23. У надзеі жыцьця вечнага
Уладыка Чэслаў запісаў у сваім дзёньніку 8 кастрычніка 1979 году:
«Адчуваючы сябе ня вельмі добра, пайшоў да доктара Джордана... Гэты, пасьля
агляду, паслаў у шпіталь, каб зрабілі Х-ray (ронтгенаўскі здымак. – А.Н.). У
шпіталь я заехаў у таксі, a са шпіталя захацеў вярнуцца пяшком. Ледзь дайшоў
да Марыян Гауз. Сьмяротная слабасьць, вымёты (ваніты. – А.Н.). Здавалася,
што ўжо ўміраю. Сэрца. Выклікалі амбулянс у шпіталь, але я, думаючы, што
змагу памёрць у дарозе, адказаўся ехаць. Прышоў доктар Нэрс. Сьцьвердзіў
інфаркт сэрца і прыказаў 5-6 тыдняў адпачынку. Я шмат маліўся да Апостала
Пятра».
Стан здароўя Ўладыкі Чэслава ўжо даўно выклікаў трывогу, але гэта быў
першы сур’ёзны крызіс. Далей падобныя выпадкі пачасьціліся. Напрыклад, у
ягоным дзёньніку пад датаю 16 сакавіка 1980 году (Уладыка знаходзіўся тады ў
Рыме) чытаем: «Спаў вельмі добра, але ў капліцы ледзь адслужыў Літургію сьв.
Васіля. Слабасьць, круціцца галава, б’ецца сэрца, хістаюцца ногі. Шмат разоў
сядаў на крэсла і чытаў малітвы, седзячы». У Лёндане Ўладыка часта раніцай
адчуваў сябе так слаба, што ня мог устаць на Літургію. Але пра гэта ведалі
толькі самыя блізкія.
Прыходзіла разуменьне, што час падарожжаў вакол сьвету ўжо скончыўся,
але Ўладыка ўсё яшчэ езьдзіў у Рым. Увосень 1980 году ён наведаў Парыж, дзе
28 верасьня адслужыў Архіерэйскую Літургію для беларусаў з усіх куткоў
Францыі, а таксама з Бэльгіі ды Гішпаніі. Гэта было ягонае апошняе
пастырскае падарожжа. У Лёндан ён вярнуўся вельмі стомлены.
Пры канцы 1980 году лёнданская філія Ўкраінскага ўнівэрсытэту сьв.
Клімэнта (заснавальнік кардынал Сьліпый) запрасіла Ўладыку Чэслава прачытаць
курс лекцыяў пра Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву. Першая лекцыя адбылася
11 сьнежня. Кардынал Сьліпый даслаў 28 студзеня 1981 году Ўладыку Чэславу
ліст з падзякаю, у якім пісаў: «Даведваюся, што Вы мелі даклад у нашай
унівэрсытэцкай філіі ў Лёндане і гэтым складаю Вам шчырую падзяку за гэты
доказ Вашай дапамогі i братняга зразуменьня для нашай Царквы і Народу. Доля
беларускага Народу цяпер больш сур’ёзная, як нашая, і няма ў сьвеце
належнага водгуку на ягоныя цярпеньні і небясьпеку для яго існаваньня. Мы,
украінцы, у гісторыі дзялілі разам шмат у чым долю і нядолю зь беларускім
Народам. У маіх інтэрвэнцыях на розных форумах я згадваў, дзе магчыма, пра
Ваш Народ і ягоную Царкву, і буду рабіць гэта і далей»[172].
Так скончылася напружанасьць у дачыненьнях паміж двума дастойнікамі, што
ўзьнікла ў 1972 годзе праз розьніцу поглядаў на Кіеўска-Галіцкі Патрыярхат.
У апошнія гады свайго жыцьця Ўладыку Чэславу прыйшлося шмат пацярпець ад
кампаніі нянавісьці і паклёпаў з боку таго, каго ён уважаў сваім прыяцелем. Гаворка ідзе пра Язэпа Пазьняка, каталіка, нашчадка вядомага роду
Вайніловічаў. Айцец Чэслаў ведаў яго ад 1948 году, калі абодва жылі ў
Лёндане, і дапамог яму атрымаць месца ў Лювэнскім Унівэрсытэце. З навукі
Пазьняка нічога ня выйшла, і ў 1954 годзе ён вярнуўся ў Лёндан, дзе ажаніўся
з ангелькай. Айцец Сіповіч даваў ім шлюб. Неўзабаве яны выехалі ў Злучаныя
Штаты Амэрыкі. Сьпярша жылі ў Нью-Ёрку, а ў 1972 годзе пераехалі ў Флярыду,
пасьля таго як Язэп дзеля стану здароўя ў параўнаўча маладым веку пайшоў на
пэнсію. Уладыка Чэслаў ужо біскупам стараўся заўсёды адведваць Пазьнякоў,
нават калі гэта было для яго нязручна. У 1978 годзе стаўленьне Пазьняка да
Ўладыкі раптам зьмяніліся. Спачатку тое выглядала на нейкую крыўду, быццам
Уладыка Чэслаў не ацаніў належна ягоную ахвярнасьць і заслугі. Пасьля
абвінавачаньні рабіліся ўсё горшымі і нерацыянальнейшымі. У адным з больш
“памяркоўных” лістоў за 10 сакавіка 1980 году Пазьняк пісаў Уладыку: «На
сваёй скуры я пазнаў тваю зьверскасьць і зьдзекі, і з дасьведчаньня скажу,
што ты перавысіў i немцаў і бальшавікоў». Ён пачаў пісаць лісты супраць
Уладыкі Чэслава да ўсіх знаёмых і да царкоўных уладаў. Большасьць людзей
ведала добра Ўладыку Чэслава і таму ня верыла гэтым абвінавачаньням. Кастусь
Мярляк зь Нью-Ёрку пісаў Уладыку Чэславу 4 красавіка 1980 году: «Хачу Вам
напісаць пару слоў адносна мае размовы із сп. Пазьняком, якая адбылася
тыдзень таму назад. Вось жа справа ў тым, што ён уважае сябе пакрыўджаным
праз Вас, у той форме, што не ўдзеленая яму належная ўвага, на якую ён
уважае поўнасьцю заслужыўся. Я асабіста ўважаю, што пералічаныя ім заслугі
пераўвялічаныя, a таксама пераўвялічаная неўвага да яго, але справа ў тым,
што ён мае станоўчы намер пісаць пра гэта ў прэсу, што я яму адраджваў і
прасіў гэтага не рабіць, бо пазьней будзе напэўна шкадаваць». Праваслаўны
біскуп Мікалай з Таронта так пісаў у гэтай справе 31 ліпеня 1980 году:
«Прашу вашых пару слоў адносна сп. Пазьняка, каб ведаць пра яго. Зноў жа
баюся, каб не папасьці ў бяду, бо падбухторшчыкаў цяпер даволі». Уся гэтая
прыкрая справа доўжылася тры гады і напэўна ж не дадала здароўя Ўладыку
Чэславу. Тым ня менш ён ніколі не сказаў дрэннага слова на Пазьнякоў і
называў ix сваімі прыяцелямі. Толькі ўлетку 1981 году, незадоўга да сьмерці
Ўладыкі, настаў нейкі ўмоўны спакой. Немагчыма зразумець раптоўнай зьмены ў
стаўленьні Пазьнякоў да Ўладыкі Чэслава. Некаторыя думаюць, што тут не
абышлося безь беларускіх камуністычных уладаў, бо нападкі на Ўладыку
пачаліся неўзабаве пасьля таго, як Пазьняка адведаў ягоны брат з савецкай
Беларусі.
У 1981 годзе беларусы ў Лёндане зьбіраліся адзначыць дзесяць гадоў
Бібліятэкі імя Францішка Скарыны. Урачыстасьць меркавалі правесьці 16–17
траўня. Перад тым, 21 красавіка, Уладыка Чэслаў меў ехаць на два тыдні ў Рым
на генэральную капітулу марыянаў.
19 сакавіка айцец Надсан меў ехаць да канца месяца ў Парыж. Вярнуўшыся,
ён не знайшоў Уладыкі Чэслава дома: 28 сакавіка яго ўзялі ў шпіталь на
апэрацыю прастаты. Уладыка шмат пакутаваў, але ня траціў надзеі, што да
Вялікадня вернецца ў Марыян Гаўз. Здарылася інакш. Дзьве першыя апэрацыі, 3
і 16 красавіка, не ўдаліся. Давялося рабіць трэцюю – 24 красавіка. Уладыка
быў вельмі слабы. Дзень перад апэрацыяй ён выспавядаўся і атрымаў тайну
алеепамазаньня. У сваім дзёньніку запісаў: «3-цяя апэрацыя 8.30 раніцы. Усе
цярпеньні ахвярую за Каталіцкую Царкву, асабліва, каб Бог паклікаў больш
добрых сьвятароў на беларускую ніву».
Вялікдзень (паводле новага календара) прыпаў у тым годзе на 19 красавіка.
Паколькі Ўладыка яшчэ ня выйшаў з шпіталю, усім стала ясна, што бібліятэчную
ўрачыстасьць трэба адкласьці. А ў Вялікую суботу, 18 красавіка, у Лювэне
памёр 88-гадовы біскуп Баляслаў Слоскан, апостальскі адміністратар
Магілеўскі і Менскі.
Уладыка пакінуў шпіталь 8 траўня. Нягледзячы на слабасьць, наступнага дня
ён захацеў служыць сьв. Літургію, але ня мог завершыць. Выклікалі лекара.
Празь некалькі дзён ён, аднак, адчуў сябе лепш і нават намерваўся ехаць у
Рым. Замах на жыцьцё папы Яна Паўла II 13 траўня змусіў яго адкласьці
паездку. Пастанавілі адсьвяткаваць юбілей бібліятэкі ў нядзелю 4
кастрычніка, а потым Уладыка меў ляцець у Рым.
У нядзелю 5 ліпеня Ўладыка Чэслаў старшыняваў на Службе Божай, у якой
бралі ўдзел блізу 20 сьвятароў розных нацыянальнасьцяў з Усходняй і Сярэдняй
Эўропы, у гонар сьвятых апосталаў славянскіх Кірылы і Мятода, якіх папа
абвясьціў патронамі Эўропы разам зь сьвятым Бэнэдыктам. У сваёй казані ён
падкрэсьліў, што перад тым, як брацца за справу еднасьці, трэба, каб кожны
пазбыўся сваіх перадузятасьцяў, якія перашкаджаюць у гэтай працы.
Нягледзячы на стан здароўя і занятасьць, Уладыка Чэслаў прыняў
запрашэньне на 31-шы Кангрэс “Царква ў патрэбе” (Kirche in Not), што меў
адбыцца ў Кэнігштайне каля Франкфурту 6–9 жніўня 1981 году. Ён нават
падрыхтаваў кароткі даклад пра стан Царквы ў Беларусі, які пасьля
распаўсюджваўся сярод удзельнікаў кангрэсу. Традыцыйна адзін дзень кангрэсу
прысьвячаўся ўсходнім хрысьціянам i пачынаўся ўрачыстай архіерэйскай
Літургіяй. Звычайна Літургію служыў украінскі біскуп зь Мюнхэну Платон
Карныляк. Гэтым разам служыў Уладыка Чэслаў. Вярнуўся з кангрэсу стомлены,
але адпачываць не заставалася часу: ужо набліжалася 4 кастрычніка. Узьніклі
нечаканыя цяжкасьці. На пачатку верасьня Ян Міхалюк, старшыня Згуртаваньня
Беларусаў у Вялікай Брытаніі і блізкі прыяцель Уладыкі, перанёс інсульт: у
яго адняло мову і спараліжавала правую руку. На шчасьце, інсульт быў не
цяжкі, і да канца месяца Міхалюк дастаткова паправіўся, каб узяць удзел у
юбілеі бібліятэкі.
У нядзелю 27 верасьня адбылася “пілігрымка крыжоў” (Pilgrimage of
Crosses) у Ўолсінгам, месца асаблівага набажэнства да Найсьвяцейшай
Багародзіцы ў Англіі. У пілігрымцы ўдзельнічалі пятнаццаць нацыянальных
групаў з краінаў, дзе панаваў камуністычны рэжым. Уладыка Чэслаў ачольваў
беларускую групу, а ў самім Ўолсінгаме вёў усю пілігрымку з цэнтру горада да
сьвятыні Багародзіцы. Каля яе прайшла Служба Божая. Пры гэтай нагодзе
Ўладыка сказаў: «Мы выказваем нашую салідарнасьць з хрысьціянамі ўсіх
нацыянальнасьцяў, што церпяць перасьлед, і прыносім наш боль да Багародзіцы,
якая зьяўляецца Маці нас усіх». Нягледзячы на стомленасьць, Уладыка вярнуўся
вельмі шчасьлівы.
Нарэшце прыйшла нядзеля 4 кастрычніка. Дзень выдаўся наўзьдзіў прыгожы,
цёплы й сонечны. Уладыка Чэслаў устаў рана, пайшоў памаліцца ў капліцу і
падрыхтавацца да багаслужбы. Каля гадзіны 10-й раніцы пачалі зьбірацца
госьці. Капліца сьвятых Пятра і Паўла ніколі яшчэ ня бачыла гэтулькі людзей
– беларусаў і іхных прыяцеляў – з Англіі, Францыі, Бэльгіі, Нямеччыны,
Польшчы, Злучаных Штатаў Амэрыкі й Канады.
Літургія распачалася а гадзіне 10.30 раніцы. Хор пад кіраўніцтвам Гая
Пікарды сьпяваў вельмі прыгожа. Пасьля Эвангельля Ўладыка прамовіў казань
па-беларуску і па-ангельску. Ён гаварыў аб праве кожнай нацыі разьвіваць
свабодна дадзеныя ёй Богам таленты і такім чынам дасягнуць паўнаты свайго
духоўнага патэнцыялу ў межах сваёй уласнай традыцыі.
Пасьля Літургіі і наведваньня бібліятэкі меў адбыцца прыём. Уладыка
Чэслаў прывітаў прысутных і падзякаваў усім, хто сваёй ахвярнасьцю і
разуменьнем важнасьці справы зрабіў магчымым паўстаньне, існаваньне і
разьвіцьцё бібліятэкі. Гэта былі ягоныя апошнія словы. Уладыка Чэслаў сеў,
неяк асунуўся і зьнепрытомнеў. Выкліканы амбулянс завёз яго ў шпіталь, дзе
ён неўзабаве памёр ад масіўнага інфаркту. Айцец Надсан заставаўся зь ім у
гэтыя апошнія хвіліны і даў яму разграшэньне.
У такіх драматычных абставінах скончыў свой зямны шлях Уладыка Чэслаў
Сіповіч. Ён памёр у момант аднаго з сваіх найбольшых трыюмфаў. Разважыўшы
добра, Уладыка спаткаў прыгожую сьмерць: ён памёр хутка і бяз доўгіх
пакутаў, у згодзе з Богам, у атачэньні прыяцеляў і ўбачыўшы вынікі сваіх
высілкаў. Але зразуменьне гэтага прыйшло пасьля. У той момант, калі ўсё
здарылася, усе былі ў шоку, разгубленыя і апанаваныя болем вялікай страты.
Пахаваньне біскупа Сіповіча адбылося 13 кастрычніка ў мясцовай каталіцкай
царкве сьвятога Альбана, бо капліца сьвятых Пятра і Паўла не магла
зьмясьціць усіх, хто прыйшоў аддаць апошнюю пашану памерламу. Літургію
служыў архімандрыт Уладзімер Тарасэвіч разам з айцом Аляксандрам Надсанам і
чатырма іншымі сьвятарамі. Біскуп Патрык Казэй прадстаўляў ангельскую
герархію, а Філіп Гарвэй – архібіскупа Ўэстмінстэрскага, кардынала Базыля
Гюма, якога тады не было ў Лёндане. Сабралася шмат марыянаў і іншых
сьвятароў рымскага абраду, a таксама сьвятары Беларускай Аўтакефальнай
Праваслаўнай Царквы: айцы Аўген Смаршчок, Ян Абабурка і Ян Пякарскі. Пасьля
Эвангельля прамаўляў біскуп Казэй. У канцы Літургіі казань па-беларуску
сказаў айцец Надсан, a па-ангельску – айцец Тарасэвіч. Апошняе разьвітаньне
ў рымскім абрадзе выканаў біскуп Казэй з усімі сьвятарамі рымскага абраду;
разьвітальныя малітвы ў бізантыйскім абрадзе – разам усе грэка-каталіцкія і
праваслаўныя сьвятары. Пасьля пад сьпеў “Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты
Несьмяротны, зжалься над намі” дамавіну зь целам біскупа Сіповіча вынесьлі з
царквы і завезьлі на могілкі сьв. Панкрата на пахаваньне. Пры магіле
прамаўляў старшыня Згуртаваньня Беларусаў Ян Міхалюк. Пасьля ўсе беларусы
засьпявалі “Магутны Божа”, а прысутныя сьвятары рымскага абраду песьню ў
гонар Божай Маці “Salve Regina” (Вітай, Уладарка). Біскуп Сіповіч знайшоў
супачынак побач з айцамі Гарошкам, Падзявам і Германовічам.
Уладыка Чэслаў памёр на 67-м годзе жыцьця, 43 зь якіх ён правёў далёка
ад Беларусі. Па-людзку кажучы, ён мог пражыць яшчэ дзесяць ці пятнаццаць
плённых гадоў. Але Бог меў іншыя пляны. Айцец Уладзімер Тарасэвіч добра
заўважыў, што «ніхто з нас ня можа быць пэўным, што дажыве ня то што да
заўтрашняга, але нават да канца сёньняшняга дня».
У жыцьці Ўладыкі Чэслава здаралася нямала таго, што дзеля адсутнасьці
лепшага слова можна назваць супадзеньнямі. Як малады клерык і сябар
марыянскага закону ён безумоўна марыў пра жыцьцё і працу сьвятара на
Бацькаўшчыне сярод свайго народу. Высяленьне з Друі паклала канец гэтым
спадзяваньням. Праз чатыры тыдні пасьля высяленьня ён прыняў прапанову
зьмяніць абрад і ехаць у Рым, каб рыхтавацца да працы сярод расейцаў. Гэта,
відаць, зьдзівіла шмат каго, бо раней нічога ня сьведчыла пра ягонае
зацікаўленьне ўсходнім абрадам і наагул усходнехрысьціянскім пытаньнем.
Выезд у Рым стаў паваротным пунктам у ягоным жыцьці. Вайну Сіповіч перажыў у
Рыме, бесперашкодна працягваючы навуку. Тая ж вайна і пасьляваенныя
палітычныя абставіны не далі яму выехаць у Харбін. Няма ніякіх падставаў
думаць, што ён маркоціўся з гэтае нагоды, нягледзячы на гарачыя заявы, што
паляцеў бы туды як птушка. У Рыме Сіповіч меў шмат магчымасьцяў пераканацца
ў бяспраўным становішчы беларусаў у Царкве. Сустрэчы зь беларускімі
выгнанцамі пасьля вайны, асабліва з айцамі Гарошкам і Татарыновічам,
назаўсёды акрэсьлілі кірунак ягонай далейшай дзейнасьці.
Калі гаварыць пра характар Уладыкі Чэслава, дык адной зь першых рысаў
прыходзіць на думку ягоная ляяльнасьць. Ён быў ляяльны да Бога і Ягонай
Царквы, да Беларусі, да марыянскага закону, да сваіх прыяцеляў і знаёмых.
Хоць у дачыненьні да Бога гэта было нешта большае за ляяльнасьць – гэта была
поўная адданасьць, якая не дапускала ніякіх сумневаў ці пярэчаньняў нават у
найцяжэйшых выпрабаваньнях. Сьледам за сьвятым Пятром, да якога ён меў
вялікую пабожнасьць, ён мог сказаць: “Да каго мы пойдзем, Госпадзе? Ты ж
маеш словы жыцьця вечнага” (Ян 6:68). Данесьці гэтыя словы вечнага жыцьця да
ўсіх людзей, згодна з загадам Хрыстовым “Ідзеце і навучайце ўсе народы”,
стала асноваю пасланства апосталаў ды іхных пераемнікаў у Сьвятой Царкве.
Так разумеў пасланство сваё і ўсіх сьвятароў Уладыка Чэслаў.
Біскупа Сіповіча варта назваць чалавекам вялікай сьмеласьці ды
ініцыятывы. Ніякія перашкоды не маглі яго запалохаць у зьдзяйсьненьні ягоных
задумаў. Ён меў усе якасьці вялікага дзяржаўнага дзеяча або бізнэсоўца і
лёгка мог стацца тым ці другім, калі б не сьвятарскае пакліканьне. Але ён
быў сьвятаром і нікім іншым. Адзіны “бізнэс”, які яго цікавіў, – Божы
бізнэс: пашыраць вестку Збаўленьня і здабываць душы людзей для Бога. Глыбока
і шчыра прывязаны да Каталіцкай Царквы і ўпэўнены ў сваіх рэлігійных
перакананьнях, ён усёй душой імкнуўся да той хвіліны, калі ўсе хрысьціяне
прыйдуць да зьяднаньня. Але ён ня мог трываць грубага і агрэсіўнага
празэлітызму, гэтага рэлігійнага “паляваньня на розумы”.
Біскуп Сіповіч стаў экумэністам задоўга да таго, як каталікі навучыліся
вымаўляць гэтае слова. Ягоны экумэнізм грунтаваўся на перакананьні ва
ўнівэрсальнасьці адкупленчай ахвяры Госпада Ісуса Хрыста, дзякуючы чаму ўсе
людзі, незалежна ад рэлігійных перакананьняў, пакліканыя быць дзецьмі
Божымі. Таму да ўсіх трэба ставіцца зь любоўю і павагаю.
Біскуп Сіповіч быў беларусам. Дарма што дзьве траціны свайго жыцьця ён
правёў далёка ад Беларусі, ягоная любоў да роднага краю і народу ніколькі ня
зьменшылася. Можна сказаць, што ён меў Беларусь з сабою ў сэрцы. Любоў да
свайго народу і жаданьне, каб ён быў свабодны і шчасьлівы, – пачуцьці,
уласьцівыя кожнаму чалавеку. Безумоўна, жаданьне дабра свайму народу ня можа
зьдзяйсьняцца коштам уціску іншых. У Беларусі доўгі час панавала такое
становішча, калі тыя, хто стараўся накінуць беларусам сваю мову і культуру,
называлі “нацыяналістамі” ўсіх, хто размаўляў на роднай мове. Гэта абурала
біскупа і абражала ягонае пачуцьцё справядлівасьці. Яму балела, што сярод
найбольш вінаватых у гэтай справе нямала каталіцкіх сьвятароў. Ён разумеў,
што забараніць людзям славіць Бога ў роднай мове – гэта тое самае, што
выгнаць ix з Царквы Хрыстовай. Такім чынам, ягоная бескампрамісная пазыцыя
наконт роднай мовы была не праяваю нейкага “нацыяналізму”, а сьцьверджаньнем
права беларусаў мець сваё месца ў Божай сям’і народаў.
Асновы сваёй “нацыянальнай палітыкі”, калі так можна сказаць, у
рэлігійнай галіне Ўладыка Чэслаў ясна выклаў у лісьце за 2 лютага 1979 году
да архібіскупа (пасьля кардынала) Вроцлаўскага Гэнрыка Гульбіновіча: «Нам
ідзе пра Беларусь як народ і як дзяржаву. Мы ня маем уплыву на дзяржаву,
хоць і яна не зьяўляецца вынікам выключна бальшавіцкіх махінацыяў, a вынікам
у вялікай меры заслугаў нашых патрыётаў. Затое беларускі народ – гэта люд
Божы, які ніколі ня згодзіцца на рэлігійны каляніялізм. У сёньняшняй
Беларусі ані малодшае пакаленьне, ані нашая савецкая інтэлігенцыя ня ведаюць
польскай мовы. Нягледзячы на вялікі націск русыфікацыі, там ёсьць беларуская
мова. Гэта праўда, што рэжым ахвотна хацеў бы бачыць у католіках Беларусі
палякаў, бо тады ён мог бы ix трактаваць як чужы элемэнт... Падняць
Беларусь, адрадзіць яе рэлігійна можа толькі ўласнае беларускае духавенства,
бо пакуль што ня бачу місіянераў у духу апостала Паўла, які быў грэкам для
грэкаў, рымлянінам для рымлянаў. Калі Польшча ўжо дасьпела да гістарычнай
місіі ў сэнсе Паўлавым, то яна зразумее і падтрымае беларускія рэлігійныя
памкненьні, якія ня ёсьць ані штучныя, ані незвычайныя. Дай Божа, каб у імя
нашай згоды, у імя супольнага дабра нашых народаў так сталася».
Пра стаўленьне біскупа Сіповіча да беларускай мовы можа сьведчыць
наступны запіс у ягоным дзёньніку, зроблены 22 лютага 1979 году, які варта
падаць цалкам: «Сяньня дзень радасны: мы атрымалі 1-шы том Этымалагічнага
Слоўніка Беларускай Мовы, Акадэмія Навук Беларускай ССР, Інстытут
мовазнаўства імя Якуба Коласа, Мінск, “Навука і тэхніка”, 1978, стр. 440.
Я, магчыма, першы маліўся ў капліцы з гэтай нагоды і дзякаваў Богу за гэтакі
дар. Як жа нам цяжка даганяць культурны сьвет! Аднак калі б хтосьці зрабіў
статыстыку, якія народы і ад якога часу маюць свае этымалягічныя слоўнікі,
то думаю, што яшчэ шмат знайшлося б бяз ix. У Эўропе, аднак, – гэта ня
толькі прызнак сьведамага культурнага жыцьця народу, але гэта ёсьць
неабходнасьць да далейшых студыяў роднай мовы. Гэта – скарбніца
найдаражэйшых дыямантаў, якія можна пераглядаць, імі цешыцца. Якую адвагу
мелі першыя беларускія адраджэнцы, пісьменьнікі, паэты, палітыкі, нашыя
сьвятары, што былі ў першых радох змагароў за мову! І якая ж багатая наша
мова! Творцамі яе ўсе пра-пра-прадзяды, бедныя і багатыя, вучоныя і
няграматныя людзі. Сколькі разоў я заглядаў у чужыя слоўнікі і шукаў пачатку
слоў. Хацелася дайсьці да Адама і Эвы і даведацца, якой яны гаварылі мовай?
Чаму такая прыгожая грэцкая, італьянская мова? І горка рабілася мне на душы,
калі чуў пагарду да сваёй мовы. Не магу забыцца таго доктара Залускага,
марыяніна, які бясстыдна, ня ведаючы сам ані прынцыпаў філялёгіі, ані больш
славянскіх моваў апрача польскай, гаварыў: “Cóż to za białoruska mowa?! Toż
dialekt jak mazurski, pomorski...” (Што ж гэта за беларуская мова? Гэта ж
такі дыялект, як мазурскі, паморскі... – А.Н.). Быў, здаецца, 1937 год. Я
тады не пагаджаўся з ім, але я ня ведаў, як яму адказаць! Я ж ніколі ня меў
шчасьця добра пазнаць сваю мову ў школах сваіх родных! Але я да сьлёз любіў
сваю мову і не забыўся яе, хаця гадамі жывучы ў Рыме, я ня меў да каго
загаварыць свайго роднага слова. Баяўся, што забуду яе звукі, яе выгавар,
што разгублю свой скарб і, знаючы іншыя мовы, стануся жабраком найбяднейшым,
згубіўшы сваё! Але Ты, Божа, не дапусьціў да гэтага. І я пасьля нават пачаў
пісаць i друкавацца ў сваёй роднай мове. І сяньня трымаю ў руках
“Этымалагічны слоўнік” сваёй беларускай мовы! І як жа я рады знайсьці там
слова Бог! на стр. 366! Значыць, праўдзівая навука, не фанатычная, не
бязбожна-марксістоўская. Яна кажа, што славяне маюць слова Бог і што магчыма
гэта слова праз стагодзьдзі пераклікаецца са стараіндускім багацьце,
шчасьце. Так, наша навука сталася багацейшай, і мы – усе беларусы –
шчасьлівейшыя. О, каб дачакаць мне яшчэ да апошняга тому! Але ўжо і за гэты
я дзякую Богу і тым нашым навуковым працаўніком за гэты падарак».
У Эвангельлі сьв. Мацьвея ёсьць аповед пра маці сыноў Забэдэевых (або, як
кажа Скарына, “Забэдэевічаў”), якая прасіла Госпада: “Скажы, каб гэтыя два
мае сыны заселі ў Тваім валадарстве, адзін з Твайго правага, а другі зь
левага боку”. Але Госпад адказаў ёй: “Ня ведаеце, чаго просіце” (Гл. Мц
20:20–22). У стаўленьні Сіповіча да закону марыянаў адчуваецца тое, што
можна ўмоўна назваць “сындромам маці сыноў Забэдэевых”. Амаль усё ягонае
жыцьцё было так ці іначай зьвязанае з гэтым законам. Ён адчуваў зь ім
эмацыйную повязь, асабліва з Друяй, значэньне якой у рэлігійным жыцьці
Беларусі расло ў ягоным уяўленьні з кожным годам. Таму нічога дзіўнага, што
ў Сіповіча нарадзілася ідэя “Новай Друі”, якая працягвала б працу той Друі,
дзе ён пачынаў сваё рэлігійнае жыцьцё. У 1972 годзе ў рукапіснай працы пра
Андрэя Цікоту ён пісаў: «Друя – у шмат скрамнейшым стане, – жыве, моліцца і
працуе такжа ў Марыян Гауз на Фінчлей». Няма сумневу, за вернасьцю да Друі
хавалася іншая, больш сур’ёзная думка сьвятара і беларускага патрыёта:
перакананьне, што ў марыянскіх руках Марыян Гаўз мог стаць, як ён пісаў у
1956 годзе айцу ван Страатэну, беларускім рэлігійным асяродкам на ўсю
Эўропу.
На жаль, падобна як маці сыноў Забэдэевых, Сіповіч “ня ведаў, чаго
прасіў”. Здарылася тое, чаго ён ніяк не прадугледзеў: пасьля ягонай сьмерці
не засталося ніводнага марыяніна, які б мог узначаліць працу Беларускай
Каталіцкай Місіі ў Лёндане. Усходняя Кангрэгацыя 22 студзеня 1982 году
прызначыла мяне рэктарам Місіі і даручыла «спарадкаваць справы, што
засталіся пасьля памерлага, у прыватнасьці тытулы ўласнасьці розных дамоў».
Разбор справаў заняў блізу два гады. У сваёй апошняй справаздачы 6 лістапада
1983 году Ўсходняй Кангрэгацыі (яе копію атрымалі марыяне) я пісаў: «У
выніку вышэй сказанага, я ня бачу, як можна лічыць Марыян Гаўз, бяз крыўды
для беларусаў, уласнасьцю айцоў марыянаў». Марыянскія ўлады ў Рыме (сярод
якіх не было ніводнага беларуса) не зажадалі нават увайсьці ў сутнасьць
справы і адразу склалі пратэст ва Ўсходнюю Кангрэгацыю. У тым часе беларусы
мелі новага біскупа ў асобе Ўладзімера Тарасэвіча, высьвячанага 8 верасьня
1983 году. У ягоныя абавязкі ўваходзіла бараніць правы беларусаў. 23 лютага
1984 году Ўсходняя Кангрэгацыя вынесла пастанову, згодна зь якой Марыян Гаўз
быў “выключнай уласнасьцю айцоў марыянаў”, з той умоваю, што «ў дадзеную
хвіліну... Беларуская Місія мае права ўжываць капліцу... але не выключна, а
супольна з законным і адзіным уласьнікам»[173].
Кангрэгацыя магла заашчадзіць сабе клопаты: амаль два тыдні раней, 11 лютага
1984 году, Тарасэвіч падпісаў з марыянамі дамову, згодна зь якой «Закон
айцоў марыянаў... уласьнікі Бэльвэдэрэ, вядомага цяпер як Марыян Гаўз...
здаюць у арэнду гэтую ўласнасьць за рэнту 1 даляра Яго Даст. Уладзіміру
Тарасэвічу... Апостальскаму Візытатару для Беларусаў дзеля патрэбаў
Беларускай Каталіцкай Місіі ў Англіі... Гэтая ўмова ўваходзіць у сілу 1
сакавіка 1984 году і аднаўляецца кожны год»[174].
Здаўшы “бяз бою” Марыян Гаўз, Тарасэвіч 1 сакавіка 1984 году падзякаваў
марыянам: «Адначасова я хацеў бы выказаць маю шчырую ўдзячнасьць Закону
(марыянаў. – А.Н.) за гэтую шчодрасьць. Хай Госпад прыме гэты ваш дар і
ўзнагародзіць вас у сто разоў»[175].
Варта заўважыць, што ва ўсіх гэтых дакумэнтах уласьнікам выступае закон
марыянаў. Пра беларускіх марыянаў і “Новую Друю” – ані слова.
Усе гэта рабілася без майго ведама. Беларуская Каталіцкая Місія ў Лёндане
апынулася ў цяжкім, каб не сказаць безвыходным, становішчы. 31 ліпеня 1984
году я пісаў біскупу Тарасэвічу: «У мяне часта пытаюцца беларусы і іншыя, як
прадстаўляецца справа з Марыян Гаўз. Відаць, адчуваюць, што тут нешта не ў
парадку. Да гэтага часу я стараўся не даваць простага адказу, маючы на ўвазе
дабро справы і добрую памяць Уладыкі Чэслава. Ня думаю, аднак, што змагу
рабіць так далей, бо гэта стаўляе мяне ў фальшывае паложаньне ў адносінах да
людзей, якіх я паважаю і якія зьяўляюцца нашымі прыхільнікамі. Ці яны
застануцца прыхільнікамі, даведаўшыся праўду, не магу сказаць»[176].
Перамогшы спакусу падаць заяву аб звальненьні, я пачаў шукаць выйсьця. Перш
я пісаў біскупу Тарасэвічу, a пасьля ягонай сьмерці 2 студзеня 1986 году
ўзьняў справу непасрэдна з уладамі марыянскага закону. Вось выняткі з майго
ліста за 12 красавіка 1988 году да іхнага генэрала: «У 1985 годзе я падаў
сьвятой памяці біскупу Тарасэвічу прапанову, як мне здавалася, справядлівай
разьвязкі. Коратка, мая ідэя была, каб айцы марыяне, пасьля таго як беларусы
прызнаюць ix адкрыта ўласьнікамі Марыян Гаўз, прадалі яго Беларускай
Каталіцкай Місіі за намінальную цану. Такім чынам патрабаваньні гонару і
справядлівасьці будуць задаволеныя. Матар’яльна айцы марыяне не выйграюць
нічога, але яны таксама нічога ня страцяць, бо грошы за маёмасьць цалкам
сплочаныя. З другога боку, яны здабудуць удзячнасьць беларусаў і будуць мець
задавальненьне, ведаючы, што, дзякуючы іхнаму ўчынку, справа, дарагая сэрцу
біскупа Чэслава Сіповіча, будзе мець працяг, і Марыян Гаўз будзе служыць
прызначанай ім (г. зн. Сіповічам. – А.Н.) мэце, менавіта быць беларускім
рэлігійным цэнтрам. Між іншага, гэта было таксама жаданьне беларусаў ды
іхных прыяцеляў, якія спрычыніліся да куплі Марыян Гаўз»[177].
Апошні ліст у гэтай справе я даслаў у 1997 годзе. Як і ўсе папярэднія, ён
застаўся без адказу.
Пасьля таго як у 1991 годзе Беларусь атрымала незалежнасьць, марыяне,
якія намерваліся разгарнуць там сваю дзейнасьць, відаць, зразумелі, што
калі справа Марыян Гаўз атрымае розгалас, іх могуць чакаць сур ’ёзныя
клопаты і прыкрасьці. Здавалася б, здаровы розум падказваў праявіць крыху
добрай волі да беларусаў і пастарацца знайсьці канчатковую разьвязку гэтай
справы, каб, як кажа прыказка, воўк быў сыты і каза цэлая. На жаль, нічога
падобнага ня здарылася. Ha пачатку 1999 году марыяне, ня маючы нават
ветлівасьці папярэдне паведаміць рэктару Місіі, перадалі Марыян Гаўз ва
ўласнасьць Кангрэгацыі для Ўсходніх Цэркваў. Такая шчодрасьць не каштавала
ім ані шэлегу, але, напэўна, не засталася незаўважанаю ў адпаведных
ватыканскіх колах. Такім чынам, марыяне і тут зарабілі за кошт беларусаў – а
тыя засталіся ні з чым.
У звароце да ахвярадаўцаў у 1954 годзе адзначалася, што мэта куплі Марыян
Гаўз – забясьпечьщь “собскі прыпынак” для Беларускай Каталіцкай Місіі ў
Англіі. Таксама ў сваім лісьце ў газэту Бацькаўшчына 3 чэрвеня 1956 году
Сіповіч пісаў: «Няма ніякіх сумлеваў, што Марыян Гауз прызначаецца для
беларусаў, і за імі назаўсёды (вылучана мною. – А.Н.) застанецца». Toe самае
ён паўтарыў 9 чэрвеня 1956 году ў лісьце да Віктара Іваноўскага: «Як убачыце
з майго выясьненьня (у Бацькаўшчыне. – А.Н.), што няма сумніву, што Марыян
Гауз астанецца за беларусамі нават па маёй сьмерці». Беларусы яму паверылі.
На жаль, ён сам даверыўся тым, хто аказаўся ня вартым даверу. Як ужо
згадвалася вышэй, у 1974 годзе генэрал марыянаў Сельскі пісаў, што «пытаньне
будучыні “марыянскага” аспэкту гэтай Місіі... выклікае трывогу». Трэба з
сумам сьцьвердзіць, што марыяне не змаглі ўзьняцца вышэй за свой вузкі
“марыянскі аспэкт” і ўбачыць рэальныя духоўныя патрэбы беларусаў, да якіх
яны паставіліся з поўнай абыякавасьцю, ня кажучы ўжо пра патрабаваньні
справядлівасьці.
Мець моцны беларускі рэлігійны цэнтар – здаровая ідэя. Не было б нічога
благога і ў тым, каб гэтым цэнтрам кіравалі марыяне, з умоваю, што яны маюць
дастаткова сілаў. На жаль, гэтых сілаў ім не ставала. Лепей бы думкі
скіроўваліся не на “Новую Друю”, а на сьвятарскія пакліканьні наагул.
Пытаньне пакліканьняў сярод беларусаў стаяла незвычайна востра.
Нешматлікія беларускія сьвятары рабілі, што маглі, каб забясьпечыць духоўную
апеку над расьцярушанымі вернікамі і даць хоць нейкае рэлігійнае выхаваньне
моладзі. Але ix было вельмі мала, і кожны зь ix працаваў у адзіноце.
Патрабаваўся нейкі агульны плян дзейнасьці. Рэгулярныя зьезды сьвятароў
маглі б вельмі дапамагчы, але ix пасьля 1960 году не праводзілася больш як
10 гадоў (зьезды ў 1961 i 1962 гадох атрымаліся хутчэй прынагоднымі
зборкамі). Апрача іншага, спрычынілася, несумнеўна, і тое, што ад 1963 да
1969 году біскуп Сіповіч выконваў абавязкі генэрала марыянскага закону і ў
яго не заставалася шмат часу на іншыя справы. Беларускія сьвятары не-марыяне
не маглі пазбыцца адчуваньня, быццам іхнага першага біскупа “выкралі”
(па-ангельску kidnapped) марыяне.
Чэслаў Сіповіч атрымаў біскупскую мітру праз папу Яна ХХ IIІ, які цягам
менш як пяці гадоў зьмяніў твар Царквы, зрабіў яе больш здатнай выконваць
сваё вечнае пасланство ва ўмовах новага сьвету. Гэтыя зьмены закранулі й
беларусаў, якіх доўгі час не хацелі прызнаваць за асобны народ ня толькі ў
палітычным сьвеце але, на жаль, і ў Царкве. Таму многія беларусы бачылі ў
прызначэньні свайго біскупа акт моцна спозьненай справядлівасьці. Сам Чэслаў
Сіповіч у першую чаргу адчуваў адказнасьць за беларусаў каталікоў незалежна
ад абраду, на Бацькаўшчыне і на чужыне. У 1952 годзе, яшчэ сьвятаром,
рыхтуючы ліст у Ватыкан, ён пісаў а. Гарошку: «Гэтым лістом мы датыкаем
сэрца справы, мы вучым Ватыкан, як ён павінен кіравацца ў царкоўнай палітыцы
ў дачыненьні да расейцаў і да нас». I сапраўды, праз рэшту свайго жыцьця
біскуп Сіповіч “вучыў” Ватыкан пра Беларусь, дамагаючыся прызнаньня правоў
беларускага народу ў Царкве Хрыстовай. Таму ён прыклаў столькі намаганьняў
для прызначэньня апостальскага адміністратара для рыма-каталікоў у Беларусі.
Як першы за амаль паўтара стагодзьдзя беларускі грэка-каталіцкі біскуп, ён
лічыў сваім абавязкам падрыхтаваць глебу для аднаўленьня Грэка-Каталіцкай
Царквы. У прыватнасьці, Уладыка Чэслаў зрабіў шмат, каб перамагчы
перадузятасьць і непаразуменьні – вынікі шматгадовай варожай прапаганды –
між грэка-каталікамі і праваслаўнымі, а таксама непрыхільнае стаўленьне
рыма-каталікоў да пытаньняў Вуніі, імкнуўся стварыць атмасфэру даверу і
ўзаемнай пашаны. Нарэшце, ён ня раз скарыстоўваў сваё становішча, каб быць
беларускім “амбасадарам” ня толькі ў Царкве, але наагул у сьвеце, пашыраючы
ўсюды весткі пра Беларусь, яе гісторыю, культуру і патрэбы. У ягонай
дзейнасьці здараліся памылкі і няўдачы, часам балючыя. Дый інакш не магло
быць, хоць бы таму, што шмат дзе яму даводзілася, як ён сам казаў, “гнаць
першую баразну”. Ён прымаў няўдачы з пакораю, але ніколі не зьняверваўся і
не адхіляўся ад назаўжды выбранага шляху. Абыякавы да асабістай славы, ён
ніколі не забываўся дзякаваць за ўсё Богу, якога любіў больш за ўсё, а
таксама Найсьвяцейшай Багародзіцы і сьвятому Пятру, да якога адчуваў
асаблівую пабожнасьць. Калі б нехта захацеў даць кароткую характарыстыку
біскупа Сіповіча, дык цяжка знайсьці нешта лепшае за словы сьвятога Паўла:
“Ласкай Божаю я ёсьць тым, кім ёсьць, і ласка Ягоная ўва мне не была
дарэмнаю” (1 Kap 15:10).
Notes
[172] «Довідаюсь, що Ви
мали доповідь у нашій університетскій Філії в Лондоні і цим складаю Вам
глибоку подяку за цей вияв Вашої помочі і братнього зрозуміння до нашої
Церкви і Народу. Доля білоруського Народу важча тепер чим наша і немає в
світі належного відгуку на його терпіння та грізьні небезпеки для його
існування. Ми українці в історії стільки разом ділили долю і недолю з
білоруським Народом. В моїх можливих інтервенціях на різних форумах я
пригадував про Ваш Нарід і його Церкву та й робитиму це і дальше».
[173] «al presente... la
Missione biancorutena o bielorussa ha il diritto di usare dell’oratorio o
capella... ma non esclusivamente, bensм “cumulativamente”, con il legitimo
ed esclusivo proprietario”.
[174] «The Congregation of
Marian fathers... proprietors of Belvedere, now known as “Marian House”...
lease said property for one dollar ($1.00) to the Most Rev. Vladimir
Tarasevitch... Apostolic Visitator for Byelorussians, for the use of the
Belarusian Catholic Mission, in England... This agreement takes effect from
March 1, 1984 and is renewable annually...»
[175]«At this time I –
would like to express my heartfelt gratitude to the Congregation for this
generosity. May the Lord accept this your gift and reward you a hundredfold
for it».
[176] Пры нагодзе варта
прыгадаць адзін характэрны выпадак. Неўзабаве пасьля сьмерці Ўладыкі Чэслава
прыехаў (ці быў прысланы) з Польшчы айцец Францішак Апячонак, які некалі
прасіўся ў Лёндан. Выявілася, што ён абсалютна няздатны да працы сярод
беларусаў і па нейкім часе выехаў у польскі марыянскі кляштар. 19 чэрвеня
1984 году ён напісаў мне ліст, дарэчы па-беларуску, наступнага зьместу:
«Пакорна прашу Айца аб адну ласку, каб быў такі добры і паслаў айцу
віцэ-генэралу Дональду Пэтрайцісу да Рыму сьпіс абразоў у нашай капліцы –
каторыя належуць да закону марыянаў, – калі ёсьць такія. Ён пісаў, што
ёсьць. Ён прасіў вельмі, каб я гэта зрабіў. Але я цяпер не магу прыехаць у
Лёндан. Ён ужо мне тры разы прыпамінаў». Атрымаўшы гэты ліст, доўгі час я
быў як ня свой: ніколі ня думаў, каб беларус, нават апалячаны, мог
пагадзіцца дапамагаць забіраць сьвятыя абразы зь беларускай сьвятыні.
Нарэшце 31 ліпеня я напісаў біскупу Тарасэвічу: «Пасылаю копію ліста a.
Францішка Апячонка, у якім просіць мяне зрабіць сьпісак ікон, якія быццам
належаць марыянам. Я яму на гэты ліст нават не адказаў. Па-першае, жадаючы
марыянам усяго добрага, я не хачу мець больш нічога супольнага зь імі. Калі
яны нешта хочуць, хай зьвяртаюцца да Вас, а Вы мне скажаце, што рабіць.
Па-другое, я нічога ня ведаю пра ніякія іконы, якія належаць да марыянаў.
Затое ведаю шмат іконаў, якія ў ніякім выпадку ня могуць быць уласнасьцю
марыянаў, і калі б яны захацелі забраць хоць адну зь ix, быў бы вялікі
скандал. Такім чынам, я катэгарычна адмаўляюся мець нешта супольнае ў гэтай
справе і хачу, каб марыяне пакінулі мяне ў спакоі. Калі ж яны захочуць
забіраць іконы з нашай капліцы, дык мне не астаецца нічога, як зрэзыгнаваць
з майго цяперашняга становішча». Іконы засталіся ў капліцы.
Дарэчы, той самы айцец Апячонак разам з “айцом віцэ-генэралам”,
выяжджаючы ў польскі кляштар, забралі з сабою поўную машыну розных рэчаў.
Сярод ix была акварэльная копія-узор іконы Сьвятых Заступнікаў Беларускага
Народу. Абраз намаляваны ў 1953 годзе на загад апошняга нашчадка
старажытнага роду князёў Менскіх Андрэя Багамольца, які падараваў яе ў
царкву сьвятых Пятра і Паўла. Мастачка, перад тым як пачаць маляваць ікону,
зрабіла яе акварэльную копію. Яна вісела ў пакоі біскупа Сіповіча. Пасьля
ягонай сьмерці я хацеў забраць яе ў Бібліятэку Францішка Скарыны, але не
пасьпеў...
[177] «І wrote in 1985 to
the late Bishop Tarasevitch, proposing what seemed to me an equitable
solution. In the nutshell my idea was that Marian Fathers, having been
recognised openly by the Byelorussian community as owners of Marian House,
should sell it for a nominal sum to the Byelorussian Catholic Mission.
Materially Marian Fathers will gain nothing, but they will also lose
nothing, because the price of the property was paid in full. On the other
hand they will earn gratitude of Byelorussians and have the satisfaction of
knowing that by their act they made sure that the work so dear to the heart
of Bishop Sipovich would continue, and Marian House would serve the purpose
intended by him, namely being the religious centre for Byelorussians. It was
also the intention of those Byelorussians and their friends who contributed
towards the purchase of Marian House».