11. Подых сьвежага ветру
У выніку абраньня на пасад сьв. Пятра “маладога” 77-гадовага папы Яна
XXIII Каталіцкая Царква сустрэла 1959 год у атмасфэры нейкага радаснага
ўздыму i чаканьня. Ледзь ня з кожных вуснаў гучала італійскае
“aggiornamento”, якое цяжка перакласьці адным словам на беларускую мову. Яно
азначала нешта больш як “абнаўленьне” – гэта было ўсьведамленьне Царквою
ўмоваў i патрэбаў сучаснага зьменлівага сьвету, каб магчы абвяшчаць у ім
вечную i нязьменную Вестку Збаўленьня.
Атмасфэра чаканьня закранула й беларусаў, якія таксама адчувалі патрэбу
зьменаў. Цяпер, калі айцец Гарошка быў у марыянскім навіцыяце, выглядала,
што ідэя “Новай Друі”, пра якую марыў айцец Сіповіч, пачала набываць
канкрэтную форму. Але яна зьдзяйсьнялася за кошт пастырскай працы сярод
беларусаў у Францыі, і гэта сьведчыла, што беларускім сьвятарам у розных
краінах трэба лепш каардынаваць сваю дзейнасьць. Каб знайсьці выйсьце з
гэтага цяжкога становішча, айцы Сіповіч i Гарошка задумалі склікаць зьезд
сьвятароў. Прыехаўшы ў Рым, Гарошка пайшоў да кардынала Тысэрана. Вось што
ён пісаў Сіповічу 22 студзеня 1959 году: «Перад самымі рэкалекцыямі я быў у
кардынала Тысэрана... i парушыў справу нашага зьезду ўсіх беларускіх
каталіцкіх сьвятароў. Кардынал без ніякіх засьцярогаў сказаў, што ахвотна
дапаможа такому зьезду, толькі для лаціньнікаў трэба пытацца помачы ў якой
небудзь іншай кангрэгацыі, але казаў, каб абавязкова напісаць яму адпаведны
ліст. Потым я гаварыў так жа аб гэтым з усімі нашымі рымскімі беларусамі –
Надсон захоплены такою думкаю... Татарыновіч ня мае нічога супраць, a
Садоўскі: “Чаму не, хай сабе адбудзецца такі зьезд”».
Айцец Сіповіч у сваім лісьце за 5 лютага прапанаваў, каб зьезд адбыўся ў
Лёндане ў Марыян Гаўз недзе ў сярэдзіне чэрвеня 1960 году, калі айцец
Гарошка скончыць навіцыят, a Надсан i Садоўскі – навуку. Ён таксама
згадзіўся ўзяць на сябе адказнасьць за падрыхтоўку зьезду, бо а. Гарошка ў
навіцыяце ня мог гэтым займацца.
Гарошка адказаў 12 лютага: «Што да мейсца, дык на маю думку i на думку
ўсіх рымскіх айцоў мусіць быць абавязкова Рым, бо галоўнай мэтай зьезду мае
быць не ўзаемная гутарка, але гутарка з Ватыканам i, найважнейшае,
аўдыенцыя ў Сьвятога Айца... Адносна даты зьезду, зразумела, ня трэба
рабіць насьпех. Лепш падрыхтавацца як належыць... Напішы абавязкова ў гэтай
справе да біск. Слосканса, зазначаючы, што пішаш не ад сябе асабіста, але ў
паразуменьні з іншымі... Думаю, што ён зажадае праграмы... На маю думку
такою праграмаю магла б быць: 1) Абгаварыць рэлігійную сытуацыю беларускае
эміграцыі. 2) Разьмеркаваньне духавенства. 3) Што рабіць, каб беларусы
каталікі лацінскага i ўсходняга абраду падлягалі нейкай адной кангрэгацыі.
4) Падрыхтоўка мэмарыялу Сьвятому Айцу. 5) Справа распачацьця
бэатыфікацыйнага працэсу айцоў Абрантовіча i Цікоты».
Перш чым Гарошка атрымаў адказ ад Сіповіча, ён напісаў яму другі ліст,
датаваны 6 сакавіка: «Зусім неспадзявана справа зьезду ўжо прыняла
канкрэтныя формы. А сталася гэта так. У мінулым тыдні прыехаў у Рым Я(го)
Э(ксцэленцыя) Слосканс i затрымаўся ў нашым доме. Спаткаўшыся з ім, я
запытаўся, ці ён атрымаў ад цябе які ліст у справе зьезду. Адказаў, што не.
Тады я расказаў аб нашых праектах i аб тым, што Кардынал гэты праект
адобрыў. Хвіліну падумаўшы, ён ажывіўся i сказаў: “Дык напішыце ліст, а я
падпішу i перадам Кардыналу, бо мушу быць у яго”. Пасьля такое гутаркі
адкладаць справы было нельга, i я, паразумеўшыся з Татарыновічам (страшэнна
ўпіраўся i выдумоўваў розныя засьцярогі), напісаў ліст, узгодніў яго з
біскупам, i пазаўчора ўжо гэты ліст ён перадаў Кардыналу... Біскуп абяцаў
пераслаць табе копію адказу Кардынала на гэты ліст, як толькі атрымае адказ
з Кангрэгацыі». Адказ Усходняй Кангрэгацыі быў вельмі хуткі: 7 сакавіка яна
ўхваліла прапанову зьезду i абяцала дапамогу ў 500 тысяч італійскіх ліраў на
пакрыцьцё выдаткаў.
Біскуп Слоскан не выяўляў вялікай актыўнасьці ды ініцыятывы. Магчыма,
прычынай тут – ягоны век i стан здароўя. Тым ня менш ён сур’ёзна ставіўся да
сваіх абавязкаў у дачыненьні да беларусаў i імкнуўся, як мог, памагаць ім.
Адной з мэтаў ягонага прыезду ў Рым была прыватная аўдыенцыя ў папы Яна
XXIII 5 сакавіка. У часе аўдыенцыі Слоскан, як апостальскі адміністратар
Менскі i Магілеўскі i візытатар для беларусаў у Заходняй Эўропе, папрасіў
папу даць Апостальскае блаславеньне беларускім каталіцкім сьвятаром i ўсяму
беларускаму народу.
Перш як пакінуць Парыж, айцец Гарошка аддаў у друкарню матар’ялы да Божым
шляхам за 1957 год, просячы прыслаць ix на карэктуру ў Рым. Друкарня не
сьпяшалася, i выхад часопісу яшчэ больш замарудзіўся. У нумары меўся быць
артыкул айца Сіповіча пра Фабіяна Абрантовіча. У згаданым лісьце за 6
сакавіка Гарошка пісаў, што паказаў артыкул Татарыновічу i той «выказаў
даволі слушную засьцярогу аб тым, каб лепш не публікаваць нічога аб
Калпінскім, бо расейцы i асабліва езуіты потым будуць помставаць i
перашкаджаць у справе бэатыфікацыі. Калі прамоўчваецца справа Найловіча, дык
i аб Калпінскім можна не гаварыць, бо гэта ня сьветлая, а ценявая старонка».
Дыядор Колпінскі – расейскі каталіцкі сьвятар, якога Абрантовіч ведаў зь
пецярбурскіх часоў. У 1920-х гадох ён жыў у Польшчы. Калі Абрантовіча
прызначылі ў Харбін, ён прасіў даць яму памочнікам Колпінскага. На жаль, зь
іхнага супрацоўніцтва нічога ня выйшла, яны разышліся, i Колпінскі памёр у
Шанхаі ў 1932 годзе. Казімер (“Кузьма”) Найловіч – адзін з друйскіх
клерыкаў, якіх накіравалі ў 1929 годзе вучыцца ў Рым у Русікум. У 1935 годзе
яго ўжо сьвятаром выслалі ў Харбін. У 1943 годзе ён пакінуў марыянаў i
Каталіцкую Царкву i ўзяў шлюб у расейскай праваслаўнай царкве з разьведзенай
расейкай. Кіраўніком Місіі ў Харбіне тады быў Цікота. Сумныя выпадкі, але
трымаць ix у сакрэце не было сэнсу, бо, калі б дайшло да бэатыфікацыі
Абрантовіча i Цікоты, то пра ix i так бы даведаліся. Сіповіч настойваў, каб
друкаваць усё. Але Гарошка, як ён пісаў 7 красавіка Сіповічу, «разважыўшы
спакойна перад Богам, выкінуў такі разьдзел аб Калпінскім – на якое ліха
нашым чытачом мяшаць i так замешаныя з маскалямі нашыя справы. Няхай яны
самі длубаюцца ў сваім балоце».
Але вернемся да Гольдэн Авэню. Капліца сьв. Пятра i Паўла ў Марыян Гаўз
стала адной зь першых “усходніх” каталіцкіх сьвятыняў у Англіі. Многія
англамоўныя каталікі жыва цікавіліся Ўсходнім Хрысьціянствам. Дастаткова
прыгадаць прозьвішчы такіх аўтараў, як Адрыян Фортэск’ю, Дональд Атўотэр,
Арчдэйл Кінг i бэнэдыктынскі манах Дом Бід Ўінслаў, які ў 1931 годзе
заснаваў вядомы ва ўсім сьвеце часопіс, прысьвечаны ўсходнехрысьціянскім
пытаньням, The Eastern Churches Quarterly, і быў яго нязьменным рэдактарам
аж да сьмерці ў 1959 годзе. У Марыян Гаўз ладзілі канфэрэнцыі, чыталі
даклады, зьбіраліся дыскусійныя гурткі. Часам усходнія багаслужбы праходзілі
таксама ў “лацінскіх” цэрквах, калі ў туманны Альбіён прыяжджаў нейкі
“ўсходні” сьвятар. Капліца сьв. Пятра i Паўла, а таксама неўзабаве ўзьніклыя
ўкраінскія грэка-каталіцкія цэрквы давалі магчымасьць ангельскім каталіком
прысутнічаць на ўсходніх богаслужэньнях у ix звычайным асяродзьдзі. Гэта
дапамагала ім усьведаміць унівэрсальны характар Царквы Хрыстовай, дзе
разнастайнасьць традыцыяў i звычаяў, як аддаваць хвалу Богу, не стаяла на
перашкодзе еднасьці веры, а наадварот, узмацняла яе.
У Марыян Гаўз прыходзіла шмат ангельцаў, але толькі адзінкі рабіліся
сталымі “парафіянамі”. Адзін зь ix – Гай Пікарда, які яшчэ студэнтам
Оксфардзкага Ўнівэрсытэту прыйшоў, шукаючы матар’ялаў па бізантыйскай
царкоўнай музыцы. Ён застаўся прыяцелем Марыян Гаўз i беларусаў на ўсё
жыцьцё i шмат зрабіў у вывучэньні беларускай царкоўнай музыкі, шчыра
працаваў, каб пашыраць веды пра Беларусь i беларускую культуру ў англамоўным
сьвеце. Прыблізна ў тым часе прыйшла ў Марыян Гаўз Вера Рыч, вядомая
ангельская паэтка i перакладчыца беларускай паэзіі на ангельскую мову.
У 1950 годзе, згодна з інструкцыяй Бучыса, айцец Сіповіч наладзіў сувязь
з арганізацыяй Legion of Mary (Легіён Марыі ). Узьнік своеасаблівы “Ўсходні
прэзыдыюм”. У яго ўвайшлі сымпатычныя i пабожныя ангельскія i ірляндзкія
юнакі i дзяўчаты, поўныя добрай волі, але з выняткам аднаго ці двох яны ня
выказалі глыбейшага зацікаўленьня Ўсходнім Хрысьціянствам.
Другая арганізацыя, якая мела свой адрас у Марыян Гаўз, – Таварыства
Сьвятога Яна Залатавуснага (The Society of Saint John Chrysostom),
створанае, каб распаўсюджваць веды пра ўсходніх хрысьціянаў у англамоўным
каталіцкім сьвеце. Заснаванае ў 1926 годзе з ініцыятывы Дэрбіньі, які хацеў
выкарыстаць яго для пашырэньня ідэі “навяртаньня Расеі”, яно спыніла сваю
дзейнасьць у часе вайны 1939–1945 гадоў i аднавілася ў 1959 годзе, але ўжо ў
іншым духу, дзякуючы намаганьням айца Сіповіча. Галоўным памочнікам Сіповіча
была Гэльле Геаргіядэс, грачанка, па прафэсіі настаўніца фізыкі. Раней, перш
чым прыняць каталіцтва, яна выконвала сакратарскія абавязкі ў
англа-праваслаўным Таварыстве Сьвятых Альбана i Сергія. Прэзыдэнтам
Таварыства Яна Залатавуснага быў архібіскуп Ўэстмінстэрскі. Айцец Сіповіч
стаў сакратаром, а пасьля, як біскуп, – віцэ-прэзыдэнтам. Гэльле Геаргіядэс
рэдагавала англамоўны часопіс Chrysostom (Хрызастом), які зрабіў шмат для
пашырэньня ведаў пра Ўсходняе Хрысьціянства ў англамоўным сьвеце.
Айцец Сіповіч заўсёды любіў кнігі. У Марыян Гаўз ягоны маленькі кнігазбор
вырас у невялікую, але багатую на добрыя выданьні бібліятэку. Яна складалася
з двох галоўных аддзелаў: рэлігійнага, з асаблівай увагай да матар’ялаў пра
Ўсходняе Хрысьціянства; i беларускага, у якім ужо на той час захоўвалася
нямала вартасных і рэдкіх выданьняў. Пазьней бібліятэка Марыян Гаўз,
узбагачаная кнігамі, сабранымі а. Гарошкам, сталася ядром Бібліятэкі імя
Францішка Скарыны.
6 ліпеня 1959 году, пасьля шасьці гадоў навукі ў Рыме ў Грэцкай калегіі, айцец Аляксандар Надсан вярнуўся ў Лёндан. Ён стаў сьвятаром 23 лістапада
1958 году. Айцец Сіповіч спадзяваўся, што Надсан, якога ён ведаў з 1945
году, стане марыянінам, i быў расчараваны, што выйшла іначай. Аднак гэта не
перашкодзіла ім заставацца прыяцелямі i шмат гадоў плённа працаваць разам.
Надсан пераняў ад Сіповіча некаторыя пастырскія абавязкі, у прыватнасьці
адведваньне беларусаў па-за Лёнданам.
Маючы ў Лёндане памочніка, айцец Сіповіч мог заняцца падрыхтоўкай зьезду
сьвятароў, хоць ужо й раней зьвярнуўся да ўсіх, каб дасылалі свае прапановы. Першы адгукнуўся добры айцец Уладзімер Салавей зь Нямеччыны. У лісьце ад
23 траўня ён зазначыў: «Вы, Айцец, пішаце да мяне, якія праблемы трэба на
гэным зьезьдзе парушыць? Вы, Ойчанька, ведаеце нашы балячкі, вось ix i
будзем парушаць. На мой погляд, – ня ведаю, ці добры, – што ж разумнага можа
салавей сказаць?» Айцец Татарыновіч меў свае сумневы наконт зьезду, відаць,
баяўся крытыкі ягоных лінгвістычных дзівосаў у часопісе Зьніч. Урэшце,
аднак, ён зрабіў усё, каб зьезд прайшоў добра i нават знайшоў адпаведнае
памяшканьне ў інтэрнаце для сьвятароў на вія Камілуччыя (via Camilluccia),
дзе сам жыў. Паволі ўсім цяжкасьцям далі рады, біскуп Слоскан зацьвердзіў
праграму, і зьезд прызначылі на 1–6 лютага 1960 году, два тыдні пасьля канца
навіцыяту айца Гарошкі.
Між тым айцец Язэп Германовіч нарэшце атрымаў пашпарт і дазвол на выезд у
Італію. Як ён пасьля сам апавядаў, ён абвінаваціў польскіх урадоўцаў у
дыскрымінацыі за тое, што ён беларус, i гэта, здаецца, падзейнічала... У
суботу 24 кастрычніка айцец Германовіч прыехаў у Рым. Айцец Гарошка адразу
паведаміў гэтую радасную вестку айцу Сіповічу. Па прыезьдзе айцец Язэп
сказаў, што Лосю ды іншым беларускім сьвятаром выехаць няма ніякага шанцу,
бо ўлады ix ня пусьцяць. Ён таксама заявіў, што ня мае ніякага жаданьня
вяртацца ў Польшчу. Гэта не спадабалася марыянскім уладам – тыя баяліся, што
польскія камуністы могуць помсьціць i чыніць перашкоды ў будучыні. Але
Германовіч не хацеў нават i слухаць...
У Рыме айцец Германовіч напісаў 9 сьнежня кароткую гісторыю Харбінскай
місіі, дзе між іншага сказаў: «Мы, законьнікі марыяне, прызначаныя для
Місіі ў Харбін, былі ўсе беларусамі, i мы працавалі для Бога i для Царквы, i
для бацькаўшчыны... чужое, менавіта Расеі, што ад вякоў была для нас
варожаю» (laboravimus pro Deo et Ecclesia, et pro patria... aliena, scilicet
russa, quae a seculis fuit nobis inimica). Сканчае ён справаздачу
цьверджаньнем, што прыйшоў час ім працаваць для ўласнага народу.
Дарэчы, польскія ўлады адмаўлялі ў выезьдзе за мяжу ня толькі марыянам
-беларусам. Айцец Вячаслаў Аношка, беларускі грэка-каталіцкі сьвятар, якога
экзарх Неманцэвіч прызначыў сваім заступнікам, пад канец вайны мусіў уцячы ў
Польшчу пасьля таго, як у апошнюю хвіліну яму ўдалося выратавацца ад
расстрэлу савецкімі партызанамі. Ён хацеў прыехаць на зьезд у Рым, але не
атрымаў дазволу.
11 лістапада 1959 году папа Ян XXIII звольніў кардынала Тысэрана з пасады
галавы (сакратара) Усходняй Кангрэгацыі i на ягонае месца прызначыў
кардынала Амлета Чыканьяні (Amleto Cicognani). Вядомы вучоны-арыенталіст,
які дасканала ведаў Хрысьціянскі Ўсход, Тысэран перадусім быў сьвятаром, для
якога на першым пляне заўсёды стаялі меркаваньні пастырскага характару.
Пасьля 23 гадоў ва Ўсходняй Кангрэгацыі (ён атрымаў прызначэньне ў 1936
годзе) ягоны сыход выглядаў амаль непазьбежным. Тым ня менш шмат хто
ўспрыняў яго як канец эпохі.
Беларусы павінны дзякаваць Аўгену Тысэрану (1884–1972), першаму высокаму
Ватыканскаму дастойніку, які з спагадаю i разуменьнем паставіўся да іхных
патрэбаў i шмат у чым дапамог. Пасьля ягонага сыходу настаў трывожны момант,
калі не было ведама, ці працягне новы кіраўнік Усходняй Кангрэгацыі палітыку
свайго папярэдніка ў дачыненьні да беларусаў. Трывога аказалася
беспадстаўнай: стаўленьне не зьмянілася, можа таму, што ніжэйшы пэрсанал
застаўся той самы, у тым ліку мансіньёр Маёлі, які адказваў за беларускія
справы. 26 лістапада Сіповіч пісаў біскупу Слоскану: «Як вы ўжо напэўна
ведаеце, Я. Эм. Кардынал Тысэран пакінуў Усх. Кангрэгацыю, а на яго мейсца
прышоў Я. Эм. Кардынал Чыканьяні. Сталася гэта даволі непрадбачана, але
Божая воля! Мы сваё памаленьку, але сыстэматычна павінны рабіць, i ня думаю,
што мы павінны ізноў пытаць нейкага дазволу. Калі будзе гатовы камунікат,
перашлём у Кангрэгацыю разам з лістом, у якім прыпомнім ім абяцаную дапамогу
нашаму зьезду».
З набліжэньнем зьезду стала зразумела, што на ім будуць прысутнічаць
толькі сьвятары з Эўропы. З Амэрыкі i Аргентыны ніхто прыехаць ня мог,
перадусім празь вялікія выдаткі на дарогу. Перад самым зьездам біскуп
Слоскан захварэў, i было невядома, ці зможа ён прыехаць у Рым. На шчасьце,
ён акрыяў у час. Такім чынам, у панядзелак 1 лютага ў Рыме сабраліся, апрача
біскупа Слоскана: айцы Язэп Германовіч, Леў Гарошка, Пётра Татарыновіч i Ян
Садоўскі з Рыму; Чэслаў Сіповіч i Аляксандар Надсан зь Лёндану; Кастусь
Маскалік з Парыжу; Міхась Маскалік з Госьляру i Ўладзімер Салавей з Шонгаў,
што ў Нямеччыне. Першы дзень адводзіўся для рэкалекцыяў, якімі кіраваў
Слоскан. Праца зьезду пачалася на другі дзень, 2 лютага. Галоўныя тэмы для
дыскусіяў прапанаваліся ў дакладах “Рэлігійныя праблемы беларускай
эміграцыі” (Гарошка); “Як задаволіць рэлігійныя патрэбы беларусаў”
(Сіповіч); “Беларуская рэлігійная прэса” (Татарыновіч). Айцец Францішак
Чарняўскі прыслаў айцу Сіповічу доўгі ліст, у якім апісаў стан духоўнай
апекі над беларусамі каталікамі ў Амэрыцы.
Шмат абмяркоўвалася пытаньне ўласнага біскупа. Усе згадзіліся, што
насьпела патрэба мець беларускага біскупа, i дамовіліся ў просьбе да
Сьвятога Айца ня згадваць абраду. Біскуп Слоскан цалкам падтрымаў агульную
думку. Разам з тым ён сказаў, што хацеў бы захаваць для дабра саміх
беларусаў тытул адміністратара Менскага i Магілеўскага, які даваў яму правы
тэрытарыяльнага біскупа i таму мог прыдацца ў будучыні. Калі б Слоскан
зрокся, Апостальскі Пасад не прызначыў бы нікога на ягонае месца.
Абмяркоўваючы пастырскую дзейнасьць, прысутныя засьведчылі вялікі недахоп
сьвятароў i расьцярушанасьць вернікаў. Разглядалася магчымасьць стварыць
рэлігійныя асяродкі, якія б абслугоўвалі большыя тэрыторыі. Напрыклад,
Лёнданскі мог бы ахопліваць сваёй дзейнасьцю таксама Бэльгію i Францыю.
Праект адхілілі, бо ня бачылі спосабаў яго ажыцьцявіць. Але празь некалькі
гадоў усё адно сталася, як прадбачылі тыя, хто высунуў гэтую ідэю.
Ажыўленую дыскусію выклікала справа пастырскай працы сярод беларусаў у
Амэрыцы. У выніку зьявілася прапанова, каб айцы Сіповіч i Германовіч ехалі ў
Амэрыку i паглядзелі, ці можна заснаваць асяродак, падобны да Лёнданскага, у
ваколіцах Нью-Ёрку. Айцец Гарошка застаўся б у Лёндане на месцы Сіповіча.
Аднак гэты плян стаў незьдзяйсьняльным, калі Сіповіч атрымаў біскупскую
годнасьць.
Шмат увагі аддавалася справе беларускай рэлігійнай прэсы i яе месцу ў
пастырскай дзейнасьці ва ўмовах, калі заўважна не стае сьвятароў. Усе
згадзіліся, што рэлігійная прэса – адзін з мэтадаў прапаведаньня Эвангельля
Збаўленьня, i таму яна павінна рабіцца на адпаведным роўні, пазьбягаць
спрэчак i ўсяго, што можа некага пакрыўдзіць ці зьняважыць. Рэлігійная прэса
не павінна быць месцам моўных экспэрымэнтаў, бо такім чынам можна страціць
кантакт з чытачамі, якія перастануць разумець напісанае. Усе пагаджаліся,
што, замест таго каб пачынаць новыя часопісы, трэба падтрымаць ужо наяўныя,
у першую чаргу Божым шляхам i Зьніч. Таксама падкрэсьлівалася важнасьць
рэлігійных праграмаў у Ватыканскім Радыё, якія, хоць зь цяжкасьцю, можна
было слухаць ў Беларусі. Сярод іншых пытаньняў закраналіся справы
сьвятарскіх пакліканьняў i рэлігійнага выхаваньня моладзі.
Апрача праблемаў пастырскай працы, зьезд не забыўся зьвярнуць увагу на
саміх сьвятароў i іхнае духоўнае жыцьцё, a таксама іхнае месца ў беларускім
грамадзтве. Вось некаторыя з пастановаў зьезду:
«Для сьвятара быць беларусам азначае, што ён ёсьць адказны перад Богам за
душы ўсіх беларусаў, незалежна ад іхных палітычных ці ідэалягічных поглядаў. Дзеля гэтага сьвятар павінен стаяць вышэй за палітычныя групоўкі... i
бачыць перадусім у кожным беларусе сына Божага.
Беларускія сьвятары не павінны ніколі забывацца аб нашай дарагой
Бацькаўшчыне Беларусі i аб нашых братох, якія церпяць камуністычную няволю.
Акрамя малітвы, якая зьяўляецца нашым найважнейшым абавязкам, мы павінны
зрабіць усё магчымае, каб быць гатовымі вярнуцца на Бацькаўшчыну, у
мамэнце, калі Бог нам на гэта дазволіць...
...Зьезд заклікае ўсіх сьвятароў ня траціць сьведамасьці свайго высокага
прызваньня i імкнуцца заўсёды паглыбляць індывідуальную сьвятасьць, каб ня
толькі словамі, але цэлым сваім жыцьцём быць сьведкамі Праўды Хрыстовай. У
прыватнасьці сьвятары павінны выконваць тыя абавязкі малітвы i рэлігійных
практыкаў, якія на ix ускладае Сьвятая Царква цераз кананічнае права,
уважаючы гэтыя абавязкі не як цяжар, але як радасны прывілей».
Шмат часу заняло абмеркаваньне мэмарыялу да Сьвятога Айца. Вось асноўныя
пункты канчатковай рэдакцыі:
«Мы, беларускія сьвятары на выгнаньні, раскінутыя па розных краінах,
занятыя пастырскай працай сярод нашых суайчыньнікаў, i біскуп Баляслаў
Слоскан, Апостальскі Візытатар для беларусаў бізантыйска-славянскага абраду,
сабраўшыся на зьезьдзе ў Рыме 1–6 лютага 1960 году, абмеркаваўшы справы
вялікай вагі i разважыўшы сур’ёзна перад Богам, каб валадарства Хрыста ў
сэрцах нашых братоў беларусаў пашыралася лягчэй, асьмельваемся прасіць Цябе
наступнае:
1. Каб быў назначаны біскуп беларускай нацыянальнасьці з дастатковымі
паўнамоцтвамі, каб спраўляць пастырскую апеку сярод беларусаў у Эўропе;
2. Каб быў назначаны біскуп беларускай нацыянальнасьці з тытулам Экзарха
або прынамсі Апостальскага Візытатара, з дастатковымі паўнамоцтвамі, у
Злучаных Штатах Амэрыкі i Канадзе, дзе знаходзіцца большая частка беларускай
эміграцыі;
3. Каб быў беларускі прадстаўнік у Найвышэйшай Радзе для эмігрантаў;
4. Каб была ласкава дадзеная грашовая дапамога для заснаваньня ў Злучаных
Штатах Амэрыкі законнага дому беларускіх айцоў марыянаў, a пры ім царквы,
апостальскай школы, малой сэмінарыі i місіянерскага цэнтру;
5. Каб была ласкава дадзеная дапамога для выдаваньня i распаўсюджваньня
рэлігійных часапісаў на беларускай мове, як у Эўропе, так i ў Амэрыцы».
Далей ідзе інфармацыя пра Каталіцкую Царкву ў Беларусі, яе гісторыю i
цяперашні стан, а таксама праблемы беларускай эміграцыі, небясьпеку страты
вернікаў для Каталіцкай Царквы праз адсутнасьць пастырскай апекі. Якраз каб
запабегчы гэтаму, патрэбны беларускі біскуп. Таксама «было б балюча для
нашага народу, калі б на Паўсюдным Саборы, які мае адбыцца, не было
беларускага біскупа (doloroso nam etiam populo nostro esset, si in Concilio
futuro Oecumenico Hierarcha Alboruthenus abesset)... У апошні час мы мелі
мужоў, заслужаных перад Царквой i нашай Бацькаўшчынай, напр. айцы Ф.
Абрантовіч, А. Цікота, экзарх Неманцэвіч, В. Гадлеўскі, А. Станкевіч i інш.,
i толькі палітычныя абставіны i нянавісьць [ворагаў] да Беларускай Царквы не
дазволілі нам ушанаваць ix як біскупаў. Аднак іхныя заслугі робяць нас больш
сьмелымі прасіць цяпер ласкі ў Сьвятога Пасаду».
Мэмарыял падпісалі біскуп Слоскан i ўсе прысутныя сьвятары.
Прыватная папская аўдыенцыя адбылася ў суботу 6 лютага aб 11-й гадзіне
раніцы. Папа перш прыняў аднаго біскупа Слоскана, а празь некалькі хвілінаў
паклікалі ўсіх сьвятароў. Папа сустрэў усіх цёпла, з сваёй непаўторнай
усьмешкаю. Коратка пагутарыў з кожным асобна. Айцу Язэпу Германовічу параіў
больш “не трапляць у рукі ворагаў” (non incidere in manus inimicorum).
Глянуўшы на айца Салаўя, якога ніякім чынам нельга было назваць худым, папа
заўважыў: «Questo e una figura imposante” (Вось паважная фігура). Больш
сур’ёзна ён сказаў, што ня можа абяцаць нічога канкрэтнага, пакуль не
разгледзіць дакладна ўсе пытаньні, узьнятыя ў мэмарыяле, што i абяцаў
зрабіць. У канцы даў апостальскае блаславеньне ўсім прысутным.
Выйшаўшы з аўдыенцыі, айцец Салавей аб’явіў усім, што цяпер, калі папа
яго пахваліў, ён будзе есьці ў два разы больш...
У панядзелак 8 лютага ўсе ўдзельнікі прыйшлі да сакратара Ўсходняй
Кангрэгацыі кардынала Чыканьяні i прэфэкта Кансыстарыяльнай Кангрэгацыі
кардынала Сіры. Абодва яны атрымалі копіі мэмарыялу да Сьвятога Айца. Айцец
Сіповіч падзякаваў кардыналу Чыканьяні за грашовую дапамогу для зьезду.
Кардыналу Сіры перадалі просьбу прызначыць айца Татарыновіча беларускім
прадстаўніком у Найвышэйшай Радзе для Эмігрантаў.
Пасьля гэтых аўдыенцыяў усе скіраваліся да базылікі сьвятога Пятра, каб
памаліцца на магіле Першага Апостала.
У аўторак 9 лютага ўсе прысутныя на зьезьдзе рушылі да кардынала Тысэрана
– папа прызначыў яго прэфэктам Ватыканскай Бібліятэкі, – каб падзякаваць яму
за ўсё, што ён зрабіў для беларусаў. Удзельнікі склалі і падпісалі ліст
падзякі: «Ніжэй падпісаныя біскуп Баляслаў Слоскан i беларускія каталіцкія
сьвятары, з нагоды іхнага зьезду ў Рыме, які стаўся магчымым дзякуючы тваёй
спагадзе i дапамозе, выказваюць сваю найвялікшую ўдзячнасьць за ўсё, што ты
зрабіў для беларусаў (Tibi pro omnibus, quae pro Alboruthenis fecisti
gratias maximas exprimunt)... Паколькі воля Сьвятога Айца была, каб ты больш
не займаўся нашымі справамі, нам не застаецца нічога іншага, як толькі
памятаць цябе, Дастойны Ойча, перад Богам, каб Ён даў табе на шмат гадоў
добрага здароўя i багацьця ласкі, i прасіць пакорна тваёй дапамогі i апекі».
Зьезд у Рыме быў першым свайго роду “міні-сынодам” беларускіх сьвятароў,
што займаліся пастырскай дзейнасьцю сярод беларусаў у розных краінах.
Дзякуючы апостальскаму візытатару, які аб’ядноўваў i злучаў ix міжсобку, яны
ўяўлялі сабою адну арганізацыйную адзінку. Зьезд склікаўся найперш дзеля
таго, каб знайсьці шлях як найлепш служыць даручаным іхнай апецы людзям i
пашыраць вестку Валадарства Божага сярод суайчыньнікаў на выгнаньні. Але
прысутныя не забываліся і пра шырэйшае пытаньне рэлігійных патрэбаў усяго
беларускага народу. Зьезд прайшоў зь ведама i блаславеньня вышэйшых
царкоўных уладаў, i таму ягоныя ўдзельнікі маглі спадзявацца, што іхныя
просьбы пачуюць.