Галоўная > Тон 2 > Серада (Тон 2) (Вячэрня, Ютрань)
Серада (Тон 2) (Вячэрня, Ютрань)10 чэрвеня 2010. |
|
АЎТОРАК УВЕЧАРЫ На "Госпадзе, Цябе клічу...": Калі Ты, Слова, памёр на крыжы, сьветачы нябесныя памерклі, зямля захісталася, камяні патрэскаліся, заслона царкоўная разарвалася, магілы паадчыняліся і мёртвыя ўсталі, пекла вывергла ўсіх, што былі ў апраметнай, бесы былі пераможаныя, а сьмерць здалася ўсім сном. Калі добры разбойнік убачыў Цябе, Хрысьце, як Ты вісеў на крыжы, быццам пладавітая вінаградная гронка, ён паказаў разважлівасьць і адным малым воклікам здабыў прабачэньне правінаў. Дык будзьма ягонымі пераймальнікамі і ўсклікнем: "Успомні, Чалавекалюбча, і нас у валадарстве Тваім!" Боскі крыж Твой, Хрысьце, зьзяе ў Царкве, быццам зорка на небе, ён паліць бесаў, прасьвятляе верных, і пакрывае сорамам тых, што ўкрыжавалі Цябе, чыіх прабацькоў Ты некалі крыжападобным дрэвам вызваліў з няволі і даў ім у пустыні есьці мёд са скалы. Крыжабагародзічны. "Зьзяньне сьветачаў нябесных памеркла, пераможанае духоўным Зьзяньнем, што зьявілася на крыжы; бо горшае перамагаецца лепшым, і большаму меншае ўступае месца; Дык ці ж не належала схавацца сьвятлу рэчыўнаму, калі зазьзяў Хрыстос?" – гледзячы на Цябе, Сьвятло сьвету, казала Ўсячыстая. Вершапесьні Хрысьце Спасе, які збавіў Пятра ў моры, збаў мяне сілаю крыжа Твайго і зьмілуйся нада мною. "Хай будзе расьпяты!" – крычалі тыя, што раней карысталіся з дароў Тваіх, і забойцы праведнікаў прасілі сабе разбойніка замест Дабрачынца; але Ты, Хрысьце, маўчаў і ціха пераносіў іхнюю злосьць, жадаючы пацярпець і збавіць нас у чалавекалюбстве Тваім. Хоры мучанікаў супрацівілся мучыцелям сваім, кажучы: "Мы – воі Ўладара сілаў! І хоць аддасьцё нас на агонь і мукі, не адрачэмся Тройцы". Крыжабагародзічны. Калі Ты, Усячыстая, убачыла расьпяцьце Сына і Бога Твайго, Ты адчула насьцерпны боль і з плачам усклікнула: "Гора мне, Дзіця наймілейшае, як гэта Ты несправядліва церпіш, каб збавіць сыноў Адама?" Мы ж, Усячыстая Дзева, з вераю просім Цябе: "Малі Яго, каб Ён быў спагадлівым да нас". СЕРАДА РАНІЦАЙ Сядальная песьня 1. Збаўленьне ўчыніў Ты сярод зямлі, Хрысьце Божа... Як вораг паланіў Адама дрэвам спажыўным, так і Ты, Хрысьце, паланіў ворага дрэвам крыжовым і сваімі цярпеньнямі: на гэта ж Ты прыйшоў, як другі Адам, каб знайсьці заблудных і ажывіць памёрлых. Божа, слава Табе! Слава... цяпер... "Новы цуд!" – усклікнула Ўсебеззаганная, калі ўбачыла павешанага на Крыжы Сына, што трымае ўсё ў сваёй руцэ, які прыняў цярепеньні. Асудзілі Судзьдзю, які дае ўсім прабачэньне.
Сядальная песьня 2. Жыцьцядайны крыж ласкі Тваёй, які Ты, Госпадзе, дараваў нам, нягодным, прыносім Табе ў малітве: збаў Царкву і людзей Тваіх, дай усім супакой, дзеля Багародзіцы, Чалавекалюбны. Добры Пастыру, які прасьвятліў зямлю Крыжом і паклікаў грэшных да пакаяньня, не адлучы мяне ад Твайго статку, Уладару, але знайдзі мяне, заблуднага, і залічы мяне да Твайго сьвятога статку, як адзіны добры і чалавекалюбны. Верш. Дзіўны Бог у сьвятых сваіх... Ты, Хрысьце Божа, даў сьвятым Тваім зазьзяць ярчэй за золата, і ў дабрыні Тваёй праславіў блаславёных Тваіх. Малітвамі іх кіруй нашым жыцьцём, Чалавекалюбны, і зрабі, каб нашая малітва ўзьнялася быццам кадзіла, бо Ты адзіны, што спачываеш сярод сьвятых Тваіх. Слава... цяпер... Калі Дзева і Маці Твая, Хрысьце, убачыла Цябе, павешанага на крыжы, яна горка заплакала і сказала: "Што гэта за страшная тайна, Сыне Мой? Як гэта Ты, які даеш усім вечнае жыцьцё, паміраеш дабравольна на Крыжы ганебнай сьмерцю?" Вершапесьні Дрэва Крыжа Твайго, Хрысьце Божа, Ты явіў жыцьцядайным для нас, якія верым у Цябе. Ты зьнішчыў ім уладу таго, хто мае ўладу над сьмерцю, і ажывіў нас, амярцьвелых грахом. Таму ўсклікаем Табе: "Дабрачынца ўсіх, Госпадзе, слава Табе!" Ты стаўся з уласнай волі ўбогім, Хрысьце Божа. Ты прыйшоў на зямлю, прыняў цела ад Дзевы і быў укрыжаваны, каб вызваліць нас з варожай няволі. Госпадзе, слава Табе! Кожнае места і краіна шануюць вашыя мошчы, пакутныя мучанікі, бо вы, пацярпеўшы законна, прынялі нябесныя вянцы і сталіся пахвалою сьвятаначальнікаў, перамогаю для ўладароў, і аздобаю Царквы. Слава... цяпер... Калі Ты, Дзева, убачыла на крыжы Таго, каго Ты бяз сема нарадзіла, Ты аддала хвалу Ягонай невыказнай міласэрнасьці. Вярнуцца назад |