Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус

15. Між Масквой і Варшавай - Працяг

30 студзеня 1967 году папа прыняў старшыню Вярхоўнага Савету СССР (або, як яго называлі на Захадзе, “прэзыдэнта”) Падгорнага. Пад час аўдыенцыі, паводле газэты L’Osservatore Romano, закраналіся “пытаньні рэлігійнага жыцьця i прысутнасьці Каталіцкай Царквы на землях Савецкага Саюзу”. Сіповіч напісаў у сваім дзёньніку: «Спадзяваймося, што Папа помніў у той хвіліне i пра Беларусь i пра Апостальскага Адміністратара на Беларусі». Тая газэта паведамляла, што, «як доказ асаблівай павагі i жывой прыхільнасьці да Вялікага Расейскага Народу (A manifestazione della sua speciale stima e del suo vivo affetto per il Grande Popolo Russo), Яго Сьвятасьць Павал VІ зрабіў спадару Прэзыдэнту Падгорнаму падарунак». Біскуп Сіповіч так камэнтаваў гэтыя словы: «Крыху фальшыва звучыць у L’Osservatore Romano сказ “А manifestazione...” “Il Grande Popolo Russo” – быццам жыўцом узята з савецкіх газэт. Сам Падгорны – украінец i галава Савецкага Саюзу, а не прадстаўнік “del grande popolo Russo” (вялікага расейскага народу. – А.Н.)».

1 лютага біскуп Сіповіч зноў сустрэўся з манс. Мантальвам, які паведаміў, што запрашэньне айцу Чарняўскаму ўжо выслалі. З гэтае нагоды біскуп запісаў у дзёньніку: «Я запытаў у Монс. Монтальво: “Хто падпісаў запросіны для айца Чарняўскага?” Адказаў: “Кард. Чыканьяні”». Між іншага, тым часам айцец Чарняўскі атрымаў пасаду кансультара Кангрэгацыі Абрадаў (Congregatio Rituum). Прызначэньне зусім не фіктыўнае, бо айцец Чарняўскі ўжо тады сур’ёзна займаўся перакладам лацінскіх літургічных тэкстаў на беларускую мову. Да таго ж яно магло дапамагчы яму атрымаць дазвол на выезд у Рым.

28 лютага 1967 году ў Рым прыехалі летувіскія біскупы, a зь імі прыяцель айца Чарняўскага пралат Крывайціс зь Вільні. Той расказаў, што айцец Чарняўскі атрымаў лісты i запрашэньне з Рыму. На ягоную думку, як запісаў біскуп Сіповіч у дзёньніку, «на выезд яму пакуль што не дазволяць». Відаць, айцец Чарняўскі раскрыў камусьці плян зрабіць яго адміністратарам. Крывайціс «зьвярнуў яму ўвагу, што дрэнна робіць, бо хутка даведаюцца палякі, i будзе яшчэ больш перашкодаў».

Але было ўжо запозна. Біскуп Сіповіч піша ў сваім дзёньніку 29 сакавіка: «Звоніць да мяне позна вечарам пралат Татарыновіч i кажа: “Чаму затойваеце ад мяне сакрэты?” Пытаю, якія? Ён кажа, што атрымаў ліст з Польшчы ад кс. Барысэвіча, які піша, што ўжо разышліся слыхі, што назначаны Адміністратарам Беларусі а. Ул. Чарняўскі, друйскі марыянін, i што мае быць высьвячаны на Біскупа Менскага ў красавіку гэтага году! Доўга пасьля гэтай гутаркі не магу заснуць».

Сапраўды, а. Віктар Барысэвіч, беларус з былой Пінскай дыяцэзіі, які пасьля вайны апынуўся ў Польшчы, пісаў айцу Татарыновічу на Вялікдзень (г. зн. не пазьней як 26 сакавіка) 1967 году: «Ня ведаю, чы праўда, але падобна на Беларусь застаў мянаваны Адміністратарам Апостальскім кс. Уладыслаў Чарняўскі, марыянін друйскі. У кветню (красавіку. – А.Н.) мае прымаць дэцэз’ю Мінскую, а з тою i тамтаю часьць нашай (г. зн. Пінскай. – А.Н.) дыецэз’і». У канцы ліста дапіска: «Выбачце, што не папраўна пішу».

Такім чынам, шыла вылезла зь мяшка...

Наступныя некалькі месяцаў ад айца Чарняўскага не было ніякіх вестак. У сьнежні біскуп Сіповіч атрымаў бясплатны білет у Сьвятую Зямлю i зьбіраўся ехаць. Раптам 8 сьнежня прыходзіць тэлеграма: «Выяжджаю пояздам 9 сьнежня. Вагон Масква–Рым. Сустракайце 11 сьнежня раніцай. Уладзюк».

Біскуп Сіповіч напісаў у дзёньніку : «Няма сумніву: тэлеграма ад айца Уладыслава Чарняўскага. Акурат сяньня на дзень нашага марыянскага найвялікшага сьвята! Падарак Непавіннай Божай Маці!» Можна дадаць, што гэта быў таксама дзень нараджэньня біскупа Сіповіча. Ад падарожжа ў Сьвятую Зямлю давялося адмовіцца...

Прыходзіць дзень 11 сьнежня 1967 году: «Раніцай сьпяшу на станцыю... Прыехаў такжа i Монс. Монтальва з Дзяржаўнага Сакратарыяту. Гутарым, чакаем. Дакладна а гадз. 8.30 прыяжджае цягнік з Трыестэ, а з ім разам беспасрэдны вагон з Масквы. Каля яго бачым з адной валізкай i партфэлем айца Ўладыслава Чарняўскага. Вітаемся ўсхваляваныя. Пасьля блізу 30 гадоў разлукі – спаткаліся! Ён выглядае добра. Касьцюм цаглянага блізу колеру, у кепцы. Тып савецкага грамадзяніна! Айцец Чарняўскі прыехаў сам адзін... Прышоў такжа i пралат П. Татарыновіч i расцалаваліся з а. Чарняўскім. Гэты сказаў яму: “Чуў ваш голас па радыё Ватыканскім!”...»

У сераду 13 сьнежня адбылася першая сустрэча ў Дзяржаўным Сакратарыяце з архібіскупам Агастыно Казаролі, ватыканскім “міністрам замежных справаў”. Айцец Чарняўскі гаварыў пра стан Каталіцкай Царквы ў Беларусі, a біскуп Сіповіч перакладаў на лацінскую мову. Біскуп Сіповіч занатаваў пасьля ў дзёньніку: калі дайшло да пункту, зь якога выглядала, «што ўлады ў Мінску жадаюць мець Апост. Адміністратара, але ня могуць зрабіць гэтага без Масквы, Я. Д. Казаролі кажа: “Ці не праяўляецца ў гэтым беларускі патрыятызм Рэспублікі?” Мы адказалі, што так выглядае. Дзіўна звучыць, але паўнамочнік па справах культу ў Менску казаў а. Ул. Чарняўскаму, каб гэты, будучы ў Рыме, папрасіў Ватыкан, каб Ватыкан зрабіў націск на Маскву!.. На нас абодвых спатканьне з Монс. Казаролі зрабіла як найлепшае ўражаньне. Ён ня толькі ўдумваецца, уваходзіць у нашы царкоўныя справы, але ён ix разумее».

У наступныя дні – сустрэчы ў розных ватыканскіх кангрэгацыях i чаканьне папскай аўдыенцыі – яе нялёгка было атрымаць у Калядны час. Між тым у а. Чарняўскага сканчаўся дазвол на знаходжаньне за мяжою. 3 студзеня 1968 году ён пайшоў пабачыцца з савецкім консулем Юдкіным. Той вельмі ветліва спаткаў айца Чарняўскага i сказаў, што калі папа гэтага жадае, дык айцец Чарняўскі павінен заставацца даўжэй i ні пра што не турбавацца. Толькі ён, a магчыма, i амбасадар, хацелі б пабачыцца зь ім перад аўдыенцыяй. Два тыдні пасьля, 16 студзеня, Юдкін сам паклікаў a. Чарняўскага i сказаў, каб той сьпяшаўся з аўдыенцыяй, бо Менску можа не спадабацца, што ён так доўга знаходзіцца за мяжою. Юдкін таксама спытаўся, ці а. Чарняўскі ведае пра якога-небудзь іншага кандыдата, апрача сябе, на пасаду апостальскага адміністратара. Айцец Чарняўскі вярнуўся вельмі заклапочаны.

Нарэшце папскую аўдыенцыю прызначылі на панядзелак 22 студзеня. У пэўным сэнсе гэта была фармальнасьць, але вельмі важная, бо ўсе спадзяваліся, што папа скарыстае з нагоды, каб афіцыйна аб’явіць пра прызначэньне апостальскага адміністратара. На жаль, праз хваробу архібіскупа Казаролі перамовы з савецкімі ўладамі яшчэ не завяршыліся, a бязь іхнай згоды нічога нельга было зрабіць. Вось чаму папа сказаў айцу Чарняўскаму па-лаціне: «Tibi confertur munus Administratoris Apostolici» (Табе надаюцца абавязкі апостальскага адміністратара), a па-італійску, зьвяртаючыся да біскупа Сіповіча, дадаў: «Lei sa sotto quali condizioni» (Вы ведаеце, пад якімі ўмовамі). Зразумела, Сіповіч i Чарняўскі чакалі іншага, але ў дадзеных абставінах, відаць, гэта быў максымум магчымага.

27 студзеня айцец Чарняўскі атрымаў ліст, падпісаны Дзяржаўным Сакратаром кардыналам Чыканьяні, у якім гаварылася : «Сьвяты Найвышэйшы Сьвятар жадае яшчэ раз паказаць сваю спагадлівасьць да цябе i запэўніць цябе... што ён мае заўсёды перад вачыма патрэбы i спадзяваньні многіх каталікоў высакароднага беларускага народу, да якога ён мае асаблівыя пачуцьці добразычлівасьці.

З гэтае прычыны Сьвяты Айцец, які нядаўна прыняў цябе, сказаў табе ясна, што намерваецца назначыць цябе Апостальскім Адміністратарам i ў той жа час узвысіць цябе да біскупскай годнасьці.

Аднак, як ты ведаеш, гэтага нельга яшчэ зрабіць, бо існуюць шматлікія ўмовы з боку цывільных уладаў. Тым ня менш ёсьць надзея на будучыню, што дзякуючы стараньням Сьвятога Пасаду ці тваім уласным перад гэтымі ўладамі ўсе цяжкасьці будуць хутка шчасьліва пераадоленыя»[129].

На два дні раней, 25 студзеня, айцец Чарняўскі атрымаў ліст з Кангрэгацыі Абрадаў, у якім пералічваліся ягоныя абавязкі як дарадцы (кансультара). У прыватнасьці там гаварылася: «Такім чынам, табе даручаецца зрабіць пераклад з лацінскай мовы літургічных тэкстаў на тваю родную беларускую, згодна з канстытуцыямі i дэкрэтамі Другога Ватыканскага Паўсюднага Сабору i інструкцыямі гэтай Сьвятой Кангрэгацыі Абрадаў, i прысылаць твае пераклады ў Рым для неабходнага зацьверджаньня»[130].

Айцец Чарняўскі пакінуў Рым у панядзелак 29 студзеня 1968 году ўвечары. Біскуп Сіповіч у тым часе ляжаў хворы ў ложку.

Вынікі прыезду айца Чарняўскага ў Рым нельга назваць удалымі, але яны ня сталіся нечаканымі. 2 студзеня біскуп Сіповіч заўважыў у сваім дзёньніку: «На шляху да ўстанаўленьня Апостальскай Адміністрацыі ў Беларусі вельмі шмат перашкодаў. Божа, дапамажы ўсе ix перамагчы!» Іншы запіс 15 студзеня, калі ўжо можна было прадбачыць вынікі: «Калі мы выйшлі з базылікі сьв. Пятра, гутарылі з Уладзюком аб нашых царкоўных справах. Як яно ўсё скончыцца, адзін Бог ведае, але прыйшло да таго, што імі займаюцца вярхі: Папа i Савецкі ўрад. Па-людзку кажучы, для Беларусі гэта ўжо значны сукцэс. Абодвы мы ў гэтым згодны».

31 студзеня біскуп Сіповіч вылецеў у Лёндан. Там ён атрымаў ліст з Рыму, пісаны 14 лютага, ад летувіскага марыяніна а. Вайшноры. Той паведамляў, што ў Рыме зьявіўся польскі сьвятар з Горадні, нейкі айцец Аркадыюш, францішканін. Празь некалькі дзён пасьля ад’езду айца Чарняўскага ён прыйшоў у Летувіскую Калегію, дзе, паводле айца Вайшноры, казаў, што «а. Чарняўскі ня мае добрай апініі сярод сьвятароў у Беларусі, ён вялікі нацыяналіст, наіўны i пляткар, i задобра настроены да ўладаў у Менску. У Беларусі няма патрэбы ў ерархіі, бо адміністрацыя працуе спраўна: ёсьць дзеканы, якія маюць патрэбныя паўнамоцтвы ад біскупа Савіцкага зь Беластоку. Праўду кажучы, у Беларусі няма беларусаў каталікоў (яны ўсе праваслаўныя), толькі палякі, i таму літургічная мова ў Беларусі павінна быць толькі польская i г.д... Манс. Тулаба (рэктар Летувіскай Калегіі. – А.Н.), кажа, што ён ня дзейнічае сам непасрэдна, a праз біскупаў Рубіна i Філіпяка, якія падтрымліваюць ягоную справу ў адпаведных (ватыканскіх) дэпартамэнтах».

Вярнуўшыся ў Рым 12 сакавіка, біскуп Сіповіч пачаў наводзіць зьвесткі пра Аркадыюша i пасьля выклаў справу архібіскупу Казаролі ў лісьце за 4 красавіка. Наколькі біскупу ўдалося даведацца, Аркадыюш знаходзіўся ў Рыме ад 12 студзеня да сама позна 6 сакавіка. Ён быў знаёмы з айцом Чарняўскім і ведаў, што той у Рыме, але сядзеў ціха i не паказваўся, пакуль айцец Чарняўскі ня выехаў. Айцец Аркадыюш хацеў пабачыцца з архібіскупам Казаролі, але той хварэў. У Рыме айцец Аркадыюш жыў у францішканскім кляштары пры царкве сьвятых Апосталаў. Яму дапамагаў польскі францішканін айцец Сламінскі. У гутарцы зь біскупам Сіповічам Сламінскі сказаў: «Было б добра, вельмі добра, калі б a. Чарняўскі стаў біскупам. У Беларусі пануе хаос. Кардынал Вышынскі не павінен умешвацца».

Дарэчы, як савецкі грамадзянін, Аркадыюш мусіў зарэгістравацца ў савецкім консульстве. Юдкін ведаў пра яго, калі пытаўся ў айца Чарняўскага пра іншых кандыдатаў на пасаду апостальскага адміністратара.

На добры лад варта было б, каб пасьля ад ’езду айца Чарняўскага ў Рыме нехта пільнаваў справу апостальскага адміністратара. На жаль, апрача біскупа Сіповіча, ёю там не засталося каму заняцца. Так здарылася, што ў 1968 годзе біскуп Сіповіч правёў больш як шэсьць месяцаў па-за Рымам, заняты марыянскімі справамі. 4 траўня, напярэдадні свайго чатырохмесячнага падарожжа вакол сьвету, ён бачыўся з архібіскупам Казаролі, які сказаў яму, што: 1) пасьля выезду айца Чарняўскага з Рыму ён не сустракаўся з савецкім амбасадарам; 2) Дзяржаўны Сакратарыят атрымаў лісты з пратэстамі ад палякаў супраць прызначэньня айца Чарняўскага.

Пра стаўленьне палякаў да магчымага прызначэньня айца Чарняўскага апостальскім адміністратарам можа даць уяўленьне ліст прафэсара i духоўнага айца Драгічынскай сэмінарыі Міхала Вільнеўчыца прафэсару Люблінскага Каталіцкага Ўнівэрсытэту айцу Аляксею Пэтрані за 23 кастрычніка 1968 году: «Hя памятаю, ці я згадваў у апошнім лісьце, што быў з таго боку, у Наваградку, Баранавічах i ў Берасьці; гэта было ў жніўні. Нашыя ксяндзы моцна прыгнечаныя заяваю кандыдата на тамтэйшага біскупа а. Чарняўскага, марыяніна, беларускага шавініста, які сказаў, што як толькі стане біскупам, то першай справаю будзе ўвядзеньне беларускай мовы ва ўсіх касьцёлах; хто з ксяндзоў не падпарадкуецца, будзе звольнены, а на іхнае месца прышле беларусаў-марыянаў... Айцец Чарняўскі – чалавек нетактоўны, неразважлівы, і, што найгоршае, беларускі шавініст, які намерваецца пашыраць валадарства беларускае, а не Хрыстовае. Нашыя ксяндзы як адзін кажуць: ня зьнішчылі нас Саветы, дык зьнішчыць сам Касьцёл; Ватыкан не разумее, што Касьцёл верных на Беларусі – гэта палякі, а не беларусы; што беларусы ў сваёй пераважнай бальшыні праваслаўныя, а ня рыма-каталікі; што калі будзе ўведзеная беларуская мова ў нашыя касьцёлы, пачнецца бунт сьвятароў i вернікаў, якія не захочуць падпарадкавацца такому загаду; што ніводзін з нашых ксяндзоў ня ўмее гаварыць па-беларуску; размаўляюць хутчэй па-расейску... Маё асабістае ўражаньне, што там Касьцёл як арганізацыя i польскасьць паміраюць. Моладзь польскай мовы не разумее; з палякаў i іхнай мовы там сьмяюцца. Бацькі, з малымі выняткамі, не навучаюць сваіх дзяцей польскай мове. Нядзеля – гэта гандлёвы дзень; людзі едуць хутчэй на кірмаш, чым да касьцёлу на сьвятую Імшу»[131].

Толькі пры канцы 1968 году біскуп Сіповіч мог зноў заняцца справаю апостальскага адміністратара ў Беларусі. 1 сьнежня ён меў доўгую сустрэчу з кардыналам Вышынскім, галавою Каталіцкай Царквы ў Польшчы. Хоць яны i ўжывалі тыя самыя словы, але, што датычыць разуменьня, дык з гэткім жа посьпехам маглі размаўляць на розных мовах. Біскуп Сіповіч настойваў на патрэбе біскупа-беларуса, тым часам як кардынал гаварыў пра біскупа ў Беларусі. Сіповіч запісаў у дзёньніку: «Спадзяюся, што мая гутарка з Я. Эм. Кардыналам Вышынскім не пашкодзіць справе назначэньня беларускага біскупа».

Размова з кардыналам Вышынскім была апошняй спробаю ўратаваць праект Апостальскай Адміністратуры ў Беларусі. Біскуп Сіповіч не забыўся пра яго да канца жыцьця i рабіў, што мог, але з кожным годам станавілася ясьней, што ўсе ягоныя стараньні не даюць чаканых вынікаў. Ня месца тут шукаць вінаватых, але здаецца, што Польская Каталіцкая Царква ня можа зьняць зь сябе адказнасьці за тое, што адбылося.

Айцец Уладыслаў Чарняўскі належаў да закону марыянаў, i таму цікава, як ставіліся да ягонай дзейнасьці іншыя, асабліва польскія марыяне. Айцец Віталіс Хамёнак, апошні з “старэйшых” друйскіх айцоў, выселеных палякамі ў 1938 годзе, пісаў 10 красавіка 1969 году з Варшавы біскупу Сіповічу: «А(йца) Уладыслава ня бачыў яшчо. Тут такія адносіны да яго асобы, – ня ведаю ці адведае нас? У ягоных абставінах, лепш было б, каб ён прамаўляў двума языкамі (мовамі) i гэта падняло б выдайнасьць яго працы. Штось ня піша да мяне i я ня ведаю, ці пісаць да яго магу?» Айцу Хамёнку тады споўнілася 80 гадоў, i ён сур’ёзна хварэў. У лісьце ён выказваў ня столькі свае думкі, колькі тое, што чуў вакол сябе. Але вось праз паўгоду айцу Чарняўскаму ўдалося прыехаць у Польшчу. Два сьвятары сустрэліся, i айцу Віталісу шмат што стала ясным. Ён пісаў 20 лістапада 1969 году ў Англію нейкаму, відаць польскаму, марыяніну, які перадаў ягоны ліст біскупу Сіповічу: «Я размаўляў з айцом Уладыславам. Ён быў у мяне. Тое, што пра яго казалі, гэта былі плёткі (To, co mówiono o nim, to były plotki). Працуе так, як трэба працаваць добраму каталіцкаму сьвятару. Працы мае шмат: бо сьвятароў навокал няма. Робіць, што можа i ёсьць усім для ўсіх. Мае вельмі вялікія абмежаваньні, a дапамогі ніадкуль. Ягонае становішча вельмі цяжкае i труднае».

17 лістапада 1971 году, за месяц перад сьмерцю (ён памёр 24 сьнежня), калі айцец Хамёнак ужо ня мог сам трымаць асадку, ён папрасіў польскага марыяніна а. Прочака напісаць ад імя айца Віталіса айцу Фэліксу Журню ў Лёндан. У канцы айцец Віталіс паставіў свой подпіс, «хоць – як зазначыў сам Прочак, – усяго ліста не чытаў». У лісьце Прочак сярод іншага піша пра свае ўражаньні з паездкі ў Беларусь: «Добры гэты беларускі люд i, мусіць, – на маю думку – гэта вялікае дабрадзейства, што ня ўсё або і зусім нічога не даходзіць з-за мяжы ад суайчыньнікаў[132]. Я сам заўважыў i вынес уражаньне з размоваў, што старэйшае пакаленьне, якое трымаецца веры, лепш жадае маліцца па-польску, бо так яго навучылі i мае польскія малітаўнікі[133]. Паўстае пытаньне з моладзьдзю i дзецьмі, але ix няшмат у касьцёлах... Уладыслаў (Чарняўскі. – А.Н.) працуе вельмі ахвярна, i, магчыма, калі б яму ўдалося мець уплыў на малодшае пакаленьне, ён мог бы атрымаць высокую ацэнку пазьней у гісторыі. Але, на жаль, так бадай ня будзе. Шкада, што пры ягоных вялікіх стараньнях i ахвярнасьці ў яго няма прыроднай i надпрыроднай разважнасьці, чым ён настроіў супраць сябе частку людзей, ня кажучы пра ксяндзоў».

Айцец Журня перадаў ліст біскупу Сіповічу, а той зрабіў на ім наступную зацемку : «Ліст напісаны а. Прочакам, a падпісаны а. Віталісам. Сам а. Прочак кажа ў канцы: “choć nie czytał całego listu!” Нават паміраючы, a. Віталіс такога паклёпу на а. Уладыслава Чарняўскага не падпісаў бы!»

У першай палове 1969 году біскуп Сіповіч займаўся марыянскімі справамі, у тым ліку падрыхтоўкай да іхнай генэральнай капітулы i выбару новага генэрала (супэрыёра). Аднак перад тым, у лютым i сакавіку, ён зрабіў сваё апошняе падарожжа ў Паўднёвую Амэрыку (Бразылія i Аргентына) для візытацыі марыянскіх законных дамоў. Ён быў вельмі стомлены. Яшчэ 7 ліпеня 1968 году, пасьля візытацыі аднаго марыянскага кляштару ў Чыкага, ён пісаў: «Заканчэньне кананічнай візытацыі... Сяньняшні дзень вельмі цяжкі! Бог дае яшчэ сілы працаваць для нашага закону, але часам адчуваю, што я на мяжы маіх сілаў фізычных i духовых. У нашых дамох шмат трутняў, а сярод добрых айцоў няма культуры, энтузіязму».

21 сакавіка 1969 году, вярнуўшыся з Паўднёвай Амэрыкі, ён так закончыў свой дзёньнік падарожжа : «Надыходзіць генэральная капітула. Спадзяюся, што Бог уволіць мяне ад абавязкаў генэрала. Такжа скончацца мае падарожжы i займуся больш працай у дома».

Капітула распачала сваю працу 10 чэрвеня i доўжылася да 30 ліпеня. Выбары новага генэрала мелі адбыцца 28 ліпеня. Напярэдадні біскуп Сіповіч напісаў: «Радзяцца сябры Капітулы адносна заўтрашніх выбараў... Мая грэшная асоба не павінна ўваходзіць у нейкія разважаньні. Калі б мяне i выбралі – трэба зрачыся. Ходзяць слухі (з вуснаў а. Буковіча?), што мяне не жадаюць генэралам ані кард. Вышынскі, ані камуністычная польская партыя. Калі гэта праўда, дык вельмі ж сумна. Што я магу быць непажаданым успомненым дзейнікам – per se patet! (самазразумела. – А.Н.). Асабліва – кажуць, – дзеля Ап. Адміністр. у Беларусі i дзеля прыходу ў Кастамлотах».

Кастамлоты – маленькая грэка-каталіцкая (вуніяцкая) парафія над ракой Буг пры польска-беларускай мяжы. Сьвятаром у гэтай парафіі быў (і ёсьць) польскі марыянін, які пад уплывам айца Тамаша Падзявы прыняў усходні абрад. Грэка-Каталіцкую Царкву ў Савецкім Саюзе зьнішчылі i забаранілі, таму маленькая вуніяцкая парафія літаральна ў ix на парозе, пэўна, дзейнічала на савецкіх камуністаў як чырвоны шмат на быка i стварала цяжкасьці для іхных польскіх калегаў. Яны вінавацілі Сіповіча ў тым, што ён бараніў Кастамлоты ў Рыме i перад кардыналам Вышынскім.

Біскуп Сіповіч ведаў пра сілы, якія зьбіраліся супраць яго. Але ня з гэтай прычыны ён больш не жадаў узначальваць закон марыянаў. Шэсьць гадоў ён стараўся сумясьціць два абавязкі i ўбачыў, як гэта цяжка. У дадатак пагоршылася ягонае здароўе. Таму перад ім стаяў выбар. I тут у яго не ўзьнікала ніякіх сумневаў: марыяне мелі іншых кандыдатаў на кіраўнічую пасаду, а ён быў адзіным беларускім каталіцкім біскупам. Тым ня менш наступнага дня ён ня зьняў свайго прозьвішча зь сьпісу кандыдатаў. Можа, ён хацеў адысьці з гонарам: атрымаўшы ў першым галасаваньні больш галасоў за іншых, падзякаваць за давер. Але яму не далі гэтага шанцу. У першым галасаваньні Сельскі (паляк) атрымаў 16 галасоў, Сіповіч – 13, Рымшэліс (летувіс) – 4, Жэшутэк (паляк) – 1. У другім галасаваньні Сельскі меў 17 галасоў, Рымшэліс – 9, Сіповіч – 8. Нарэшце ў трэцім галасаваньні Сельскі атрымаў 18 галасоў i стаў генэралам. Рымшэліс i Сіповіч атрымалі 12 i 4 галасы. Вышынскі i польскія камуністы маглі радавацца.

Калі Сіповічу й было прыкра, ён гэтага не паказаў. Хіба толькі праз год, калі марыянская капітула сабралася зноў, каб абмеркаваць “абнаўленьне” іхнага закону ў духу пастановаў Ватыканскага Сабору. На пачатку першага паседжаньня 22 ліпеня 1970 году, як занатаваў Сіповіч у сваім дзёньніку, «Айцец Генэрал вітае мяне i запрашае да стала старшыні. Адказваюся ад гэтага гонару i сядаю разам з а. Матулісам».

Так скончыліся шэсьць цяжкіх гадоў у жыцьці біскупа Сіповіча. Палагодзіўшы ўсе справы ў Рыме, ён вярнуўся ў Лёндан 20 жніўня 1969 году. У сваім дзёньніку ён зазначыў: «Пачынаецца новы пэрыяд у маім жыцьці. Шэсьць гадоў было дастаткова, каб крыху “адвыкнуць” ад Лёндану i розных тутэйшых клопатаў. Няхай будзе Божая воля ва ўсім! Ня ёсьць прыпадкам, што я ізноў мушу жыць з такімі, а не іншымі людзьмі. Не праз нейкую расьцярушанасьць Бог сабраў нас у гэтым доме, які я сам купляў, аднаўляў, парадкаваў!»

Notes

[129] “Augustus Poiitifex cupit benevolentiam Suam iterum tibi testificali teque certiorem facere Se... semper pre oculis habere necessitates atque spes multorum catholicorum nobilis populi bielorussici, quern peculiari diligit caritatis affectu. Hanc enirn ob causam Beatissimus Pater valde solicitus est, quod multos post amios, Ecclesia in. Belorussia adhuc caret moderatore hierarchico. Quam ob rem Sanctitas Sua cum recens te coram admisit, tibi patefecit in animo habere te Administratorem Apostolicum nominare pariterque dignitate episcopali augere. Attamen, ut pro comperto babes, hoc nondum ad effectum deduci potest, cum nonnulae adhuc extent condiciones quod attinet ad civiles Auctoritates. Nihilominus spes alitur fore ut, sive a Sancta Sede sive abs te data opera apud easdem Auctoritates, omnes difficultates quam primum feliciter evinciantur”.

[130] “Tibi igitur committitur, liturgicos textus latinos, in Tuam nativam linguam Bielorussam-Alboruthenam, ad mentem Constitutionis et Decretorum Concilii Oecumenici Vaticani Secundi atque Instructionum huiusce Sacrae Congregationis Rituum vertere, et huiusmodi versiones Romam, pro opportuna approbatione, transmittere”.

[131] «Nie przypominam sobie, czy w ostatnim liście wspominałem, że byłem po tamtej stronie w Nowogródku, Baranowiczach i w Brześciu; to było w sierpniu. Nasi tam księża są mocno przygnębieni oświadczeniem kandydata na tamtejszego ordynariusza ks. Czarniawskiego, marianina, szowinistę białoruskiego, który powiedział, że skoro zostanie ordynariuszem, to pierwszą rzeczą będzie wprowadzenie do wszystkich kościołów jęz. białoruskiego; który z księży się temu nie podda, zostanie usunięty, a on sprowadzi na ich miejsce białorusinów-marianów... Ks. Czarniawski to człowiek nietaktowny, nieroztropny i co gorsze szowinista białoruski, który raczej zamierza szerzyć królewstwo białoruskie a nie Chrystusowe. Nasi księża mówią jednomyślnie: że nie zniszczyli nas Sowiety, to zniszczy nas sam Kościół; że Watykan nie rozumie, że Kościół wiernych na Białorusi składa się z Polaków a nie Białorusinów; że Białorusini w przytłaczającej większości są wyznania prawosławnego, a nie rzymsko-katolickiego; że w wypadku wprowadzenia jęz. białoruskiego do naszych kościołów powstanie bunt i księży i wiernych, którzy nie zachcą poddać się takiemu rosporządzeniu; że żaden z naszych księży nie umie mówić po białorusku; mówią raczej po rosyjsku... Ja osobiście odniosłem wrażenie, że tam jest agonia i Kościoła jako organizacji i polskości. Młode pokolenie nie rozumie jęz. polskiego, Polacy i ich jęz. jest tam wyśmiewany. Rodzice nie uczą jęz. polskiego swoich dzieci za małymi wyjątkami. Niedziela, to dzień targowy; ludzie jadą raczej na targ aniżeli do kościoła na Mszę św.»

[132] «Dobry jest lud białoruski i chyba – moim zdaniem – jest wielkim dobrodziejstwem, że nie wszystko albo zupełnie nic nie dociera z zagranicy od współrodaków».

[133] У тым часе як польскія ксяндзы езьдзілі ў Беларусь i распаўсюджвалі свае малітаўнікі, сотні асобнікаў беларускага малітаўніка “Голас душы”, выдадзенага ў 1949 годзе ў Рыме а. Татарыновічам, ляжалі ў Рыме i Лёндане, бо беларусы ня мелі магчымасьці паслаць ix туды, дзе яны былі найбольш патрэбныя. Мусіць, гэта i ёсьць тое “вялікае дабрадзейства”, пра якое згадвае Прочак.


 


 


 

 

 

Напісаць ліст