Запісы, 30. 2006
Перадрук з: Весьнік Беларускага Каталіцкага Душпастырства.
№3 (8). Лёндан, 1989.
С. 1–3.
Друкуецца зь нязначнымі аўтарска-рэдактарскімі праўкамі.
Беларусь сінявокая – дзе ты?
Чатыры маленькія словы, а як шмат яны гавораць! Тут і любоў, і боль, і трывога
за будучыню сваёй краіны. Яны былі напісаныя на плякаце падчас адной
дэманстрацыі ў Беларусі ўлетку гэтага году.
На долю беларусаў выпала шмат цяжкіх выпрабаваньняў. Колькі разоў, здавалася,
яны стаялі на краі загубы. Тое, што нягледзячы на ўсё яны выжылі, сьведчыць аб
вялікай духоўнай сіле нашага народу.
Крыніцу гэтай сілы, напэўна, трэба шукаць ў глыбокіх карэньнях, якімі беларусы
зьвязаныя са сваёй роднай зямлёй, пра якую так хораша напісаў Якуб Колас:
Зямля ня зьменіць і ня здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасьць волі,
дасьць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх ня кіне
Зямля –
аснова ўсёй айчыне.
Што б сказаў паэта, калі б ён жыў сёньня?..
Зямля ня здрадзіла. Зь ёй сталася няшчасьце: яе зьнявечылі. Імя
гэтага няшчасьця – Чарнобыль.
Выбух Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў суседняй Украіне 26 красавіка 1986
г. лёг злавесным ценем на Беларусь. Сёньня, праз больш як тры гады пасьля таго
здарэньня, адна пятая частка ворнай зямлі Беларусі "забруджаная" радыяцыяй.
Нягледзячы на ўсе стараньні, зона радыяцыі ўсьцяж пашыраецца. Найбольш пацярпелі
Гомельская, Магілёўская й Берасьцейская вобласьці, зь некаторых частак якіх, як
непрыдатных да жыцьця, прыйшлося выселіць дзясяткі тысяч людзей (паводле
ангельскага часопіса "New Scientist" дасюль выселена 92 тысячы). Гэтыя меры аказаліся недастатковымі, і ўлады плянуюць у
найбліжэйшым часе выселіць яшчэ амаль 120 тысяч людзей з 526 населеных пунктаў.
Наагул больш за 500 тысяч людзей жывуць на землях, ахопленых радыяцыяй. У
забруджаных радыяцыяй мясцовасьцях немагчыма весьці гаспадарчую дзейнасьць, і
насельніцтва змушана карыстацца прывезенымі прадуктамі. Вялікую трывогу выклікае
стан здароўя жыхароў гэтых мясцовасьцяў. Ужо цяпер назіраецца рост ракавых
захворваньняў (лейкемія, павелічэньне шчытавых залозаў) і паніжэньне
адпорнасьці на "звычайныя" хваробы. У асаблівай небясьпецы дзеці, арганізмы якіх
менш адпорныя на радыяцыю. Аднак сёньня яшчэ не магчыма вызначыць поўны маштаб
захворваньняў і генэтычных зьменаў, выкліканых радыяцыяй: яны выявяцца толькі
на працягу наступных гадоў, а нават і дзесяцігодзьдзяў.
Няшчасьцяў хапае на сьвеце. Амаль кожны дзень прэса, радыё й тэлебачаньне
прыносяць нам весткі аб землятрусах, паводках, пажарах, аварыях. Было б
несправядліва рабіць параўнаньні, якое зь іх большае: усе яны зьяўляюцца вялікай
трагедыяй для тых, хто перажыў іх. У большасьці выпадкаў, аднак, час трываньня
розных няшчасьцяў – прыродных і спрычыненых чалавекам – абмежаваны, што дае
магчымасьць вызначыць велічыню стратаў і шкоды, каб прыйсьці з канкрэтнай
дапамогай пацярпелым. У выпадку чарнобыльскай аварыі мы блукаем упоцемку й
губляемся ў дапушчэньнях, ня ведаючы ні поўнага яе памеру, ні часу трываньня
вынікаў, ні канчатковай колькасьці ахвяраў.
Чарнобыльская аварыя – для беларусаў нацыянальная трагедыя. Безь неадкладных
захадаў яе маштабы будуць толькі павялічвацца. Перадусім неабходна пачаць працу
над ачышчэньнем і аздараўленьнем забруджаных радыяцыяй земляў, зрабіць іх зноў
прыдатнымі для жыцьця. Сёньня немагчыма сказаць, колькі часу гэта зойме й якія
патрабуюцца на гэта выдаткі.
Другое, больш блізкае й непасрэднае заданьне, якое нельга адкладаць, – лекарская
дапамога ўсім, хто адчуў на сабе вынікі радыяцыі. Трэба, дзе магчыма, ратаваць
здароўе й несьці аблягчэньне ў выпадках (хочацца спадзявацца, нешматлікіх)
невылечных захворваньняў. Дзеці й цяжарныя жанчыны павінны стаць прадметам
асаблівай увагі й клопату. На жаль, гэтае заданьне, як і папярэдняе, непасільнае
для саміх беларусаў без дапамогі звонку. Зь вестак у прэсе вядома, што ў зоне
радыяцыі адчуваецца недахоп найбольш неабходных лекаў і лекарскіх прыладаў. Не
хапае нават сродкаў для захаваньня асабістай чысьціні (мыла, парашкі для мыцьця
вопраткі), хоць вядома, што частае мыцьцё дамапагае зьменшыць шкодныя вынікі
радыяцыі.
У такім цяжкім становішчы прыходзіцца зьвярнуцца да нашых прыяцеляў і да
людзей добрай волі на ўсім сьвеце з просьбаю памагчы беларускаму народу ў ягонай
вялікай бядзе.
Калі ж ідзе пра беларусаў, якія жывуць за межамі Бацькаўшчыны, дык дапамога
ахвярам чарнобыльскай аварыі зьяўляецца іхным маральным абавязкам, іхным
нацыянальным доўгам. Ніхто зь іх ня мае права заставацца абыякавым да няшчасьця,
што напаткала беларускі народ.
Каб аблегчыць хоць крыху цяжкае становішча, якое склалася ў Беларусі ў выніку
чарнобыльскай аварыі, у Лёндане паўстаў Беларускі Камітэт Дапамогі Ахвярам
Радыяцыі(Byelorussian Radiation Relief Appeal). У меру магчымасьці Камітэт будзе
старацца несьці дапамогу жыхарам радыяцыйнай зоны ў выглядзе неабходных лекаў,
лекарскіх прыладаў, прыладаў для вымярэньня ўзроўню радыяцыі (дазымэтры) і г. д.
Наколькі карыснай будзе дзейнасьць Камітэту, залежыць ад падтрымкі, якую ён
атрымае з боку беларусаў і іхных прыяцеляў ва ўсім сьвеце.
Звычайна людзі пад непасрэдным уражаньнем якога-небудзь няшчасьця – асабліва
калі яны былі яго навочнымі сьведкамі – здольныя на вялікія ўчынкі
бескарысьлівай дабрадзейнасьці. З часам, аднак, памяць пра няшчаснае здарэньне
слабее або й зусім зьнікае. Толькі ахвяры застаюцца адны са сваім болем, са
сваімі ўспамінамі й праблемамі. Мы ня маем права забыцца на ахвяры Чарнобылю: мы
павінны на справе паказаць, што яны й іхны лёс блізкія нашаму сэрцу.
На вышэй згаданай дэманстрацыі быў таксама плякат з надпісам: "Зьберажом
Беларускую Нацыю". Гэтае жыцьцярадаснае сьцьверджаньне веры ў лепшую будучыню
свайго народу павінна стацца крыніцай натхненьня для нас усіх. Супольнымі
сіламі зробім усё, каб зноў зазьзяла лагоднай шчасьлівай усьмешкай сінявокая
Беларусь і каб яе сыны й дочкі маглі сказаць разам з псальмістам:
Зямля дала плод свой.
Бог, наш Бог, паблаславіў нас.
(Пс 66[67]:67)
12 лістапада 1989 г.
Рэдакцыя [Запісаў] дзякуе Вользе Калацкай за дапамогу ў падрыхтоўцы да друку ўсіх тэкстаў
а. Аляксандра Надсана
Перадрук з: Весьнік Беларускага Каталіцкага Душпастырства. №3 (8). Лёндан,
1989. С. 1–3. Друкуецца зь нязначнымі аўтарска-рэдактарскімі праўкамі.