Галоўная > Ютрань > Ютрань - Псалом 118
Ютрань - Псалом 11811 чэрвеня 2010. |
|
ПЕРШАЕ СТАЯНЬНЕ
Шчасьлівыя тыя, чый шлях беззаганны, * што жывуць згодна з законам Гасподнім. Шчасьлівыя тыя, што выконваюць Ягоныя загады* і ўсім сэрцам шукаюць Яго. Яны ня чыняць беззаконьня, * і ходзяць па Ягоным шляху. Ты загадаў нам пільна захоўваць запаветы Твае. * Хай шляхі мае захоўваюць устанаўленьні Твае. Не пасаромеюся, * калі зважаць буду на ўсе загады Твае. Буду славіць Цябе ў правасьці сэрца майго, * калі пазнаю прысуды справядлівыя Твае. Буду захоўваць запаветы Твае: * не пакідай мяне ніколі. Як захаваць юнаку чыстым шлях свой? * Спаўняючы слова Тваё. Усім сэрцам маім шукаю Цябе: * ня дай мне адысьці ад Тваіх загадаў. У сэрцы маім я захаваў слова Тваё, * каб мне не зграшыць перад Табою. Блаславёны Ты, Госпадзе: * навучы мяне Тваіх запаветаў. Вуснамі маімі я абвяшчаю ўсе прысуды вуснаў Тваіх. * Цешуся са шляху сьведчаньняў Тваіх, быццам з багацьця. Буду разважаць над загадамі Тваімі, * і зважаць на сьцежкі Твае. Буду цешыцца з запаветаў Тваіх, * словаў Тваіх не забуду. Дай узнагароду слузе Твайму, * каб мне жыць і захоўваць слова Тваё. Адкрый вочы мае, * каб мне бачыць цуды закону Твайго. Я – прыхадзень на зямлі, * не хавай ад мяне загадаў Тваіх. Душа мая разьбітая* і тужыць няспынна па загадах Тваіх. Ты папракнуў гордых: * праклятыя тыя, што ўхіляюцца ад загадаў Тваіх. Адвядзі ад мяне зьдзек і пагарду, * бо сьведчаньні Твае я захаваў. Магутныя сядзяць і ладзяць змову супраць мяне, * а слуга Твой разважае над запаветамі Тваімі. Твае сьведчаньні для мяне – асалода, * і дарадчыкі мае – запаветы Твае. Душа мая схілілася да зямлі: * ажыві мяне словам Тваім. Я абвясьціў Табе шляхі мае, і Ты выслухаў мяне: * навучы мяне ўстанаўленьняў Тваіх. Дай мне зразумець шлях запаветаў Тваіх, * і буду разважаць пра цуды Твае. Душа мая саслабла ад цяжару, * умацуй мяне словам Тваім. Устрымай мяне ад шляху няправеднага* і дай мне ласкава закон Твой. Я выбраў шлях праведнасьці* і трымаўся прысудаў Тваіх. Я моцна трымаюся сьведчаньняў Тваіх, Госпадзе, * дык ня дай мне зазнаць сораму. Я пайду сьцяжынаю запаветаў Тваіх, * і Ты напоўніш сэрца маё. Навучы мяне, Госпадзе, шляхоў законаў Тваіх, * і буду верна трымацца іх заўсёды. Навучы мяне трымацца законаў Тваіх, * і ўсім сэрцам буду захоўваць іх. Вядзі мяне сьцежкаю запаветаў Тваіх, * бо яны – суцяшэньне мне. Скіруй сэрца маё* да загадаў Тваіх, а не да хцівасьці. Адвярні вочы мае ад марнасьці: * дай мне жыць згодна са шляхам Тваім. Устанаві слова Тваё слузе Твайму, * які баіцца Цябе. Адымі ад мяне зьнявагу, якой баюся, * бо прысуды Твае справядлівыя. Я прагну запаветаў Тваіх, * дай мне жыць у Тваёй справядлівасьці. Хай зыдзе на мяне міласьць Твая, Госпадзе, * і збаўленьне Тваё, згодна са словам Тваім. Адкажу тым, што мяне дакараюць, * бо я ўсклаў надзею на слова Тваё. Не забірай ад вуснаў маіх словаў праўды, * бо я спадзяюся на прысуды Твае. Буду захоўваць закон Твой* заўсёды і на вякі вечныя. Буду хадзіць шырокай дарогай, * бо шукаю запаветаў Тваіх. Буду гаварыць пра Твае сьведчаньні перад уладарамі, і не пасаромеюся. * Буду цешыцца з загадаў Тваіх, якія я палюбіў. Уздыму рукі мае да запаветаў Тваіх, якія я палюбіў, * і буду разважаць над Тваімі законамі. Прыгадай слузе Твайму слова Тваё, * бо Ты даў мне надзею на яго. Вось пацеха ў горы маім, * што Тваё слова мяне ажыўляе. Гордыя зьневажаюць мяне, * але я ад закону Твайго не адхіліўся. Я прыгадаў, Госпадзе, Твае адвечныя прысуды* і ўсьцешыўся. Жах агарнуў мяне за грэшнікаў, * якія пакінулі запаветы Твае. Твае запаветы сталіся як песьні для мяне* ў зямлі майго выгнаньня. Я прыгадаў уночы імя Тваё, Госпадзе, * і захаваў закон Твой. Гэта была мая ўзнагарода* за тое, што я запаветы Твае захаваў. Я сказаў: доля мая – Ты, Госпадзе, * бо захоўваю закон Твой. Ад усяго сэрца малюся перад абліччам Тваім: * зьмілуйся нада мною згодна са словам Тваім. Я разважаў пра шляхі мае* і скіроўваў мае крокі да Тваіх сьведчаньняў. Я быў гатовы* і не ўсумніўся захаваць Твае запаветы. Сеці грэшных аблуталі мяне, * але я закону Твайго не забыў. Апоўначы ўстану, каб славіць Цябе* за праведныя прысуды Твае. Я сябра ўсіх, хто баіцца Цябе* і шануе запаветы Твае. Зямля поўная міласэрнасьці Тваёй, Госпадзе: * навучы мяне запаветам Тваім. Ты ўчыніў дабро слузе Твайму, * Госпадзе, згодна са словам Тваім. Навучы мяне добрага розуму і веданьня, * бо пакладаюся на Твае загады. Я блудзіў, пакуль не скарыўся, * а цяпер захоўваю слова Тваё. Добры Ты, Госпадзе: * у дабрыні Тваёй навучы мяне запаветаў Тваіх. Намовы гордых памножыліся супраць мяне: * я ж усім сэрцам захоўваю запаветы Твае. Сэрцы іх наліліся тлушчам: * я ж знаходжу суцяшэньне ў законах Тваіх. Добра, што Ты скарыў мяне, * каб я мог спазнаць запаветы Твае. Закон словаў Тваіх* лепшы за горы золата і срэбра.
ДРУГОЕ СТАЯНЬНЕ
Рукі Твае стварылі мяне і далі мне выгляд: * дай мне розум, каб я мог навучыцца запаветаў Тваіх. Тыя, што баяцца Цябе, убачаць мяне і ўсьцешацца, * бо я ўсклаў надзею на слова Тваё. Ведаю, Госпадзе, што справядлівыя прысуды Твае, * і што Ты слушна ўпакорыў мяне. Хай міласэрнасьць Твая будзе суцяшэньнем мне, слузе Твайму, * згодна са словам Тваім. Хай Твая міласэрнасьць будзе са мною, і буду жыць, * бо Закон Твой – радасьць мая. Хай пасаромеюцца гордыя, што няслушна паўсталі супраць мяне; * я ж буду разважаць аб запаветах Тваіх. Хай да мяне прыйдуць тыя, * што баяцца Цябе і ведаюць загады Твае. Хай сэрца маё дасканаліцца ў законах Тваіх, * каб мне ня быць пасаромленым. У тузе па збаўленьні Тваім слабне душа мая: * спадзяюся на слова Тваё. Вочы мае саслаблі ў пошуках дапамогі Тваёй: * калі ж суцешыш мяне? Я ссох, як скураны мех ад дыму, * але на запаветы Твае не забыўся. Колькі дзён засталося ў слугі Твайго? * Калі ж Ты ўчыніш суд над тымі, што перасьледуюць мяне? Выкапалі яму для мяне гордыя, * што не жывуць згодна з запаветамі Тваімі. Усе запаветы Твае праўдзівыя. * Несправядліва перасьледуюць мяне, * але Ты памажы мне. Ледзь не зьмялі мяне са сьвету, * але я не пакінуў запаветаў Тваіх. У міласэрнасьці Тваёй захавай мне жыцьцё, * і я буду захоўваць запаветы Твае. Слова Тваё, Госпадзе, * вечнае і непарушнае, як нябёсы. Праўда Твая з пакаленьня ў пакаленьне; * Ты заснаваў зямлю, і яна ўсьцяж стаіць. Тваім загадам усё стаіць да сёньня, * бо ўсе рэчы служаць Табе. Калі б Закон Твой ня быў мне суцяшэньнем, * я б загінуў у оры маім. Давеку не забудуся на запаветы Твае, * бо імі Ты мяне ажыўляеш. Я Твой: збаў мяне, * бо я шукаю запаветаў Тваіх. Грэшнікі шукаюць, як мяне загубіць: * я ж імкнуся да законаў Тваіх. Я бачыў мяжу кожнай дасканаласьці: * запаветы ж Твае ня ведаюць межаў. Як люблю я закон Твой, Госпадзе! * Увесь дзень разважаю над ім. Твае запаветы заўжды са мною: * яны робяць мяне мудрэйшым за ворагаў маіх. Я разумнейшы за маіх настаўнікаў, * бо разважаю над Тваімі законамі. Я разумею больш за старэйшых ад мяне, * бо захоўваю Твае запаветы. Я стрымліваю ногі мае ад кожнага шляху благога, * каб захаваць словы Твае. Не ўхіляюся ад прысудаў Тваіх, * бо Ты навучаеш мяне. Якія салодкія для паднябеньня майго словы Твае, * для вуснаў маіх яны саладзейшыя за мёд. Я стаў разумны праз запаветы Твае, * таму ненавісны мне кожны шлях няправедны. Закон Твой – сьветач на шляху маім, і сьвятло на маёй сьцежцы. * Я пакляўся захоўваць Твае справядлівыя суды. Сумны я бязьмерна. * Ажыві мяне, Госпадзе, словам Тваім. Прашу Цябе, Госпадзе, прымі ахвяру вуснаў маіх* і навучы мяне прысудам Тваім. Жыцьцё маё заўсёды ў небясьпецы, * але я не забываюся на закон Твой. Грэшнікі паставілі пастку на мяне, * але я не адхіліўся ад запаветаў Тваіх. Сьведчаньні Твае – спадчына мая давеку: * яны – радасьць сэрца майго. Я схіліў сэрца маё да выкананьня Тваіх загадаў. * Я ненавіджу крывадушнікаў і люблю Закон Твой. Ты мой шчыт і абарона, * на слова Тваё спадзяюся. Адыдзіце ад мяне, беззаконныя, * і я буду захоўваць загады Бога майго. Будзь мне Заступнікам паводле слова Твайго, каб мне жыць; * ня дай, каб надзея мая была пасаромленая. Падтрымай мяне, і я збаўлюся* і буду зважаць заўжды на загады Твае. Ты зводзіш у нішто тых, што адступаюць ад загадаў Тваіх, * бо іхнія думкі хлусьлівыя. Усе грэшнікі на зямлі для Цябе, быццам жужаль, * таму я люблю сьведчаньні Твае. Дрыжыць цела маё ад страху перад Табою, * бо я баюся прысудаў Тваіх. Я ўчыніў суд і справядлівасьць: * не аддай мяне тым, што крыўдзяць мяне. Будзь парукаю слузе Твайму на дабро, * хай гордыя не прыгнятаюць мяне. Вочы мае саслаблі ў чаканьні збаўленьня Твайго* і слова праўды Тваёй. Учыні са слугой Тваім паводле ласкі Тваёй, * і навучы яго Тваіх загадаў. Я слуга Твой, настаў мяне на розум, * каб мне пазнаць Твае сьведчаньні. Ужо час Госпаду дзейнічаць, * бо яны парушылі закон Твой. Дзеля гэтага я палюбіў загады Твае* больш за золата, золата шчырае. Дзеля гэтага вызнаю ўсе загады Твае справядлівымі, * і няправедныя шляхі ненавіджу. Годныя подзіву загады Твае: * таму душа мая захоўвае іх. Тлумачэньне словаў Тваіх прасьвятляе* і навучае недасьведчаных. Адкрываю вусны мае і ўздыхаю, * бо прагну запаветаў Тваіх.
ТРЭЦЯЕ СТАЯНЬНЕ
Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною, * як звыкла робіш з тымі, хто любіць імя Тваё. Накіруй мае крокі паводле словаў Тваіх: * хай не валодае мною беззаконьне. Выбаў мяне ад намоваў людзкіх, * і я захаваю Твае запаветы. Пакажы сьветласьць твару Твайго слузе Твайму* і навучы мяне Тваіх запаветаў. Струмені сьлёз пацяклі з вачэй маіх, * бо я не захоўваў запаветаў Тваіх. Праведны Ты, Госпадзе, * і справядлівы суд Твой. Законы, што Ты паклаў, * – справядлівя і праўдзівыя. Руплівасьць мяне паглынае, * бо ворагі мае забыліся на словы Твае. Слова Тваё выпрабаванае, * і таму слуга Твой любіць яго. Малы я і ўпакораны: * не забываюся на запаветы Твае. Справядлівасьць Твая – справядлівасьць вечная, * і Закон Твой – праўда. Нягоды і гора напалі на мяне: * Закон Твой – суцяшэньне маё. Вечная справядлівасьць загадаў Тваіх: * дай мне разуменьне, і буду жыць. Ад усяго сэрца клічу: Выслухай мяне, Госпадзе, * я буду захоўваць запаветы Твае. Клічу Цябе: Збаў мяне, * і я захаваю запаветы Твае. На досьвітку ўстаю і прашу дапамогі; * спадзяюся на слова Тваё. Вочы мае ня знаюць сну ў начныя варты, * каб разважаць аб словах Тваіх. Пачуй голас мой, Госпадзе, у міласэрнасьці Тваёй* і ажыві мяне загадам Тваім. Ужо блізка беззаконьнікі, што перасьледуюць мяне; * далёкія яны ад закону Твайго. Блізка Ты, Госпадзе, * і ўсе шляхі Твае – праўда. Здаўна пазнаў з загадаў Тваіх, * што Ты іх устанавіў давеку. Глянь на гора маё і збаў мяне, * бо я не забыўся на законы Твае. Судзі справу маю і збаў мяне: * ажыві мяне словам Тваім. Далёкае збаўленьне ад грэшнікаў, * што ня дбаюць пра Твае запаветы. Шматлікія даброты Твае, Госпадзе: * дай мне жыцьцё згодна з прысудам Тваім. Шмат тых, што шкодзяць мне і перасьледуюць мяне: * я ж ад запаветаў Тваіх не ўхіліўся. Бачу адступнікаў і брыджуся імі, * бо яны словаў Тваіх не захоўваюць. Глянь, як я палюбіў запаветы Твае, Госпадзе, * у міласэрнасьці Тваёй ажыві мяне. Пачатак словаў Тваіх – праўда, * і вечныя ўсе прысуды Тваёй справядлівасьці.. Князі перасьледуюць мяне без прычыны, * але сэрца маё ў подзіве ад словаў Тваіх. Цешуся са словаў Тваіх* як той, хто знайшоў вялікую здабычу. Несправядлівасьць ненавісная і агідная мне, * а закон Твой люблю я. Сем разоў на дзень я хвалю Цябе* за Твае справядлівыя прысуды. Супакой глыбокі тым, што любяць закон Твой* – не спатыкнуцца яны. Спадзяюся на збаўленьне Тваё, Госпадзе, * і загады Твае выконваю. Душа мая захоўвае запаветы Твае* і моцна любіць іх. Я захоўваю Твае запаветы і сьведчаньні, * і ўсе шляхі мае перад Табою. Няхай малітва мая дойдзе да Цябе, * дай мне разуменьне згодна са словам Тваім. Хай просьба мая дойдзе да Цябе, Госпадзе, * выбаў мяне згодна са словам Тваім. Хай вусны мае пяюць хвалу Тваю, * бо Ты навучаеш мяне Тваіх запаветаў. Хай язык мой пяе славу словам Тваім, * бо ўсе загады Твае справядлівыя. Хай рука Твая будзе са мною і дапамагае мне, * бо я выбраў запаветы Твае. Прагну збаўленьня Твайго, Госпадзе; * закон Твой – суцяшэньне мне. Хай жыве душа мая і хай хваліць Цябе, * і наказы Твае хай дапамогуць мне. Блукаю, быццам заблудная авечка: * знайдзі слугу Твайго, бо я не забыўся на запаветы Твае.
Вярнуцца назад |