Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус

8. “Народы Расеi”

У 1951 годзе ў Заходняй Эўропе было шэсьць беларускіх каталіцкіх сьвятароў. Зь ix да ўсходняга (бізантыйскага) абраду належалі чатыры: Чэслаў Сіповіч у Англіі, Леў Гарошка ў Францыі, Міхась Маскалік у Паўночнай i Ўладзімер Салавей у Паўднёвай Нямеччыне; а да рымскага (лацінскага) абраду – двое: Пётра Татарыновіч у Рыме i Францішак Чарняўскі ў Францыі. У Рыме вучыліся таксама два клерыкі (сэмінарысты). На жаль, ніхто не адказваў за ўсю пастырскую працу сярод беларусаў i не каардынаваў дзейнасьць паасобных сьвятароў. Гэтае пытаньне закраналася на першым тыдні студыяў Беларускага Акадэмічнага Каталіцкага Аб’яднаньня “Рунь”, што адбыўся 16–21 ліпеня 1951 году ў бэнэдыктынскім кляштары ў Шэвэтоні (Chevetogne) y Бэльгіі. Ha тыдні прысутнічалі тры сьвятары: Чэслаў Сіповіч, Леў Гарошка i Міхась Маскалік, а таксама біскуп Баляслаў Слоскан (Слосканс), апостальскі адміністратар Менскі i Магілеўскі, які жыў тады на выгнаньні ў Бэльгіі. Біскуп Слоскан (1896–1981), латыш паводле нацыянальнасьці, паходзіў з Латгаліі, дзе жыло мяшанае беларуска-латыскае насельніцтва. Казалі, што ягоная маці была беларускай. Так ці інакш, ён добра ведаў беларускую мову. Слоскан вучыўся ў Магілеўскай духоўнай сэмінарыі ў Пецярбурзе. У 1917 годзе ён стаў сьвятаром, потым працаваў на парафіях у Пецярбурзе, Маскве i Віцебску. У 1926 годзе Дэрбіньі сакрэтна пасьвяціў Слоскана на біскупа i прызначыў апостальскім адміністратарам Менскім i Магілеўскім. Праз год Слоскана арыштавалі савецкія ўлады, i ён сем гадоў правёў у зьняволеньні (у тым ліку на сумнавядомых Салаўкох) i на выгнаньні ў Сібіры. У 1933 годзе латвійскі ўрад дамогся ягонага вызваленьня наўзамен аднаго латыша-камуніста. Пад канец Другой сусьветнай вайны, перад прыходам савецкіх войскаў, Слоскан выехаў на Захад i пасяліўся ў Бэльгіі ў бэнэдыктынскім кляштары Keizerberg (Mont César) у Лювэне. Гэта быў чалавек сьвятога жьщьця. Гады зьняволеньня, калі яму давялося сьведчыць аб сваёй веры ў Хрыста разам зь зьняволенымі праваслаўнымі біскупамі i сьвятарамі, а таксама гады выгнаньня далі яму магчымасьць глыбей уведаць i палюбіць расейскі народ, узмоцнілі жаданьне еднасьці між каталікамі i праваслаўнымі. І гэта не замінала яму з аднолькавай павагай i любоўю ставіцца да іншых, у тым ліку беларусаў. Чалавек міру, далёкі ад палітыкі, ён балюча перажываў усялякія нацыянальныя i рэлігійныя канфлікты i непаразуменьні.

Ha тыдні студыяў прысутныя там сьвятары зьвярнуліся да Слоскана з просьбай стаць апостальскім візытатарам для беларусаў. Вось як апісвае Сіповіч іхную сустрэчу ў лісьце за 31 жніўня 1951 году Татарыновічу: «Калі быў з намі ў Шэўтонь Я. Э. Балеслаў, мы ўсе тры (a. Маскалік, а. Гарошка i я) мелі зь ім доўгую гутарку аб беларускіх рэлігійных патрэбах i як ім зарадзіць. Мы такжа – перш дагаварыўшыся між сабою, – папрасілі яго быць Апостальскім Візытатарам для беларусаў, у выпадку калі нашу просьбу апрабуе Айцец Сьвяты, да каторага мы адумысловым пісьмом зьвернемся. Я. Э. Балеслаў сказаў: ён калісь, будучы на аўдыенцыі ў Айца Сьв., зрокся з годнасьці i тым самым ад абавязкаў, якія ўскладаў на яго тытул Адміністратара Менскага i Магілеўскага, i Айцец Сьв. згадзіўся, аднак дагэтуль усе монсіньёры ў Segretaria dello stato (Дзяржаўны Сакратарыят. – А.Н.) уважаюць яго за Апостальскага Адміністратара Менск. i Магга, i так яно неяк засталося. Сам Біскуп будзе тым, чым захоча Папа, а не монсіньёры, а мы прасіць можам Папу заўсёды. Гэтак нам Я. Э. сказаў. Даведаліся мы такжа, што расейцы, а нават нейкія бразілійцы жадалі б мець Б-па Балеслава i, – як ён сказаў, – прыводзяць блізу тыя самыя аргуманты, што i беларусы».

Такім чынам, Слоскан хоць i ня выказаў вялікага энтузіязму, але й не адмовіўся. Таму беларускія сьвятары пастанавілі прасіць Сьвятога Айца прызначыць яго апостальскім візытатарам для беларусаў каталікоў абодвух абрадаў. Гэта яны зрабілі ў лісьце за 11 верасьня 1951 году. Каб не дзяліцца пры малым ліку сьвятароў i вернікаў, яны прасілі аднаго візытатара для ўсіх, а не двох – для “ўсходнікаў” i “лаціньнікаў”. Дарэчы, той самай думкі трымалася Ўсходняя Кангрэгацыя. Сіповіч пісаў Татарыновічу 28 красавіка 1951 году: «Я чытаў ліст Я. Эм. Тысэрана да адной асобы ў Англіі (ліст прыватны), дзе ён разумее несуразнасьць нашых тут дзьвюх місіяў i жадаў бы расейцаў з Марыян Гаўз забраць. Другое, больш важнае, высказвае думку, што ўсіх беларусаў: усходняга i лацінскага абраду трэба аб’яднаць пад юрысдыкцыяй Усходняй Кангрэгацыі, i ў гэтай справе мае гутарыць з монс. Тардыні, а пасьля мог бы пісаць фармальна. Такжа ўспамінае аб біскупе Слоскане, які мог бы быць Апост. Візытатарам для ўсіх. Даслоўна піша: “Я думаю, што вы маеце слушнасьць, калі кажаце, што для беларусаў было б карысна быць пад адной юрысдыкцыяй. Мне здаецца, што монс. Слосканс мог бы быць візытатарам для ўсіх”»[92].

Праз шэсьць месяцаў з Рыму яшчэ не прыйшло адказу на ліст беларускіх сьвятароў. 25 сакавіка 1952 году ў Лювэне адбылася ўрачыстасьць – пасьвячэньне новага беларускага студэнцкага дому. Каб выканаць пасьвячэньне, адмыслова прыехаў з Рыму кардынал Тысэран. Прысутныя на ўрачыстасьці айцы Сіповіч, Гарошка i Чарняўскі пастанавілі скарыстаць з нагоды i зноў паспрабаваць зрушыць справу з апостальскім візытатарам. Вось што піша айцец Сіповіч у лісьце за 31 сакавіка айцу Татарыновічу: «Пасьля ўрачыстасьцяў мы, сьвятары, пастанавілі спаткацца з Я. Э. Балеславам i Я. Эм. Тысэранам. Гэтак i зрабілі, каб выясьніць найважнейшую справу – Апост. Візытатара для беларусаў. Я. Э. Балеслаў сказаў наступнае: быў ён выкліканы да Бэльгійскай нунцыятуры (мусіць, “да Ватыканскай нунцыятуры ў Бэльгіі”. – А.Н.) i там яму паказалі грамату з Рыму, у якой Рым пытаўся, ці ён згодзіцца быць Візытатарам Апост. для беларусаў двох абрадаў? Гэтае пытаньне, – як выясьніў сам Б-п, – было простай фармальнасьцю, бо на падобныя прапановы згадзіцца трэба. Б-п быў у нунцыятуры дн. 9 студзеня г. г., i ад таго часу да сяньня ён нічога яшчэ не атрымаў. У чым жа тут справа? Ён гутарыў з Кард., i той сказаў, што патрэбна ня толькі згоды Ўсходняй Кангрэгацыі, але такжа i Кансыстарыяльнай, бо Б-п Балеслаў назначаецца і для лаціньнікаў. Усходняя Кангрэгацыя паслала адпаведны ліст у Кансыстарыяльную, але яшчэ няма адказу. Назаўтра пашлі мы (выбач, у той самы дзень пасьля абеду) да Я. Эм. Ён пацьвердзіў усё тое, што сказаў Бп Балеслаў, дадаючы, што перад сваім выездам з Рыму ён паслаў другі ліст у Кансыстарыяльную Кангрэгацыю, але ня меў яшчэ адказу. Значыць, справа пашла далёка, але яшчэ ня скончаная, i я вельмі баюся, каб яна дзе не ўвязла».

Трывога айца Сіповіча мела падставы. Праз два з паловаю месяцы беларускія сьвятары атрымалі ад біскупа Слоскана лісты з датаю 13 чэрвеня 1952 году з паведамленьнем, што «Сьвяты Айцец назначыў мяне Апостальскім Візытатарам для беларусаў і рускіх усходняга абраду ў краінах Заходняй Эўропы з выняткам Італіі». Слоскан прасіў не распаўсюджваць гэтай весткі, пакуль не атрымае з Рыму інструкцыяў адносна ягонай кампэтэнцыі.

Беларускія сьвятары былі ня тое нават слова, што расчараваныя i прыгнобленыя. Яны атрымалі ўсё, чаго баяліся: беларусаў “усходнікаў” укінулі зноў у адзін кацёл з расейцамі, аддзяліўшы ад ix перш “лаціньнікаў”. Айцец Сіповіч пісаў біскупу Слоскану 17 чэрвеня: «Дзеля таго, што назначэньне выказалася ў зусім нечаканай для нас агаворцы, асьмельваюся заўважыць, што паданьне яго да публічнага ведама павінна быць вельмі добра абдумана. Тое, што В. Эксцэленцыю Апост. Пасад назначыў толькі для беларусаў усходняга абраду, справу вельмі камплікуе».

Як быццам гэтага мала, 5 ліпеня 1952 году, у дзень сьвятых апосталаў славянаў Кірылы і Мятода ў рымскім календары, выйшаў у сьвет “Апостальскі Ліст да ўсіх народаў Расеі” (Epistula Apostolica ad universes Russiae populos) папы Пія XII, вядомы таксама як “Sacro vergente anno”, паводле трох слоў пачатковай фразы “Sacro vergente anno ad felicem exitum” (Як сьвяты год схіляецца да шчасьлівага канца ). У лісьце папа пасьвяціў “народы Расеі” бязьвіннаму сэрцу Марыі, Маці Божай. Вось ягоныя словы: «Падобна як некалькі гадоў таму мы пасьвяцілі Бязьвіннаму Сэрцу Багародзіцы Дзевы ўвесь людзкі род, так цяпер у асаблівы спосаб пасьвячаем i аддаем пад апеку Ейнаму Бязьвіннаму Сэрцу ўсе народы Расеі»[93].

Ліст прывёў беларусаў i ўкраінцаў у шок. Не таму, што папа аддаў Расею пад апеку Маці Божае, а таму, што ён карыстаўся падазронай палітычнай тэрміналёгіяй. Сапраўды, фраза “народы Расеі” вельмі ж нагадвала старую формулу “Вялікая, Малая i Белая Русь”, так дарагую расейскім імпэрыялістам усіх колераў, якія не прызнавалі беларусаў i ўкраінцаў за асобныя нацыі i адмаўлялі ім у праве на незалежнае існаваньне. Цяпер выглядала, што яны мелі падтрымку з боку галавы Каталіцкай Царквы. Прынамсі так зразумела апостальскі ліст расейская эміграцыйная прэса і, доўга не чакаючы, аднадушна яго ўхваліла. У Рыме ў сьпешным парадку выйшаў вялікім накладам расейскі пераклад ліста.

Рэакцыя беларусаў i ўкраінцаў на ліст “да народаў Расеі” вагалася ад разгубленасьці да абурэньня. Беларускія каталіцкія сьвятары апынуліся ў цяжкім становішчы: застаючыся вернымі сынамі Каталіцкай Царквы, яны не маглі маўчаць, калі дзеілася крыўда іхнаму народу. Аднак цалкам значэньне папскага дакумэнту яны ўсьвядомілі не адразу.

20–27 ліпеня 1952 году ў Лёндане адбыўся другі тыдзень студыяў БАКА “Рунь”. Прысутныя на ім сьвятары скарысталі з нагоды, каб супольна абмеркаваць стан рэчаў, які склаўся пасьля прызначэньня Слоскана візытатарам для беларусаў i расейцаў. Супольна яны выпрацавалі праект ліста да Сьвятога Айца. Напісаць канчатковы варыянт даручылі айцу Сіповічу. 8 верасьня ліст быў гатовы. Падпісалі яго, перасылаючы адзін аднаму па пошце, айцы Гарошка, Сіповіч, Маскалік, Татарыновіч, Чарняўскі i апякун беларускіх студэнтаў у Лювэне Рабэрт ван Каўвэляэрт. Апошнім атрымаў ліст айцец Татарыновіч у Рыме. Падпісаўшы, ён занёс яго ў Ватыканскі Дзяржаўны Сакратарыят. Беларускія сьвятары прасілі Сьвятога Айца пашырыць паўнамоцтвы апостальскага візытатара на вернікаў рымскага (лацінскага) абраду, «расьцярушаных па ўсім сьвеце i ў бальшыні выпадкаў пазбаўленых духоўнай апекі». Далей яны працягвалі: «Застаецца яшчэ адна паважная справа, менавіта паўнамоцтваў (юрысдыкцыі) адной асобы над дзьвюма рознымі i варожымі нацыямі, г. зн. расейцамі i беларусамі... што дзеля шматлікіх прычынаў вельмі нявыгадна. Усім ведама, што расейцы маюць свае палітычныя мэты (“адна непадзельная імпэрыя”) датычна іншых нацыяў, якіх яны паняволілі, i адначасова называюць “ярымі сэпаратыстамі” тых, хто нават законнымі спосабамі намагаецца супраціўляцца іхнай палітыцы. У такіх абставінах прызначэньне аднаго Візытатара для двох народаў выглядае на падтрымку расейскіх палітычных мэтаў. Адно пэўна, што правадыры (лідэры) i актыўныя сябры беларускага грамадзтва прыводзяць гэты аргумэнт супраць нас, нешматлікіх беларускіх сьвятароў, i супраць Сьвятога Пасаду. Таму такое прызначэньне Апостальскага Візытатара, замест таго каб прынесьці жаданую карысьць, стаецца прычынаю нязгоды i сварак паміж двума народамі. Беларусы істотна розьняцца ад расейцаў моваю i характарам... Таму ў духоўных справах патрэбны іншы падыход да беларусаў i да расейцаў, што практычна немагчыма, калі адна асоба прызначаецца для абодвух народаў»[94].

Канчатковая рэдакцыя ліста далася Сіповічу нялёгка. Вось што ён пісаў 11 верасня айцу Гарошку: «Працаваў я больш добрых трох дзён i шмат яшчэ астаецца сумніваў. Гэтым лістом мы датыкаем сэрца справы, мы вучым Ватыкан, як ён павінен кіравацца ў царкоўнай палітыцы ў дачыненьні да расейцаў i да нас. Ня ведаю, што ёсьць важнейшым, ці назначэньне нам Бпа Балеслава на Апостальскага Візытатара, ці перакананьне Ватыкану аб памылковай яго пастаноўцы справы».

У сваім звароце да папы беларускія сьвятары не краналі, – хіба толькі ўскосна, – справу ліста “да народаў Расеі”, пра які айцец Сіповіч у лісьце да айца Татарыновіча за 16 верасьня 1952 году выказаўся, што «больш чагосьці няўдалага на працягу ўсіх пантыфікатаў апошніх 50-ці гадоў цяжка знайсьці». У згаданым вышэй лісьце да айца Гарошкі ён таксама закрануў справу папскага ліста: «Ліст Айца Сьв. да народаў Расеі. На маю думку вельмі няўдачны... Якое мы павінны заняць становішча? Думаю, што наш ліст да Айца Сьв. ёсьць пасрэдным адказам. Sapienti sat (таму, хто ведае, дастаткова. – А.Н.). Ёсьць тут у мяне часапіс АBN, дзе ў ангельскай мове ўкраінцы скрытыкавалі гэты ліст. Таксама пісаў мне a. Крэўза, што Ўладыка Бучко вельмі з яго незадаволены. Адно толькі пэўнае, што расейцам ён дагадзіў, бо будуць мець адзін з аргумантаў больш на свой млын».

Дарэчы, айцец Гарошка, відаць, разгубіўшыся i добра не падумаўшы, падаў у Божым шляхам кароткую вестку пад назовам “Ліст Сьвяцейшага Айца Пія XII да расейскага народу”, у якой было сказана, што «Сьвяцейшы Айцец пасьвячае расейскі народ непарочнаму Сэрцу Дзевы Марыі»[95]. Гэта не зусім адпавядала праўдзе, бо ў папскім дакумэнце гутарка ішла не пра “расейскі народ”, а пра “народы Pacei”. Гэта зазначыў айцу Гарошку айцец Сіповіч у лісьце за 9 кастрычніка: «Калі ідзе аб ліст Сьв. Айца – дык тут трудна спрачацца. “Украінцы пішуць супроць, а чаму вы маўчыцё?”. Я бачыў у L’Osservatore Romano, што ў Civiltа Cattolica ёсьць артыкул а. Гэрмана, які бароніць пазыцыі Ватыкану. Я жадаў бы мець гэты нумар... Я ня ведаю, але магчыма, што трэба было б напісаць у Божым шляхам штосьці спакойнага яшчэ раз, але называючы справу па імені. Гэта нядобра, што ты напісаў у апошнім нумары Б. шл.: “Ліст... да расейскага народу”. Гэта няпраўда. Толькі трэба напісаць вельмі спакойна ў Сэкрэтарыят стану, я думаю, няхай напіша кожны з нас аддзельна».

Так i зрабілі. Айцец Гарошка напісаў ад свайго імя пратэст 25 лістапада 1952 году i паслаў яго наўпрост Сьвятому Айцу, a копію ва Ўсходнюю Кангрэгацыю. Вось некалькі ўрыўкаў з гэтага ліста: «Мінула ўжо чатыры месяцы ад выхаду Вашага ліста “Sacro vergente anno” да народаў Расei... Беларусы (аднолькава каталікі i праваслаўныя) адчулі сябе балюча закранутымі, убачыўшы сябе залічанымі да расейскіх народаў. У сапраўднасьці расейцы для беларусаў зьяўляюцца найбольшымі прыгнятальнікамі; таму зразумела, што ім невыносна насіць імя сваіх прыгнятальнікаў... Я хацеў бы сказаць Вам больш ясна, чаму фраза “народы Pacei”... зрабіла такое ўражаньне сярод беларускай эміграцыі. Трэба зазначыць, што якраз гэтай фразай маніпулююць расейскія імпэрыялісты, якія хочуць захаваць уладу над народамі, паняволенымі праз СССР... Беларускія вернікі ўважаюць Вашую Сьвятасьць бацькам усіх народаў. Беларусы ўпэўненыя, што, як бацька сям’і называе кажнае са сваіх дзетак па імю, так i Ваша Сьвятасьць, зьвяртаючыся да беларускага народу, будзе ўжываць сапраўднае імя гэтага народу... Я прашу Вашую Сьвятасьць знайсьці спосаб направіць шкоду, зробленую лістом “да народаў Pacei” сярод беларускай эміграцыі. Можна было б скарыстаць з гэтай нагоды, каб назначыць Апостальскага Візытатара для адных толькі (г. зн. асобна ад расейцаў. – А.Н.) беларускіх эмігрантаў каталікоў абодвых абрадаў... i сказаць пры гэтай нагодзе эмігрантам некалькі слоў». Гэтыя моцныя, хоць ня вельмі дыпляматычныя словы, відаць, трапілі ў мішэнь, бо 15 сьнежня Гарошка атрымаў востры ліст ад сакратара Ўсходняй Кангрэгацыі кардынала Тысэрана, у якім той пісаў: «Не ўважаючы патрэбным уваходзіць сутнасьць такой просьбы, лічу маім абавязкам даць вам зразумець, што кожны раз, калі вы жадаеце данесьці нешта да ведама Сьвятога Айца, будзе добра рабіць гэта звычайнай дарогай, менавіта праз гэтую Сьв. Кангрэгацыю, якая мажліва прадставіць справу Высокаму Пантыфіку (Augusto Pontefice), дапаўняючы яе іншымі заўвагамі паводле свайго ўзгляду».

Айцец Сіповіч выказаў сваю думку пра папскі ліст “да народаў Расеі” ў лісьце на італійскай мове за 6 сьнежня 1952 году ня проста Сьвятому Айцу, але апостальскаму дэлегату ў Англіі, просячы выкарыстаць яго так, як уважае найлепш. Да свайго ліста ён дадаў тэксты адпаведных артыкулаў зь беларускае прэсы. Ён апісаў таксама рэакцыю беларусаў у Англіі: «Пасьля выхаду ў сьвет Апостальскага ліста да народаў Расеі дзьверы дамоў многіх праваслаўных братоў былі зачыненыя для каталіцкага сьвятара. У Манчэстары беларуская грамада не хацела нават сустрэцца са мною; некаторыя сябры Згуртаваньня Беларусаў (сябрам якога я таксама зьяўляюся) напісалі зьняважлівыя лісты супраць Каталіцкай Царквы, Папы i супраць мяне... У Брадфардзе... са злосьцю i сарказмам паказвалі мне ліст Папы “да народаў Расеі”, паўтараючы ўсьцяж пра крыўду, зробленую беларускаму народу... Тое самае адчуваецца i ў Лёндане... Ніводзін праваслаўны не прыходзіць больш у маю капліцу на Гольдэн Авэню. Каталікі, разгубленыя, ня кажуць нічога зьняважлівага супраць Сьвятой Царквы, але чуюцца прыбітымі лістом Сьвятога Айца».

На думку Сіповіча, незадаволенасьць перадусім выклікалі: неадпаведная перастарэлая тэрміналёгія; гістарычная няпраўда; рэакцыя расейцаў, якія зразумелі ліст папы як ухваленьне іхных палітычных поглядаў; i камэнтары ў афіцыйным Ватыканскім органе L’ Osservatore Romano, якія яшчэ больш заблытвал i і без таго складаную сытуацыю.

Канчатковыя высновы айца Сіповіча ўяўляюць немалую цікавасьць. Спаслаўшыся на артыкул з L’Osservatore Romano за 3 жніўня 1952 году, у якім гаворыцца пра “Ліст да народаў Расеі” як пра “адну з найбольш выдатных падзеяў у Царкве i ва ўсім Хрысьціянскім сьвеце” (tra i piщ straordinari eventi religiosi della Chiesa e della Cristianitа), ён працягвае: «Мне балюча сказаць, што тыя, да каго гэты ліст быў зьвернуты, думаюць інакш. Усе беларускія i ўкраінскія часопісы прызнаюць вялікі аўтарытэт Папы, але адначасова выказваюць сваё расчараваньне гэтым дакумэнтам, які мусіў стацца паваротным пунктам у рэлігійнай скіраванасьці славянаў. Маё сьвятарскае сумленьне змушае мяне сказаць, што, на маю думку, ліст “да народаў Расеі” праз доўгія гады для 30 мільёнаў украінцаў i 10 мільёнаў беларусаў будзе найбольшай перашкодай на шляху да еднасьці з Рымскім Пасадам. Гэта вельмі балюча для нас, сьвятароў, нягодных але верных слугаў Сьвятое Царквы, якая дала нам уладу працаваць для збаўленьня душаў»[96].

Айцец Сіповіч даў, мабыць, найбольш шырокую i глыбокую ацэнку папскага дакумэнту. Ён зыходзіў зь меркаваньняў пастырскага парадку i справядлівасьці для свайго народу. Яму прыйшлося нялёгка, бо ў той час усякая крытыка папы, асабліва з боку параўнаўча маладога i невядомага сьвятара, лічылася нечуванай сьмеласьцю. Каб “застрахавацца” ад магчымых абвінавачаньняў у неляяльнасьці, у канцы ліста ён дадаў на лацінскай мове дэклярацыю вернасьці Сьвятой Царкве i Наступніку Сьвятога Пятра. Ён пісаў: «Мой намер – паінфармаваць тых, каму належыць гэта ўсё ведаць. Тое, што я думаю пра Сьвяты Пасад i пра Найвышэйшага Пастыра хрысьціянаў, я казаў адкрыта шмат разоў, а таксама не адзін раз бараніў паводле маіх сілаў ягоны аўтарытэт у [маіх] пісаньнях... Калі нешта ў маіх заўвагах непраўдзівае або фальшывае, хай будзе папраўлена, i хай прабачаць іхнаму пакорнаму аўтару. Пісаў я гэта ўсё, абцяжараны сумам, што ліст Найвышэйшага Пантыфіка “Sacro vergente anno” меў сярод майго беларускага народу адваротны вынік ад таго, які жадаў Найсьвяцейшы Аўтар... Дзеля павелічэньня i ўзмацненьня маёй веры... з асабліва моцнай i непахіснай вераю прымаю i вызнаю ўсё, што Паўсюдныя Саборы Флярэнцкі i Ватыканскі ўстанавілі, менавіта: [што] Рымскі Пантыфік зьяўляецца сапраўдным намесьнікам Хрыстовым i Галавой Царквы, i айцом i настаўнікам усіх хрысьціянаў; i [што] яму, [праз загад] блаславёнаму Пятру пасьвіць [Ягоныя авечкі], была дадзеная ад Ісуса Хрыста, Госпада нашага, поўная ўлада панаваць i кіраваць усёй Царквой»[97].

Біскуп Слоскан быў вельмі незадаволены крытыкаю папскай энцыклікі “да народаў Расеі”. 5 сьнежня 1952 году ён пісаў айцу Гарошку: «Уважаю, што гэта супраць майго перакананьня заўсёды паказваць Сьвяц. Айцу нашае незадаваленьне i нашу баязьнь». Ён ня бачыў нічога дрэннага ў тым, што яго прызначылі для беларусаў i расейцаў, i не разумеў крытыкі ліста “Да народаў Расеі”: «Вы пішаце аб уражаньні, якое выклікала пасланьне Сьв. Айца. Я чытаў гэтае ўражаньне ў Бацькаўшчыне i Беларускай трыбуне. Гэтыя людзі ніколі не зразумеюць Царквы як Regnum Dei (Валадарства Божае. – А.Н.)... Усе гэтыя закіды Сьв. Айцу ёсьць вынік нянавісьці да расейскага народу i ўся ix фармуліроўка сьведчыць аб гэтай нянавісьці... Першай віноўніцай гэтага пасланьня ёсьць Царыца Нябесная, Прэбагаславёная Маці Божая Марыя. У сваім зьяўленьні ў Фаціме ў 1917 годзе яна абяцала, што калі веруючыя будуць маліцца, дык Расея se convertira (навернецца. – А.Н.). Але ў сваім зьяўленьні Богамаці не адкрыла: а) што Яна разумее пад словам Расея, б) як трэба разумець слова se convertira... Маці Божая паставіла нібы ўмову навярненьня Расеі – яе пасьвячэньне непарочнаму сэрцу Марыі... Адтуль вышла пастанова пасьвячэньня Расеі сэрцу Богамаці. I Сьв. Айцец ня іначай бярэ пасьв(ячэньне) як у тым сэнсе, у якім яго бярэ Прачыстая – а нам, грэшным, ня трэба знаць omnia secreta Matris Dei (усе тайны Божай Маці)». Слоскан сканчае свой ліст словамі: «Прышла пара мне пачаць сваёй грудзьдзю бараніць Сьв. Айца, калі ўкраінцы i беларусы пачалі кампрамітаваць намесьніка Хрыста на радасьць цёмным сілам».

Айцец Гарошка адказаў 8 сьнежня: «Ужо сам факт, што падаючы аб Вашай намінацыі, нельга падаць да агульнага ведама даслоўнага тэксту намінацыйнага дэкрэту, гаворыць аб тым, што з гэтаю намінацыяю ня ўсё ў парадку, i гэта неабходна выясьніць якраз людзям, якія той дэкрэт падпісалі... Выказваць кардыналам i асабліва Сьвяц. Айцу ўсё тое, што нам баліць, ёсьць нашым абавязкам. Да каго ж нам зьвяртацца з нашымі рэлігійнымі клопатамі, як не да яго?.. Гісторыя паўстаньня ліста “да народаў Расеі” ведамая, але бяда ў тым, што якраз у гэтую гісторыю расейскі імпэрыялізм усадзіў свае тры грошы, бо зусім іншая справа “Расея” у фацімскім аб’яўленьні, a іншая справа “народы Расеі”. На маю думку, няма нічога больш небясьпечнага, як калі нядобрыя людзкія думкі прыкрываюцца аўтарытэтам сьвятасьці, у даным выпадку аўтарытэтам Багародзіцы i Сьвяц. Айца. А дзе ж у якім аб’яўленьні Багародзіца карысталася двузначнаю палітычнаю тэрміналёгіяю? Ці ж Багародзіца ведае толькі Расею, а ня ведае ані Беларусі, ані Ўкраіны?.. Зрэштаю для нікога ня ёсьць сакрэтам, што пасланьне ўкладаў рэктар “Русікум”, а. Вэттэр, i не паводле фацімскага аб’яўленьня, але паводле таго духу, які пануе ў гэтай установе... Аб тым, што хацелі правесьці расейскія прыслужнікі праз успомненае пасланьне, можна бачыць зь іхнае прэсы i камэнтароў, а яны маюць найвыразьней палітычную афарбоўку... Што да вашае апошняе заўвагі, быццам беларусы i ўкраінцы пачалі кампрамітаваць намесьніка Хрыста, дык тут трэба прызнаць хіба нейкае вялікае непаразуменьне, бо ж лісты, рапарты i нават пратэсты, якія ідуць у Рым у зьвязку з тым пасланьнем, маюць на мэце не кампрамітаваць Рым, а якраз бараніць аўтарытэт Сьвяцейшага Айца перад расейскімі служкамі, каб не выкарыстоўвалі яго для нячэсных палітычных мэтаў. Я... не магу спакойна глядзець на тое, як служкі расейскага імпэрыялізму прадзерліся са сваімі ненасытнымі аспірацыямі аж да найвышэйшага царкоўнага аўтарытэту. Уважаю, што найвышшы час даць ім такі адпор, на які заслужылі».

Востры абмен думкамі, відаць, быў патрэбны, каб разрадзіць напругу: ён зусім не пашкодзіў прыяцельскім дачыненьням Гарошкі i Слоскана i дапамог апошняму зразумець становішча беларусаў.

Верны шматвяковай традыцыі, Рым публічна не прызнаў сваёй памылкі. Тым ня менш пратэсты i дамаганьні не засталіся незаўважанымі. Слоскана ня вызвалілі ад абавязкаў візытатара для расейцаў, але пра гэта пакрысе быццам забыліся. У беларускіх часопісах Божым шляхам i Зьніч зьявіліся афіцыйныя паведамленьні пра ягонае прызначэньне візытатарам для беларусаў (ня згадваючы зусім пра расейцаў). 14 лютага Кансыстарыяльная Кангрэгацыя ад імя Папскай Камісіі для эмігрантаў прызначыла Слоскана Дырэктарам місіянераў для беларускіх эмігрантаў у Заходняй Эўропе (Director Missionarium Alboruthenorum in Europa ad Occidentem versa), такім чынам даючы яму юрысдыкцыю над беларускімі каталікамі рымскага (лацінскага) абраду. З нагоды ягонага 60-годзьдзя ў Зьнічы зьявіўся пра яго артыкул, a Божым шляхам пачаў друкаваць (у рэдакцыі айца Гарошкі) успаміны Слоскана з 20-х i пачатку 30-х гадоў, г. зн. з часоў ягонай працы ў Беларусі i зьняволеньня ў савецкіх турмах i лягерох. Гарошка пісаў 28 сакавіка 1953 году Сіповічу: «Сёньня бачыўся з біск. Слосканам, але ён тут затрымаўся ўсяго 3 гадзіны... Затое абяцаў калі небудзь спэцыяльна адведаць беларусаў i абяцаў прыехаць у Лёндан... З гэтага спатканьня маё такое ўражаньне, што ён больш схільны займацца беларускімі справамі, a расейскія, здаецца, пойдуць на другі плян, бо, напрыклад, аб сваім пераезьдзе праз Парыж нікога з расейцаў не паведаміў».

У 1954 годзе айцец Францішак Чарняўскі пераехаў з Францыі ў Бэльгію. Ён жыў у абацтве Mont Cйsar у Лювэне, выконваў абавязкі беларускага сакратара біскупа Слоскана i займаўся пастырскай дзейнасьцю сярод беларусаў у Бэльгіі i паўночнай Францыі. Беларускія каталіцкія студэнты Лювэнскага Ўнівэрсытэту прыходзілі ўкраніцы прыслугоўваць Слоскану да Імшы.

Біскуп Слоскан прысутнічаў амаль на ўсіх тыднях студыяў БАКА “Рунь”, цікавіўся беларускімі студэнтамі багаслоўя (сэмінарыстамі), што рыхтаваліся да сьвятарства. У 1960 годзе ён адыграў значную ролю ў справе біскупства Чэслава Сіповіча.

У 1953 годзе аўтар гэтых радкоў наважыўся стаць сьвятаром i напісаў у гэтай справе заяву ва Ўсходнюю Кангрэгацыю ў Рыме. У тым часе Рым быў адзіным месцам у Заходняй Эўропе, дзе месьціліся ўстановы (калегіі) для ўзгадаваньня “ўсходніх” сьвятароў. Ня маючы ніякай ахвоты ісьці ў Русікум, куды звычайна пасылалі беларускіх студэнтаў, ён прасіў, каб яго прынялі ў Грэцкую калегію, якая мела моцныя гістарычныя сувязі зь Беларусьсю з часоў Вуніі. Ён аддаў заяву ў рукі айца Сіповіча, але той меў некаторыя сумневы. А. Чэслаў пісаў айцу Гарошку 9 траўня 1953 году: «А. Надсон ужо злажыў на мае рукі заяву аб уступленьне ў Грэцкую калегію ў Рым. Ён жадае пайсьці на сьвецкага сьвятара. Гэта яго собскае рашэньне, i хай Бог багаславіць. Усё ж такі пакуль што я затрымаю яго заяву i пачакаю на твае заўвагі ў гэтай справе». Гарошка адказаў 12 траўня: «Калі Надсон злажыў заяву ў Грэцкую Калегію, дык i падавай яе па адрасу. Выбар вельмі добры i няма патрэбы над гэтым доўга разважаць». Усходняя Кангрэгацыя задаволіла просьбу безь ніякіх цяжкасьцяў. Гэта яшчэ адзін малы доказ, што стаўленьне да беларусаў у Рыме зьмянілася.

Notes

[92] «Je pense que vous avez raison, lorsque vous dites qu’il serait avantageux pour les Blanc-Ruthenes d’еtre tous sous la mеme jurisdiction. Il me semble que Mgr Sloskans pourrait еtre visiteur pour tous». Тысэран пісаў 4 красавіка 1951 году айцу Браніславу (Льву) Крэўзу, былому блізкаму супрацоўніку мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага. Копія ліста знаходзіцца сярод папераў Сіповіча.

[93] «Quemadmodum paucis ante annis universum hominum genus Immaculato Deiparae Virginis Cordi consecravimus, ita in praesens cunctos Russiarum populos eidem Immaculato Cordi peculiarissimo modo dedicamus ac consecramus».

[94] «Remanet alia res valde gravis iurisdictionum nempe in una persona pro duabus hostilibus sibi nationibus, i.e. Russis et Alboruthenis, quod locum habuit in nominatione Episcopi B. Sloskan, quod plures ob rationes inopportunum nobis videtur. Communiter notum est Russos suas proprias politicas tendentias [“imperium unum et indivisibile”] erga alias nationes, quas libertate privant, tamen eodem tempore nomen “exageratorum separatistorum” eis, qui eorum tendentiis vel etiam legitime opponere quaerunt, affligunt. His in circumstantiis nominatio unius Visitatoris pro duabus nationibus tendentiis pure politicis Russorum favere videtur. Quod autem certum est, hoc argumento directores et viri activi associationum Alboruthenorum contra nos paucos sacerdotes Alboruthenos ac contra S. Sedem utuntur. Huiusmodi ergo nominatio Visitatoris Apostolici potius causa discordinis et contentionis apud duas nationes in rebus religionis esset quam desideratae utilitatis. Populus Alboruthenus tum lingua tum indole a populo Russo valde differt... Hinc methodi differentes applicandi sunt in necessitatibus spiritualibus tractandis Alboruthenorum Russorumque, quod haud possibilis redditur usquedam una eademque persona eodem titulo ornetur».

[95] Божым шляхам, № 49, Парыж, ліпень–жнівень 1952, с. 14.

[96] «Tutti i giornali biancoruteni e ucraini sottolineano la grandissima autoritа del Papa, ma nello stesso tempo sottolineano la loro delusione per il documento che avrebbe dovuto essere una pietra migliare nell’orientamento religioso dei Slavi. In coscienza sacerdotale posso dire il mio parere che per lunghi anni questa lettera “ai popoli della Russia” sarа di grandissimo ostacolo per i circa 30 millioni di Ucraini e 10 millioni di Biancoruteni per il ritorno all’unione con la Sede di Roma. E qui sta la causa del dolore profondissimo di noi sacerdoti, indegni ma fedeli servi della Chiesa Cattolica che ci autorizzт all’opera per salvare le anime».

[97] «Intentio mea est, ut cui opportet haec omnia scire, pro informatione habeat. Quae de S. Sede ac Pastore Supremo christianorum cogito multoties palam locutus sum ac etiam in scriptiis auctoritatem eius iuxta meum posse non una vice defendebam... Si quae in his meis adnotationibus non sunt vera vel etiam falsa, sint corrigenda et sit venia humili auctori earum. Omnia scripsi dolore obruptus, quod Litterae Summi Pontificis “Sacro Vergente Anno” apud meum populum Alboruthenum effectum contrarium intentioni Auctoritatis Sanctissimi obtinere. Ad fidem meam augendam et confirmandam... speciali... modo firma et inconcussa fide suscipio et profiteor ea quae Concilia Oecumenica Florentinum et Vaticanum definierunt, nempe: Pontificem Romanum verum Christi vicarium totiusque Ecclesiae caput et omnium christianorum patrem et doctorem exsistere; et ipsi in beato Petro pascendi, regendi ac gubernandi universam Ecclesiam a Domino nostro Iesu Christo plenam potestatem tradendam esse».


 


 


 

 

 

Напісаць ліст