Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус

1. Першыя крокі - Працяг

Але вернемся ў 1927 год. Даслаўшы ліст ва Ўсходнюю Кангрэгацыю, Бучыс атрымаў 27 траўня сакрэтны апытальнік у справе Абрантовіча, «якога прапануюць на годнасьць пралата для расейцаў бізантыйскага абраду ў Харбіне, за межамі Польшчы»[20].

Фабіян Абрантовіч
(1884–1946)

Фабіян Абрантовіч (1884–1946) лічыўся адным з найбольш выдатных беларускіх каталіцкіх сьвятароў свайго часу. Ён атрымаў адукацыю ў Пецярбурскай Каталіцкай Акадэміі і Лювэнскім Каталіцкім Унівэрсытэце ў Бэльгіі. Быў выкладчыкам Магілеўскай духоўнай сэмінарыі ў Пецярбурзе, а пасьля рэктарам Менскай духоўнай сэмінарыі пад час ейнага нядоўгага існаваньня ў 1918–1920 гадох – пасад біскупа Менскага займаў тады Зыгмунт Лазінскі. Калі бальшавікі занялі Менск і зрабілі яго сталіцай Беларускай Савецкай Рэспублікі, Абрантовіч выехаў у Заходнюю Беларусь, дзе дапамагаў біскупу Лазінскаму будаваць духоўную сэмінарыю для ягонай новай Пінскай дыяцэзіі. Напэўна, а. Фабіян спадзяваўся стаць ейным рэктарам, аднак перашкодзіла ягоная беларуская нацыянальнасьць. У Пінску ён атрымаў прапанову ехаць у Харбін працаваць сярод расейцаў. На той час Абрантовіч ужо расчараваўся ў магчымасьці якой-колечы працы для беларусаў пад польскім панаваньнем. З другога боку, ён ня меў ахвоты пакідаць Беларусь і тым болей мяняць свой рымскі (лацінскі) абрад, у якім нарадзіўся, на ўсходні. Можа, гэта і паўплывала на ягонае канчатковае рашэньне ўступіць у Друйскі кляштар. Але ён недаацаніў Бучыса... У жніўні 1927 году Абрантовіч скончыў навіцыят у Друі, а ўжо ў сьнежні яго выклікалі ў Папскую нунцыятуру ў Варшаве і там другім разам прапанавалі ехаць у Харбін. І ён здаўся. У жніўні 1928 году Абрантовіч сеў у Марсэлі на карабель, які плыў у далёкі Кітай... У Харбіне ён меў узначаліць адзіны за межамі Расеі каталіцкі “ардынарыят”, або эпархію, для расейцаў усходняга абраду. Звычайна на такую пасаду прызначаюць біскупа. Таму ўсе спадзяваліся, што й Абрантовіч паедзе ў Харбін біскупам, а некаторыя нават віншавалі яго. Аднак замест біскупскай годнасьці яму далі чыста ганаровы, хоць і мілагучны, тытул архімандрыта. Шмат хто зь ягоных знаёмых адчуў разгубленасьць. Калі праз два гады прыйшла вестка пра біскупства Бучыса, айцец Адам Станкевіч напісаў 13 ліпеня 1930 году айцу Ўладзімеру Талочку: «Мяне цікавіць, што пачне канкрэтна біскуп Бучыс. Абрантовіч, напэўна, не падазраваў, што ў ягонай асобе меў канкурэнта! Увогуле мы, беларусы (і расейцы), павінны сказаць у гэтай справе: “Без меня меня женили, меня дома не было...”»

Палякі ніколі не выказвалі ані вялікай любові да камісіі “Pro Russia”, ані разуменьня ейных мэтаў. Аднак праект высылкі друйскіх марыянаў у Харбін стаўся для іх сапраўдным дарам зь неба, бо дазваляў пазбыцца некаторых невыгодных ім беларускіх сьвятароў, якія маглі перашкаджаць у палянізацыі беларусаў -каталікоў.

Камісіі “Pro Russia” беларусы патрабаваліся толькі як прылада для “навяртаньня Расеі”. Гэта адчулі шмат якія беларускія сьвятары. Айцец Казімер Кулак, арганізатар трох першых вунійных канфэрэнцыяў у Пінску, пісаў 5 сьнежня 1931 году да Бучыса: «Група – 5–7 асобаў – больш вядомых беларускіх сьвятароў мела намер прыняць усходні абрад, разам уступіць у нейкі закон – базылянаў ці марыянаў – каб разам (падкрэсьлена аўтарам. – А.Н.) распачаць гэтую (вунійную. – А.Н.) працу ў нашай краіне. Але калі няма акцыі pro Alborussia (для Беларусі), а толькі pro Russiа (для Расеі), то нашто тады ўступаць. Каб ісьці навяртаць кітайцаў тады, як наш народ гіне ў твані сэктанцтва і бязбожнасьці?»

Газэта Беларуская крыніца, якая пільна сачыла падзеі беларускага рэлігійнага жыцьця, слушна заўважыла: «Як польскія духоўныя ўлады высылаюць ксяндзоў беларусаў зь беларускіх парафіяў, так расейцы з рымскай камісіі высылаюць беларускіх духоўнікаў зь беларускай тэрыторыі як мага далей ад беларускага народу. – Хто б мог спадзявацца, што будуць яны саюзьнікамі ў гэтай справе?» [21]

Іронія ў тым, што ў сьнежні 1927 году друйскія марыяне рыхтаваліся распачаць працу ў бізантыйскім абрадзе, каб адрадзіць у Беларусі Грэка-Каталіцкую Царкву. Пачаткова прызначаліся для гэтае мэты тры сьвятары: Фабіян Абрантовіч, Язэп Германовіч і тады яшчэ навіцыянт Францішак Чарняўскі. Калі Абрантовіча накіравалі ў Харбін, Чарняўскі пакінуў навіцыят, бо, як казаў сам, не жадаў, каб і яго туды выслалі. Такім чынам, давялося пакінуць або, прынамсі, адкласьці праект працы ва ўсходнім абрадзе. Цікота пісаў 7 студзеня Бучысу: «Гэтая справа вельмі балючая для нашага кляштару і для Царквы ў нашых мясьцінах. Нас так мала, і ад нас яшчэ адбіраюць (Tam pauci sumus et adhuc orbamur)».

Можна сказаць, што ў 1928 годзе пачаўся заняпад Друі. Аднак далёка ня ўсе гэта адразу заўважылі. Дык што ўжо казаць пра 14-гадовага юнака Чэслава Сіповіча, які нічога ня ведаў пра палітыку і розныя закулісныя інтрыгі. Ён мог нават ганарыцца тым, што Друі выпала такая важная роля ў вялікай справе “навяртаньня Расеі”. Адначасова годная пастава беларускіх айцоў перад польскім наступам і націскам ды іхная самаахвярная пастырская дзейнасьць толькі ўзмацнялі ягоную адданасьць і павагу да іх.


Друя:
манастыр і касьцёл

Жыцьцё ў ювэнаце – ня зь лёгкіх. Пад’ём а 4-й раніцы, Імша, сьнеданьне, заняткі ад 6.30 раніцы да 12.30, абед, кароткі перапынак, падрыхтоўка школьных заданьняў, вячэра, малітвы, сон a 7.45 вечара. Асаблівых выгодаў не было. Ежа гатавалася простая, але яе хапала. На сьнеданьне звычайна мелі грычаную кашу, гарбату. Абед складаўся зь дзьвюх страваў, а салодкае давалі толькі на вялікія сьвяты. У часе паабедавага перапынку ўсе звычайна займаліся фізычнай працай, напрыклад нарыхтоўкай дроваў на зіму. Вольнага часу было няшмат, але сялянскія хлопцы, звыклыя да працы зь дзяцінства, ня надта праз тое пераймаліся.

Паводле словаў самога Сіповіча, нягледзячы на цяжкасьці, ён захаваў сьветлыя ўспаміны зь ювэнату ў вялікай ступені дзякуючы айцу Язэпу Германовічу (1890–1978), сьвятару з усьмешкай у вачох. Германовіч прыйшоў у Друю ў 1924 годзе пасьля дзесяцігадовай пастырскай працы ў розных парафіях Віленскай дыяцэзіі. Ягоныя казані на беларускай мове і спробы заснаваць беларускія школы сустрэлі там зацяты супраціў з боку польскіх і апалячаных сьвятароў. Чалавек вялікай дабрыні і лагоднага характару, ён мог быць цьвёрдым і бескампрамісным, калі даводзілася бараніць прынцыпы, якія ён уважаў слушнымі, асабліва законныя правы беларусаў слухаць Слова Божае на роднай мове. Праз трыццаць гадоў Сіповіч згадваў пра айца Германовіча: «Ён умеў узгадоўваць хлапчукоў, зацікавіць іх, асабліва ўмеў прышчапіць любасьць да роднай мовы, якая ў Польшчы тады перасьледвалася і якой не маглі нават вучыць у самой Друйскай гімназіі[22], дзе блізу 90% вучняў былі беларусамі»[23]. Германовіч, відаць, ужо тады заўважыў у маладым Сіповічу якасьці, якія вылучалі яго сярод іншых хлопцаў, і зрабіў яго сваім памочнікам. Сіповіч пісаў 15 чэрвеня 1941 году Цікоту ў Харбін: «Аб пэдагогіцэ я ніколі не забываў ад таго часу, як мяне a. Язэп у Др(уі) зрабіў сваім памочнікам. Многа я там памагаў, ня ведаю, але сам вельмі многа скарыстаў ад а. Язэпа і з кніжак». Германовіч быў таксама таленавітым пісьменьнікам. Свае творы ён падпісваў псэўданімам “Вінцук Адважны” або проста ініцыяламі “В.А.” Пад гэтымі ініцыяламі ў Вільні ў 1933 годзе выйшла кніга ягоных вершаў Беларускія цымбалы. У прадмове да кнігі прыяцель Германовіча айцец Адам Станкевіч пісаў: «В.А. – гэта ў беларусаў, здаецца, адзіны літаратар, які сяньня йшчэ ня то што ня хоча, але ня можа назвацца ўласным імем і мусіць крыцца пад азначанай у загалоўку мянушкай. У гэткіх жывём мы грамадзка-палітычных варунках!..»[24]

Варункі, пра якія ўзгадвае Станкевіч, – гэта перадусім непрыхільнае, каб не сказаць варожае, стаўленьне да ўсяго беларускага з боку польскіх дзяржаўных і каталіцкіх царкоўных уладаў. Сьведамым беларусам даводзілася нялёгка, але ў асабліва цяжкое становішча трапілі беларускія каталіцкія сьвятары, якія ў сваёй пастырскай дзейнасьці адмаўляліся праводзіць палянізацыйную палітыку сярод беларускай паствы. Звычайна царкоўныя ўлады такіх сьвятароў стараліся зламаць або прынамсі змусіць змоўкнуць. Калі ж гэта не ўдавалася, дык іх высылалі на чыста польскія парафіі. Шмат якія творы айца Германовіча напісаныя ў моцна патрыятычным духу. Возьмем хоць бы наступныя радкі зь ягонай “Элегіі”:

О, край наш родны! Хоць ня маеш сілы, 
Ты – наша маці – Беларусь сьвятая! 
Табе капае сырую магілу
Подласьць людзкая. 
Што наша слабасьць ворагаў ня зможа,
Сумна мне, Божа!

Аўтар умеў востра высьмеяць польскія парадкі, як, напрыклад, у вершы пра перапіс насельніцтва, калі “зноў сьпісак рабілі, у палякі хрысьцілі”, не перабіраючы спосабы:

Вось прыгода нова:
Цялё Петрукова 
Неяк памяшалі – 
Ў палякі пісалі.

У выніку такога перапісу «Луконіца вёска праз ноч стала “польска”». У канцы аўтар робіць сумную выснову, што «Беларусы самі – бараны часамі».

У вершы “На 25 Сакавіка”, надрукаваным у Беларускай крыніцы 29 сакавіка 1932 году, аўтар піша, як беларусы «прыйшлі Айчыну будаваць». Але вось сталася бяда: «Ды, Божа ж мой! Сусед пазнаў: нам волю адабраць жадаў». Аўтар сканчае верш заклікам:

Устань, устань! 
Скарэй, скарэй!
Раўнуйся на другіх людзей.
На сонца глянь, 
Крылом удар – 
Пазнай свабоды, волі чар!

Калі б польскія шавіністы ведалі прозьвішча аўтара, яны б маглі шмат пашкодзіць ня толькі яму, але й Друйскаму кляштару, які й так ужо быў пад “абстрэлам”. Існавала яшчэ адна, ня менш важкая прычына, чаму Германовіч падпісваў свае творы псэўданімам. У 1928 годзе Ялбжыкоўскі абвінаваціў газэту Беларуская крыніца ў шырэньні рэлігійнай абыякавасьці і... камунізму ды забараніў каталіком у сваёй дыяцэзіі, а сьвятаром асабліва, чытаць, распаўсюджваць або хоць як падтрымліваць яе. Беларускія вернікі з абурэньнем адкінулі бязглуздыя абвінавачаньні архібіскупа і, нягледзячы на забарону, далей чыталі і падтрымлівалі газэту. Сьвятары апынуліся ў больш складаным становішчы, бо ім у выпадку непаслушэнства пагражала забарона выконваць сьвятарскія абавязкі. Шмат якія творы Германовіча ўпершыню ўбачылі сьвет у Беларускай крыніцы пасьля 1928 году, г. зн. пасьля накладзенай Ялбжыкоўскім забароны.

Гады, праведзеныя ў Друі пад кіраўніцтвам а. Германовіча, мелі вызначальны ўплыў на станаўленьне характару і далейшае жыцьцё Чэслава Сіповіча. Гэтая шчасьлівая пара скончылася ў 1932 годзе, калі айцец Германовіч на загад Бучыса пакінуў Друю і выехаў у Харбін. Пасьля Сіповіч будзе так прыгадваць разьвітаньне зь любым настаўнікам: «Пасьля гэтулькіх гадоў не магу забыцца на тое сумна-прыгожае разьвітаньне з дарагім айцом Язэпам у Друі! Усе былі ўсхваляваныя... Шчымела сэрца ня толькі таму, што пакідае нас дарагі нам чалавек, які ці для аднаго стаўся новым бацькам, але й таму, што наш край траціў яшчэ аднаго сьвятара дзеяча, якога нельга было заступіць» [25].

Беларуская газэта Хрысьціянская думка пісала з нагоды выезду а. Германовіча ў Харбін: «14.V. сёль. г... у Харбін выехаў яшчэ адзін марыянін з Друі, ведамы беларускі рэлігійны і народны дзеяч і пісьменьнік, а. Я. Германовіч. На станцыі ў Вільні прыйшлі разьвітацца з а. Я. Г. многія зь беларускіх дзеячоў, а такжа студэнты і моладзь. Разьвітаньне было падвойна сумнае: раз, што далёкая небясьпечная дарога, а другі раз, што а. Я. Г. выяжджае на місіі ў далёкі край, калі гэтулькі ёсьць працы місійнай на вякамі запушчанай ніве беларускай!»[26] Такім чынам, выезд а. Германовіча ў Харбін быў вялікай стратай ня толькі для Друі, але для ўсяго беларускага грамадзтва ў Заходняй Беларусі.

Бучыс зьвяртаўся ў Харбін да Германовіча 3 жніўня 1932 году: «Прызнаюся, што я вінаваты ў тым, што Найдаражэйшы Айцец трапіў у Харбін, інакш кажучы, на канец сьвету, аднак, магчыма, з часам Дарагі Айцец пераканаецца, што прычынаю маёй віны была шчырая любоў...»

Карэспандэнт, які падпісаўся псэўданімам “Каталік”, заўважыў у Беларускай крыніцы, што «а. Абрантовіч і а. Германовіч належаць да законнага ордэну аа. марыянаў, якіх мэтаю ёсьць працаваць перадусім пасярод свайго народу... а што зь імі зрабіла камісія «Pro Russia»? Ці ведае аб гэтым галава ордэну біскуп Бучыс? А калі ведае, то нашто пазваляе праводзіць палітыку ў сваім ордэне?»[27] Аўтар артыкулу, відаць, ня ведаў пра ролю Бучыса ў высылцы беларускіх сьвятароў у Харбін. Сапраўдны прыяцель не канечне той, хто голасна клянецца ў шчырай любові...

У 1932 годзе Друя перажыла яшчэ адзін крызіс. Зь пяці клерыкаў-студэнтаў, пасланых вучыцца ў Рым у Русікум, тры пакінулі гэтую ўстанову, а затым і Друю ў атмасфэры ўзаемных абвінавачаньняў і падазрэньняў. Пры ўсёй асьцярожнасьці ў вызначэньні прычынаў гэтага прыкрага здарэньня, можна прызнаць, што галоўнай зь іх стаўся канфлікт між студэнтамі і супэрыёрам Друйскага кляштару айцом Андрэем Цікотам.

Андрэй Цікота
(1891–1952)

Асоба Цікоты – цэнтральная ў гісторыі Друйскага кляштару. Думкі пра яго існуюць розныя, бальшыня зь іх – станоўчыя. Некаторыя нават уважаюць Цікоту за найбольш вернага пераймальніка блаславёнага Юр’я Матулевіча. Усе падкрэсьліваюць ягоную глыбокую і шчырую пабожнасьць і непахісную веру. Паводле многіх сьведкаў, ён выявіўся выдатным прапаведнікам, здольным арганізатарам і адміністратарам. Зь ягонай працавітасьці дзівіліся ўсе. Спаў Цікота ня больш як 4 гадзіны ў содні, быў стрыманы ў ежы і таму худзейшы за іншых айцоў. Аднак некаторыя рэчы ня могуць не выклікаць засьцярогаў. Доктар Язэп Малецкі, які вучыўся ў Друі ў 1920-х гадох і жыў у інтэрнаце, успамінае, што Цікота заўсёды ведаў усё пра хлопцаў і нястомна выкрываў найменшыя правіны. Айцец Тамаш Падзява, адзін зь першых вучняў Друйскай гімназіі, у сваіх успамінах пра Цікоту гаворыць яшчэ больш пэўна: «Ён быў заўсёды, няведама як і праз каго, вельмі дакладна паінфармаваны пра тое, дзе хто з вучняў знаходзіцца і што робіць. Заўсёды зьяўляўся там, дзе яго найменш спадзяваліся і дзе, аднак, была патрэба, каб адхіліць нейкую небясьпеку. Ніводзін з вучняў ня мог напісаць ліст або вершык да сваёй сяброўкі або атрымаць ад яе, каб такога роду “дакумэнты” ня трапілі адразу ў рукі а. Андрэя. Уваходзячы ў памяшканьне, ён ішоў проста да гэтых няшчасных твораў юнацкай фантазіі, быццам сам іх туды раней паклаў. Беспамылкова сягаў у тую кішэню, у якой знаходзіўся любоўны ліст»[28]. Падзява, відавочна, ухваляе спосаб дзеяньняў Цікоты. Аднак чытачу, не абазнанаму ў друйскіх парадках, цяжка пазбыцца падазрэньня, што Цікота заахвочваў да ўзаемных даносаў.

На першыя дзьве дэкады мінулага стагодзьдзя прыпаў рост беларускага нацыянальна-палітычнага і культурнага адраджэньня. Варта толькі прыгадаць газэту Наша Ніва, кнігі Кароткая гісторыя Беларусі Ластоўскага, Беларуская граматыка для школ Тарашкевіча; паэтаў і пісьменьнікаў Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Максіма Гарэцкага ды іншых, Беларускую Сацыялістычную Грамаду, іншыя палітычныя партыі ды, урэшце, абвешчаньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 Сакавіка 1918 году. Беларускія каталіцкія сьвятары бралі чынны ўдзел у беларускім нацыянальным жыцьці. Сярод іх былі такія паэты і пісьменьнікі, як Аляксандар Астрамовіч (паэт Андрэй Зязюля), Ян Семашкевіч (Янка Быліна) і, бадай, найбольш выдатны з усіх Кастусь Стэповіч (Казімер Сваяк). Пасьля Першай сусьветнай вайны зьявілася новае пакаленьне беларускіх сьвятароў, сярод іх Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Антон Неманцэвіч, Міхал Пятроўскі, Язэп Германовіч. Безумоўна, яны перадусім імкнуліся бараніць права беларусаў слухаць Вестку Збаўленьня і хваліць Бога ў роднай мове. Але маладыя сьвятары гэтым не абмяжоўваліся – яны зрабілі вялікі ўнёсак у беларускае нацыянальнае і культурнае жыцьцё. Цікота ж, хоць быў амаль аднаго зь імі веку, стаяў нібыта збоку, спасылаючыся на артыкул 180 Канстытуцыі Закону Марыянаў, што забараняе законьнікам умешвацца «ў работу адміністрацыйную, палітычную ці нацыянальную... (Яны) павінны быць збоку і вышэй ад справаў палітычных і партыйных, іхнай справай павінна быць справа Хрыстова і Каталіцкага Касьцёлу»[29]. Дзеля справядлівасьці трэба зазначыць, што ў рэлігійных справах Цікота салідарызаваўся зь іншымі беларускімі сьвятарамі. Да прыкладу, ягоны подпіс стаіць пад лістом беларускіх сьвятароў за 18 траўня 1925 году на канфэрэнцыю польскіх біскупаў у справе пастырскай працы сярод беларусаў каталікоў у Польскай рэспубліцы. У лістападзе 1926 году Цікота ад імя друйскіх марыянаў перадаў канфэрэнцыі польскіх каталіцкіх біскупаў “усходніх правінцыяў” мэмарыял з плянам пастырскай і місіянерскай дзейнасьці сярод беларусаў. Плян гэты адкінулі. Аднак у агульнабеларускім жыцьці пра Цікоту не было амаль нічога чуваць. Тамаш Падзява несправядліва вінаваціць тых, каго ён называе “беларускімі нацыяналістамі”, быццам яны «стварылі сьцяну маўчаньня вакол айца Андрэя» за тое, што ён заснаваў польскую, а не беларускую гімназію. Насамрэч Цікота з уласнай волі застаўся за сьцяною беларускага жыцьця, заняўшыся амаль вылучна справамі марыянскага закону, ягонага духоўнага дому. Гэта асабліва адчувалася пасьля таго, як Цікоту абралі генэралам закону. Характэрнае ў гэтым сэнсе ягонае каляднае прывітаньне Абрантовічу, напісанае 15 сьнежня 1937 году: «...прашу Бога, каб сьлюбы законныя, каторыя разам з Хрыстом нарадзіліся ў Стайні Бэтлеемскай, былі дзеля Вас крыніцай сьвятла, сілы і радасьці, каб Вы ў іх найшлі сто разоў больш чым тоя, што ў сьвеце пакінулі, ды праз іх і жыцьцё вечнае атрымалі» (мова аўтара падаецца бязь зьменаў. – А.Н.). Ягоная ляяльнасьць да марыянскага закону часам не дазваляла яму аб’ектыўна глядзець на рэчы. Напрыклад, 8 студзеня 1928 году ён пісаў Бучысу пра айца Францішка Чарняўскага, які пакінуў марыянаў, ня скончыўшы навіцыяту: «Чарняўскі з уласнай волі пакінуў навіцыят. Законнае жыцьцё было для яго вельмі цяжкім. У яго няма духу пабожнасьці, паслушэнства, сьціпласьці; ён мае схільнасьць да сьвецкага жыцьця і бывае неасьцярожны ў размовах з жанчынамі». Выглядае, што ўсе гэтыя заганы характару Чарняўскага раптам выявіліся, як толькі ён намерыўся пакінуць марыянаў: нейкія тры тыдні раней яго прапанавалі прызначыць да адказнай працы ва ўсходнім абрадзе. Айцец Чарняўскі памёр у 1979 годзе, у 85-гадовым веку, пасьля доўгай і плённай пастырскай працы ў Францыі, Бэльгіі, ЗША.

Такім чынам, Цікота – чалавек з моцным характарам і перакананьнямі, поўнасьцю аддадзены справе Божай і марыянскай, патрабавальны да сябе і да іншых. Магчыма, яму не ставала цеплыні Германовіча. Тым, хто быў побач зь ім, часта, напэўна, даводзілася нялёгка, хоць у шмат каго ён выклікаў подзіў і пашану.

Чэслаў Сіповіч да канца жыцьця захаваў глыбокую павагу да Цікоты. Ён марыў напісаць пра Цікоту кнігу, дзеля чаго гадамі зьбіраў матар’ялы. Магчыма, Сіповічава абсалютная аддадзенасьць марыянам, што часам замінала яму цьвяроза глядзець на некаторыя рэчы, узьнікла пад уплывам Цікоты. Можа, добра, што непасрэдным кіраўніком Сіповіча ў ювэнаце быў не Цікота, а Германовіч.

21 ліпеня 1933 году генэральная капітула марыянаў у Рыме абрала Андрэя Цікоту генэралам марыянскага закону на месца Бучыса, які адмовіўся застацца на другі тэрмін, бо хацеў мець больш часу для працы ў камісіі “Pro Russia”. Ён не падазраваў, што магутнасьць гэтай камісіі і ейнага кіраўніка пратрывае ўсяго лічаныя дні. Сваім абыходжаньнем і прарасейскай палітыкай Дэрбіньі нажыў сабе шмат ворагаў. Беларускі сьвятар Казімер Кулак пісаў 15 сьнежня 1931 году Бучысу, што супраць камісіі “Pro Russia” змагаюцца ўсе: палякі, украінцы і беларусы. Далей ён працягвае: «Гэта факт, што дзеля дабра вунійнай працы ў нас трэба, каб да яе мелі дaвep тыя, дзеля каго гэтая праца вядзецца, г. зн. беларусы і ўкраінцы. Тым часам гэты давер з кожным днём слабее, і то ўжо не ад боязі палянізацыі ці лацінізацыі праз уплывы з польскага боку, але русыфікацыі з боку... Рыму!»[30] Безумоўна, польскія біскупы не маглі спакойна глядзець, як Дэрбіньі з сваёй камісіяй беспакарана праводзіў русыфікатарскую палітыку ў Заходняй Беларусі і Ўкраіне – палякі ж плянавалі палянізаваць тутэйшае насельніцтва. Яны мелі моцнага хаўрусьніка ў Рыме ў асобе генэрала закону езуітаў, таксама паляка, Уладзімера Ледахоўскага. Увосень 1933 году меўся адбыцца кананічны візыт у Рым ad limina apostolorum (да парогу апосталаў) усяго польскага эпіскапату. Дэрбіньі, відаць, ня меў вялікай ахвоты сустракацца з польскімі біскупамі. Ледахоўскі параіў яму на гэты час выехаць з Рыму, каб падлячыцца. Дэрбіньі, нічога не падазраючы, згадзіўся і паехаў у Бэльгію. Калі ён ужо зьбіраўся вяртацца ў Рым, прыйшоў ліст ад Ледахоўскага: той “раіў” Дэрбіньі заставацца, дзе быў, і напісаць Сьвятому Айцу просьбу аб звальненьні з пасады старшыні камісіі “Pro Russia”. Тон рады не пакідаў магчымасьці запярэчыць. Дэрбіньі не пабачыў больш Рыму аж да сьмерці ў 1957 годзе... Між тым Бучыс знаходзіўся ў Амэрыцы і, здаецца, ніхто не паклапаціўся паведаміць яму, што адбылося. Вярнуўшыся ў Рым, ён не знайшоў там ані камісіі “Pro Russia”, ані свайго апекуна. Усходняй Кангрэгацыі ён быў непатрэбны, і Бучысу не заставалася нічога іншага, як вярнуцца ў Летуву. Але й там ня ведалі, што зь ім рабіць. У 1939 годзе марыяне выцягнулі яго з «прымусовага адпачынку» і зноў абралі сваім генэралам на месца Цікоты.

Пасьля падзеньня Дэрбіньі камісія “Pro Russia” страціла амаль усе свае правы ды сталася звычайным дэпартамэнтам (аддзелам) Ватыканскага Дзяржаўнага Сакратарыяту для справаў каталікоў рымскага (лацінскага) абраду ў Савецкім Саюзе. Усё, што датычыла ўсходняга абраду, перадавалася ў выключную кампэтэнцыю Ўсходняй Кангрэгацыі.

Што да беларусаў, дык нешта не чуваць было, каб яны лілі сьлёзы па Дэрбіньі. Зь іншага боку, іхнае становішча ніяк не палепшала і пасьля ягонай адстаўкі. У сваіх пратэстах супраць Дэрбіньі ды ягонай палітыкі польскія духоўныя ўлады любілі часам нагадваць, што жыхары “ўсходніх крэсаў” – не расейцы, a беларусы і ўкраінцы. Пасьля ягонага падзеньня патрэба ў падобных згадках адпала. Як дасьціпна выказаўся адзін карэспандэнт Беларускай крыніцы, «Трэба сказаць шчыра, што трудна сабе прадставіць болей няўдалы і назоў і кірунак для гэтай чыста рэлігійнай работы ў нашым краі, як камісія “Pro Russia”. Адно толькі ў абароне тэй камісіі можна было б сказаць, што назоў яе “Pro Polonia” быў бы яшчэ горшы...»[31]

He адмаўляючы арганізатарскіх і адміністратарскіх здольнасьцяў Цікоты, трэба прызнаць, што яго абралі на пасаду генэрала марыянскага закону хутчэй за ўсё ў выніку кампрамісу: летувісы не хацелі бачыць на чале закону паляка, а палякі – летувіса. Для палякаў абраньне Цікоты мела яшчэ адзін “плюс”: як генэрал закону, ён мусіў пакінуць Друю і жыць у Рыме. Такім чынам, пасьля Абрантовіча і Германовіча палякі пазбавіліся яшчэ аднаго невыгоднага для іх беларускага сьвятара. Гэта разумеў шмат хто зь беларусаў. Газэта Беларуская крыніца пісала: «Мы, беларусы, з гэтага выбару (Цікоты на пасаду генэрала марыянаў. – А.Н.) можам сапраўды цешыцца. Радасьць нашу хмурыць толькі той факт, што абсаджываньнем беларусамі хоць бы найважнейшых пляцовак заграніцай аслабляюцца ня менш важныя і пільныя пляцоўкі сярод саміх беларусаў. Аб лёсе айцоў марыянаў сказаць гэта трэба з асаблівым націскам, бо, на колькі ведама, іхным заданьнем ёсьць праца перадусім для с в а й г о с о б с к а г а народу. Айцы марыяне іншых народнасьцяў... сапраўды гэтак і працуюць. Толькі беларускіх айцоў чамусьці найвышэйшыя ўлады высылаюць на край сьвету... і то тады, калі даслоўна няма каму заняцца працай сярод свайго беларускага народу, для каторага ўзноў насылаецца духавенства чужое. Ня скажам зашмат, калі сьцьвердзім, што гэткая гаспадарка беларускімі духоўнымі сіламі ёсьць гаспадаркай шкоднай і проста рабунковай»[32].

Пасьля выезду Цікоты ў Рым у Друі засталіся тры беларускія сьвятары, ніводзін зь якіх ня быў здатны стаць кіраўніком. На месца Цікоты ў Друю прызначылі польскага марыяніна Ўладыслава Лысіка. Такім чынам беларускі характар Друйскага кляштару зьмяніўся. Здарылася тое, чаго дамагаўся Ялбжыкоўскі.

Усе гэтыя перамены істотна не закранулі жыцьцё Чэслава Сіповіча. Ён перапыніў сваю навуку 1 жніўня 1933 году і распачаў год навіцыяту (паслушэнства). 15 жніўня 1934 году Сіповіч склаў свае першыя законныя шлюбы і ўвосень вярнуўся ў школу, каб скончыць сярэднюю адукацыю. Праз год ён ужо быў гатовы пачаць курс філязофскіх і багаслоўскіх навук у падрыхтоўцы да прыняцьця сьвятарства. У ягоным жыцьці пачынаўся новы разьдзел.

Notes

[20] «che u proposto quale candidato alla Prelatura dei Russi di rito bizantino in Harbin, fuori della Polonia».

[21] “Унійныя нарады ў Рыме і польска-расейскі саюз на нашых землях», Беларуская крыніца, № 8, Вільня, 24.1.1932, с. 3.

[22] Сіповіч не зусім дакладна паказаў справу зь беларускай мовай у Друйскай гімназіі. У 1920-х гадох у Заходняй Беларусі яшчэ існавалі некалькі беларускіх гімназіяў і школаў, нягледзячы на непрыхільнае, нават варожае, стаўленьне да іх з боку польскіх уладаў. У Друі марыяне нават не спрабавалі заснаваць беларускую гімназію: на самым пачатку Цікота вырашыў, што яна будзе польскаю.

[23] Я. Вучань. “Вінцук Адважны”, Конадні, № 7, Нью-Ёрк–Мюнхэн, 1963, с. 93.

[24] А. Станкевіч. “Аб жыцьці і творстве В.А. (Вінцука Адважнага)” // В. А. Беларускія цымбалы, Вільня, 1933, c. V.

[25] Я. Вучань. Oр. сit., c. 93.

[26] Chryscijanskaja dumka, No. 6, Vilnia, 15.VI.1932.

[27] Каталік. «Шкодная для беларусаў дзейнасьць камісіі “Про Руссіа”», Беларуская крыніца, № 3, Вільня, 24.01.1932, с. 2.

[28] Podziawo Tomasz. Op. cit., s. 22.

[29] Konstytucyja Kongregacyi Ajco» Maryjana». Pierakla» z lacinskaj movy a. Jazep Hermanovic. Vilnia, 1934, s. 52.

[30] «Faktem jest, ze dobro akcji unijnej u nas wymaga – by do tej akcji mieli zaufanie ci, dla ktorych akcja unijna sie prowadzi, tj. Bialorusini i Ukraincy. Tymczasem to zaufanie z kazdym dniom slabnie i to juz nie z obawy polonizacji lub latynizacji przez wplywy ze strony polskiej, lecz rusyfikacji ze strony... Rzymu!»

[31] Вясковец. “Пункты ў справе рэлігійнай уніі”, Беларуская крыніца, № 34, Вільня, 1931, с. 1.

[32] “Vyjezd a. Jenerala Cikoty”, Беларуская крыніца, № 39, Вільня, 1933, c. l.


 


 


 

 

 

Напісаць ліст