папскай пайшоў ва Ўсходнюю Кангрэгацыю... У гутарцы хтосьці з нас успомніў, што наступнікам Кард. Філіп (у красавіку споўніцца яму 75 гадоў) мае быць Кард. Рубін. Я заўважыў, што ўкраінцы i беларусы ня будуць хіба задаволеныя». Кардынал Уладыслаў Рубін быў паляк.

Выняткі зь біскупскага дзёньніка ў наступныя дні: «Субота, 15.ІІІ.1980. Дома астаюся... Раблю здымкі артыкулаў з Культуры, асабліва цікавага артыкулу нейкага П. Ліды... які піша супраць ужываньня а. Ул. Чарняўскім бел. мовы i супраць яго паводзінаў. Бароніць даўняй традыцыі, якую накінулі нам палякі i расейцы: паляк – католік, праваслаўны – рускі. Для беларуса мейсца няма ані на зямлі, ані ў небе...

Серада, 19.ІІІ.80. Цяжка мне спаць уночы. Мучаюць розныя думкі, асабліва што сказаць i што прасіць ад Папы, калі дойдзе да аўдыенцыі?... Баліць мне моцна адно, што ніхто з палякаў паважней не зацікавіўся Беларусяй, яе культурай, народам. Беларусь для ix – гэта Расея, дзе дамарослыя апосталы праводзяць свае місіянерскія экспэрымэнты. Гэта я жадаю сказаць Папе Паўлу Яну II. Але як? i калі? Столькі каля яго круціцца людзей, спраў...»

Аўдыенцыю прызначылі на пятніцу 22 сакавіка. Апісвае Ўладыка Чэслаў у сваім дзёньніку: «Таксі вязе мяне на Cortile San Damaso. Віндай (ліфтам. – А.Н.) пад’яжджаю на другі паверх. Бачу Бпа Мартэна. Вітаемся. Ён вядзе мяне далей... Пасьля гутару з пралатам Пэц, палякам з Пазнаншчыны, які кіруе парадкам прыйманьня Папам асоб. Гадзіна 12.15, чую званок ля століка прал. Пэца i перш ён уваходзіць да Папы, які дае знак, каб уваходзіў i я. “Пахвалёны Езус Хрыстус”, кажу. Адначасова Папа кажа па-польску: “Niech będzie pochwalony Jezus Chrystus”. Просіць сесьць. Папа за сталом. Перад ім на стале атляс. Бачу на ім карту Беларусі. Папа кажа: “Маліўся некалькі разоў за Беларусь. Цяпер вось маю яе перад сабой” – паказвае на карту. “Il paese chiuso” (замкнёная краіна. – А.Н.), – паўтарае даслоўна. Кажа: “Меў гутарку з Грамыкам. Казаў яму: няма біскупа ў Беларусі, сьвятароў, касьцёлы ў руінах...” Грамыка на ўсё адказвае спакойна, пэўна, што ў Саветах свабода, што ён пераяжджаў праз Беларусь: цэрквы поўныя людзей... Кажу нашу просьбу: назначце нам біскупа ў асобе а. Ул. Чарняўскага. Калі б Айцец Сьвяты яго выклікаў i высьвяціў, хіба Савецкі ўрад сяньня пры здарэньнях у Афганістане згадзіўся б з гэтакім актам... Я прашу зьвярнуць увагу Папы на адносіны палякаў да Беларусі i беларусаў. Чытаю яму частку з мэморыялу па-лаціне, дзе я кажу, што палякі, няведама чаму Беларусь называюць Расеяй, Беларусь апісываюць беднай, мізэрнай, але калі ix запытаеш пра Беларусь – дык ня ведаюць ані мовы, ані гісторыі, ані культуры. Я кажу: Беларусь сяньня мае шмат прыгожага i то ў розных галінах. Папа вельмі ўважна гэтага слухае, водзіць вачыма за тэкстам, які адчытваю. Мне ў гэтым мамэнце было крыху непрыемна, бо i Папа быў настроены пад тон “Беларусі беднай, няшчаснай”, a пачуў зусім што іншае... Я яшчэ раз кажу: Калі можаш, назнач у Беларусі біскупа. Кажа: “Я чуў пра а. Чарняўскага. Ёсьць нейкія супраць яго закіды”. Кажу: “Пакуль што лепшага ня маем. A калі дзеля якіхколечы [прычынаў] Вы адкінулі б яго, будзем шукаць іншага...” Папскія шамбэляны пачалі ўжо дабівацца ў дзьверы. Папа кажа: “Іншыя мяне чакаюць, трэба канчаць. Мы з табой, Біскуп, ужо мелі здымкі...”. Я на гэта: “Як Айцец Сьвяты жадае. Не хачу займаць лішняга часу”. Папа: “Хадзі, зробім”... Мая аўдыенцыя трывала каля 30 хвілін. Богу, Ягонай Маці i Сьв. Пятру за ўсё я ўдзячны».

З апісаньня відаць, што папа гэтым разам быў лепш падрыхтаваны. Ён ведаў нешта пра айца Чарняўскага i пра закіды супраць яго. Магчыма, гэта звычайнае супадзеньне, але фраза “mondo chiuso” (замкнёны сьвет. – А.Н.), зразумела, у польскай мове, знаходзіцца ў вышэй згаданым артыкуле Мірскага, які сканчае яго такім чынам: «Мне ішло пра жменю фактаў i заўвагаў, якія могуць кінуць прамень сьвятла на гэты замкнёны i малавядомы сьвет (вылучана мною. – A.H.) людзкі, або хутчэй нялюдзкі, які стварыла савецкая ўлада...»[150]

Аўдыенцыя мела вялікае значэньне. Упершыню беларускі біскуп сказаў польскаму папу праўду пра стаўленьне палякаў да беларусаў. Ён зрабіў гэта паважна i спакойна, але тым ня менш моцна, не хаваючы нічога, нават самай горкай праўды. Ня выключана, што Ўладыка Чэслаў адчуваў: гэтая сустрэча з Намесьнікам Хрыстовым магла стаць апошняй, i таму ён лічыў сваім абавязкам перад Богам i сваім народам сказаць яму ўсё, што было на сэрцы.

Notes

[146] Гарошка Л. “Пад знакам рускае i польскае веры”, Божым шляхам, № 60, Парыж, 1954, c. 12–24; № 61, 1954, c. 6–10; № 62, 1954, с. 5–11; № 63, 1954, с. 8–12; № 64-65, 1955, c. 4–14.

[147] «W tej chwili pragnę dodać, że faktycznie nie podoba mi się działalność ks. Czerniawskiego w tej mierze, w jakiej usiłuje on narzucać ludziom swoje osobiste idee białoruskie, narażając na szkodę ich wiarę, jeśli czyni to wbrew ich woli. Poza tym biorąc obiektywnie służy on nie tyle Białorusi, co Związkowi Sowieckiemu, bo od białoruskiego języka w kościele jest o wiele bliżej do rosyjskiego, do prawosławia i rosyjskości, niż od polskiego i łaciny» (Mirski J., “Jeszcze o Białorusi”, Kultura, No. 11, Paris 1976, s. 105).

[148] «Fakty są proste. Prawie 100% księży należących do Kościoła katolickiego i podtrzymujących jego życie na Białorusi, to księża Polacy (praktycznie nie słyszałem o nikim innym poza ks. Czerniawskim, kto miał by podobne do niego poglądy). Księża ci dobrze zdali egzamin z wierności Kościołowi i ludziom miejscowym, w obozach i więzieniach sowieckich. Wie o tem doskonale ludność tamtejsza. Obecnie wzmaga się i rośnie nacisk rusyfikacyjny. Czy p. Brylewski zdaje sobie sprawę z tego czym byłoby dla niej, nawet dla jej części białoruskiej, jak sądzę, gdyby kięża ci zaczęli wszystko po białorusku...? Byłoby to uznane za haniebną zdradę i Kościoła i ich samich, za wydanie ich na łup sowieckiego Lewiatana, który i tak ich pożera» (Op. cit., s. 106).

[149] «Likwidacja katolicyzmu oznaczałaby także likwidację ostatniego bastionu polskości, którego wpływy przez zgórą sześć wieków kształtowały i ducha i kulturę tych ziem» (Lida P., “Polacy, Litwini, Białorusini”, Kultura, No. 1-2, Paris, 1980, s. 61).

[150] «Chodziło mi o garść faktów i spostrzeżeń, które mogą rzucić jakiś promyk światła na ten zamknięty i tak mało znany świat ludzki, a raczej nieludzki, jaki stworzyła władza sowiecka...» (Mirski J. Op. cit., s. 106).


 


 


 

 

 

Напісаць ліст